На другі дзень усё ўладзілася, як нельга лепш. Кастанжогла даў з радасцю дзесяць тысяч, без процанту, без парукі, — проста, пад адну распіску: так ён быў гатоў дапамагаць кожнаму на шляху да прыдабывання. Гэтага мала: ён сам узяўся суправаджаць Чычыкава да Хлабуева, з той мэтай, каб агледзець разам з ім маёнтак. Чычыкаў быў у настроі. Пасля сытнага снедання, усе яны накіраваліся, сеўшы ўтрох у каляску Паўла Іванавіча; пралёткі гаспадара ішлі ўслед за імі пустыя. Ярб бег наперадзе, зганяючы з дарогі птушак. Цэлых 15 вёрст цягнуліся па абодвух баках лясы і палеткі Кастанжогла. Як толькі яны скончыліся, усё пайшло інакш: збожжа рэдзенькае, замест лясоў пні. Вёсачка, хоць і стаяла ў прыгожай мясцовасці, выглядала здалёк запушчанай. Новы каменны дом, нежылы, які застаўся незакончаным у про... выглянуў раней за ўсё, за ім другі жылы. Гаспадара знайшлі яны раскудлачанага, заспанага, ён нядаўна прачнуўся. Яму было год сорак; гальштук у яго быў завязаны набок; на сурдуце была латка, на боце дзірка. Прыезду гасцей ён узрадаваўся, як бог ведае чаму: сапраўды, якраз нібыта ўбачыў ён братоў, з якімі надоўга расставаўся.
«Канстанцін Фёдаравіч! Платон Міхайлавіч! Вось прыемна абавязалі прыездам! Дайце працерці вочы! А ўжо, дапраўды; думаў, што да мяне ніхто не заедзе. Кожны цураецца мяне, як чумы: думае, папрашу пазычыць. Ох, цяжка, цяжка, Канстанцін Фёдаравіч! Бачу — сам ва ўсім вінаваты. Што рабіць? Свіння-свіннёй пачаў жыць. Выбачце, паны, што прымаю вас так прыбраны: боты, як бачыце, з дзіркамі. Чым загадаеце частаваць?»
«Без цырымоніі. Мы да вас па справе. Вось вам пакупец, Павел Іванавіч Чычыкаў», сказаў Кастанжогла.
«Шчыра рады пазнаёміцца. Дайце сціснуць мне вашу руку»
Чычыкаў даў яму абедзве.
«Хацеў-бы вельмі, паважанейшы Павел Іванавіч, паказаць вам маёнтак, варты ўвагі... Ды што, паны, дазвольце запытаць: вы абедалі?»
«Абедалі, абедалі», сказаў Кастанжогла, хочучы адчапіцца. «Не будзем марудзіць і пойдзем зараз-жа».
«У такім выпадку, пойдзем». Хлабуеў узяў у рукі шапку. «Пойдзем аглядаць непарадкі і бязладнасць маю».
Госці надзелі на галовы шапкі, і ўсе пайшлі вуліцай вёскі.
З абодвух бакоў глядзелі сляпыя халупы, з малюсенькімі вокнамі, якія былі пазатыканы анучамі.
«Пойдзем аглядаць непарадкі і бязладнасць маю», казаў Хлабуеў. «Вядома, вы добра зрабілі, што паабедалі. Ці паверыце, Канстанцін Фёдаравіч, курыцы няма ў доме — да таго дажыўся!»
Ён уздыхнуў і, як быццам адчуваючы, што мала будзе спагады з боку Канстанціна Фёдаравіча, падхапіў пад руку Платонава і пайшоў з ім наперад, прыціскаючы моцна яго да сваіх грудзей. Кастанжогла і Чычыкаў засталіся ззаду і, узяўшыся пад рукі, ішлі за імі следам паводдаль.
«Цяжка, Платон Міхайлавіч, цяжка!» казаў Хлабуеў Платонаву. «Не можаце ўявіць, як цяжка! Безграшоўе, бясхлебіца, басаножжа — гэта-ж для вас словы чужаземнай мовы. Трынтрава гэта было-б усё, калі-б быў малады і адзін. Але калі ўсе гэтыя нягоды пачнуць цябе ламаць пад старасць, а пад бокам жонка, пяцёра дзяцей, — засумуецца, мімаволі засумуецца...»
«Што-ж, вы, значыць, возьмеце якую-небудзь пасаду».
«Я-ж губернскі сакратар. Якую-ж мне могуць даць пасаду? Пасаду мне могуць даць нязначную. Як мне ўзяць пенсію — пяцьсот? А ў мяне-ж жонка, пяцёра дзяцей».
«Ідзіце ўпраўляючым».
«Ды хто-ж мне даверыць маёнтак? Я пратраціў свой».
«Ну, але калі голад і смерць пагражаюць, трэба-ж рабіць якія-небудзь захады. Я спытаю, ці не здолее брат мой праз каго-небудзь у горадзе выстарацца якую-небудзь пасаду».
«Не, Платон Міхайлавіч», сказаў Хлабуеў, уздыхнуўшы і сціснуўшы моцна яго руку. «Нікуды я цяпер не варты; адрузнуў раней сваёй старасці, і сярэдзіна баліць ад ранейшых грахоў, і рэўматызм у плячы. Куды мне! Што! падрываць казну? I без таго цяпер завялося многа служачых дзеля прыбытковай пасады. Барані бог, каб праз маю пенсію, павялічыліся падаткі на беднае саслоўе!»
«Вось плады распусных паводзін!» падумаў Платонаў. «Гэта горш за маю спячку».
А тым часам, як яны так гутарылі паміж сабой, Кастанжогла, ідучы з Чычыкавым ззаду іх, абураўся.
«Вось глядзіце», сказаў Кастанжогла, паказваючы пальцам: «давёў мужыка да такой беднасці! Ні калёсаў-жа, ні каня. Здарылася пошасць — ужо тут няма чаго глядзець на сваё дабро: тут усё сваё прадай ды забяспеч мужыка жывёлай, каб ён не быў і аднаго дня без сродкаў для працы. А цяпер-жа і гадамі не паправіш. I мужык ужо разгультаіўся, загуляў, зрабіўся п’яніцам. Ды гэтым толькі, што адзін год даў яму быць без працы, ты ўжо яго разбэсціў навекі: прывык ужо да лахманоў і валацужніцтва... А зямля-ж якая? разгледзьце зямлю!» гаварыў ён, паказваючы на лугі, якія хутка паказаліся за хатамі. «Усё поймы! Ды я ўзгадую лён, ды тысяч на пяць аднаго лёну прадам, рэпай засею, на рэпе выручу тысячы чатыры. А вунь глядзіце — па схіле гары жыта ўзнялося: тое ўзышло, што з каласоў высыпалася. Ён жыта не сеяў — я гэта ведаю. А вунь яры... ды тут я загадую такія лясы, што крумкач не даляціць да верхавіны. I такі скарб-зямлю пакінуць! Ну, ужо калі не было чым араць, дык капай рыдлёўкай пад які-небудзь гарод — гародам-бы ўзяў. Сам вазьмі ў руку рыдлёўку, жонку, дзяцей, дворню прымусь; памры....., на працы! Памрэш прынамсі, выконваючы абавязак, а не так — абжоршыся свіннёй за абедам!» Сказаўшы гэта, плюнуў Кастанжогла, і зласлівы настрой ахінуў змрочным воблакам яго чало.
Калі падыйшлі яны бліжэй і сталі над стромай, паросшай чылізнікам [106 ], і ў далечыні бліснуў закрут ракі і цёмнае адгор’е, і ў перспектыве бліжэй паказалася частка схаванага ў гаях дома генерала Бетрышчэва, а за ім паросшая лесам кучаравая гара, што запыльвала сіняватым пылам наваколле, па якой раптам здагадаўся Чычыкаў, што гэта павінна быць Тенцетнікава, — [ён сказаў]: «Тут калі засадзіць лясы, — дык вясковы краявід можа перавысіць красой...»
«А вы ахвотнік да краявідаў!» сказаў Кастанжогла, раптам строга зірнуўшы на яго. «Глядзіце, пагоніцеся там за краявідамі, — застанецеся без хлеба і без краявідаў. Глядзіце на карысць, а не на прыгажосць. Прыгажосць сама прыдзе. Прыкладам вам гарады: лепшыя і прыгажэйшыя да гэтага часу гарады, якія самі адбудаваліся, дзе кожны будаваўся па сваіх патрэбах і густах; а тыя, якія адбудаваліся па шнурку, казармы казармамі... Набок прыгажосць! — глядзіце на патрэбнасці...»
«Шкада толькі, што трэба доўга чакаць: так-бы жадалася ўбачыць усё ў такім выглядзе, як хочацца...»
«Ды што, хіба вы 25-гадовы юнак?.. Пецербургскі чыноўнік... Цярплівасць! Шэсць год працуйце запар: садзіце, сейце, капайцё зямлю, не адпачываючы ні на хвіліну. Цяжка, цяжка. Але затое потым, як разварушыце добра зямлю, ды пачне яна дапамагаць вам сама, дык гэта не тое, што які-небудзь......; не, бацюхна, у вас, звыш вашых якіх-небудзь 70-ці рук, будуць працаваць 700 невідочных. Усё ў дзесяцера! У мяне цяпер і пальцам не кранаюць — усё робіцца само сабой. Так, прырода любіць цярплівасць; і гэта закон, дадзены ёй самім богам, які задавальняў цярплівых».
«Слухаючы вас, адчуваеш прыбытак сіл. Дух узнімаецца».
«Вунь зямля як заворана!» ускрыкнуў Кастанжогла з горкім пачуццём смутку, паказваючы на схіл гары. «Я не магу больш тут заставацца: для мяне смерць глядзець на гэты непарадак і спусташэнне. Вы цяпер можаце з ім скончыць і без мяне. Адбярыце ў гэтага дурня хутчэй скарб. Ён толькі ганьбіць божы дар». I, сказаўшы гэта, Кастанжогла ў зласлівым настроі ўсхваляванага духу развітаўся з Чычыкавым і, дагнаўшы гаспадара, пачаў таксама развітвацца.
«Злітуйцеся, Канстанцін Фёдаравіч», гаварыў здзіўлены гаспадар: «толькі вось прыехалі — і назад!»
«Не магу. Мне канешне патрэбна быць дома», сказаў Кастанжогла. Развітаўся, сеў на сваю пралётку і паехаў.
Здавалася, як быццам Хлабуеў зразумеў прычыну яго ад’езду.
«Не вытрымаў Канстанцін Фёдаравіч», сказаў ён: «не весела такому гаспадару, як ён, глядзець на гэтакае бязладнае кіраванне. Паверце, Павел Іванавіч, што нават збожжа не сеяў у гэтым годзе. Як сумленны чалавек! Насення не было, не кажучы пра тое, што няма чым араць. Ваш брат, Платон Міхайлавіч, кажуць, выдатны гаспадар; пра Канстанціна Фёдаравіча што ўжо і гаварыць! гэта Напалеон свайго роду. Часта, дапраўды, думаю: ну, чаму столькі розуму даецца ў адну галаву? ну, няхай-бы хоць кроплю яго ў маю дурную.
Тут, глядзіце, паны, асцярожней цераз мост, каб не шабоўснуць у лужыну. Дошкі вясной загадваў паправіць... Больш за ўсё шкада мне мужычкоў бедных; ім патрэбны прыклад, але з мяне што за прыклад? Што загадаеце рабіць? Вазьміце іх, Павел Іванавіч, пад свой загад. Як прывучыць іх да парадку, калі сам бязладны? Я адпусціў-бы іх даўно на волю, але з гэтага не будзе ніякага толку. Бачу, што раней трэба прывесці іх у такі стан, каб умелі жыць. Патрэбен строгі і справядлівы чалавек, які пажыў бы з імі доўга і асабістым прыкладам нястомнай дзейнасці... Рускі чалавек, бачу па сабе, не можа без паганятага: так і задрэмле, так і закісне».
«Дзіўна», сказаў Платонаў: «чаму рускі чалавек здольны так задрамаць і закіснуць, што, калі не глядзіш за простым чалавекам, зробіцца і п’яніцам, і нягоднікам».
«Ад недахопу асветы», заўважыў Чычыкаў.
«Бог ведае, ад чаго. Вось мы-ж адукаваліся, слухалі ва універсітэце, а на што вартыя? Ну, чаму я навучыўся? Парадку жыць не толькі не навучыўся, а яшчэ горш — навучыўся майстэрству пабольш растрачваць грошай на ўсякія тонкасці ды камфорты, больш пазнаёміўся з такімі прадметамі, на якія патрэбны грошы. Ці таму, што я без ладу вучыўся? — Не, таксама-ж і іншыя таварышы. Два, тры чалавекі здабылі. сабе сапраўдную карысць, дый то таму, магчыма, што і так былі разумнымі, а астатнія-ж толькі і стараюцца ўведаць тое, што псуе здароўе ды выманьвае грошы. Дальбог! А што я ўжо думаю: іншы раз, дапраўды, мне здаецца, што быццам рускі чалавек—нейкі вось прапашчы чалавек. Хочаш усё зрабіць—і нічога не можаш. Усё думаеш — з заўтрашняга дня пачнеш новае жыццё, з заўтрашняга дня сядзеш на дыету; але дзе там: да вечара таго-ж дня так аб’ясіся, што толькі вачамі лыпаеш, і язык не варочаецца — як сава сядзіш, гледзячы на ўсіх — дапраўды! I гэтак усё».
«Так», сказаў Чычыкаў, усміхнуўшыся: «гэтая гісторыя бывае».
«Мы зусім не для разважлівасці народжаны. Я не веру, каб з нас быў хтосьці разважлівым. Калі я бачу, што іншы нават і прыстойна жыве, збірае і ашчаджае грошы, не веру я і таму. На старасці і яго чорт зблытае: спусціць потым раптам усё. I ўсе так, дапраўды: і асвечаныя і неасвечаныя. Не, чагосці іншага не стае, а чаго — і сам не ведаю».
Па дарозе назад малюнкі былі тыя-ж самыя. Неахайны непарадак так і выяўляў адусюль брыдотнае сваё аблічча. Дадалася толькі новая лужына сярод вуліцы. Усё было закінута і запушчана як у мужыкоў, так і ў пана. Злосная баба, у замасленай дзярузе, да поўсмерці прыбіла бедную дзяўчынку і лаяла на ўсе бакі кагосьці ў трэцяй асобе, заклікаючы ўсіх чарцей. Воддаль два мужыкі глядзелі з стаічнай абыякавасцю на гнеў п’янай бабы. Адзін чухаў у сябе ніжэй спіны, другі пазяхаў. Пазяханне відаць было на будынках, стрэхі таксама: пазяхалі. Платонаў, гледзячы на іх, пазяхнуў. Лата на лаце. На адной хаціне замест страхі ляжалі цалкам вароты; вокны праваліліся і былі падпёрты жэрдкамі, украдзенымі з панскага свірна. Як відаць, у гаспадарцы праводзілася сістэма. Трышкіна каптана: абразаліся закаўрашы і фалды налатанне локцяў.
«Незайздросная ў вас гаспадарка», сказаў [Чычыкаў], калі яны, агледзеўшы, пад’ехалі... Увайшоўшы ў пакоі дома, яны былі ўражаны як быццам мешанінай галечы з бліскучымі дробязямі пазнейшай раскошы. Нейкі Шэкспір сядзеў на чарнільніцы; на стале ляжала шчыгульная ручка слановай косці для пачухвання самому сабе спіны. Гаспадыня была прыбрана з густам і па модзе, гаварыла пра горад ды пра тэатр, які там завёўся. Дзеці былі жвавыя і вясёлыя. Хлапчукі і дзяўчаткі былі прыгожа апрануты — вельмі міла і з густам. Лепш-бы апрануліся ў даматканыя спадніцы і простыя кашулі і бегалі-б сабе па дварэ і не адрозніваліся нічым ад сялянскіх дзяцей. Да гаспадыні хутка прыехала госця, нейкая балбатуння і пустазвонка. Дамы пайшлі на сваю палавіну. Дзеці пабеглі следам за імі. Мужчыны асталіся адны.
«Дык якая-ж будзе ваша цана?» сказаў Чычыкаў. «Пытаюся, прызнацца, каб пачуць крайнюю, апошнюю цану, бо маёнтак у горшым стане, чым чакаў».
«У самым кепскім, Павел Іванавіч», сказаў Хлабуеў. «I гэта яшчэ не ўсё. Я не ўтаю: са ста душ, якія лічацца па рэвізіі, толькі пяцьдзесят жывыя: так у нас распарадзілася халера; астатнія разбегліся беспашпартна, так што лічыце іх як быццам памершымі, так што калі іх вярнуць па судах, дык увесь маёнтак застанецца ў судах. Таму вось я і прашу ўсяго толькі трыццаць пяць тысяч».
Чычыкаў пачаў, зразумела, таргавацца.
«Злітуйцеся, як-жа трыццаць пяць? За гэтакае трыццаць пяць! Ну, вазьміце 25 тысяч».
Платонаву зрабілася сорамна. «Купляйце, Павел Іванавіч», сказаў ён. «За маёнтак заўсёды можна даць гэтую [цану]. Калі вы не дасцё за яго трыццаць пяць тысяч, мы з братам зложымся і купляем».
«Вельмі добра, згодзен», сказаў Чычыкаў, спалохаўшыся. «Добра, толькі з тым, каб палавіну грошай цераз год».
«Не, Павел Іванавіч! гэтага вось ужо ніяк не магу. Палавіну мне дайце цяпер-жа, а астатнія цераз... Мне-ж гэтыя самыя грошы дасць ламбард: было-б толькі чым...»
«Як-жа, дапраўды? Я ўжо не ведаю», сказаў Чычыкаў: «у мяне ўсяго толькі цяпер дзесяць тысяч», сказаў Чычыкаў, — сказаў і схлусіў: усяго ў яго было дваццаць, уключаючы грошы, пазычаныя ў Кастанжогла, але неяк шкада так многа аддаць за адзін раз.
«Не, калі ласка, Павел Іванавіч! Я кажу, што неабходна мне патрэбны пятнаццаць тысяч».
«Я вам пазычу 5 тысяч», падхапіў Платонаў.
«Хіба так!» сказаў Чычыкаў і падумаў сам сабе: «А гэта, аднак-жа, дарэчы, што ён пазычае». З каляскі была прынесена шкатулка, і тут-жа было з яе вынята 10 000 Хлабуеву; астатнія-ж пяць было паабяцана прывезці яму заўтра; гэта значыць паабяцана: думалася-ж прывезці тры, другія — потым, дзянькоў праз два або тры, а калі можна, дык і яшчэ крыху адтэрмінаваць. Павел Іванавіч неяк асабліва не любіў выпускаць грошай з рук. Калі-ж падпірала канечная неабходнасць, дык усё-ж такі, здавалася яму, лепш аддаць грошы заўтра, а не сёння. Гэта значыць, ён рабіў, як усе мы. Нам-жа прыемна павалаводзіць просьбіта: няхай ён намуляе сабе спіну ў пярэдняй! Быццам ужо і нельга пачакаць яму! Якая нам справа да таго, што, магчыма, кожная гадзіна яму дарагая і мае ён страты ў справах сваіх! Прыходзь, браток, заўтра, а сёння мне неяк няма часу.
«Дзе-ж вы пасля гэтага будзеце жыць?» спытаў Платонаў Хлабуева. «Ёсць у вас другая вёсачка?»
«Ды ў горад трэба пераязджаць: там ёсць у мяне дамок. Усё-ж роўна, гэта трэба было зрабіць, не для сябе, а для дзяцей: ім патрэбны будуць настаўнікі закону божага, музыкі, танцаў. Ні за якія-ж грошы ў вёсцы нельга іх дастаць».
«Кавалка хлеба няма, а дзяцей вучыць танцам!» падумаў Чычыкаў.
«Дзіўна!» падумаў Платонаў.
«Аднак-жа трэба нам чым-небудзь успрыснуць пагадненне», сказаў Хлабуеў. «Эй, Кірушка! прынясі, брат, бутэльку шампанскага».
«Кавалка хлеба няма, а шампанскае ёсць», падумаў Чычыкаў.
Платонаў не ведаў, што і думаць.
Шампанскае [Хлабуеў] прыдабыў з неабходнасці. Ён паслаў у горад: што рабіць? — у крамцы не даюць квасу напавер без грошай, а піць хочацца. А француз, які нядаўна прыехаў з вінамі з Пецербурга, усім даваў напавер. Што рабіць, трэба было браць бутэльку шампанскага.
Шампанскае было прынесена. Яны выпілі па тры бакалы і развесяліліся. Хлабуеў разышоўся: зрабіўся мілым і разумным, сыпаў досціпамі і анекдотамі. У размовах яго выявілася столькі ведання людзей і свету! Так добра і правільна бачыў ён шмат якія рэчы, так трапна і спрытна абрысоўваў у некалькіх словах суседзяў-памешчыкаў, так выразна бачыў недахопы і памылкі ўсіх, так добра ведаў гісторыю паноў, якія збяднелі: і чаму, і як, і ад чаго яны збяднелі; так арыгінальна і смешна ўмеў перадаваць малейшыя іх звычкі, — што яны абодва былі зусім зачараваны яго размовамі і гатовы былі прызнаць яго за самага разумнага чалавека.
«Мне дзіўна», сказаў Чычыкаў: «як вы, з такім розумам, не знойдзеце сродкаў і звароту?»
«Сродкі-то ёсць», сказаў Хлабуеў, і зараз-[жа] выклаў ім цэлую кучу пражэктаў. Усе яны былі да таго недарэчныя, такія дзіўныя, так мала выцякалі з ведання людзей і свету, што заставалася толькі паціскаць плячамі ды гаварыць: «Госпадзі божа! якая неабдымная адлегласць паміж веданнем свету і ўмельствам карыстацца гэтым веданнем!» Усё грунтавалася на неабходнасці дастаць адкуль-небудзь раптам сто або дзвесце тысяч. Тады, здавалася яму, усё-б наладзілася, як трэба, і гаспадарка-б пайшла, і прарэхі ўсе-б залаталіся, і прыбыткі можна павялічыць у чатыры разы, і здабыць сабе магчымасць аплаціць усе пазыкі. I канчаў ён прамову сваю: «Але што загадаеце рабіць? Няма, ды і няма такога дабрачынца, які-б адважыўся пазычыць дзвесце або хоць сто тысяч. Відаць, ужо бог не хоча».
«Яшчэ-б», падумаў Чычыкаў: «такому дурню паслаў бог дзвесце тысяч!»
«Ёсць у мяне, бадай што, трохмільённая цётухна», сказаў Хлабуеў: «бабуля багамольная; на цэрквы і манастыры дае, але дапамагаць блізкаму тугаватая. Даўніх часоў цётухна, на якую зірнуць варта было-б. У яе адных канарэек сотні чатыры, моські, прыжывалкі і слугі, якіх ужо цяпер няма. Малодшаму з слуг будзе год пад 60, хоць яна і кліча яго: «Эй, малы!» Калі госць як-небудзь не так будзе трымацца, дык яна за абедам загадае абнесці яго стравай, — і абнясуць. Вось як!»
Платонаў усміхнуўся.
«А як яе прозвішча і дзе пражывае?» запытаў Чычыкаў.
«Жыве яна ў нас-жа ў горадзе, Аляксандра Іванаўна Ханасарава».
«Чаму-ж вы не звернецеся да яе?» сказаў са спагадай Платонаў. «Мне здаецца, калі-б яна ўразумела становішча вашай сям’і, яна-б не змагла адмовіць».
«Ну, не можа. У цётухны натура моцная. Гэта бабуля — крэмень, Платон Міхайлавіч! Ды да таго-ж ёсць і без мяне падлізнікі, якія каля яе ўвіваюцца. Там ёсць адзін, які цэліць у губернатары: прыплёўся ёй у радню...» «Зрабі мне такую ласку», сказаў ён раптам, звяртаючыся [да Платонава]: «на наступным тыдні я даю абед усім саслоўям у горадзе».
Платонаў вылупіў вочы. Ён яшчэ не ведаў таго, што на Русі, у гарадах і сталіцах, водзяцца такія мудрацы, жыццё якіх — зусім невытлумачальная загадка. Усё, здаецца, пражыў, кругом запазычыўся, ніадкуль ніякіх сродкаў, а наладжвае абед: і ўсе абедаючыя гавораць, што гэта апошні, што заўтра-ж гаспадара пацягнуць у астрог. Праходзіць пасля гэтага 10 год— мудрэц усё яшчэ трымаецца на свеце, запазычыўся кругом яшчэ горш ад ранейшага і таксама-ж ладзіць абед, на якім усе абедаючыя думаюць, што ён апошні, і ўсе ўпэўнены, што заўтра-ж пацягнуць гаспадара ў астрог.
Дом Хлабуева ў горадзе ўяўляў сабой незвычайнае з’явішча. Сёння поп у рызах служыў там малебства; заўтра давалі рэпетыцыю французскія акторы. У адзін дзень ні крошкі хлеба нельга было адшукаць; у другі — хлебасольны прыём усіх артыстаў і мастакоў і велікадушная падача ўсім. Неаднойчы бывалі такія цяжкія часы, што другі даўно-б на яго месцы павесіўся або застрэліўся; але яго ратаваў рэлігійны настрой, які дзіўным чынам спалучаўся ў ім з бязладным яго жыццём. У гэтыя горкія хвіліны чытаў [ён] жыція пакутнікаў і няўтомных працаўнікоў, якія выхоўвалі дух свой так, каб узвышаўся ён над няшчасцямі. Душа яго ў гэты час уся рабілася мяккай, расчульваўся дух, і слязамі поўніліся вочы яго. Ён маліўся, і — дзіўная справа! — амаль заўсёды прыходзіла да яго адкуль-небудзь нечаканая дапамога: ці хто-небудзь з старых сяброў яго ўспамінаў пра яго і прысылаў яму грошай; ці якая-небудзь праезджая незнаёмая, выпадкам пачуўшы пра яго гісторыю, з імклівай велікадушнасцю жаноцкага сэрца прысылала яму багатую падачу; або выйгравалася дзе-небудзь у яго карысць справа, пра якую ён ніколі і не чуў. Благагавейна прызнаваў ён тады неабсяжную міласэрнасць Правідзення, служыў удзячнае малебства і зноў пачынаў бязладнае жыццё сваё.
«Шкада мне яго, дапраўды, шкада», сказаў Чычыкаву Платонаў, калі яны, развітаўшыся з ім, выехалі ад яго.
«Блудны сын!» сказаў Чычыкаў. «Такіх людзей і шкадаваць няма чаго».
I хутка яны абодва пакінулі думаць пра яго: Платонаў — таму, што ляніва і поўсонна глядзеў на стан людзей, таксама-ж, як і на ўсё ў свеце. Сэрца яго спачувала і шчымела, бачачы пакуты іншых, але ўражанні неяк не адбіваліся глыбока ў яго душы. Праз некалькі хвілін ён не думаў пра Хлабуева. Ён таму не думаў пра Хлабуева, што і пра сябе самога не думаў; Чычыкаў таму не думаў пра Хлабуева, што, сапраўды, усе яго думкі былі заняты не на жарты набытай пакупкай. Як-бы там ні было, але раптам апынуўшыся, пасля фантастычнага, сапраўдным уладаром ужо не фантастычнага маёнтка, ён зрабіўся задуменным, і дапушчэнні, і думкі зрабіліся больш сталымі і надавалі мімаволі значны выраз тва[ру]. «Цярплівасць, праца! Рэч няц[яжкая]: з імі я пазнаёміўся, так сказаць, з дзіцячых пялёнак. Мне яны не навіна. Але ці хопіць цяпер, у гэтыя гады, столькі цярплівасці, колькі ў маладосці?» Як-бы там ні было, як ні разглядаў, на які бок не паварочваў набытую пакупку, бачыў, што ў кожным выпадку пакупка была выгадная. Можна было зрабіць і так, каб закласці маёнтак у ламбард, раней распрадаўшы па кавалках лепшую зямлю. Можна было распарадзіцца і так, каб заняцца самому гаспадаркай і зрабіцца памешчыкам па прыкладу Кастанжогла, карыстаючыся яго парадамі, як суседа і дабрадзея. Можна было зрабіць нават і так, каб перапрадаць у прыватныя рукі маёнтак (зразумела, калі не захочацца самому гаспадарыць), пакінуўшы сабе беглых і мерцвякоў. Тады ўзнікала і другая карысць: можна было зусім уцячы цішком з гэтых месц і не заплаціць Кастанжогла пазычаных у яго грошай. Дзіўная думка! не тое, каб Чычыкаў займеў [яе], але яна раптам, сама сабой, паўстала, дражнячы і ўсміхаючыся, і падміргваючы яму. Непатрэбніца! гарэзніца! I хто тварэц гэтых раптоўна набягаючых думак?.. Ён адчуў прыемнасць, — прыемнасць ад таго, што зрабіўся цяпер памешчыкам, — памешчыкам не фантастычным, але сапраўдным памешчыкам, у якога ўжо ёсць і зямля, і ўсе выгоддзі і людзі — людзі, якія не ў марах, не ва ўяўленні бытуюць, але сапраўды існуюць. I пакрысе пачаў ён падскокваць, і паціраць сабе рукі, і падміргваць сам сабе, і вытрубіў на кулаку, прыставіўшы яго сабе да рота, быццам на трубе, нейкі марш, і нават голасна сказаў некалькі заахвочвальных слоў і назваў самому сабе накшталт мордачкі і каплунчыка. Але потым, прыпомніўшы, што ён не адзін, прыціх раптам, пастараўся сяк-так замяць неўмеркаваны парыў захаплення; і калі Платонаў, палічыўшы сякія-такія з гэтых гукаў за звернутыя да яго словы, спытаў у яго: «чаго?» ён адказаў: «нічога».
Тут толькі, азірнуўшыся навокал сябе, ён убачыў, што яны ўжо даўно ехалі цудоўным гаем; прыгожая бярозавая агарожа цягнулася ў іх справа і злева. Белыя [камлі] лясных бяроз і асін, ззяючы, як снежны частакол, стройна і лёгка вырысоўваліся на кволай зеляніне лісця, якое толькі што паразвівалася. Салаўі адзін перад адным гучна шчоўкалі з гаю. Лясныя цюльпаны жаўцелі ў траве. Ён не мог уявіць сабе, як ён паспеў апынуцца ў гэтым цудоўным месцы, калі яшчэ нядаўна было роўнае поле. Паміж дрэў мільгала белая каменная царква, а на другім баку паказалася з-[за] гаю агарожа. У канцы вуліцы з’явіўся пан, які ішоў ім насустрач, у шапцы, з сукаватым кіем у руках. Агліцкі сабака, на высокіх тонкіх ножках, бег перад ім.
«А вось і брат», сказаў Платонаў. «Фурман, стой!» I вышаў з каляскі, Чычыкаў таксама. Сабакі ўжо ўправіліся пацалавацца. Тонканогі, рухавы Азор спрытна лізнуў сваім языком Ярба ў морду, потым лізнуў Платонаву рукі, потым ускочыў на Чычыкава і лізнуў яго ў вуха.
Браты абняліся.
«Паслухай, Платон, што гэта ты са мной робіш?» сказаў спыніўшыся брат, якога звалі Васіліем.
«Як што?» абыякава адказаў Платон.
«Дык як-жа сапраўды? тры дні ад цябе ні слуху, ні духу!
Конюх ад Петуха прывёў твайго жарабца. «Паехаў», кажа, «з нейкім панам». Ну, хоць-бы слова сказаў: куды, чаго, на які час? Паслухай, браток, як-жа можна так рабіць? А я, бог ведае, чаго не перадумаў за гэтыя дні!»
«Ну, што-ж рабіць? забыўся», сказаў Платонаў. «Мы заехалі да Канстанціна Фёдаравіча: ён табе кланяецца, сястра таксама. Павел Іванавіч, рэкамендую вам: брат Васілій. Брат Васілій! гэта Павел Іванавіч Чычыкаў».
Абодва, закліканыя да ўзаемнага знаёмства, паціснулі адзін другому рукі і, зняўшы шапкі, пацалаваліся.
«Хто-б такі быў гэты Чычыкаў?» думаў брат Васілій. «Брат Платон на знаёмствы неразборлівы». I агледзеў ён Чычыкава, наколькі дазваляла прыстойнасць, і ўбачыў, што гэта быў чалавек, з выгляду, вельмі добрых намераў.
З свайго боку, Чычыкаў агледзеў таксама, наколькі дазваляла прыстойнасць, брата Васілія і ўбачыў, што брат ніжэй за Платона, воласам цямней за яго і з твару далёка не такі прыгожы, але ў рысах яго твару было куды больш жыцця і натхнёнасці, больш сардэчнай дабраты. Відаць было, што ёй менш драмаў. Але на гэтую акалічнасць Павёл Іванавіч мала звяртаў увагі.
«Я наважыў, Вася, праехацца разам з Паўлам Іванавічам па святой Русі: А можа гэта разгоніць хандру маю».
«Як жа так раптам наважыў?» сказаў у здзіўленні брат
Васілій; і ён ледзь не дадаў: «І яшчэ ехаць з чалавекам, якога бачыш першы раз, які, магчыма, і дрэнь, і чорт ведае што!» Поўны недаверлівасці, ён азірнуў скосу Чычыкава, і ўбачыў добрапрыстойнасць здзіўляючую.
Яны павярнулі направа ў вароты. Двор быў старасвецкі, дом таксама старасвецкі, якіх цяпер не будуюць — з паветкамі, пад высокім дахам. Дзве велізарныя ліпы раслі пасярод двара і накрывалі амаль палавіну яго сваім ценем. Пад імі было многа драўляных лавак. Расквітнелы бэз і чаромха бісерным ажарэллем абводзілі двор разам з агарожай, якая зусім хавалася пад іх кветкамі і лісцем. Панскі дом быў зусім захінуты, адны толькі дзверы і вокны хораша выглядалі знізу праз галлё. Праз простыя, як стрэлы, камлі дрэў бялеліся кухні, кладоўкі і скляпы. Усё было ў гаі. Салаўі высвіствалі гучна, поўнячы песнямі ўвесь гай. Мімаволі ўваходзіла ў душу нейкае бестурботна прыемнае пачуццё. Так і павявала ўсімі тымі бесклапотнымі часамі, калі ўсім жылося добра і ўсё было проста і нескладана. Брат Васілій запрасіў Чычыкава садзіцца. Яны селі на лаўках пад ліпамі.
Хлопец, год 17, у прыгожай кашулі з ружовай ксандрэйкі [107 ], прынёс і паставіў перад імі графіны з рознакаляровымі фруктовымі квасамі ўсіх гатункаў, то густымі, як масла, то шыпеўшымі, як газавыя ліманады. Паставіўшы графіны, ён схапіў рыдлёўку, якая стаяла каля дрэва, і пайшоў у сад. У братоў Платонавых, таксама як і ў зяця Кастанжогла, слуг ва ўласным сэнсе не было: яны былі ўсе садоўнікі, усе дваровыя, выконвалі па чарзе гэтую работу. Брат Васілій усё сцвярджаў, што слугі не саслоўе: падаць што-небудзь можа кожны, і для гэтага не варта трымаць асобных людзей; што быццам рускі чалавек датуль добры і спрытны і не гультай, пакуль ён ходзіць у кашулі і світцы; але, як толькі ўлезе ў нямецкі сурдут, зробіцца раптам непаваротны і няспрытны, і гультай, і кашулю не мяняе, і ў лазню пакідае зусім хадзіць, і спіць у сурдуце, і завядуцца ў яго пад сурдутам нямецкім і клапы, і блох незлічонае мноства. У гэтым, магчыма, ён і не памыляўся. У іх вёсцы народ апранаўся асабліва фарсіста: кічкі ў жанчын былі ўсе ў золаце, а рукавы на кашулях — сапраўдныя коймы турэцкага шалю. «Гэта квасы, якімі здаўна славіцца наш дом», сказаў брат Васілій.
Чычыкаў наліў шклянку з першага графіна — сапраўдны ліпец [108 ], які ён калісьці піў у Польшчы; ігра як у шампанскага, а газ так і шыбануў прыемным кручком з рота ў нос.
«Нектар!» [109 ] сказаў ён. Выпіў шклянку з другога графіна — яшчэ лепш.
«Над усімі пітвамі пітво!» сказаў Чычыкаў. «Магу сказаць, што ў паважанейшага вашага зяця, Канстанціна Фёдаравіча, піў адменную наліўку, а ў вас — адменны квас».
«Ды і наліўка-ж таксама ад нас; гэта-ж сястрын заход. У які-ж бок і ў якія месцы мяркуеце ехаць?» спытаў брат Васілій.
«Еду я», сказаў Чычыкаў, злёгку пагойдваючыся на лаўцы і пагладжваючы рукой сябе па калене [і нахіляючыся]: «не столькі па сваёй патрэбе, колькі па патрэбе другога. Генерал Бетрышчэў, блізкі прыяцель і, можна сказаць, дабрадзей, прасіў наведаць сваякоў. Сваякі, вядома, сваякамі, але крыху, так сказаць, і для самога сябе; бо, ужо не гаворачы пра карысць у гемараідальных адносінах, бачыць свет і колазварот людзей — ёсць ужо само па сабе, так сказаць, жывая кніга і другая навука».
Брат Васілій задумаўся: «Гаворыць гэты чалавек крыху віціевата, але ў словах яго, аднак-жа, ёсць праўда», падумаў [ён]. Крыху памаўчаўшы, сказаў ён, звяртаючыся да Платонава: «Я пачынаю думаць, Платон, што падарожжа можа, сапраўды, разварушыць цябе. У цябе нішто іншае, як душэўная спячка. Ты проста заснуў, — і заснуў не ад перасычэння або ад стомы, але ад недахопу жывых уражанняў і адчуванняў. Вось я зусім наадварот. Я вельмі жадаў-бы не так востра адчуваць і не так блізка прымаць да сэрца ўсё, што ні здараецца».
«Ахвота-ж табе прымаць усё блізка да сэрца», сказаў Платон. «Ты вышукваеш сабе непакой і сам ствараеш сабе трывогі».
«Як ствараць, калі і без таго на кожным кроку непрыемнасць?» сказаў Васілій. «Чуў ты, якую без цябе сыграў з намі штуку Леніцын? — Захапіў пустку, дзе ў нас святкуецца чырвоная горка. Па-першае, пусткі гэтай я ні за якія грошы... Тут у мяне сяляне святкуюць кожную вясну чырвоную горку, з ёй звязаны ўспаміны вёскі; а для мяне звычай — святая рэч і за яго гатоў афяраваць усім».
«Не ведае, таму і захапіў», сказаў Платон: «чалавек новы, толькі што прыехаў з Пецербурга; яму трэба расказаць, растлумачыць».
«Ведае, добра ведае. Я пасылаў яму сказаць, але ён адказаў грубасцю».
«Табе трэба было з’ездзіць самому, растлумачыць. Перагавары з ім сам».
«Ну, не. Ён занадта ўжо заважнічаў. Я да яго не паеду. Калі ласка, едзь сам, калі хочаш ты».
«Я паехаў-бы, але я-ж не ўмешваюся... Ён можа мяне і падашукаць і падмануць».
«Ды калі хочаце, дык я паеду», сказаў Чычыкаў: «растлумачце справу».
Васілій зірнуў на яго і падумаў: «Вось які ахвотнік ездзіць!»
«Вы мне дайце толькі зразумець, які ён чалавек», сказаў Чычыкаў: «і ў чым справа».
«Мне сорамна ўскладаць на вас такую непрыемную камісію. Чалавек ён, па-мойму, дрэнь: з простых дробнапамесных дваран нашай губерні, выслужыўся ў Пецербургу, ажаніўшыся там на нейчай пабочнай дачцы, і заважнічаў. Тон задае. Ды ў нас народ жыве не дурны: мода нам не загад, а Пецербург не царква».
«Вядома», сказаў Чычыкаў: «а справа ў чым?»
«Бачыце вось? Яму, сапраўды, патрэбна зямля. Ды калі-б ён не так ставіўся, я з ахвотаю вызначыў-бы ў іншым месцы дармова, не тое што... А цяпер задзірлівы чалавек падумае...»
«Па-мойму, лепш перамовіцца: можа, справа вось... Мне даручалі справы і не каяліся... Вось таксама і генерал Бетрышчэў...»
«Але мне сорамна, што вам давядзецца гутарыць з такім чалавекам»...
«...[110 ] і наглядаючы асабліва, каб гэта было патайна», сказаў Чычыкаў: «бо не столькі само злачынства, колькі спакуса нясе шкоднасць».
«А, гэта так, гэта так», сказаў Леніцын, нахіліўшы зусім галаву набок.
«Як прыемна спаткаць аднолькавасць думак!» сказаў Чычыкаў. «Ёсць і ў мяне справа, і законная, і незаконная, разам: з выгляду незаконная, а ў сутнасці законная. Маючы патрэбу ў заставах, нікога не хачу змушаць на рызыку плаціць па два рублі за жывую душу. Ну, здарыцца, лопну — ад чаго хай бог бароніць, — непрыемна-ж уласніку, я і вырашыў выкарыстаць беглых і мёртвых, яшчэ не выкрэсленых з рэвізіі, каб за адным заходам зрабіць і хрысціянскую справу, і зняць з беднага ўласніка цяжар аплаты за іх подацей... Мы толькі паміж сабой зробім фармальным чынам купчую, як на жывыя».
«Гэта, аднак-жа, штосьці вельмі дзіўнае», падумаў Леніцын і адсунуўся з крэслам крыху назад. «Так, справа вось, аднак-жа, такога парадку...» пачаў [ён].
«А спакусы не будзе, таму што патайна», адказаў Чычыкаў: «і пры гэтым паміж людзьмі добрых намераў».
«Ды ўсё-такі, аднак-жа, справа неяк...»
«А спакусы ніякай», адказаў вельмі проста і шчыра Чычыкаў. «Справа такога парадку, як зараз разважалі: паміж людзьмі добрых намераў, прыстойных год і, здаецца, добрага чыну, і да гэтага-ж патайна». I, кажучы гэта, глядзеў ён адкрыта і высокародна яму ў вочы.
Як ні спрыцён быў на выкруты Леніцын, як добра ні ведаў ён наогул справаводства, але тут неяк зусім збянтэжыўся, тым больш, што нейкім вось дзіўным чынам ён як быццам заблытаўся ва ўласнай сетцы. Ён зусім не быў здольны на несправядлівасці і не хацеў-бы зрабіць нічога несправядлівага, нават патайна. «Вось якая дзіўная аказія!» думаў ён сам сабе. «Прашу ўваходзіць у цеснае сяброўства нават з добрымі людзьмі! Вось табе і задача!»
Але лёс і абставіны нібы знарок спрыялі Чычыкаву. Быццам для таго, каб дапамагчы гэтай цяжкой справе, увайшла ў пакой маладая гаспадыня, жонка Леніцына, бледная, худзенькая, нізенькая, але апранутая па-пецербургску, вялікая ахвотніца да людзей comme il faut [111 ]. За ёй было вынесена на руках мамкай першае дзіця, плод пяшчотнага кахання маладых супругаў, якія толькі што пажаніліся. Спрытным падыходам з падскокам і нахілам галавы набок Чычыкаў зусім зачараваў пецербургскую даму, а следам за ёй і дзіцянё. З пачатку яно было разрумзалася, але словамі: «Агу, агу, душачка», і шчоўканнем пальцаў, і хараством сердалікавай пячаткі ад гадзінніка Чычыкаву ўдалося яго пераманіць да сябе на рукі. Потым ён пачаў яго падымаць да самай столі і выклікаў гэтым у дзіцяці прыемную ўсмешку, якая надзвычайна ўзрадавала бацькоў. Але, ад раптоўнай прыемнасці ці ад чаго-небудзь іншага, дзіцянё раптам пачало трымаць сябе нядобра.
«Ах, божа мой!» ускрыкнула жонка Леніцына: «ён вам сапсаваў увесь фрак!»
Чычыкаў паглядзеў: рукаў новенькага фрака быў увесь сапсаваны. «Ліха-б цябе ўзяло, чарцянё!» падумаў ён усердзіўшыся.
Гаспадар, гаспадыня, мамка — усе пабеглі па адэкалон; з усіх бакоў узяліся яго выціраць.
«Нічога, нічога, зусім нічога!» казаў Чычыкаў, імкнучыся: надаць свайму твару, колькі магчыма, вясёлы выраз. «Ці можа што-небудзь сапсаваць дзіцянё ў гэты залаты час свайго ўзросту?» паўтараў ён, а ў той-жа час думаў: «Ды як-жа, шэльма, ваўкі-б яго з’елі, спрытна абрабіў, абармот пракляты».
Гэта, мабыць, нязначная акалічнасць зусім схіліла гаспадара на карысць справы Чычыкава. Як адмовіць такому госцю, які так нявінна песціў дзіця і велікадушна разлічыўся за гэта ўласным фракам? Каб не даць дрэннага прыкладу, парашылі скончыць справу сакрэтна, бо не столькі сама справа, колькі спакуса шкодзіць.
«Дазвольце-ж і мне, ва ўзнагароду за паслугу, заплаціць вам таксама паслугай. Хачу быць пасярэднікам вашым у справе з братамі Платонавымі. Вам патрэбна зямля, ці не так?..»