Усё на свеце робіць свае справы. Што каму баліць, той аб тым і крычыць, кажа прыказка. Падарожжа па скрынях зроблена было з поспехам, так што тое-сёе ад гэтай экспедыцыі перайшло ва ўласную шкатулку. Адным словам, абладжана было асцярожна і з развагай. Чычыкаў не тое, каб украў, але пакарыстаўся. Кожны-ж з нас чым-небудзь пакарыстаецца: той казённым лесам, той эканамічнымі сумамі, той крадзе ў сваіх дзяцей для якой-небудзь прыезджай актрысы, той у сялян дзеля мэблі Гамбса [113 ] або карэты. Што рабіць, калі завялося так многа прывабаў на свеце? і дарагія рэстараны з шалёнымі цэнамі, і маскарады, і пагулянкі, і скокі з цыганкамі. Цяжка-ж утрымацца, калі ўсе з усіх бакоў робяць тое-ж, ды і мода загадвае — спрабуй стрымаць сябе! Чычыкаву належала-б і выехаць ужо, але дарогі сапсаваліся. У горадзе тым часам гатоў быў пачацца другі кірмаш — цалкам дваранскі. Ранейшы быў больш конскі, жывёлай, сырымі вырабамі, ды рознымі сялянскімі, якія скупляліся прасоламі і кулакамі. Цяпер-жа ўсё, што куплена на Ніжагародскім кірмашы краснапрадаўцамі панскіх тавараў, прывезена сюды. Наехалі знішчальнікі рускіх кішэняў, французы з памадамі і францужанкі з капялюшыкамі, знішчальнікі здабытых крывёй і працай грошай — гэта егіпецкая саранча, паводле выразу Кастанжогла, якая мала таго, што ўсё зжарэ, ды яшчэ яечак пасля сябе пакіне, закапаўшы іх у зямлю.

Толькі неўраджай ды нешчаслівы ў самым..... утрымалі шмат каго з памешчыкаў у вёсках. Затое чыноўнікі, якія не мелі страт ад ураджаю, разышліся; жонкі іх на бяду таксама. Начытаўшыся розных кніг, распушчаных у апошні час з мэтай утлумачыць усякія новыя патрэбы чалавецтву, адчулі прагу незвычайную зазнаць усе новыя асалоды. Француз адкрыў новае завядзенне — нейкі дагэтуль нечуваны ў губерні ваксал, з вячэрамі, быццам па незвычайна таннай цане і палавіну ў крэдыт. Гэтага было досыць, каб [не толькі] столаначальнікі, але нават і ўсе канцылярскія, у надзеі на будучыя хабары з просьбітаў..... Узнікла жаданне пафарсіць адзін перад другім конямі і фурманамі. Ох, гэтая сутычка саслоўяў для забаў! Не гледзячы на кепскае надвор’е і слату, фарсістыя каляскі праляталі ўзад і ўперад. Адкуль яны з’явіліся, бог ведае, але ў Пецербургу не зблышылі-б... Купцы, прыказчыкі, спрытна прыўзнімаючы капелюшы, запрашалі паняў. Мала дзе былі відаць барадачы ў мехавых гарлатных шапках. Усё было еўрапейскага выгляду з паголенымі падбародкамі, усё..... і з гнілымі зубамі.

«Калі ласка, калі ласка! Ды ўжо зрабіце ласку зайсці ў краму! Пан, пан!» выгуквалі там-сям хлапчукі.

Але ўжо на іх з пагардай глядзелі азнаёмленыя з Еўропай пасрэд....; зрэдку толькі з пачуццём годнасці вымаўлялі: «Шт.....», або «тут сукны зібер, клер і чорныя».

«Ёсць сукны бруснічных колераў з іскрай?» запытаў Чычыкаў.

«Выдатныя сукны», сказаў купец, прыўзнімаючы адной рукой шапку, а другой паказваючы на краму. Чычыкаў увайшоў у краму. Спрытна прыпадняў дошку... і апынуўся на другім баку яго, спіной да тавараў, якія ляжалі знізу да столі, трубка на трубцы, і — тварам да пакупніка. Абапёршыся спрытна абодвума рукамі і злёгку пагойдваючыся на іх усім тулавам, вымавіў: «Якіх сукнаў пажадаеце?»

«З іскрай аліўкавых або бутэлечных, якія набліжаюцца, так сказаць, да брусніц», сказаў Чычыкаў.

«Магу сказаць, што атрымаеце адменнага гатунку, лепш за які толькі ў асвечаных сталіцах можна адшукаць. Хлопец! падай сукно зверху, што за 34-м нумарам. Ды не тое, браток! Што ты вечна вышэй сваёй сферы, быццам пролетарый які! Кідай яго сюды. Вось сукенца!» I, разгарнуўшы яго з другога канца, купец паднёс Чычыкаву пад самы нос, так што той мог не толькі пагладзіць рукой шаўкавісты глянец, але нават і панюхаць.

«Добра, але ўсё не тое», сказаў Чычыкаў. «Я-ж служыў на мытніцы, дык мне вышэйшага гатунку, якое ёсць, і да таго-ж больш з чырванню, не да бутэлькі, а да брусніц каб набліжалася».

«Разумею: вы сапраўды жадаеце такога колеру, які цяпер у моду ўваходзіць. Ёсць у мяне сукно выдатнай вартасці. Папярэджваю, што высокай цаны, але і высокай якасці».

Еўрапеец палез. Трубка ўпала. Разгарнуў ён яе з майстэрствам ранейшых часоў, нават на час забыўшы, што ён належыць ужо да пазнейшага пакалення, і паднёс да святла, нават вышаўшы з крамы, і там яго паказаў, жмурачыся ад святла і сказаўшы: «Адменны колер! Сукно наварынскага дыму з полымем».

Сукно спадабалася; пра цану дамовіліся, хоць яна і «з прыфіксам» [114 ], як сцвярджаў купец. Тут было прароблена спрытнае раздзіранне абодвума рукамі. Загорнута яно было ў паперу, па-руску, з хуткасцю неверагоднай. Скрутак закруціўся пад лёгкім шпагатам, які ахапіў яго трапяткім вузлом. Нажніцы перарэзалі шпагат, і ўсё было ўжо ў калясцы. Купец прыўзнімаў шапку. Прыўзнімаючы шапку..... прычыну: ён дастаў з кішэні грошы.

«Пакажыце чорнага сукна», пачуўся голас.

«Вось чорт вазьмі, Хлабуеў», сказаў сам сабе Чычыкаў і павярнуўся спіной, каб не бачыць яго, лічачы за неразважлівасць з свайго боку распачынаць з ім якія-небудзь тлумачэнні адносна спадчыны. Але ён ужо яго ўбачыў.

«Што гэта, дапраўды, Павел Іванавіч, ці не наўмысна ўцякаеце ад мяне? Я вас нідзе не магу адшукаць, а справы-ж такога роду, што нам трэба сур’ёзна перагаварыць».

«Найпаважанейшы, найпаважанейшы», сказаў Чычыкаў, паціскаючы яму рукі: «паверце, што ўсё хачу з вамі пагутарыць, ды часу зусім няма». А сам думаў: «Чорт-бы цябе хапіў!» I раптам убачыў уваходзячага Муразава. «Ах, божа, Афанасій Васільевіч! Як здароўе ваша?»

«Як вы?» сказаў Муразаў, здымаючы капялюш. Купец і Хлабуеў знялі капелюшы.

«Ды вось паясніца, дый сон неяк усё не тое. Ці можа ўжо таму, што мала руху...»

Але Муразаў, замест таго, каб паглыбіцца ў прычыну прыпадкаў Чычыкава, звярнуўся да Хлабуева: «А я, Сямён Сямёнавіч, убачыўшы, што вы ўвайшлі ў краму, — за вамі. Мне трэба аб тым аб сім пагаварыць, дык ці не хочаце заехаць да мяне?»

«Як-жа, як-жа!» сказаў паспешна Хлабуеў і вышаў з ім.

«Аб чым-бы ў іх размовы?» падумаў Чычыкаў.

«Афанасій Васільевіч — паважаны і разумны чалавек», сказаў купец: «і справу сваю ведае, але асвечанасці няма. Купец-жа ёсць негацыянт, а не тое, што купец. Тут з гэтым злучана і буджэт, і рэакцыя, а інакш атрымаецца паўпурызм» [115 ], Чычыкаў махнуў рукой.

«Павел Іванавіч, я вас шукаю ўсюды», пачуўся ззаду голас Леніцына. Купец пачціва зняў капялюш.

«Ах, Фёдар Фёдарыч!»

«У імя бога, паедзем да мяне: мне трэба перагаварыць», сказаў ён. Чычыкаў зірнуў — ён змяніўся з твару. Расплаціўшыся з купцом, ён вышаў з крамы.

«Вас чакаю, Сямён Сямёнавіч», сказаў Муразаў, убачыўшы ўваходзячага Хлабуева: «калі ласка да мяне ў пакойчык». I ён павёў Хлабуева ў пакойчык, ужо знаёмы чытачу, скрамней за які нельга было адшукаць і ў чыноўніка, што атрымлівае семсот рублёў у год.

«Скажыце, цяпер-жа, я думаю, справы вашы палепшалі? Пасля цёткі ўсё-такі вы атрымалі тое-сёе».

«Дык як вам сказаць, Афанасій Васільевіч? Я не ведаю, ці палепшалі мае справы. Я атрымаў усяго пяцьдзесят душ сялян і трыццаць тысяч грошай, якімі я павінен быў разлічыцца з часткай маіх пазык, — і ў мяне зноў няма нічога. А галоўнае, што справа па гэтаму завяшчанню самая нячыстая. Тут, Афанасій Васільевіч, пачаліся такія круцельствы. Я вам зараз раскажу, і вы здзівіцеся, што такое робіцца. Гэты Чычыкаў...»

«Дазвольце, Сямён Сямёнавіч, раней чым гаварыць пра гэтага Чычыкава, дазвольце пагаварыць уласна пра вас. Скажыце мне: колькі, па вашым меркаванні, было-б вам патрэбна і дастаткова для таго, каб зусім выблытацца з становішча?»

«Маё становішча цяжкое», сказаў Хлабуеў. «Ды каб выблытацца са становішча, разлічыцца зусім і мець магчымасць жыць самым памяркоўным чынам, мне патрэбна, прынамсі, 100 тысяч, калі не больш, словам, мне гэта немагчыма.

«Не магу, нікуды не варты: асавеў, баліць паясніца».

«Дык як-жа жыць без працы! Як-жа быць на свеце без пасады, без месца? Паслухайце! Зірніце на кожнае стварэнне божае: кожнае чаму-небудзь ды служыць, мае свае абавязкі. Нават камень, і той для таго, каб ужываць яго на справу, а чалавек, самая разумная істота, каб заставаўся без карысці, — ці магчымая гэта справа?»

«Ну, ды я ўсё-такі не без справы. Я магу заняцца выхаваннем дзяцей».

«Не, Сямён Сямёнавіч, не! Гэта цяжэй за ўсё. Як выхаваць таму дзяцей, хто сам сябе не выхаваў? Дзяцей-жа толькі можна выхаваць прыкладам асабістага жыцця. А ваша жыццё ці прыдатна ім за прыклад? Каб навучыцца хіба таму, як [у] бяздзейнасці праводзіць час ды гуляць у карты? Не, Сямён Сямёнавіч, аддайце дзяцей мне: вы іх папсуеце. Падумайце не жартуючы: вас загубіла бяздзейнасць, — вам трэба ад яе ўцякаць. Як жыць на свеце не прымацаванаму ні да чаго? Які-небудзь ды трэба выконваць абавязак. Падзёншчык, — і той-жа служыць. Ён есць капеечны хлеб, ды ён-жа: яго здабывае і адчувае цікавасць да свайго занятку».

«Дальбог, спрабаваў, Афанасій Васільевіч, стараўся перамагчы! Што-ж рабіць! пастарэў, зрабіўся няздольным. Ну, як мне зрабіць? Няўжо мне падавацца на службу? Ну, як-жа мне, у сорак пяць год, сесці за адзін стол з пачынаючымі канцылярскімі чыноўнікамі? Да таго-ж я не здольны браць хабар — сабе перашкоджу і іншым шкоды нараблю. Там у іх і касты свае ўтварыліся. Не, Афанасій Васільевіч, думаў, спрабаваў, перабіраў усе месцы, — усюды буду няздольным. Толькі хіба ў багадзельню...»

«Багадзельня [тым], хто працаваў; а тым, хто весяліўся ўвесь час у маладосці, адказваюць, як мурашка страказе: «Ідзі, паскачы!» Ды і ў багадзельні седзячы, таксама працуюць, у віст не гуляюць, Сямён Сямёнавіч», гаварыў [Муразаў], гледзячы яму пільна ў твар: «вы ашукваеце і сябе і мяне».

Муразаў глядзеў пільна яму ў твар, але бедны Хлабуеў нічога не мог адказаць. Муразаву зрабілася яго шкада.

«Паслухайце, Сямён Сямёнавіч... Але вы-ж моліцеся, ходзіце ў царкву, не прапускаеце, я ведаю, ні утрані, ні вячэрні. Вам хоць і не хочацца рана ўставаць, але-ж вы ўстаеце і ідзеце, — ідзеце ў чатыры гадзіны раніцы, калі ніхто яшчэ не падымаўся».

«Гэта — іншая справа, Афанасій Васільевіч. Я ведаю, што гэта я раблю не для чалавека, а для таго, хто загадаў нам быць усім на свеце. Што-ж рабіць! Я веру, што ён літасцівы да мяне, што які я ні агідны, ні брыдотны, але ён мне можа дараваць і прыняць, тады як людзі адапхнуць нагой і найлепшы з сяброў прадасць мяне, ды яшчэ і скажа потым, што ён прадаў з добрай мэтай».

Пачуццё засмучанасці выразілася на твары Хлабуева. Стары праслязіўся, але нічога не......

«Дык паслужыце-ж таму, хто такі літасцівы. Яму таксама да спадобы праца, як і малітва. Вазьміце які-небудзь занятак, але вазьміце як-бы вы рабілі для яго, а не для людзей. Ну, проста, хоць ваду таўчыце ў ступе, але думайце толькі, што вы робіце для яго. Ужо гэтым будзе карысна, што для благога не застанецца часу — для пройгрыша ў карты, для гулянкі з аб’ядаламі, для свецкага жыцця. Эх, Сямён Сямёнавіч! Ведаеце вы Івана Патапыча?»

«Ведаю і вельмі паважаю».

«Ён-жа добры быў гандляр: поўмільёна было; ды як убачыў ва ўсім прыбытак — і разбэсціўся. Сына па-французску пачаў вучыць, дачку — за генерала. I ўжо не ў краме або на біржавой вуліцы, а ўсё як-бы сустрэць прыяцеля ды пацягнуць у тракцір піць чай; там цэлыя дні — чай, ды збанкрутаваў. А тут бог няшчасце паслаў: сын..... Цяпер ён, ці бачыце, прыказчыкам у мяне. Пачаў з пачатку. Справы палепшыліся яго. Ён мог-бы зноў гандляваць на пяцьсот тысяч. «Прыказчыкам быў, прыказчыкам хачу і памерці. Цяпер», кажа, «я стаў здаровы і свежы, а тады ў мяне чэрава разгадоўвалася, ды і вадзянка пачыналася... Не!» кажа. I чаю ён цяпер у рот не бярэ. Капуста ды каша — і больш нічога, так. А ўжо моліцца ён так, як ніхто з нас не моліцца; а ўжо дапамагае ён бедным так, як ніхто з нас не дапамагае; а другі рад-бы дапамагчы, ды грошы свае пражыў».

Бедны Хлабуеў задумаўся.

Стары ўзяў яго за абедзве рукі: «Сямён Сямёнавіч! Каб вы ведалі, як мне вас шкада! Я пра вас увесь час думаў. I вось паслухайце. Вы ведаеце, што ў манастыры ёсць затворнік, які нікога не бачыць. Чалавек гэты вялікага розуму, — такога розуму, што я не ведаю. (Ён не гаворыць); але ўжо калі дасць параду... Я пачаў яму гаварыць, што вось у мяне ёсць такі прыяцель, але імя не...., што хварэе ён вось чым. Ён пачаў слухаць ды раптам спыніў словамі: «Раней божую справу, чым сваю. Царкву будуюць, а грошы няма: збіраць трэба на царкву!» Дый ляснуў дзвярыма. Я думаў, што-ж гэта значыць? Відаць, не хоча даць парады. Дый зайшоў да нашага архімандрыта. Толькі што я ў дзверы, а ён мне з першых-жа слоў: ці не ведаю я такога чалавека, якому можна-б было даручыць збор на царкву, які быў-бы або з дваран, або купцоў, больш выхаваны за іншых, глядзеў-бы на гэта, як на ратунак свой? Я так з першага-ж разу і спыніўся: «Ах, божа мой? Ды гэта-ж схімнік прызначае гэту пасаду Сямёну Сямёнавічу. Дарога для яго хваробы добрая.

Пераходзячы з кнігай ад памешчыка да селяніна і ад селяніна да мешчаніна, ён даведаецца і пра тое, як хто жыве і хто ў чым мае патрэбу, — так што вернецца потым, абышоўшы некалькі губерняў, так уведае мясцовасць і краіну лепш за ўсіх тых людзей, якія жывуць у гарадах... А такія людзі цяпер патрэбны». Вось мне князь гаварыў, што ён многа-б даў, каб знайсці такога чыноўніка, які-б ведаў не па паперах справу, а дакладна даведаўся, як яна ў сапраўднасці, бо з папер, кажуць, нічога ўжо не відаць: так усё заблыталася».

«Вы мяне зусім збянтэжылі, збілі, Афанасій Васільевіч», сказаў Хлабуеў, у здзіўленні гледзячы на яго. «Я нават не веру таму, што вы сапраўды мне гэта гаворыце: для гэтага патрэбны нястомны, дзейны чалавек. Да таго-ж, як-жа мне кінуць жонку, дзяцей, якім есці няма чаго?»

«Аб жонцы і дзецях не клапаціцеся. Я вазьму іх пад сваю апеку, і настаўнікі будуць у дзяцей. Чым вам хадзіць з клумкам і выпрашваць міласціну для сябе, лепш і больш высокародна прасіць для бога. Я дам вам простую [кібітку], трэсці не будзе, не бойцеся: гэта для вашага здароўя. Я вам дам на дарогу грошай, каб вы маглі мімаходзь даць тым, хто ў большай нястачы, чым іншыя. Вы тут можаце многа добрых спраў зрабіць: вы ўжо не памыліцеся, а каму дасцё, той сапраўды будзе варты. Такім чынам ездзячы, вы дакладна будзеце ведаць усіх, хто..... Гэта не тое, што іншы чыноўнік, якога ўсе баяцца і ад якога.....; а з вамі, ведаючы, што вы просіце на царкву, ахвотна будуць размаўляць».

«Бачу, што цудоўная думка, і я вельмі [жадаў]-бы выканаць хоць частку; але, дапраўды, мне здаецца, гэта звыш маёй сілы».

«Дык што-ж пад нашу сілу?» сказаў Муразаў. «Нічога-ж няма пад нашу сілу; усё звыш нашых сіл. Без дапамогі звыш нічога нельга. Але малітва збірае сілы. Перахрысціўшыся, кажа чалавек: «Госпадзі памілуй!» вяслуе і даплывае да берага. Аб гэтым не трэба і думаць доўга; гэта трэба, проста, прыняць за божы загад. Кібітка будзе вам зараз гатова; а вы забяжыце да айца архімандрыта па кнігу і па благаславенне, ды і ў дарогу».

«Пакараюся вам і прымаю не інакш, як за ўказанне божае». — «Госпадзі, благаславі!» сказаў ён унутрана, і адчуў, што бадзёрасць і сіла пачалі прасякаць яму ў душу. Самы розум яго як бы пачаў абуджаць надзею на выйсце з свайго сумнага безвыходнага становішча. Святло пачало мільгаць у далечыні...

Але пакінуўшы Хлабуева, звернемся да Чычыкава [116 ].

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

А тым часам, сапраўды, па судах ішлі просьбы за просьбай. Знайшліся сваякі, пра якіх і не чуў ніхто. Як птушкі злятаюцца на мярцвячыну, так усё наляцела на незлічоную маёмасць, якая засталася пасля старой; даносы на Чычыкава, на падробку апошняга завяшчання, даносы на падробку і першага завяшчання, доказы пра крадзёж і ўтойванне сум. З’явіліся нават доказы на Чычыкава ў куплі мёртвых душ, у правозе кантрабанды ў часе яго бытавання яшчэ пры мытніцы. Выкапалі ўсё, разведалі яго папярэднюю гісторыю. Бог ведае, адкуль усё гэта пранюхалі і ведалі; толькі былі доказы нават і ў такіх справах, пра якія, думаў Чычыкаў, апрача яго і чатырох сцен, ніхто не ведаў. Пакуль што ўсё гэта было яшчэ судовая тайна і да вушэй яго не дайшло, хоць верная запіска юрысконсульта, якую ён хутка атрымаў, дала яму крыху зразумець, што каша заварыцца. Запіска была кароткага зместу: «Спяшаюся вас паведаміць, што па справе будзе цеганіна, але памятайце, што трывожыцца ніяк не трэба. Галоўная справа — спакой. Абладзім усё». Запіска гэтая супакоіла зусім яго. «Сапраўдны геній», сказаў Чычыкаў. На завяршэнне добрага, кравец у гэты час прынес адзенне. Ёй займеў моцнае жаданне паглядзець на самога сябе ў новым фраку наварынскага полымя з дымам. Нацягнуў штаны, якія ахапілі яго цудоўным чынам з усіх бакоў, так што хоць рысуй. Сцёгны так [маладзецка] слаўна абцягнула, лыткі таксама; сукно абхапіла ўсе дробязі, надаўшы ім яшчэ большую пругкасць. Як зацягнуў ён ззаду сябе спражку, жывот зрабіўся быццам барабан. Ён ударыў па ім тут шчоткай, дадаўшы: «Вось які дурань! а ў цэлым ён складае карціну». Фрак, здавалася, быў пашыты яшчэ лепш за штаны: ні зморшчынкі, усе бакі абцягнуты, выгнуўся на перахваце, паказаўшы ўвесь яго перагіб. На заўвагу Чычыкава, [што] пад правай пахай крыху ціснула, кравец толькі ўсміхаўся: ад гэтага яшчэ лепш аблягала па таліі. «Будзьце спакойны, будзьце спакойны наконт работы», паўтараў ён з няўтоенай ганарлівасцю: «апрача Пецербурга, нідзе так не пашыюць». Кравец быў сам з Пецербурга і на шыльдзе выставіў: Чужаземец з Лондана і Парыжа. Жартаваць ён не любіў і двума гарадамі адразу хацеў заткнуць глотку ўсім іншым краўцам так, каб у далейшым ніхто не з’явіўся з такімі гарадамі, а няхай сабе піша з якога-небудзь «Карлсэру» або «Капенгара».

Чычыкаў велікадушна разлічыўся з краўцом і, застаўшыся адзін, пачаў разглядаць сябе на волі ў люстэрка, як актор з эстэтычным пачуццём і соп ашоге [117 ]. Выявілася, што ўсё неяк было яшчэ лепш, чым раней; шчочкі цікавей, падбародак больш прывабны, белыя каўнерыкі давалі тон шчацэ, атласны сіні гальштук даваў тон каўнерыкам, новамодныя зборкі манішкі давалі тон гальштуку, багатая аксамітная [камізэлька] давала [тон] манішцы, а фрак наварынскага дыму з полымем, ззяючы, як шоўк, даваў тон усяму. Павярнуўся направа — добра! Павярнуўся налева — яшчэ лепш! Перагіб такі, як у камергера або ў такога пана, які так і чэша па-французску, які, нават і раззлаваўшыся, вылаяцца не адважыцца на рускай мове, а распячэ французскім дыялектам: далікатнасць такая! Ён паспрабаваў, схіліўшы галаву крыху набок, прыняць позу, як быццам адрасуючыся да дамы сярэдніх год і апошняй асвечанасці: атрымлівалася, проста, карціна. Мастак, бяры кісць і пішы! Ад здавальнення ён зрабіў тут-жа лёгкі падскок, накшталт антраша. Уздрыгнуў камод і пляснулася на зямлю пляшка з адэкалонам; але гэта не зрабіла ніякай перашкоды. Ён назваў, як і належала, дурную пляшку дурніцай і падумаў: «Да каго цяпер перш за ўсё з’явіцца? Лепш за ўсё...» Як раптам, у пярэдняй — штосьці кшталтам нейкага бразгання ботаў са шпорамі, і жандар у поўным узбраенні, як [быццам] у яго асобе было цэлае войска: «Загадана зараз-жа з’явіцца да генерал-губернатара!» Чычыкаў так і абамлеў. Перад ім тырчала страшыдла з вусамі, конскі хвост на галаве, цераз плячо перавязь, цераз другое перавязь, велізарнейшы палаш прывешаны да боку. Яму здалося, што пры другім баку вісела і стрэльба, і чорт ведае што: цэлае войска у адным толькі! Ён пачаў быў супярэчыць, [страшыдла] груба загаварыла: «Загадана зараз!» Праз дзверы ў пярэднюю ён убачыў, што там мільгала і другое страшыдла; зірнуў у акенца — і экіпаж. Што тут рабіць? Так, як быў у фраку наварынскага полымя з дымам, павінен быў сесці і, дрыжучы ўсім целам, накіравацца да генерал-губернатара, і жандар з ім.

У пярэдняй не далі нават і апомніцца яму. «Ідзіце! вас князь ужо чакае», сказаў дзяжурны чыноўнік. Перад ім, як у тумане, мільгнула пярэдняя з кур’ерамі, якія прымалі пакеты, потым зал, праз які ён прайшоў, думаючы толькі: «Вось як схопяць, ды без суда, без усяго, проста ў Сібір!» Сэрца яго забілася з такой сілай, з якой не б’ецца нават у самага раўнівага каханка. Нарэшце расчыніліся фатальныя дзверы: паўстаў кабінет з партфелямі, шафамі і кнігамі, і князь, гнеўны, як сам гнеў.

«Пагубіцель, пагубіцель!» сказаў Чычыкаў: «ён мяне зарэжа, як воўк ягнё».

«Я злітаваўся над вамі, я дазволіў вам застацца ў горадзе, тады як вам належала-б у астрог; а вы заплямілі сябе зноў самым ганебным махлярствам, якім калі-небудзь запляміў сябе чалавек!» Вусны князя дрыжэлі ад гневу.

«Якім-жа, ваша сіяцельства, такім ганебным учынкам і махлярствам?» спытаў Чычыкаў, дрыжучы ўсім целам.

«Жанчына», прамовіў князь, падступаючы крыху бліжэй і гледзячы проста ў вочы Чычыкаву: «жанчына, якая падпісвала пад вашу дыктоўку завяшчанне, схоплена і стане з вамі на вочную стаўку».

У Чычыкава пацямнела ў вачах.

«Ваша сіяцельства! Скажу ўсю ісціну справы. Я вінаваты; сапраўды, вінаваты; але не так вінаваты: мяне абмовілі ворагі».

«Вас не можа ніхто абмовіць, бо ў вас агіднасці ў некалькі разоў больш, чым можа [выдумаць] апошні манюка. Вы праз усё жыццё, я думаю, не рабілі неганебнай справы. Кожная капейка, набытая вамі, набыта самым несумленным чынам, ёсць крадзеж і самая ганебная справа, за якую пуга і Сібір! Не, цяпер годзе! З гэтай-жа хвіліны будзеш заведзены ў астрог і там, разам з апошнімі нягоднікамі і разбойнікамі, ты павінен [чакаць] вырашэння свайго лёсу. I гэта літасціва яшчэ, бо горш за іх у некалькі [разоў]: яны ў світцы і кажуху, а ты...» Ён зірнуў на фрак наварынскага полымя з дымам і, узяўшыся за шнурок, пазваніў.

«Ваша сіяцельства», ускрыкнуў Чычыкаў: «злітуйцеся! Вы бацька сям’і. Не мяне пашкадуйце — старая маці!»

«Хлусіш!» ускрыкнуў гнеўна князь. «Ты таксама мяне тады ўпрошваў дзецьмі і сям’ёю, якіх у цябе ніколі не было, цяпер — маці».

«Ваша сіяцельства! я мярзотнік і нягоднік апошні», сказаў Чычыкаў голасам..... «Я сапраўды хлусіў, я не меў ні дзяцей, ні сям’і; але, вось бог сведка, я заўсёды хацеў мець жонку, выканаць абавязак чалавека і грамадзяніна, каб сапраўды потым заслужыць павагу грамадзян і начальства... Але які нешчаслівы збег акалічнасцей! Ваша сіяцельства! крывёй патрэбна было здабываць надзённае існаванне. На кожным кроку прывабы і спакусы... ворагі, і пагубіцелі, і выкрадальнікі. Усё жыццё было — быццам віхор буйны або судна сярод хваль, па волі вятроў. Я — чалавек, ваша сіяцельства!»

Слёзы раптам паліліся ручаямі з вачэй яго. Ён паваліўся ў ногі князю, так, як быў: у фраку наварынскага полымя з дымам, у аксамітнай камізэльцы з атласным гальштукам, цудоўна пашытых штанах і з зачоскай на галаве, ад якой веяў салодкі подых адменнага адэкалона, і ўдарыўся ілбом.

«Ідзі прэч ад мяне! Паклікаць, каб яго ўзялі, салдат!» сказаў князь увайшоўшым.

«Ваша сіяцельства!» крычаў [Чычыкаў] і ахапіў абодвума рукамі бот князя.

Пачуццё агіды прабегла па ўсіх жылах князя.

«Ідзіце прэч, кажу вам!» сказаў ён, намагаючыся вырваць сваю нагу з абдымкаў Чычыкава.

«Ваша сіяцельства! не сыйду з месца, пакуль не атрымаю літасці», гаварыў [Чычыкаў], не выпускаючы бот князя і праехаўшыся, разам з нагой, па падлозе з фракам наварынскага полымя з дымам.

«Ідзіце, кажу вам!» гаварыў ён з тым невытлумачальным пачуццём агіды, якое адчувае чалавек, бачачы найпачварнейшую казюльку, якую нехапае духу раздушыць нагой. Ён страсянуў так, што Чычыкаў адчуў удар ботам у нос, у губы і акруглены падбародак, але не выпусціў бота і яшчэ мацней трымаў яго ў сваіх абдымках. Два дужыя жандары насілу адцягнулі яго і, узяўшы пад рукі, павялі праз усе пакоі. Ён быў бледны, прыгнечаны, у тым непрытомна-страшным стане, у якім бывае чалавек, што бачыць перад сабою чорную, неадхільную смерць, гэтае страшыдла, варожае натуры нашай...

У самых дзвярах на лесніцу насустрач — Муразаў. Промень надзеі раптам мільгануў. У адзін момант, з сілай надзвычайнай, вырваўся ён з рук абодвух жандараў і кінуўся ў ногі здзіўленаму старому.

«Бацюхна, Павел Іванавіч! Што з вамі?»

«Ратуйце! вядуць у астрог, на смерць...» Жандары схапілі яго і павялі, не далі нават і пачуць.

Вільготная, сырая камора, з пахам ботаў і ануч гарнізонных салдат, нефарбаваны стол, два кепскія крэслы, з жалезнымі кратамі акно, старая печ, праз шчыліны якой толькі дыміла, а цяпла не было, — жытло, дзе змешчаны быў наш [герой], які пачынаў ужо каштаваць асалоду жыцця і прыцягваў увагу суайчыннікаў у тонкім новым фраку наварынскага полымя і дыму. Не дазволілі нават яму зрабіць захады, узяць з сабой неабходныя рэчы, узяць шкатулку, дзе былі грошы, магчыма, дастатковыя... Паперы, крэпасці на мёртвых — усё было цяпер у чыноўнікаў. Ён паваліўся на зямлю, і безнадзейны смутак плоцеядным чарвяком абвіўся вакол яго сэрца, з узрастаючай хуткасцю пачаў тачыць ён гэтае сэрца, нічым не абароненае. Яшчэ дзень такі, дзень такога смутку, і не было-б Чычыкава зусім на свеце. Але і пра Чычыкава дбала чыясьці ўсевыратоўчая рука. Праз гадзіну дзверы астрога адчыніліся: увайшоў стары Муразаў.

Калі-б змучанаму пякучай прагай, укрытаму прахам і пылам дарогі, знясіленаму, зморанаму падарожніку ўліў хто ў засохлае горла струмень крынічнай вады, — ён не так-бы ёю асвяжыўся, не так ажывіўся, як ажывіўся бедны [Чычыкаў].

«Збавіцель мой!» сказаў Чычыкаў, раптам схапіўшыся з падлогі, на якую кінуўся ў разрываючым яго смутку, раптам яго руку хутка пацалаваў і прыціснуў да грудзей. «Няхай узнагародзіць вас бог за тое, што наведалі няшчаснага!»

Ён заліўся слязьмі.

Стары глядзеў на яго сумна-хваравітым позіркам і толькі гаварыў: «Ах, Павел Іванавіч! Павел Іванавіч, што вы зрабілі!»

«Што-ж рабіць! Загубіла праклятая! Не ведаў меры; не ўмеў у час спыніцца. Шайтан пракляты спакусіў, вывеў за межы розуму і разважлівасці чалавечай. Парушыў, парушыў! Але толькі як-жа можна так зрабіць? Двараніна, двараніна, без суда, без следства, кінуць у астрог! Двараніна, Афанасій Васільевіч! Ды як-жа не даць часу зайсці да сябе, спарадкаваць рэчы? Бо там-жа ў мяне ўсё засталося цяпер без догляду. Шкатулка, Афанасій Васільевіч, шкатулка, там-жа ўся мая маёмасць. Потам набыў, крывёй, гадамі працы, нястачы... Шкатулка, Афанасій Васільевіч! Бо ўсё-ж украдуць, разнясуць! Ох, божа!»

I, не маючы сілы ўтрымаць парыванне смутку, што зноў падступіў да сэрца, ён гучна зарыдаў голасам, які прабіўся праз муры астрожных сцен і глуха адгукнуўся ў воддалі, сарваў з сябе атласны гальштук і, схапіўшыся рукой каля каўняра, разарваў на сабе фрак наварынскага полымя з дымам.

«Ах, Павел Іванавіч! як вас асляпіла гэтая маёмасць! Праз яе вы не бачылі страшнага свайго становішча».

«Дабрадзей, ратуйце, ратуйце!» закрычаў з адчаем бедны Павел Іванавіч, паваліўшыся яму ў ногі. «Князь вас любіць, для вас усё зробіць».

«Не, Павел Іванавіч, не магу, як-бы ні хацеў, як-бы ні жадаў. Вы трапілі пад няўмольны закон, а не пад уладу якога-небудзь чалавека».

«Спакусіў, шэльма шайтан, кат роду чалавечага!»

Ударыўся галавой аб сцяну, а рукой ляснуў аб стол так, што разбіў да крыві кулак; але ні болю ў галаве, ні жорсткасці ўдару не адчуў.

«Павел Іванавіч, супакойцеся, падумайце, як-бы прымірыцца з богам, а не з людзьмі; пра бедную душу сваю падумайце».

«Але-ж лёс які, Афанасш Васільевіч! Ці выпадаў хоць аднаму чалавеку такі лёс? З цярплівасцю-ж, можна сказаць, крывавай, здабываў капейку, працай, працай, не тое, каб каго абрабаваў, або казну абакраў, як робяць. Навошта здабываў капейку? Для таго, каб у дастатку пражыць рэштку дзён; пакінуць жонцы, дзецям, якіх меў намер набыць для дабра, для службы айчыне. Вось для чаго хацеў набыць! Пакрывіў, не спрачаюся, пакрывіў... што-ж рабіць? Але-ж пакрывіў толькі тады, калі ўбачыў, што простай дарогай не возьмеш і што ўскоснай дарогай больш напрамкі. Але-ж я працаваў, я хітраваў. Калі браў, дык з багатых. А гэтыя нягоднікі, якія па судах, бяруць тысячы з казны, небагатых людзей рабуюць, апошнюю капейку здзіраюць з таго, у каго няма нічога!.. Што-ж за няшчасце такое, скажыце, — кожны раз, што як толькі пачынаеш дасягаць пладоў і, так сказаць, ужо кранаць рукой, раптам бура, падводны камень, знішчэнне ў трэскі ўсяго карабля. Вось каля трох [сот] тысяч было капіталу; трохпавярховы дом быў ужо; два разы ўжо вёску купляў... Ах, Афанасій Васільевіч! завошта-ж такі...? Завошта-ж такія ўдары? Хіба і без таго жыццё маё не было, як судна сярод хваль? Дзе справядлівасць нябёс? Дзе ўзнагарода за цярплівасць, за сталасць бяспрыкладную? Я-ж тры разы наноў пачынаў; усё страціўшы, пачынаў з капейкі, тады, як іншы даўно-б з адчаю запіў-бы і згніў у карчме. Колькі-ж трэба было перамагчы, колькі стрываць! Бо кожная [капейка] выпрацавана, так сказаць, усімі сіламі душы!.. Няхай, іншым давалася лёгка, але-ж для мяне была кожная капейка, як кажа прыказка, алтынным цвіком прыбіта, і гэтую алтынным цвіком прыбітую капейку я даставаў, бог сведка, з такой жалезнай нястомнасцю...»

Ён зарыдаў гучна, ад нясцерпнага болю сэрца, паваліўся на крэсла, і адарваў зусім вісеўшае, разадранае крысо фрака, і шпурнуў яго прэч ад сябе, і, запусціўшы абедзве рукі сабе ў валасы, аб умацаванні якіх раней так дбаў, бязлітасна рваў іх, суцяшаючыся болем, якім хацеў заглушыць незгасальны боль сэрца.

Доўга сядзеў моўчкі над ім Муразаў, гледзячы на гэта незвычайнае......, першы раз ім бачанае. А няшчасны разлютаваны чалавек, які яшчэ нядаўна пырхаў вакол з развязнай спрытнасцю свецкага або ваеннага чалавека, кідаўся цяпер у расхрыстаным, непрыстойным [выглядзе], у разадраным фраку і расшпіленых нагавіцах, [з] акрываўленым разбітым кулаком, выліваючы ганьбу на варожыя сілы, якія шкодзяць чалавеку.

«Ах, Павел Іванавіч, Павел Іванавіч! Які-б з вас быў чалавек, калі-б таксама, і сілаю, і цярплівасцю, ды падвізаліся-б на добрую працу, маючы лепшую мэту! Божа мой, колькі-б вы нарабілі дабра! Калі-б хоць хто-небудзь з тых людзей, якія любяць дабро, ды ўжылі-б столькі намаганняў для яго, як вы для здабывання сваёй капейкі, ды змаглі-б так ахвяраваць для дабра і ўласным самалюбствам, і чэсталюбствам, не шкадуючы сябе, як вы не шкадавалі для здабывання сваёй капейкі, — божа мой, як расквітнела-б наша зямля!.. Павел Іванавіч, Павел Іванавіч! Не таго шкода, што вінаваты вы сталі перад іншымі, а таго шкода, што перад сабой сталі вінаваты — перад багатымі сіламі і дарамі, якія выпалі на вашу долю. Прызначэнне ваша — быць вялікім чалавекам, а вы сябе запрапасцілі і загубілі».

Ёсць таямніцы душы: як-бы далёка ні адхіснуўся ад простага шляху той, хто заблуджаецца, як-бы ні зачарсцвеў пачуццямі непапраўны злачынец, як-бы не заскарузнуў у сваім аблудным жыцці; але калі дакорыш яго ім-жа, яго-ж вартасцямі, ім зняслаўленымі, у ім [усё] мімаволі пахіснецца, і ўвесь ён узрушыцца.

«Афанасій Васільевіч», сказаў бедны Чычыкаў і схапіў яго абодвума рукамі за рукі: «О, калі-б удалося мне вызваліцца, вярнуць маю маёмасць! Клянуся вам, пачаў-бы ад гэтага часу зусім іншае жыццё! Ратуйце, дабрадзей, ратуйце!»

«Што-ж магу я зрабіць? Я павінен ваяваць з законам. Дапусцім, калі-б я нават і наважыўся на гэта; але-ж князь справядлівы, — ён ні за што не адступіць».

«Дабрадзей! вы ўсё можаце зрабіць. Не закон мяне страшыць, — я перад законам знайду сродкі, — але тое, што без віны я кінуты ў астрог, што я прападу тут, як сабака, і што мая маёмасць, паперы, шкатулка... Ратуйце!»

Ён абняў ногі старога, абліў іх слязьмі.

«Ах, Павел Іванавіч, Павел Іванавіч!» гаварыў стары Муразаў, ківаючы [галавой]: «як вас асляпіла гэтая маёмасць! Праз яе вы і беднай душы сваёй не чуеце».

«Падумаю і пра душу, але выратуйце!»

«Павел Іванавіч!..» сказаў стары Муразаў і спыніўся. «Выратаваць вас не ў маёй уладзе, — вы самі бачыце. Але прыкладу намаганні, якія здолею, каб зрабіць лягчэйшай вашу долю і вызваліць. Не ведаю, ці ўдасца гэта зрабіць, але буду старацца. Калі-ж, пачэ чаянія, удасца, Павел Іванавіч, — я папрашу ў вас узнагароды за працу: кіньце ўсе гэтыя замеры на гэтае прыдабыванне. Гавару вам сумленна, што калі-б я і ўсю страціў маю маёмасць, — а ў мяне яе больш, чым у вас, — я-б не заплакаў. Дальбог, [справа] не ў гэтай маёмасці, якую могуць у мяне канфіскаваць, а ў той, якую ніхто не можа ўкрасці і адабраць! Вы пажылі ўжо на свеце досыць. Вы самі называеце жыццё сваё суднам сярод хваль. У вас ёсць ужо чым пражыць рэшту дзён. Пасяліцеся сабе ў ціхім кутку, бліжэй да царквы і да простых, добрых людзей; або, калі карціць моцнае жаданне пакінуць пасля сябе патомкаў, жаніцеся з небагатай добрай дзяўчынай, якая прывыкла да памяркоўнасці і да простай гаспадаркі. Забудзьце гэты шумны свет і ўсю яго павабную прыхамаць; няхай і ён вас забудзе: у ім няма заспакаення. Вы бачыце: усё ў ім вораг, спакушальнік або здраднік...

«Абавязкова, абавязкова! Я ўжо хацеў, ужо меў намер павесці жыццё, як след, думаў заняцца гаспадаркай, абмежаваць жыццё. Дэман-спакушальнік збіў, звёў з тропу, шайтан, чорт, вылюдак!»

Нейкія невядомыя дагэтуль, незнаёмыя пачуцці, яму няўцямныя, прышлі да яго, як быццам хацела ў ім штосьці прачнуцца, штосьці далёкае, штосьці..., штосьці прыгнечанае з маленства суровым, мёртвым павучаннем, беспрыветнасцю нуднага маленства, пустэчай роднага жытла, бессямейнай адзінотай, галечай і беднасцю першапачатковых уражанняў і як быццам тое, што....... суровым позіркам лёсу, які глянуў на яго нудна, праз нейкае цьмянае, занесенае зімовай завеяй акно, хацела вырвацца на волю. Енк вырваўся з яго вуснаў і, паклаўшы абедзве далоні на твар свой, смутным голасам сказаў ён: «Праўда, праўда!»

«I веданне людзей, і спрактыкаванасць не дапамаглі на незаконнай падставе. А калі-б да гэтага ды падстава законная!.. Эх, Павел Іванавіч, нашто вы сябе загубілі? Прачніцеся: яшчэ не позна, яшчэ ёсць час...»

«Не, позна, позна!» застагнаў ён голасам, ад якога ў Муразава ледзь не разарвалася сэрца. «Пачынаю адчуваць, чую, што не так, не так іду, і што далёка адступіўся ад простага [шляху], але ўжо не магу! Не, не так выхаваны. Бацька мне ўдзёўбваў настаўленні, біў, прымушаў перапісваць з маральных правілаў, а сам краў пры мне ў суседзяў лес і мяне яшчэ прымушаў дапамагаць яму. Распачаў пры мне несправядлівую судовую справу; разбэсціў сіротку, якой ён быў апекуном. Прыклад мацней правілаў. Бачу, адчуваю, Афанасій Васільевіч, што жыццё вяду не такое, але няма вялікай агіды да пароку: агрубела натура; няма любві да дабра, гэтага цудоўнага нахілу да спраў богаўгодных, які ператвараецца ў натуру, у звычку...

Няма такой ахвоты падвізацца для дабра, якая ёсць для атрымання маёмасці. Кажу праўду — што-ж рабіць!..»

Моцна ўздыхнуў стары...

«Павел Іванавіч! у вас столькі волі, столькі цярплівасці. Лякарства горкае, але-ж хворы прымае, ведаючы, што інакш не адужае. У вас няма любві да дабра, — рабіце дабро сілком без любві да яго. Вам гэта залічыцца яшчэ ў больш вялікую заслугу, чым таму, хто робіць дабро праз любоў да яго. Прымусьце [сябе] толькі некалькі разоў, — потым набудзецца і любоў. Паверце, усё робіцца. Царство нудится [118 ], сказана нам. Толькі сілком прабіраючыся да яго... сілком трэба прабірацца, браць яго сілком. Эх, Павел Іванавіч! [у] вас-жа ёсць гэтая сіла, якой няма ў іншых, гэта жалезная цярплівасць. I ці вам не адолець? Ды вы, мне здаецца, былі-б волат. Бо цяпер людзі — без волі, усе — слабыя».

Прыкметна было, што словы гэтыя ўбіліся ў самую душу Чычыкава і закранулі штосьці славалюбнае на дне яе. Калі не рашучасць, дык штосьці моцнае і да яе падобнае бліснула ў яго вачах...

«Афанасій Васільевіч!» сказаў ён цвёрда: «калі толькі вымаліце мне збавенне і сродкі выехаць адсюль з якой-небудзь маёмасцю, я даю вам слова пачаць іншае [жыццё]: куплю вёсачку, зраблюся гаспадаром, буду збіраць грошы не для сябе, але для таго, каб дапамагаць іншым, буду рабіць дабро, колькі хопіць сілы; забуду сябе і ўсялякія гарадскія аб’яданні, і баляванні, буду весці простае, цвярозае жыццё».

«Хай умацуе вас бог у гэтым намеры!» сказаў узрадаваны стары. «Буду старацца з усяе сілы, каб вымаліць у князя ваша вызваленне. Удасца ці не ўдасца, гэта бог [ведае]. У кожным выпадку, лёс ваш, пэўна, будзе лягчэйшы. Ах, божа мой! абніміце-ж, дазвольце мне вас абняць. Як вы мяне, дапраўды, узрадавалі! Ну, з богам, зараз-жа іду да князя».

Чычыкаў застаўся [адзін].

Уся прырода яго ўзрушылася і размякчылася. Расплаўляецца і плаціна, самы цвёрды з металаў, які даўжэй за іншыя супраціўляецца агню: калі ўзмоцніцца ў горне агонь, дзьмуць мяхі і ўздымаецца нясцерпная гарачыня агню, — бялее трывалы метал і ператвараецца таксама ў вадкасць; падаецца і наймацнейшы чалавек у горне няшчасцяў, калі, узмацняючыся, яны нясцерпным агнём сваім паляць зацвярдзелую прыроду...

«Сам не ўмею і не адчуваю, але ўсе сілы пакладу, каб іншым даць магчымасць адчуць; сам дрэнны і нічога......, але ўсе сілы пакладу, каб іншых настроіць; сам дрэнны хрысціянін, але ўсе сілы [пакладу], каб не падбіць на спакусу. Буду працаваць, буду працаваць да поту ў вёсцы, і вазьмуся сумленна так, каб мець добры ўплыў і на іншых. Што-ж, сапраўды, быццам я ўжо зусім няварты! ёсць здольнасці да гаспадаркі; я маю якасці ашчаднасці, спрытнасці і разважлівасці, нават сталасці. Варта толькі адважыцца...»

Так думаў Чычыкаў і поўабуджанымі сіламі душы, здавалася, штосьці адчуваў. Здавалася, прырода яго цёмным чуццём стала чуць, што ёсць нейкі абавязак, які трэба выканаць чалавеку на зямлі, які можна выканаць усюды, на кожным рагу, не гледзячы на ўсялякія акалічнасці, хваляванні і рух, якія лётаюць вакол чалавека, з таго месца і кута, на якім ён пастаўлен. I працавітае жыццё воддаль ад шуму гарадоў і тых спакус, якія ад бяздзейнасці прыдумаў, забыўшы працу, чалавек, так моцна пачало перад ім рысавацца, што ён ужо амаль забыў усю непрыемнасць свайго становішча і, магчыма, гатоў быў нават прынесці падзяку лёсу за гэты цяжкі [удар], калі толькі выпусцяць яго і вернуць хоць частку... Але вузкія дзверы яго бруднай каморы адчыніліся, увайшла чыноўная асоба — Самасвітаў, эпікурэец, сабой зух, у плячах аршын, ногі стройныя, выдатны таварыш, гуляка і прайдзісвет, як гаварылі пра яго самі таварышы. У ваенны час чалавек гэты нарабіў-бы цудаў: яго-б паслаць куды-небудзь пралезці праз непраходныя, небяспечныя месцы, украсці з-пад носа ў самога ворага гармату—гэта-б яго справа. Але, за адсутнасцю ваеннага поля дзейнасці, на якім-бы, магчыма, яго зрабілі-б сумленным чалавекам, ён паскудзіў на ўсю сілу. Непасцігальная справа! дзіўныя меў ён перакананні і правілы: з таварышамі ён быў добры, нікога не прадаваў і, даўшы слова, трымаў; але вышэйшае над сабой начальства ён лічыў нечым падобным да варожай батарэі, праз якую трэба прабіцца, карыстаючыся кожным слабым месцам, праломам або недаглядам.

«Ведаем усё пра ваша становішча, усё пачулі!» сказаў ён, калі ўбачыў, што дзверы за ім шчыльна зачыніліся. «Нічога, нічога! Не палохайцеся: усё будзе папраўлена. Усе пачнем працаваць за вас і — вашы слугі. Трыццаць тысяч на ўсіх — і нічога больш».

«Няўжо?» ускрыкнуў Чычыкаў: «і я буду зусім апраўданы?»

«Начыста! яшчэ і ўзнагароду атрымаеце за страты».

«I за паслугі?»

«Трыццаць тысяч. Тут ужо ўсё разам— і нашым, і генерал-губернатарскім, і сакратару».

«Але, дазвольце, як-жа я магу?.. Мае ўсе рэчы... шкатулка... усё гэта цяпер апячатана, пад наглядам».

«Праз гадзіну атрымаеце ўсё. Па руках, ці што?»

Чычыкаў падаў руку. Сэрца яго білася і ён не даваў веры, каб гэта было магчыма...

«Пакуль бывайце! Даручыў вам [сказаць] наш агульны прыяцель, што галоўная справа супакой і неўсхваляванасць духу».

«Гм!» падумаў Чычыкаў; «разумею — юрысконсульт!»

Самасвітаў знік. Чычыкаў, застаўшыся, усё яшчэ не даваў веры словам, але не прайшло гадзіны пасля гэтай гутаркі, ях была прынесена шкатулка: паперы, грошы — усё ў найлепшым парадку. Самасвітаў з’явіўся ў якасці распарадчыка: вылаяў пастаўленых вартавых за няпільнасць, наглядчыку загадаў выклікаць яшчэ лішніх салдат для ўзмацнення нагляду, узяў не толькі шкатулку, але і павыбіраў нават усе такія паперы, якія маглі-б чым-небудзь кампраметаваць Чычыкава, звязаў усё гэта разам, апячатаў і загадаў самому салдату занесці зараз-жа да самога Чычыкава, пад выглядам неабходных начных і спальных рэчаў, так што Чычыкаў, разам з паперамі, атрымаў нават і ўсё цёплае, што патрэбна было, каб накрыць яго нетрывалае цела. Гэтая хуткая дастаўка ўзрадавала яго невыказна. Ён займеў моцную надзею, і пачалі ўжо ў марах яму зноў уяўляцца такія-сякія прывабы: вечарам тэатр, танцорка, за якой ён валачыўся. Вёска і цішыня пачалі здавацца блядней, горад і шум — зноў ярчэй і ярчэй... О, жыццё!

А тым часам завязалася справа памеру бязмежнага ў судах і палатах. Працавалі пёры пісцоў і, нюхаючы табаку, працавалі казусныя галовы, любуючыся, як мастакі, кручкаватым радком. Юрысконсульт, як патайны чараўнік, невідочна варочаў усім механізмам; усіх аблытаў канчаткова, раней, чым хто паспеў агледзецца. Блытаніна павялічылася. Самасвітаў перавысіў самога сябе адвагай і дзёрзкасцю нечуванай. Даведаўшыся, дзе знаходзілася пад вартай схопленая жанчына, ён з’явіўся проста і ўвайшоў такім малайцом і начальнікам, што вартавы аддаў яму чэсць і выцягнуўся ў струнку. «Даўно ты тут стаіш?» — «Ад раніцы, ваша благароддзе». — «Доўга да змены?» — «Тры гадзіны, ваша благароддзе». — «Ты мне будзеш патрэбны. Я скажу афіцэру, каб замест цябе прызначыў іншага». — «Слухаю, ваша благароддзе!» I, паехаўшы дамоў, не марудзячы ні хвіліны, каб не ўмешваць нікога і ўсе канцы ў ваду, сам апрануўся жандарам, з’явіўся ў вусах і бакенбардах сам чорт-бы не пазнаў. З’явіўся ў доме, дзе быў Чычыкаў, і, схапіўшы першую, якая трапілася, бабу, здаў яе двум чыноўным малайцам, докам таксама, а сам проста з’явіўся з вусамі і стрэльбай, як належыць, да вартавых: «Ідзі к..... мяне прыслаў камандзір выстаяць замест цябе змену». Змяніўся і стаў сам са стрэльбай. Толькі гэта было і патрэбна. У гэты час, на месцы ранейшай бабы апынулася іншая, якая нічога не ведала і не разумела. Ранейшую запраторылі кудысьці так, што і потым не дазналіся, куды яна падзелася. У той час, калі Самасвітаў падвізаўся ў асобе воіна, юрысконсульт стварыў цуды на грамадскім полі дзейнасці: губернатару даў зразумець стараною, што пракурор піша на яго данос; жандарскаму чыноўніку даў зразумець, [што] чыноўнік, які пражывае сакрэтна, піша на яго даносы; чыноўніка, які пражываў сакрэтна, упэўніў, што ёсць яшчэ сакрэтнейшы чыноўнік, які на яго даносіць,—і ўсіх прывёў у такі стан, што да яго ўсе павінны былі звярнуцца за парадамі. Стварылася такая бязладзіца: данос сеў верхам на даносе, і пайшлі выкрывацца такія справы, якіх і сонца не бачыла, і нават такія, якіх і не было. Усё пайшло ў работу і ў справу: і хто незаконнанароджаны сын, і якога роду і звання, і ў каго каханка, і чыя жонка за кім валочыцца. Скандалы, спакусы і ўсё так змяшалася і сплялося разам з гісторыяй Чычыкава, з мёртвымі душамі, што ніякім чынам нельга было зразумець, якая з гэтых спраў была галоўная бязглуздзіца: абедзве здаваліся роўнай вартасці. Як пачалі, нарэшце, прыходзіць паперы да генерал-губернатара, бедны князь нічога не мог зразумець. Вельмі разумны і прабітны чыноўнік, якому было даручана зрабіць экстракт [119 ], ледзь не звар’яцеў: ніякім чынам нельга было ўхапіцца за нітку справы. Князь быў у гэты час заклапочаны мноствам іншых спраў, адна за другую непрыемнейшых. У адной частцы губерні выявіўся голад. Чыноўнікі, пасланыя раздаць хлеб, неяк не так распарадзіліся, як трэба было. У другой частцы губерні разварушыліся раскольнікі. Нехта пусціў паміж іх, што нарадзіўся антыхрыст, які і мерцвякам не дае супакою, скупляючы нейкія мёртвыя душы. Каяліся і грашылі і, пад выглядам злавіць антыхрыста, укакошылі неантыхрыстаў. У другім месцы мужыкі ўзбунтаваліся супроць памешчыкаў і капітан-спраўнікаў. Нейкія валацугі распусцілі паміж іх чуткі, што надыходзіць такі час, што мужыкі павінны [быць] памешчыкамі і апрануцца ў фракі, а памешчыкі апрануцца ў світкі і будуць мужыкамі,— і цэлая воласць, не разважыўшы таго, што надта многа атрымаецца тады памешчыкаў і капітан-спраўнікаў, адмовілася плаціць..... подаць. Трэба было ўжыць гвалтоўныя захады. Бедны князь быў у самым дрэнным настроі. У гэты час далажылі яму, што прышоў адкупшчык. «Няхай увойдзе», сказаў князь. Стары ўвайшоў.

«Вось вам Чычыкаў! Вы стаялі за яго і абаранялі. Цяпер ён папаўся ў такой справе, на якую і апошні злодзей не асмеліцца».

«Дазвольце вам далажыць, ваша сіяцельства, што я не вельмі разумею гэтую справу».

«Падлог завяшчання, і яшчэ які!.. Публічнае пакаранне бізунамі за такую справу!»

«Ваша сіяцельства, — скажу не таму, каб бараніць Чычыкава, але-ж гэта справа не даведзеная: следства яшчэ не зроблена».

«Доказ: жанчына, якую падабралі замест памершай, злоўлена. Я яе хачу распытаць знарок пры вас». Князь пазваніў і даў загад паклікаць тую жанчыну.

Муразаў змоўк.

«Ганебнейшая справа! I, на сорам, замяшаліся першыя чыноўнікі горада, сам губернатар. Ён не павінен быць там, дзе зладзеі і марнатраўцы!» сказаў князь з запалам.

«Губернатар-жа — наследнік; ён меў права на дамаганне; а што іншыя з усіх бакоў прычапіліся, дык гэта, ваша сіяцельства, чалавечая справа. Памерла-ж багатая, распарадку разумнага і справядлівага не зрабіла; зляцеліся з усіх бакоў ахвотнікі пажывіцца — чалавечая справа...»

«Але-ж агіднасці навошта рабіць?.. Падлюгі!» сказаў князь з пачуццём абурэння. «Ні аднаго чыноўніка няма ў мяне добрага: усе мярзотнікі!»

«Ваша сіяцельства! ды хто-ж з нас, як належыць, добры? Усе чыноўнікі нашага горада — людзі, маюць вартасці і многія добра ведаюць справу, а ад граху кожны блізка».

«Паслухайце, Афанасій Васільевіч: скажыце мне, — я вас аднаго ведаю за сумленнага чалавека, — што ў вас за ахвота абараняць усялякіх мярзотнікаў?»

«Ваша сіяцельства», сказаў Муразаў: «хто-б ні быў чалавек, якога вы называеце мярзотнікам, але ён-жа чалавек. Як-жа не бараніць чалавека, калі ведаеш, што ён палавіну злога робіць ад грубасці і няведання? Мы-ж робім несправядлівасці на кожным кроку і кожную хвіліну бываем прычынай няшчасця другога, нават і не з дрэнным намерам. Ваша сіяцельства зрабілі таксама вялікую несправядлівасць».

«Як!» выгукнуў у здзіўленні князь, зусім уражаны такім нечаканым паваротам гутаркі.

Муразаў спыніўся, памаўчаў, як-бы спакмячаючы штосьці, і, нарэшце, сказаў: «Ды вось хоць-бы па справе Дзерпеннікава»...

«Афанасій Васільевіч! Злачынства супроць карэнных дзяржаўных законаў, роўнае здрадзе зямлі сваёй!»

«Я не абараняю яго. Але ці справядліва тое, калі юнака, які, праз неспрактыкаванасць сваю, быў спакушаны і зваблены іншымі, асудзіць так, як і таго, які быў адным з завадатараў? Бо адзін лёс спасціг і Дзерпеннікава і якога-небудзь Варанога-Драннога, а злачынствы-ж іх не роўныя».

«У імя бога...» сказаў князь з прыкметным хваляваннем: «вы што-небудзь ведаеце аб гэтым? скажыце. Я іменна нядаўна паслаў яшчэ проста ў Пецербург, каб зрабіць менш суровым яго лёс».

«Не, ваша сіяцельства, я не наконт таго гавару, каб я ведаў што-небудзь такое, чаго вы не ведаеце. Хоць, сапраўды, ёсць адна такая акалічнасць, якая паслужыла-б на яго карысць, але ён сам не згодзіцца, таму што праз гэта пацярпеў-бы іншы. А я думаю толькі тое, ці не мелі вы ласку вельмі паспяшацца тады? Выбачайце, ваша сіяцельства, я кажу паводле свайго слабога меркавання. Вы некалькі разоў загадвалі мне шчыра гаварыць. У мяне, калі я яшчэ быў начальнікам, многа было ўсялякіх работнікаў, і дрэнных і добрых. [Варта-б таксама] узяць пад увагу і ранейшае жыццё чалавека, бо, калі не разгледзіш усё спакойна, а накрычыш ад першага разу — запалохаеш толькі яго, ды і прызнання сапраўднага не даможашся; а як са спагадай яго распытаеш, як брат брата, — сам усё выкажа і нават не просіць аб літасці, і злосці супроць нікога няма, таму што выразна бачыць, што не я яго караю, а закон».

Князь задумаўся. У гэты час увайшоў малады чыноўнік і пачціва спыніўся з партфелем. Клопаты, праца адбіваліся на яго маладым і яшчэ свежым твары. Відаць было, што ён не дарма служыў па асобых даручэннях. Гэта быў адзін з тых нямногіх, якія займаліся справаводствам con amore. Не палаючы ні чэсталюбствам, ні жаданнем прыбыткаў, ні перайманнем у іншых, ён займаўся толькі таму, што быў перакананы, што яму трэба быць тут, а не ў іншым месцы, што для гэтага дадзена яму жыццё. Сачыць, разабраць па частках і, злавіўшы ўсе ніткі самай заблытанай справы, растлумачыць яе, — гэта была яго справа. I праца, і намаганні, і бяссонныя ночы ўзнагароджваліся яму багата, калі справа, нарэшце, пачынала перад ім высвятляцца, патайныя прычыны выяўляцца, і ён адчуваў, што можа перадаць яе ўсю ў нямногіх словах, выразна і ясна, так што кожнаму будзе відавочна і зразумела. Можна сказаць, што не так радаваўся вучань, калі перад ім выяскраўляўся які-[небудзь] самы цяжкі сказ і выяўляўся сапраўдны сэнс думкі вялікага пісьменніка, як радаваўся ён, калі перад ім разблытвалася вельмі заблытаная справа. Затое... [120 ]

«... хлебам у месцах, дзе голад: я гэтую галіну лепш за чыноўнікаў ведаю: разгледжу асабіста, што каму трэба. Ды калі дазволіце, ваша сіяцельства, я пагавару і з раскольнікамі. Бо яны з нашым братам, з простым чалавекам, ахватней разгаворацца, дык, бог ведае, магчыма, дапамагу ўпарадкавацца з імі міралюбна. А чыноўнікі не дадуць рады: завяжацца аб гэтым перапіска, ды прытым яны так ужо заблыталіся ў паперах, што ўжо справы з-за іх і не бачаць. А грошай ад вас я не вазьму, таму што, дальбог, сорамна ў такі час думаць аб сваіх прыбытках, калі паміраюць з голаду. У мяне ёсць у запасе гатовы хлеб; я і цяпер яшчэ паслаў у Сібір і да будучага лета зноў падвязу».

«Вас можа толькі ўзнагародзіць адзін бог за такую службу, Афанасій Васільевіч. А я вам не скажу ніводнага слова, таму што, — вы самі можаце адчуваць, — кожнае слова тут бяссільна. Але дазвольце мне адно сказаць адносна той просьбы. Скажыце самі: ці маю я права пакінуць гэтую справу без увагі, і ці справядліва, ці сумленна з майго боку будзе дараваць мярзотнікам?»

«Ваша сіяцельства, дальбог, гэтак нельга назваць, тым больш, што з [іх] ёсць многія вельмі дастойныя. Цяжкія бываюць становішчы чалавека, ваша сіяцельства, вельмі, вельмі цяжкія. Бывае так, што здаецца кругом вінаваты чалавек; а як разбярэшся — нават і не ён».

«Але што скажуць яны самі, калі пакіну? Ёсць-жа з іх такія, што пасля гэтага яшчэ больш падымуць нос і будуць нават гаварыць, што яны напалохалі. Яны першыя будуць не паважаць...»

«Ваша сіяцельства, дазвольце мне вам падаць сваю думку: збярыце іх усіх, дайце ім зразумець, што вам усё вядома, і абмалюйце ім ваша ўласнае становішча дакладна такім самым чынам, як вы былі ласкавы абмаляваць яго зараз перада мной, і спытайце ў іх парады: што-[б] з іх кожны зрабіў на вашым месцы?»

«Ды вы думаеце, ім будуць даступны рухі больш высокародныя, чым каверзнічаць і нажывацца? Паверце, яны з мяне пасмяюцца».

«Не думаю, ваша сіяцельства. У чалавека, нават і ў таго, хто горшы за іншых, усё-такі пачуццё справядліва. Хіба ўжо жыд які-небудзь, а не рускі... Не, ваша сіяцельства, вам няма чаго таіцца. Скажыце ўсё так, як былі ласкавы сказаць [мне]... Яны-ж вас няславяць, як чалавека чэсталюбнага, гордага, які і слухаць нічога не хоча, упэўнены ў сабе, — дык няхай-жа ўбачаць усё, як яно ёсць. Што-ж вам? Ваша-ж справа справядлівая. Скажыце ім так, як быццам вы не перад імі, а перад самім богам прынеслі сваю споведзь».

«Афанасій Васільевіч», сказаў князь у роздуме: «я пра гэта падумаю, а пакуль удзячны вам вельмі за параду».

«А Чычыкава, ваша сіяцельства, загадайце адпусціць».

«Скажыце гэтаму Чычыкаву, каб ён выносіўся адсюль, як мага хутчэй, і чым далей, тым лепш. Яму-б вось я ніколі не дараваў».

Муразаў пакланіўся і проста ад князя накіраваўся да Чычыкава. Ён знайшоў Чычыкава ўжо ў добрым настроі; ён вельмі спакойна займаўся даволі прыстойным абедам, які быў яму прынесены ў фаянсавых судках з нейкай вельмі прыстойнай кухні. З першых слоў гутаркі стары зараз-жа заўважыў, што Чычыкаў ужо ўправіўся перагаварыць з тым-сім з чыноўнікаў-казуснікаў. Ён нават зразумеў, што тут прычыніўся невідочны ўдзел знаўцы-юрысконсульта.

«Паслухайце, Павел Іванавіч», сказаў ён: «я прывёз вам волю з такой умовай, каб зараз вас не было ў горадзе. Збірайце ўсе манаткі свае — дый з богам, не адкладаючы ні хвіліны, таму што справа яшчэ горшая. Я ведаю, вас тут адзін чалавек падбухторвае; дык абвяшчаю вам па сакрэту, што такая яшчэ адна справа выяўляецца, што ўжо ніякія сілы не выратуюць гэтага. Ён, вядома, рад іншых тапіць, каб не нудна, ды справа да развязкі. Я вас пакінуў у добрым настроі, — у лепшым, чым цяпер. Раю вам не на жарты. Дальбог, справа не ў гэтай маёмасці, праз якую спрачаюцца людзі і рэжуць адзін аднаго, як быццам сапраўды можна завесці добраўпарадкаванне ў тутэйшым жыцці, не падумаўшы пра іншае жыццё. Паверце, Павел Іванавіч, што пакуль, кінуўшы ўсё, за што грызуць і ядуць адзін аднаго на зямлі, не падумаюць аб добраўпарадкаванні душэўнай маёмасці, не ўстановіцца добраўпарадкаванне і зямной маёмасці. Надыйдуць часы голаду і беднасці, як ва ўсім народзе, так і паасобку ў кожным. Гэта-ж ясна. Што ні кажыце, ад душы-ж залежыць цела. Як-жа жадаць, каб [ішло], як належыць! Падумайце не аб мёртвых душах, а [аб] сваёй жывой душы, дый з богам на іншую дарогу! Я таксама выязджаю заўтра. Спяшайцеся! а то — без мяне бяда будзе».

Сказаўшы гэта, стары вышаў. Чычыкаў задумаўся. Значэнне жыцця зноў здалося немалаважным. «Муразаў праўду кажа», — сказаў ён: «час на іншую дарогу!» Сказаўшы гэта, ён вышаў з астрогу. Вартавы пацягнуў за ім шкатулку..... Селіфан і Пятрушка, як бог ведае чаму, узрадаваліся вызваленню пана. «Ну, даражэнькія», сказаў Чычыкаў, звярнуўшыся [да іх] ласкава: «трэба пакавацца, ды ехаць».

«Пакоцім, Павел Іванавіч», сказаў Селіфан. «Дарога, мабыць, наладзілася: снегу нападала даволі. Пара ўжо, дапраўды, выбрацца з горада. Надакучыў ён так, што і глядзець на яго не хацеў-бы».

«Ідзі да карэтніка, каб паставіў каляску на палазкі», сказаў

Чычыкаў, а сам пайшоў у горад, але ні да [кога] не хацеў заходзіць, рабіць развітальныя візіты. Пасля ўсяго гэтага здарэння было і няёмка, — тым больш, што пра яго мноства хадзіла ў горадзе самых непрыстойных гісторый. Ён унікаў усялякіх [сустрэч] і зайшоў паціху толькі да таго купца, у каторага купіў сукна наварынскага полымя з дымам, узяў зноў чатыры аршыны на фрак і на штаны і накіраваўся сам да таго-ж краўца. За падвойную [цану] майстар наважыўся узмацніць стараннасць і пасадзіць на ўсю ноч працаваць пры свечках кравецкае народанасельніцтва іголкамі, прасамі і зубамі, і фрак на другі дзень быў гатовы, хоць і крыху позна. Коні ўсе былі запрэжаны. Чычыкаў, аднак-жа, фрак памераў. Ён быў добры, акурат як папярэдні. Але, на жаль! ён заўважыў, што ў галаве ўжо бялела штосьці гладкае, і прамовіў сумна: «I навошта было паддавацца так моцна скрусе? А рваць валасы не трэба было-б і пагатоў». Разлічыўшыся з краўцом, ён выехаў нарэшце з горада ў нейкім дзіўным сне. Гэта быў не ранейшы Чычыкаў, гэта была нейкая руіна ранейшага Чычыкава. Можна было параўнаць яго ўнутраны стан душы з разабранай будынінай, якую разабралі з тым, каб будаваць з яе-ж новую, а новая яшчэ не пачыналася, бо не прышоў яшчэ ад архітэктара акрэслены план, і работнікі засталіся ў неўразуменні. На гадзіну раней за яго выехаў стары Муразаў у рагожнай кібітцы, разам з Патапычам, а гадзінай пазней пасля ад’езду Чычыкава прышоў загад, што князь, з выпадку ад’езду ў Пецербург, жадае бачыць усіх чыноўнікаў да аднаго.

У вялікім зале генерал-губернатарскага дома сыйшлося ўсё чыноўнае саслоўе горада, пачынаючы ад губернатара да тытулярнага саветніка: кіраўнікі канцылярый і спраў, саветнікі, асэсары Кіслаедаў, Краснаносаў, Самасвітаў, тыя, што не бралі, і тыя, што бралі, крывілі душой, напалову крывілі і зусім не крывілі. Усе не без хвалявання і непакою чакалі выхаду генерал-губернатара. Князь вышаў ні хмурны, ні светлы: позірк яго быў цвёрды таксама, як і крок. Увесь чыноўны сход пакланіўся, многія — у пояс. Адказаўшы лёгкім паклонам, князь пачаў:

«Ад’язджаючы ў Пецербург, я палічыў вартым пабачыцца з усімі вамі і нават вытлумачыць часткова прычыну. У нас завязалася справа вельмі спакуслівая. Я думаю, што многія з прысутных ведаюць, аб якой справе я гавару. Справа гэтая павяла за сабой да выкрыцця і іншых, не менш ганебных спраў, у якіх замяшаліся нават, нарэшце, і такія людзі, каго я дагэтуль лічыў сумленнымі. Вядома мне нават і патайная мэта зблытаць такім чынам усё, каб выявілася поўная немагчымасць вырашыць фармальным парадкам. Ведаю нават і хто галоўны, і чыім патайным....... хоць ён і надта ўмела схаваў свой удзел. Але справа ў тым, што я маю намер сачыць за гэтым не фармальным даследаваннем па паперах, а ваенным хуткім судом, як у ваенны [час], і спадзяюся, што гасудар мне дасць гэта права, калі я выкладу ўсю гэтую справу. У такім выпадку, калі няма магчымасці правесці справу грамадзянскім парадкам, калі гараць шафы з [паперамі], і, нарэшце, празмернасцю хлуслівых пабочных паказанняў і хлуслівымі даносамі стараюцца зацямніць і без таго даволі цёмную справу, — я мяркую, што ваенны суд адзіны сродак, і жадаю ведаць вашу думку».

Князь спыніўся, як [быццам] чакаючы адказу. Усе стаялі, апусціўшы вочы ў зямлю. Многія былі бледныя.

«Вядома мне таксама яшчэ адна справа, хоць тыя, каторыя вялі яе, маюць пэўнасць, што яна нікому не можа быць вядома. У далейшы ход яна пойдзе не па паперах, таму што істцом і чалабітчыкам буду ўжо я сам і дам відавочныя доказы».

Хтосьці ўздрыгнуўся сярод чыноўнага сходу; некаторыя з больш палахлівых таксама збянтэжыліся.

«Само сабой зразумела, што галоўныя завадатары павінны быць пазбаўлены чыноў і маёмасці, астатнія зволены з пасад. Можа здарыцца, зразумела, што ў ліку іх будзе пакарана і мноства невінаватых. Што-ж рабіць? Справа надта ганебная і вымагае правасуддзя. Хоць і ведаю, што гэта будзе нават не ў навуку іншым, бо на месца выгнаных з’явяцца іншыя, і тыя самыя, якія дагэтуль былі сумленнымі, зробяцца несумленнымі, і тыя самыя, хто ўдастоены будзе даверанасці, ашукаюць і прададуць, — не гледзячы на ўсё гэта, я павінен абыйсціся жорстка, бо так вымагае правасуддзе. Ведаю, што будуць мяне абвінавачваць у суровай жорсткасці, але ведаю, што тыя будуць яшчэ..... абвін..... я павінен ператварыцца толькі ў адну абясчуленую прыладу правасуддзя, сякеру, якая павінна ўпасці на галовы [вінаватых]».

Уздрыганне мімаволі прабегла па ўсіх тварах.

Князь быў спакойны. Ні гневу, ні абурэння душэўнага не выражаў гэты твар.

«Цяпер той самы, у каго ў руках лёс многіх і хто на ўсе просьбы заставаўся няўмольным, той самы цяпер вас усіх просіць. Усё будзе забыта, сцёрта, даравана; я буду вам заступнікам за ўсіх, калі выканаеце маю просьбу. Вось мая просьба. Ведаю, што ніякімі сродкамі, ніякімі страхамі, ніякімі пакараннямі нельга выкараніць няпраўды: яна надта ўжо глыбока ўкаранілася. Ганебная справа браць хабар зрабілася неабходнасцю і патрэбнасцю нават для такіх людзей, якія і не нарадзіліся быць несумленнымі. Ведаю, што ўжо амаль немагчыма многім ісці супроць усеагульнай плыні. Але я цяпер павінен, як у рашучую і свяшчэнную хвіліну, калі даводзіцца ратаваць сваю айчыну, калі кожны грамадзянін нясе ўсё і ахвяроўвае ўсім, — я павінен зрабіць кліч хоць да тых, у каго яшчэ ёсць у грудзях рускае сэрца і зразумела хоць крыху слова высокароднасць. Што тут гаварыць аб тым, хто больш з нас вінаваты! Я, магчыма, больш за ўсіх вінаваты; я, магчыма, занадта сурова вас прыняў упачатку; магчыма, залішняй падазронасцю я адштурхнуў тых з вас, якія шчыра хацелі быць мне карыснымі, хоць і я з свайго боку мог-бы таксама зрабіць..... Калі яны ўжо сапраўды любілі справядлівасць і дабро сваёй зямлі, не варта было абражацца і ганарлівасцю майго абыходжання, варта было ім прыглушыць у сабе асабістае чэсталюбства і ахвяраваць сваёй асобай. Не можа быць, каб я не заўважыў іх самаадданасці і высокай любві да дабра і не прыняў-бы, нарэшце, ад іх карысных і разумных парад. Усё-ж хутчэй падначаленаму належыць прыстасоўвацца да нораву начальніка, чым начальніку да нораву падначаленага. Гэта прынамсі больш законна і лягчэй, таму што ў падначаленых адзін начальнік, а ў начальніка сотні падначаленых. Але пакінем цяпер убаку, хто за каго больш вінаваты. Справа ў тым, што трэба нам ратаваць нашу зямлю; што гіне ўжо зямля наша не ад нашэсця дваццаці іншакраінных пляменняў, а ад нас саміх; што ўжо, міма законнага кіраўніцтва, стварылася іншае, шмат мацнейшае за ўсякае законнае. Устанавіліся свае ўмовы, усё ацэнена, і цэны нават агалошаны да ўсеагульнага ведама. I ніякі кіраўнік, хоць-бы ён быў мудрэйшы за усіх законадаўцаў і кіраўнікоў, не мае сіл выправіць зло, як [ні] абмяжоўвай ён у дзеяннях дрэнных чыноўнікаў прыстаўленнем у наглядчыкі іншых чыноўнікаў. Усё будзе марна, пакуль не адчуў з нас кожны, што ён таксама, як у эпоху паўстання народаў, узбройваўся супроць..... так павінен паўстаць супроць няпраўды. Як рускі, як звязаны з вамі адзінакроўным сваяцтвам, адной і той-жа крывёй, я цяпер звяртаюся [да] вас. Я звяртаюся да тых з вас, хто мае паняцце якое-небудзь аб тым, што такое высокароднасць думак. Я заклікаю ўспомніць абавязак, які на кожным месцы чакае чалавека. Я заклікаю разгледзець бліжэй свой абавязак і абавязак зямнога свайго прызначэння, таму што гэта ўжо нам усім цёмна ўяўляецца, і мы ледзь...» [121 ]