«Калі палкоўнік Кашкароў сапраўды вар’ят, дык гэта нядрэнна», казаў Чычыкаў, апынуўшыся зноў сярод адкрытых палёў і прастораў, калі ўсё знікла і толькі застаўся адзін небасхіл, ды два воблакі ў баку.
«Ты, Селіфан, ці добра распытаў дарогу да палкоўніка Кашкарова?»
«Я, Павел Іванавіч, будзьце ласкавы заўважыць, усё ўпраўляўся каля каляскі, дык мне не было часу; а Пятрушка распытваў у фурмана».
«Вось і дурань! На Пятрушку, сказана, не пакладацца: Пятрушка бервяно; Пятрушка дурны; Пятрушка, глядзі што, і цяпер п’яны».
«Тут-жа не мудрасць якая!» сказаў Пятрушка, крыху павярнуўшыся і гледзячы скоса. «Апроч таго, што, спусціўшыся з гары, узяць лугам, нічога больш і няма».
«А ты, апроч сівухі, нічога і ў рот не браў! Прыгож, вельмі прыгож! Ужо вось можна сказаць: здзівіў прыгажосцю Еўропу!» Сказаўшы гэта, Чычыкаў пагладзіў свой падбародак і падумаў: «Якая, аднак-жа, розніца паміж асвечаным грамадзянінам і грубай лакейскай фізіяноміяй!»
Каляска пачала тым часам спускацца. Адкрыліся зноў лугі і прасторы, усеяныя асінавымі гаямі.
Ціха падрыгваючы на пругкіх пружынах, асцярожна спускаўся далей па непрыкметным схіле гары спакойны экіпаж і, нарэшце, паімчаўся лугамі паўз млыны, з лёгкім громам па мастах, з невялікім пагойдваннем па дрогкаму мякішу нізіннай зямлі. I хоць-бы адзін узгорачак або купінка далі сябе адчуць бакам! Асалода, а не каляска.
Хутка праляцелі паўз іх кусты лазы, тонкія алешыны і срабрыстыя таполі, б’ючы галінамі Селіфана і Пятрушку, якія сядзелі на козлах. З Пятрушкі штохвілінна скідалі яны шапку. Суровы слуга саскокваў з козлаў, лаяў неразумнае дрэва і гаспадара, які пасадзіў яго, але прывязаць шапку або нават прытрымаць яе рукой усё не хацеў, спадзяючыся, што гэта апошні раз і далей не здарыцца. Да дрэў-жа хутка далучылася бяроза, там елка. Ля карэння гушчарына; трава — сіняя ір [95 ] і жоўты лясны цюльпан. Лес пазмрачнеў і рыхтаваўся ператварыцца ў ноч. Але раптам адусюль, паміж галін і пнёў, заззялі пробліскі святла, як быццам зіхатлівыя люстэркі. Дрэвы парадзелі, бляскі рабіліся большымі... і вось перад імі возера — раўніна вады вярсты чатыры шырынёй. На супроцьлеглым беразе, над возерам, высыпалася шэрымі бярвенчатымі хатамі вёска. Крыкі чуліся ў вадзе. Чалавек 20, па пояс, па плечы і па горла ў вадзе, цягнулі да супроцьлеглага берага невад. Здарылася аказія. Разам з рыбай заблытаўся неяк круглы чалавек, такога-ж памеру ў вышыню, як і ў таўшчыню, сапраўдны гарбуз або бочка. Ён быў у безнадзейным становішчы і крычаў на ўсё горла: «Целяпень Дзяніс, перадавай Казьме! Казьма, бяры канец у Дзяніса! Не напірай так, Фама Большы! Ідзі туды, дзе Фама Меншы. Чэрці! кажу вам, парвеце сетку!» Гарбуз, як відаць, баяўся не за сябе: утапіцца з прычыны таўшчыні ён не мог, і, як-бы ні куляўся жадаючы нырнуць, вада-б яго ўсё выносіла ўгору; і калі-б села яму на спіну яшчэ двое, ён-бы, як упарты пухір, застаўся-б з імі на паверхні вады, злёгку толькі крэкчучы пад імі ды пускаючы носам бурбалкі. Але ён моцна баяўся, каб не парваўся невад і не ўцякла рыба, і таму, звыш іншага, цягнулі яго яшчэ накінутымі вяроўкамі некалькі чалавек, што стаялі на беразе.
«Мусібыць, пан, палкоўнік Кашкароў», сказаў Селіфан.
«Чаму?»
«Таму, што цела ў яго, вось як бачыце, бялейшае, чым у іншых, і таўшчыня ніштаватая, як у пана».
Заблытанага ў сетку пана прыцягнулі ўжо тым часам прыкметна да берага. Адчуўшы, што можа дастаць дна нагамі, ён стаў на ногі, і ў гэты час убачыў каляску, якая спускалася з грэблі, і сядзеўшага ў ёй Чычыкава.
«Абедалі?» закрычаў пан, падыходзячы са злоўленай рыбай на бераг, увесь ублытаны ў сетку, — як, у летні час, дамская рука ў ніцяную пальчатку, — трымаючы адну руку над вачамі казырком для абароны ад сонца, другую-ж ніжэй, — на манер Венеры Медзіцэйскай [96 ], выходзячай з лазні.
«Не», сказаў Чычыкаў, крыху падымаючы шапку і працягваючы кланяцца з каляскі.
«Ну, дык дзякуйце-ж богу!»
«А што?» запытаў Чычыкаў з цікавасцю, трымаючы над галавой шапку.
«А вось што! Кінь, Фама Меншы, сетку, ды падымі асятра з ражкі! Целяпень Казьма, ідзі, дапамажы!»
Два рыбакі крыху паднялі з ражкі галаву нейкага страшыдла. — «Вунь які князь! з ракі зайшоў!» крычаў круглы пан. «Едзьце ў двор! Фурман, вазьмі дарогу ніжэй праз гарод! Бяжы, целяпень Фама Большы, зняць загародку! Ён вас правядзе, а я зараз...»
Доўганогі босы Фама Большы, як быў, у адной кашулі, пабег наперадзе каляскі праз усю вёску, дзе каля кожнай хаты былі развешаны невады, сеткі і морды [97 ]: усе мужыкі былі рыбакамі; потым зняў з нейкага гарода загародку, і гародамі выехала каляска на плошчу каля драўлянай царквы. За царквой, крыху далей, былі відаць дахі панскіх будынкаў.
«Дзівак гэты Кашкароў», думаў ён сам сабе.
«А вось і я тут!» прагучэў голас з боку. Чычыкаў азірнуўся. Пан ужо ехаў каля яго, апрануты: травяніста-зялёны нанкавы сурдут, жоўтыя штаны, і шыя без гальштука, на манер купідона! Сядзеў ён бокам на дрожках, заняўшы сабой усе дрожкі. Ён хацеў быў штосьці сказаць яму, але таўстун ужо знік. Дрожкі паказаліся зноў на тым месцы, дзе выцягвалі рыбу. Пачуліся зноў галасы: «Фама Большы ды Фама Меншы! Казьма ды Дзяніс!» Калі-ж пад’ехаў ён да ганка дома, да найвялікшага здзіўлення яго, тоўсты пан быў ужо на ганку і прыняў яго ў свае абдымкі. Як ён паспеў так злётаць—было незразумела. Яны пацалаваліся па старому рускаму звычаю, тройчы накрыж: пан быў старога пакрою.
«Я прывёз вам паклон ад яго прэвасхадзіцельства», сказаў Чычыкаў.
«Ад якога прэвасхадзіцельства?»
«Ад вашага сваяка, ад генерала Аляксандра Дзмітрыевіча».
«Хто гэта Аляксандр Дзмітрыевіч?»
«Генерал Бетрышчэў», адказаў Чычыкаў з некаторым здзіўленнем.
«Незнаёмы», сказаў ён са здзіўленнем.
Чычыкава ахапіла яшчэ большае здзіўленне.
«Як-жа гэта? Я спадзяюся, прынамсі, што маю прыемнасць гаварыць з палкоўнікам Кашкаровым?»
«Не, не спадзявайцеся. Вы прыехалі не да яго, а да мяне. Пётр Пятровіч Пятух! Пятух Пётр Пятровіч!» падхапіў гаспадар.
Чычыкаў аслупянеў. «Як-жа?» звярнуўся ён да Селіфана і Пятрушкі, якія таксама абодва разявілі рот і вылупілі вочы, адзін седзячы на козлах, другі стоячы каля дзверцаў каляскі. «Як-жа вы, дурні? Вам-жа сказана: да палкоўніка Кашкарова... А гэта-ж Пётр Пятровіч Пятух...»
«Хлопцы зрабілі добра. Ідзіце на кухню: там вам дадуць па чарцы гарэлкі!», сказаў Пётр Пятровіч Пятух. «Адпрагайце коні і ідзіце зараз-жа ў людскую!»
«Мне няёмка, такая нечаканая памылка...» казаў Чычыкаў.
«Не памылка. Вы раней пакаштуйце, які абед, ды потым скажаце: ці памылка гэта? Пакорна прашу», сказаў Пятух, узяўшы Чычыкава пад руку і ўводзячы яго ва ўнутраныя пакоі. З пакояў вышлі ім насустрач два юнакі, у летніх сурдутах,— тонкія, як лазовыя дубцы, на цэлы аршын выгнала іх угору вышэй бацькавага росту.
«Сыны мае, гімназісты, прыехалі на святы... Нікалаша, ты пабудзь з гасцём; а ты, Алексаша, ідзі за мной». Сказаўшы гэта, гаспадар знік.
Чычыкаў заняўся Нікалашам. Нікалаша, здаецца, быў будучы чалавек-дрэнь. Ён расказаў адразу-ж Чычыкаву, што ў губернскай гімназіі няма ніякай выгады вучыцца, што яны з братам хочуць ехаць у Пецербург, бо правінцыя не варта таго, каб у ёй жыць...
«Разумею», падумаў Чычыкаў: «скончыцца справа кандытарскімі ды бульварамі...» — «А што?» — запытаў ён уголас: «у якім становішчы маёнтак вашага бацькі?»
«У закладзе», сказаў на гэта сам бацька, які зноў апынуўся ў гасцінай: «у закладзе».
«Дрэнна», падумаў Чычыкаў. «Гэтак хутка не застанецца ні аднаго маёнтка. Трэба спяшацца». — «Дарэмна, аднак-жа», сказаў ён з выглядам спачування: «паспяшаліся закласці».
«Не, нічога», сказаў Пятух. «Кажуць, выгадна. Усе закладаюць: як-жа адставаць ад іншых? Да таго-ж усё жыў тут: давай яшчэ паспрабую пажыць у Маскве. Вось сыны таксама ўгаварваюць, хочуць асветы сталічнай».
«Дурань, дурань!» думаў Чычыкаў: «прашэйгае ўсё, ды і дзяцей зробіць шэйгунамі. Маёнтак ніштаваты. Паглядзіш — і мужыкам добра, і ім нядрэнна. А як адукуюцца там каля рэстаранаў ды па тэатрах, — усё пойдзе к чорту. Жыў-бы сабе, кулябяка, у вёсцы.
«А я-ж ведаю, што вы думаеце?» сказаў Пятух.
«Што?» сказаў Чычыкаў, збянтэжыўшыся.
«Вы думаеце: «Дурань, дурань гэты Пятух: запрасіў абедаць, а абеду да гэтага часу няма». Будзе гатоў, шаноўнейшы. Не паспее стрыжаная дзеўка касу заплесці, як ён згатуецца».
«Бацюхна! Платон Міхалыч едзе!» сказаў Алексаша, гледзячы ў акно.
«Верхам на гнядым кані!» падхапіў Нікалаша, нагінаючыся да акна.
«Дзе, дзе?» закрычаў Пятух, падышоўшы да акна.
«Хто гэта Платон Міхайлавіч?» запытаў Чычыкаў у Алексашы.
«Сусед наш, Платон Міхайлавіч Платонаў, цудоўны чалавек, выдатны чалавек», сказаў сам Пятух.
Тым часам увайшоў у пакой сам Платонаў, прыгажун, стройнага росту, з светларусымі бліскучымі валасамі, якія завіваліся ў кудзеры. Пагрымліваючы медзяным нашыйнікам, мардасты пёс, сабака-страхоцце, імем Ярб, увайшоў следам за ім.
«Абедалі?» запытаў гаспадар.
«Абедаў».
«Што-ж вы смяяцца, ці што, прыехалі з мяне? Што мне ад вас пасля абеда?»
Госць, усміхнуўшыся, сказаў: «Пацешу вас тым, што нічога не еў: зусім няма апетыту».
«А які быў улоў, калі-б вы бачылі! Які асятрышча трапіў! Якія карасішчы, карпішчы якія!»
«Нават слухаць вас крыўдна. Чаму вы заўсёды такі вясёлы?»
«Ды чаго нудзіцца? даруйце!» сказаў гаспадар.
«Як чаго нудзіцца? — таму, што нудна».
«Мала ясцё, вось і ўсё. Спрабуйце вось добра паабедаць. Гэта-ж у апошнія часы выдумалі нуду; раней ніхто не нудзіўся».
«Ды хопіць хваліцца! Быццам вы ніколі не нудзіліся?»
«Ніколі! Дый не ведаю, нават і часу няма для нуды. Раніцай прачнешся — тут-жа зараз кухар, трэба заказваць абед, тут прыказчык, там рыбу лавіць, а тут і абед. Па абедзе не паспееш храпануць — зноў кухар, трэба заказваць вячэру; тут прышоў кухар — заказваць трэба на заўтра абед... Калі-ж нудзіцца?»
Праз увесь час размовы Чычыкаў разглядаў гасця, які здзіўляў яго сваёй прыгажосцю, стройным, карцінным ростам, свежасцю нерастрачанага юнацтва, некранёнай чысцінёй ні адным прышчыкам незганьбаванага твару. Ні страсці, ні смутак, ні нават штосьці падобнае да хвалявання і непакою не адважваліся зачапіць яго некранёнае аблічча і пакласці на ім зморшчку, але разам з гэтым і не ажывілі яго. Яно заставалася нейкім сонным, не гледзячы на іранічную ўсмешку, якая часамі яго ажыўляла.
«Я таксама, калі дазволіце заўважыць», сказаў ён: «не магу зразумець, як, маючы такі выгляд, як ваш, нудзіцца. Вядома, калі нястача грошай, або ворагі, як ёсць часамі такія, што гатовы зрабіць замах нават на самое жыццё...»
«Дайце веры», перапыніў прыгажун-госць: «што для рознастайнасці я-б жадаў часамі мець якую-небудзь трывогу: ну, хоць-бы хто раззлаваў мяне — і таго няма. Нудна, дый годзе».
«Значыцца, нястача зямлі ў маёнтку, малая колькасць душ?»
«Аніяк. У нас з братам зямлі тысяч дзесяць дзесяцін і пры іх больш за тысячу чалавек сялян».
«Дзіўна, не разумею. Але, магчыма, неўраджаі, хваробы? Многа памерла мужчынскага полу людзей?»
«Наадварот, усё ў найлепшым парадку, і брат мой выдатнейшы гаспадар».
«I пры гэтым нудзіцца! не разумею», сказаў Чычыкаў і паціснуў плячамі.
«А вось мы нуду зараз прагонім», сказаў гаспадар. «Бяжы, Аляксаша, хутчэй у кухню і скажы кухару, каб хутчэй прыслаў нам расцягайчыкаў. Ды дзе-ж разява Емельян і злодзей Антошка? Чаму не даюць закускі?»
Але дзверы расчыніліся. Разява Емельян і злодзей Антошка з’явіліся з сарвэткамі і накрылі стол, паставілі паднос з шасцю графінамі рознакаляровых настоек. Хутка вакол падносаў і графінаў абстанавілася ажарэлле талерак з розным узбуджальным ежывам. Слугі паварочваліся спрытна, бесперапынку прыносячы штосьці ў накрытых талерках, праз якія чуваць было бурчаўшае масла. Разява Емельян і злодзей Антошка ўпраўляліся выдатна. Назвы гэтыя былі ім дадзены так толькі — для заахвочвання. Пан быў зусім не ахвотнік лаяцца, ён быў добрая душа; але ўжо рускі чалавек ніяк без вострага слова не абыйдзецца. Яно яму патрэбна, як чарка гарэлкі для страўнасці жывата. Што-ж рабіць? такая натура: нічога прэснага не любіць.
Следам за закускай ішоў абед. Тут дабрадушны гаспадар зрабіўся сапраўдным разбойнікам. Ледзь заўважаў у каго адзін кавалак—падкладаў яму зараз-жа другі, прыгаварваючы: «Без пары ні чалавек, ні птушка не могуць жыць на свеце». У каго два — падвальваў яму трэці, прыгаварваючы: «Што за лік два? Бог тройцу любіць». З’ядаў госць тры—ён яму: «Дзе-ж бывае воз з трыма коламі? Хто-ж будуе хату на тры куты?» На чатыры ў яго была таксама прымаўка, на пяць — зноў. Чычыкаў з’еў чагосьці ледзь не дванаццаць кавалкаў і думаў: «Ну, цяпер нічога больш не дабярэ гаспадар». Але дзе там: гаспадар, не кажучы ні слова, паклаў яму на талерку хрыбтовую частку цяляці, смажанага на ражне, з почкамі, дый якога цяляці!
«Два гады гадаваў на малацэ», сказаў гаспадар: «даглядаў, як сына!»
«Не магу», сказаў Чычыкаў.
«Вы пакаштуйце, ды потым скажыце: не магу».
«Не ўлезе, месца няма».
«Ды і ў царкве-ж не было месца, увайшоў гараднічы — знайшлося. А была такая цісканіна, што і яблыку не было дзё ўпасці. Вы толькі пакаштуйце: гэты кавалак той-жа гараднічы».
Пакаштаваў Чычыкаў — сапраўды, кавалак быў накшталт гараднічага: знайшлося яму месца, а здавалася, нічога нельга было змясціць.
«Ну, як гэтакаму чалавеку ехаць у Пецербург або Маскву? З такім хлебасольствам ён там за тры гады пражывецца ўшчэнт!» Гэта значыць, ён не ведаў таго, што цяпер гэта ўдасканалена: і без хлебасольства можна ўсё спусціць не за тры гады, а за тры месяцы.
Ён раз-по-разу падліваў ды падліваў: чаго-ж не дапівалі госці, даваў дапіць Аляксашу і Нікалашу, якія так і кулялі чарку за чаркай; загадзя было відаць, на якую частку чалавечых пазнанняў звернуць яны ўвагу, прыехаўшы ў сталіцу. З гасцямі было не тое; насілу перацягнуліся яны на балкон і насілу размясціліся ў крэслах. Гаспадар, як сеў у сваё нейкае шырачэзнае, нібыта для чатырох асоб, дык тут-жа і заснуў. Тлустая ўласнасць яго, ператварыўшыся ў кавальскі мех, пачала выпускаць праз разяўлены рот і насавыя прадухі такія гукі, якія мала калі прыходзяць у галаву таму ці іншаму аўтару: і барабан, і флейта, і нейкі адрывісты гул, быццам сабачы брэх.
«Бач, як высвіствае!» сказаў Платонаў.
Чычыкаў засмяяўся.
«Зразумела, калі так паабедаеш, як тут прыйсці нудзе! Тут сон прыдзе — ці не праўда?»
«Так. Але я, аднак-жа, — вы выбачце мне, — не магу зразумець, як можна нудзіцца. Супроць нуды ёсць так многа сродкаў».
«Якія-ж?»
«Ды ці мала для маладога чалавека? Танцаваць, іграць на якім-небудзь інструменце... а не гэта—дык жаніцца».
«З кім?»
«Ды быццам у акрузе няма добрых і багатых нявест?»
«Ды няма».
«Ну, пашукаць у іншых месцах, паездзіць». I багатая думка бліснула раптам у галаве Чычыкава. «Ды вось цудоўны сродак!» сказаў ён, гледзячы ў вочы Платонаву.
«Які?»
«Падарожжа».
«Куды-ж ехаць?»
«Ды калі вы вольны, дык паедзем са мной», сказаў Чычыкаў і падумаў сам сабе, гледзячы на Платонава: «А гэта было-б добра. Тады-б можна выдаткі папалам, а рамонт каляскі адлічыць зусім на яго кошт».
«А вы куды едзеце?»
«Пакуль што еду я не столькі па сваёй патрэбе, колькі па патрэбе іншага. Генерал Бетрышчэў, блізкі прыяцель і, можна сказаць, дабрадзей, прасіў наведаць сваякоў... Вядома, сваякі сваякамі; але крыху, так сказаць, і для самога сябе: бо бачыць свет, колазварот людзей — што хто ні кажы, гэта як-бы жывая кніга, другая навука». I, сказаўшы гэта, думаў Чычыкаў тым часам так: «Дапраўды, было-б добра. Можна нават і ўсе выдаткі на яго кошт, нават і паехаць на яго конях, а мае-б падкарміліся ў яго вёсцы».
«Чаму-ж не праехацца?» думаў тымчасам Платонаў. — «Дома-ж мне і рабіць няма чаго, гаспадарка і так на руках у брата; значыць, бязладдзя ніякага не будзе. Чаму-ж сапраўды не праехацца!» — «А ці вы згодзіцеся», сказаў ён уголас: «пагасціць у брата дзянькі два? Інакш ён мяне не адпусціць».
«З вялікай прыемнасцю, хоць тры».
«Ну, дык па руках! едзем!» сказаў, ажывіўшыся, Платонаў.
Яны стукнулі па руках. «Едзем!»
«Куды, куды?» закрычаў гаспадар, прачнуўшыся і вылупіўшы на іх вочы. — «Не, паночкі! і колы ў калясцы загадана зняць, а вашага жарабца, Платон Міхайлыч, загналі адсюль за пятнаццаць вёрст. Не, вось вы сёння пераначуйце, а заўтра пасля ранняга абеда і едзьце сабе».
Што было рабіць з Петухом? Трэба было застацца. Затое ўзнагароджаны былі яны дзівосным вясновым вечарам. Гаспадар наладзіў гулянне на рацэ. Дванаццаць веслаўшчыкоў, у дваццаць чатыры вяслы, з песнямі, панеслі іх па гладкім хрыбце люстранага возера. З возера яны пранесліся ў раку, бязмежную, з пакатымі берагамі на абодва бакі, безупынна праходзячы пад нацягнутыя ўпоперак ракі канаты для лоўлі. Хоць-бы струменьчыкам варухнуліся воды; толькі бязгучна з’яўляліся перад імі, адзін за адным, малюнкі, і гай за гаем цешыў вочы рознастайным размяшчэннем дрэў. Веслаўшчыкі, хапіўшы разам у дваццаць чатыры вяслы, уздымалі раптам усе вёслы ўгору — і кацер, сам сабой, як лёгкая птушка, імкнуўся па нерухомай люстранай паверхні. Хлопец-запявала, плячысты хлапчына, трэці ад руля, пачынаў чыстым, звонкім голасам, выводзячы як быццам з салаўінага горла пачынальныя запевы песні; пяцёра падхоплівала, шасцёра выносіла, і разлівалася яна, бязмежная, як Русь. I Пятух, устрапянуўшыся, прыгаркваў, паддаючы, дзе нехапала ў хора сілы, і сам Чычыкаў адчуваў, што ён рускі. Адзін толькі Платонаў думаў: «Што добрага ў гэтай сумнай песні? Ад яе яшчэ большы смутак находзіць на душу».
Вярталіся назад ужо ў змроку. У цемры білі вёслы па водах, якія ўжо не адлюстроўвалі неба. У цемры прысталі яны да берага, па якім раскладзены былі агні; на трыножках рыбакі варылі юшку з жывых трапяткіх яршоў. Усё ўжо было дома. Вясковая жывёла і птушка ўжо даўно была прыгнана, і пыл ад яе ўжо асеў, і пастухі, якія прыгналі іх, стаялі каля варот, чакаючы збанка малака і запросін на юшку. У змярканні чуўся ціхі гоман людской, брэх сабак, які далятаў аднекуль з чужых вёсак. Месяц уздымаўся, і пачалі азарацца пацямнеўшыя аколіцы, і ўсё азарылася. Цудоўныя малюнкі! Але не было каму любавацца імі. Нікалаша і Аляксаша, замест таго, каб праімчацца ў гэты час перад імі на двух порсткіх жарабцах навыперадкі адзін з другім, думалі пра Маскву, пра кандытарскія, пра тэатры, пра якія нагаварыў ім заехаўшы з сталіцы кадэт; бацька іх думаў пра тое, як-бы абкарміць сваіх гасцей; Платонаў пазяхаў. Жвавей за ўсіх быў Чычыкаў: «Эх, дапраўды! Прыдбаю калі-небудзь вёсачку!» I пачалі яму ўяўляцца і кабетка, і Чычонкі.
А за вячэрай зноў аб’еліся. Калі ўвайшоў Павел Іванавіч у пакой, які вызначылі яму для спання, і, кладучыся ў пасцель, памацаў свой жываток: «Барабан!» сказаў [ён]: «ніякі гараднічы не ўвойдзе». Трэба-ж такі збег акалічнасцей, што за сцяной быў кабінет гаспадара. Сцяна была тонкая, і чулася ўсё, што там ні гаварылася. Гаспадар заказваў кухару, пад выглядам ранняга снедання, на заўтрашні дзень сапраўдны абед, — і як заказваў! У мёртвага нарадзіўся-б апетыт.
«Ды кулябяку зрабі на чатыры рагі», казаў ён з прысмоктваннем і ўцягваючы ў сябе паветра. «У адзін рог пакладзі ты мне шчокі асятра ды вязігі, у другі грэцкай кашкі, ды грыбоў з цыбулькай, ды малок салодкіх, ды мазгоў, ды яшчэ чаго ведаеш там гэтакага, якога-небудзь там таго... Ды каб яна з аднаго боку, разумееш, падрумянілася-б, а з другога пусці яе лягчэй. Ды спадыспаду... прапячы яе так, каб усю яе прасмактала, прамяло-б так, каб яна ўся, ведаеш, гэтага растаго — не тое, каб рассыпалася, а растала-б у роце як снег які, так каб і не пачуў». Гаворачы гэта, Пятух прысмоктваў і ляпаў губамі.
«Чорт вазьмі! не дасць спаць», думаў Чычыкаў і захутаў галаву коўдрай, каб не чуць нічога. Але і праз коўдру было чуваць:
«А ў абкладку да асятра падпусці бурака зорачкай, ды сняточкаў ды груздочкаў, ды там, ведаеш, рэпачкі, ды марковачкі, ды бабкоў, там, чаго-небудзь гэткага, ведаеш, таго растаго, каб гарніру, гарніру рознага пабольш. Ды ў свіны кіндзюк лёду пакладзі, каб ён узбухнуў як належыць».
Шмат яшчэ Пятух заказваў страў. Толькі і чуваць было: «Ды падсмаж, ды падпячы, ды дай упрэць як належыць!» Заснуў Чычыкаў ужо на нейкім індыку.
На другі дзень да таго аб’еліся госці, што Платонаў ужо не мог ехаць верхам. Жарабца адправілі з конюхам Петуха. Яны селі ў каляску. Мардасты сабака ляніва пайшоў за каляскай: ён таксама аб’еўся.
«Гэта ўжо занадта», сказаў Чычыкаў, калі яны выехалі з двара.
«А не нудзіцца, вось што крыўдна!»
«Было-б у мяне, як у цябе, семдзесят тысяч у год прыбытку», падумаў Чычыкаў: «ды я-б нуду і на вочы да сябе не пусціў. Вунь адкупшчык Муразаў, — лёгка сказаць, — дзесяць мільёнаў... Вось які куш!»
«Што, для вас нічога заехаць? Мне хацелася-б развітацца з сястрой і зяцем».
«З вялікай прыемнасцю», сказаў Чычыкаў.
«Гэта першы ў нас гаспадар. Ён, судар мой, атрымлівае 200 тысяч гадавога прыбытку з такога маёнтка, які год восем назад і дваццаці не даваў».
«Ах, ды гэта вядома, найпаважанейшы чалавек! Гэта вельмі цікава будзе з такім чалавекам пазнаёміцца. Як-жа? Ды гэта-ж сказаць... А як прозвішча?»
«Кастанжогла».
«А імя і імя па бацьку? дазвольце даведацца».
«Канстанцін Фёдаравіч».
«Канстанцін Фёдаравіч Кастанжогла. Вельмі будзе цікава пазнаёміцца. Павучальна пазнацца з такім чалавекам».
Платонаў узяўся кіраваць Селіфанам, гэта было патрэбна, бо той ледзь трымаўся на козлах. Пятрушка два разы старчма злятаў з каляскі, так што трэба было, нарэшце, прывязаць яго вяроўкай да козлаў. «Вось абармот!» паўтараў толькі Чычыкаў.
«Вось, гляньце адно, пачынаюцца яго землі», сказаў Платонаў: «зусім іншы выгляд».
I сапраўды, цераз усё поле сеяны лес — роўныя, як стрэлкі, дрэвы; за ім другі, вышэйшы, таксама маладняк, за імі стары лясняк, і ўсе адзін вышэй за другі. Потым зноў паласа поля, пакрытая густым лесам, і зноў такім-жа чынам малады лес, і зноў стары. I тры разы праехалі, як праз вароты сцен, праз лясы. «Гэта ўсё ў яго вырасла за якіх-небудзь год восем, дзесяць, што ў іншага і за дваццаць не вырасце».
«Як-жа гэта ён зрабіў?»
«Распытайцеся ў яго. Гэта такі землязнаўца—ён нічога не робіць задарам. Мала, што ён глебу ведае, ведае, якое суседства для каго трэба, каля якога збожжа якія дрэвы. Кожны ў яго з трыма, чатырма пасадамі разам упраўляецца. Лес у яго, апрача таго, што для лесу, патрэбен для таго, каб у такім вось месцы на столькі вось вільгаці дадаць палеткам, на столькі вось угнаіць апалым лісцем, на столькі вось даць ценю... Калі вакол засуха, у яго няма засухі: калі вакол неўраджай, у яго няма неўраджаю. Шкада, што я сам мала гэтыя рэчы ведаю, не ўмею расказваць, а ў яго такія штукі... Яго называюць чараўніком. Многа, многа ў яго ўсякага... А ўсё, аднак-жа, нудна...»
«Сапраўды, гэта вартая здзіўлення асоба», падумаў Чычыкаў. «Вельмі сумна, што малады чалавек павярхоўны і не ўмее расказаць».
Нарэшце паказалася вёска. Як быццам горад нейкі, высыпалася яна мноствам хат на трох узвышшах, увянчаных трыма царквамі, перагароджаная ўсюды велізарнымі сціртамі і стагамі. «Так», падумаў Чычыкаў: «відаць, што жыве гаспадар-туз». Хаты ўсё моцныя; вуліцы торныя; калі стаялі дзе калёсы—калёсы былі моцныя і новенькія; мужык трапляўся з нейкім разумным выразам твару; рагатая жывёла на адбор; нават сялянская свіння выглядала дваранінам. Так і відаць, што тут іменна жывуць тыя мужыкі, якія грабуць, як спяваецца ў песні, срэбра лапатай. Не было тут англійскіх паркаў і газонаў з усякімі вымудрамі; але, па-старадаўняму, ішоў праспект свірнаў і рабочых дамоў аж да самага дома, каб усё відаць было пану, што ні робіцца вакол яго; на высокім даху дома ўздымаўся вежай высокі ліхтар, не для красы або для відаў, але для назірання за тымі, што працавалі на далёкіх палях. Каля ганка іх сустрэлі слугі, спрытныя, зусім не падобныя да п’яніцы Пятрушкі, хоць на іх і не было фракаў, а казацкія чэкмені сіняга хатняга сукна.
Гаспадыня дома выбегла сама на ганак. Яна была свежая, як кроў з малаком; прыгожая, як божы дзень; падобна была, як дзве кроплі вады, да Платонава, з той толькі розніцай, што не была такая вялая, як ён, але гаваркая і вясёлая.
«Добры дзень, брат! Ну, як-жа я рада, што ты прыехаў. А Канстанціна няма дома; але ён хутка будзе».
«Дзе-ж ён?»
«У яго ёсць справа ў вёсцы з якімісьці купцамі», казала яна, уводзячы гасцей у пакой.
Чычыкаў з цікавасцю разглядаў жытло гэтага незвычайнага чалавека, які атрымліваў 200 тысяч, думаючы адшукаць у ім уласцівасці самога гаспадара, як па пакінутай ракавіне мяркуюць аб устрыцы або слімаку, што калісьці ў ёй сядзеў і пакінуў свой адбітак. Але нельга было скласці ніякага меркавання. Пакоі ўсе простыя, нават пустыя: ні фрэскаў [98 ], ні карцін, ні бронзы, ні кветак, ні этажэрак з фарфарам, ні нават кніг. Адным словам, усё паказвала, што галоўнае жыццё істоты, якая тут бытуе, праходзіла зусім не ў чатырох сценах пакояў, а ў полі, і самыя думкі не абдумваліся загадзя сібарыцкім чынам каля агню, перад камінам, у выгодных крэслах, але там-жа, на месцы справы, прыходзілі ў галаву, і там-жа, дзе прыходзілі, там і ператвараліся ў справу. У пакоях мог толькі заўважыць Чычыкаў сляды жаночага гаспадарання: на сталах і крэслах былі пастаўлены чыстыя ліпавыя дошкі і на іх пялёсткі нейкіх кветак, падрыхтаваныя да сушкі...
«Што гэта ў цябе, сястра, за дрэнь такая панастаўляна?» сказаў Платонаў.
«Якая дрэнь!» сказала гаспадыня. «Гэта лепшы сродак ад трасцы. Мы вылечылі ім у мінулым [годзе] усіх мужыкоў; а гэта для настоек; а гэта для варэння. Вы ўсё смяецеся над варэннямі ды над саленнямі, а потым, калі ясцё, самі-ж хваліце».
Платонаў падышоў да фартэпіяно і пачаў разбіраць ноты.
«Божа! што за старызна!» сказаў ён. «Ну, ці не сорамна табе, сястра?»
«Ну, ужо выбачай, брат, музыкай мне тым больш няма часу займацца. У мяне васьмігадовая дачка, якую я павінна вучыць. Здаць яе на рукі чужаземнай гувернантцы для таго толькі, каб самой мець вольны час для музыкі, — не, выбачай, брат, гэтага вось не зраблю».
«Якая ты, дапраўды, зрабілася нудная, сястра!» сказаў брат і падышоў да акна. «А вось ён! ідзе, ідзе!» сказаў Платонаў.
Чычыкаў таксама памкнуўся да акна. Да ганка падыходзіў чалавек год сарака, рухавы, смуглявы з твару, у сурдуце з вярблюджага сукна. Пра вопратку сваю ён не дбаў. На ім была трыпавая [99 ] шапка. З абодвух бакоў яго, скінуўшы шапкі, ішлі два чалавекі ніжэйшага саслоўя, — ішлі, размаўляючы, пра штосьці мяркуючы з ім, адзін—просты мужык, другі—нейкі заезджы кулак і прайдзісвет, у сіняй сібірцы. Паколькі спыніліся яны ўсе каля ганку, дык і гутарка іх была чуваць у пакоях.
«Вы вось што лепш зрабіце: вы адкупіцеся ў вашага пана. Я вам, бадай, дам пазыку: вы потым мне адпрацуеце».
«Не, Канстанцін Фёдаравіч, што ўжо адкупляцца? Вазьміце нас. Ужо ў вас розуму навучышся. Ужо такога разумнага чалавека нідзе ў цэлым свеце нельга адшукаць. А цяпер-жа бяда тая, што сябе ніяк не ўсцеражэш. Шынкары такія завялі цяпер настойкі, што з адной чаркі так пачне задзіраць у жываце, што вядро вады выпіў-бы: не паспееш апомніцца, як усё спусціш. Многа спакусы. Нячысцік, ці што, варочае светам, дальбог! Усё заводзяць, каб збіць з толку мужыкоў: і табаку, і розныя такія... Што-ж рабіць, Канстанцін Фёдаравіч? Чалавек — не ўтрымаешся».
«Паслухай: ды справа-ж вось у чым. У мяне-ж усё-такі няволя. Гэта праўда, што адразу ўсё атрымаеш—і карову, і каня; ды справа-ж у тым, што я так патрабую з мужыкоў, як нідзе. У мяне працуй—першае; ці мне, ці сабе, але ўжо я не дам заляжацца нікому. Я і сам працую як вол, і мужыкі ў мяне, таму што зазнаў брат: уся дрэнь лезе ў галаву таму, што не працуеш. Дык вы аб гэтым усе падумайце грамадой і памяркуйце паміж сабой».
«Ды мы ўжо меркавалі пра гэта, Канстанцін Фёдаравіч. Ужо гэта і старыя кажуць: што гаварыць! у вас-жа кожны мужык багаты: гэта ўжо не дарма; і свяшчэннікі такія спагадлівыя. А ў нас-жа і тых забралі і хаваць няма каму».
«Усё-ж ідзі і перагавары».
«Слухаю».
«Дык ужо таго, Канстанцін Фёдаравіч, ужо зрабіце ласку... скіньце крыху», гаварыў заезджы кулак у сіняй сібірцы, які ішоў з другога боку.
«Ужо я сказаў: таргавацца я не ахвотнік. Я не тое, што іншы памешчык, да якога ты пад’едзеш пад самы тэрмін выплаты ў ламбард. Я-ж вас ведаю ўсіх: у вас ёсць спісы ўсіх, каму калі належыць плаціць. Што-ж тут цяжкага? Яму прыспічыць, ну, ён табе і аддасць за поўцаны. А мне што твае грошы? У мяне рэч хоць тры гады ляжы: мне ў ламбард не трэба плаціць».
«Праўду кажаце, Канстанцін Фёдаравіч. Ды я-ж таго вось, таму толькі, каб і далей мець з вамі дачыненне, а не дзеля якой карысці. Тры тысячы задатачку прыміце, калі ласка». Кулак дастаў з-за пазухі пук засаленых асігнацый. Кастанжогла вельмі абыякава ўзяў іх і, не пералічваючы, запхнуў у задні кішэнь свайго сурдута.
«Гм!» падумаў Чычыкаў: «якраз як насавую хустачку!» Кастанжогла паказаўся ў дзвярах гасцінай. Ён яшчэ больш здзівіў Чычыкава смуглявасцю твару, жорсткасцю чорных валасоў, дзе-ні-дзе заўчасна пасівелых, жывым выразам вачэй і нейкім жоўчным адбіткам палкага паўднёвага паходжання.
Ён быў не зусім рускі. Ён сам не ведаў, адкуль вышлі яго продкі. Ён не займаўся сваім родаслоўем, лічачы, што гэта не належыць да справы і ў гаспадарцы рэч непатрэбная. Ён думаў, што ён рускі, дый мовы іншай не ведаў, апрача рускай.
Платонаў прадставіў Чычыкава. Яны пацалаваліся.
«Я, каб вылечыцца ад хандры, надумаў, Канстанцін, праехацца па розных губерніях», сказаў Платонаў: «і вось Павел Іванавіч прапанаваў ехаць з ім».
«Цудоўна», сказаў Кастанжогла. «У якія-ж месцы?» гаварыў ён далей, прыветліва звяртаючыся да Чычыкава: «мяркуеце цяпер накіравацца?»
«Прызнаюся», сказаў Чычыкаў, прыветліва нахіліўшы галаву набок і ў той-жа час пагладжваючы рукой ручку крэсла: «еду я, пакуль што, не столькі па сваёй патрэбе, колькі па патрэбе другога: генерал Бетрышчэў, блізкі прыяцель, і, можна сказаць, дабрадзей, прасіў наведаць сваякоў. Сваякі, вядома, сваякамі, але, з другога боку, так сказаць, і для самога сябе; таму што, сапраўды, не кажучы ўжо пра карысць, якая можа быць у гемараідальных адносінах, пабачыць свет, колазварот людзей — ёсць, так сказаць, жывая кніга, тая-ж навука».
«Так, завітаць у некаторыя куткі не шкодзіць».
«Надзвычай добра мелі ласку заўважыць: іменна ісцінна, сапраўды не шкодзіць. Бачыш рэчы, якіх-бы не бачыў; сустракаеш людзей, якіх-бы не сустрэў. Размова з некаторым той-жа чырвонец, як вось, напрыклад, цяпер трапіўся выпадак... Да вас звяртаюся, паважанейшы Канстанцін Фёдаравіч, навучыце, навучыце, напаіце прагу маю ўразуменнем ісціны. Чакаю, як манны, салодкіх слоў вашых».
«Чаму, аднак-жа?.. чаму навучыць?» сказаў Кастанжогла, збянтэжыўшыся. «Я і сам вучыўся на мядзяныя грошы».
«Мудрасці, паважанейшы, мудрасці, — мудрасці кіраваць цяжкім стырном сельскай гаспадаркі, мудрасці здабываць прыбыткі пэўныя, набыць маёмасць не ў лятунках, а ў сапраўднасці, выконваючы гэтым абавязак грамадзяніна, заслужваючы павагу суайчыннікаў».
«Ці ведаеце што», сказаў Кастанжогла, гледзячы на яго ў разважанні: «застаньцеся на дзень у мяне. Я пакажу вам усё кіраўніцтва і раскажу пра ўсё. Мудрасці тут, як вы ўбачыце, ніякай няма».
«Вядома, застаньцеся», сказала гаспадыня і, звяртаючыся да брата, дадала: «Брат, заставайся: куды табе спяшацца?»
«Мне ўсёроўна. Як Павел Іванавіч?»
«Я таксама, я з вялікай прыемнасцю... Але вось акалічнасць: сваяк генерала Бетрышчэва, нейкі палкоўнік Кашкароў...»
«Ды ён-жа вар’ят».
«Гэта так, вар’ят. Я-б да яго і не ехаў, але генерал Бетрышчэў, блізкі прыяцель і, так сказаць, дабрадзей...»
«У такім выпадку ведаеце што?» сказаў [Кастанжогла]: «едзьце, да яго і дзесяці вёрст няма. У мяне стаяць гатовыя пралёткі—едзьце да яго зараз-жа. Вы паспееце да чаю вярнуцца назад».
«Надзвычай добрая думка!» ускрыкнуў Чычыкаў, узяўшы капялюш.
Пралёткі былі яму пададзены і за поўгадзіны прыімчалі яго да палкоўніка. Уся вёска была раскідана: пабудовы, перабудовы, кучы вапны, цэглы і бярвення па ўсіх вуліцах. Пабудаваны былі нейкія дамы, накшталт прысуцтвенных месцаў. На адным было напісана залатымі літарамі: Дэпо землярабочых прылад; на другім: Галоўная рахункавая экспедыцыя; далей: Камітэт сельскіх спраў; Школа нармальнай асветы сялян. Адным словам, чорт ведае чаго не было!
Палкоўніка ён застаў за пульпітрам стаячай канторкі, з пяром у зубах. Палкоўнік прыняў Чычыкава выключна ласкава. На выгляд, ён быў вельмі добры, вельмі абыходлівы чалавек: пачаў яму апавядаць пра тое, колькі працы яму каштавала ўзняць маёнтак да цяперашняга дабрабыту; з спачуваннем скардзіўся, як цяжка даць зразумець мужыку, што ёсць вышэйшыя пабуджэнні, якія дае чалавеку адукаваная раскоша, мастацтва і майстэрства; што баб ён да гэтага часу не мог прымусіць надзець карсет, у той час як у Германіі, дзе ён быў з палком у 14-м годзе, дачка млынара ўмела іграць нават на фартэпіяно; што, аднак-жа, не гледзячы на ўсю ўпартасць з боку невуцтва, ён абавязкова дасягне таго, што мужык яго вёскі, ідучы за плугам, будзе ў той-жа час чытаць кнігу пра громаадводы Франкліна [100 ], або Віргіліевы Георгікі [101 ], ці Хімічнае даследаванне глебы.
«Дзіва што!» падумаў Чычыкаў. «А вось я да гэтага часу яшчэ «Графіні Лавальер» не прачытаў: усё няма часу».
Многа яшчэ гаварыў палкоўнік пра тое, як прывесці людзей да добрабыту. Адзенне ў яго мела вялікае значэнне; ён ручаўся галавой, што калі толькі апрануць палавіну рускіх мужыкоў у нямецкія штаны, — навукі ўзвысяцца, гандаль ўздымецца, і залаты век надыйдзе ў Расіі.
Чычыкаў слухаў-слухаў, гледзячы яму пільна ў вочы, і нарэшце сказаў: «з гэтым, здаецца, саромецца няма чаго»; і тут-жа абвясціў, што так і так, ёсць патрэба вось у якіх душах, са складаннем такіх вось крэпасцей і ўсіх абрадаў.
«Наколькі магу бачыць з вашых слоў», сказаў палкоўнік, ніяк не збянтэжыўшыся: «гэта просьба, ці не так?»
«Сапраўды, так».
«У такім выпадку выкладзіце яе пісьмова. Просьба пойдзе ў кантору для прыёму рапартоў і данясенняў. Кантора, адзначыўшы, перашле яе да мяне; ад мяне пойдзе яна ў камітэт сельскіх спраў; адтуль пасля таго як будуць зроблены выпраўкі, да кіраўніка. Кіраўнік сумесна з сакратаром...»
«Злітуйцеся!» ускрыкнуў Чычыкаў: «так-жа зацягнецца бог ведае! Ды і як-жа трактаваць пра гэта пісьмова? Гэта-ж такога роду справа... Душы-ж некаторым чынам... мёртвыя».
«Вельмі добра. Вы так і напішыце, што душы некаторым чынам мёртвыя».
«Але-ж як-жа—мёртвыя? Гэтак-жа нельга напісаць. Яны хоць і мёртвыя але трэба, каб здавалася, нібыта жывыя».
«Добра. Вы так і напішыце: але трэба, патрабуецца, жадаецца, неабходна, каб здавалася, нібыта жывыя. Без папяровага афармлення нельга гэтага зрабіць. Прыклад — Англія і нават сам Напалеон. Я вам дам камісіянера, які вас правядзе па ўсіх месцах».
Ён ударыў у званок. З’явіўся нейкі чалавек.
«Сакратар! Паклічце да мяне камісіянера!» З’явіўся камісіянер, нейкі ці то мужык, ці то чыноўнік. «Вось ён вас правядзе па найпатрэбнейшых месцах».
Што было рабіць з палкоўнікам? Чычыкаў вырашыў, з цікаўнасці, пайсці з камісіянерам агледзець усе гэтыя найпатрэбнейшыя месцы. Кантора падачы рапартоў існавала толькі на шыльдзе і дзверы былі замкнуты. Кіраўнік яе спраў Хрулёў быў пераведзены ў новаствораны камітэт сельскіх пабудоў. Месца яго заняў камердынер Беразоўскі; але ён таксама быў кудысьці адкамандыраваны камісіяй пабудовы. Памкнуліся яны ў дэпартамент сельскіх спраў—там пераробка; пабудзілі нейкага п’янага, але не дабіліся ад яго ніякага толку. «У нас бязладдзе», сказаў нарэшце Чычыкаву камісіянер. «Пана за нос водзяць. Усім у нас кіруе камісія пабудоў: адрывае ўсіх ад справы, пасылае, куды хоча. Толькі і выгадна ў нас, што ў камісіі пабудовы». Ён, як відаць, быў нездаволены камісіяй пабудовы. Далей Чычыкаў не хацеў і глядзець. Прышоўшы, расказаў палкоўніку, што так і так, што ў яго каша і ніякага толку нельга дабіцца, і камісіі падачы рапартоў і зусім няма.
Палкоўнік ускіпеў высокародным абурэннем, моцна паціснуўшы руку Чычыкаву, у знак удзячнасці. Тут-жа, схапіўшы паперу і пяро, напісаў восем надзвычай строгіх запытанняў: на якой падставе камісія пабудовы самаўпраўна распарадзілася з непадначаленымі ёй чыноўнікамі? як мог дапусціць галоўны кіраўнік, каб старшыня, не здаўшы свайго паста, накіраваўся на следства? і як мог абыякава глядзець спакойна камітэт сельскіх спраў, што нават не існуе кантора падачы рапартоў і данясенняў?
«Ну, пойдзе мітусня!» падумаў Чычыкаў, і хацеў ужо ад’язджаць.
«Не, я вас не адпушчу. Цяпер ужо асабістае маё чэсталюбства закранута. Я давяду, што значыць арганічнае, правільнае наладжванне гаспадаркі. Я даручу вашу справу такому чалавеку, які адзін варты ўсіх: скончыў універсітэцкі курс. Вось якія ў мяне прыгонныя людзі! Каб не траціць дарагога часу, пакорна прашу пасядзець у мяне ў бібліятэцы», сказаў палкоўнік, адчыняючы бакавыя дзверы. «Тут кнігі, папера, пёры, алоўкі, усё. Карыстайцеся, карыстайцеся ўсім: вы—пан. Асвета павінна быць адкрыта ўсім».
Так гаварыў Кашкароў, увёўшы яго ў кнігасховішча. Гэта быў велізарнейшы зал, знізу да верху застаўлены кнігамі. Былі там нават і чучалы жывёл. Кнігі па ўсіх галінах, па галіне лесагадоўлі, жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, садоўніцтва; спецыяльныя часопісы — па ўсіх галінах, якія толькі рассылаюцца з абавязку падпіскі, але ніхто іх не чытае. Бачачы, што ўсё гэта былі кнігі не для прыемнага праводжання часу, ён звярнуўся да другой шафы — з агню ў полымя: усё кнігі філасофскія. Шэсць велізарных тамішчаў сталі перад яго вачамі, пад назвай: «Падрыхтоўчы ўступ у вобласць мышлення. Тэорыя агульнасці, сукупнасці, сутнасці, і ў дапасаванні да ўразумення арганічных пачаткаў узаемнага раздваення грамадскай прадукцыйнасці». Якую ні разгортваў кнігу Чычыкаў, на кожнай старонцы, — праяўленне, развіццё, абстракт, замкнёнасць і самкнёнасць, і чорт ведае, чаго там не было! «Гэта не па мне», сказаў Чычыкаў, і звярнуўся да трэцяй шафы, дзе былі кнігі з галіны мастацтва. Тут выцягнуў нейкую велізарную кнігу з няскромнымі міфалагічнымі малюнкамі і пачаў іх разглядаць. Такога роду малюнкі падабаюцца халасцякам сярэдніх год, а часам і тым дзядулям, якія падбадзёрваюць сябе балетамі і іншымі пранасцямі. Скончыўшы разгляданне адной кнігі, выцягнуў быў ужо і другую такога-ж парадку, як з’явіўся палкоўнік Кашкароў, са ззяючым выглядам і паперай.
«Усё зроблена, і зроблена выдатна! Чалавек, пра якога я вам гаварыў, зусім геній. За гэта я пастаўлю яго вышэй за ўсіх і для яго аднаго ствару цэлы дэпартамент. Вы гляньце, якая светлая галава і як за некалькі хвілін ён вырашыў усё»
«Ну, дзякуй табе, божа!» падумаў Чычыкаў і падрыхтаваўся слухаць. Палкоўнік пачаў чытаць:
«Распачынаючы абдумванне ўскладзеных на мяне вашым высокароддзем даручэнняў, маю гонар гэтым данесці на онае:
«І-е. У самой просьбе пана калежскага саветніка і кавалера Паўла Іванавіча Чычыкава ўжо змяшчаецца недарэчнасць, бо неасцярожным чынам рэвізскія душы названы памёршымі. Пад гэтым, магчыма, яны мелі ласку разумець блізкіх да смерці, а не памёршых. Дый сама такая назва паказвае ўжо вывучэнне навук эмпірычнае [102 ], якое, мусіць, абмежавалася прыходскім вучылішчам, бо душа несмяротна».
«Шэльма!», сказаў, спыніўшыся, Кашкароў з самазадаволеннем: «Тут ён крышку ўкалоў вас. Але прызнайцеся, якое спрытнае пяро!»
«Па ІІ-е, ніякіх незакладзеных рэвізскіх, не толькі блізкіх да смерці, але і ўсякіх іншых, па маёнтку няма, бо ўсе разам не толькі закладзены без выключэння, але і перазакладзены, з дадаткам па паўтараста рублёў на душу, апрача невялікай вёсачкі Гурмайлаўкі, якая знаходзіцца ў спрэчным становішчы, з прычыны судовай справы з памешчыкам Прэдышчэвым і ў выніку гэтага пад забаронай, аб чым абвешчана ў 42 нумары «Московских Ведомостей».
«Дык чаму-ж вы мне гэтага не абвясцілі раней? Навошта праз глупства трымалі? сказаў усердзіўшыся Чычыкаў.
«Так! ды трэба-ж было, каб усё гэта вы ўбачылі праз папяровае афармленне. Гэтак не штука. Несвядома можа і дурань убачыць, але трэба свядома».
Узлаваны, схапіўшы шапку, Чычыкаў — бягом з дому, абмінаючы правіла прыстойнасці, ды ў дзверы: ён быў сярдзіты. Фурман стаяў з пралёткай напагатове, ведаў, што коней няма чаго адпрагаць, бо каб накарміць іх, спатрэбілася-б пісьмовая просьба, і рэзалюцыя выдаць авёс коням вышла-б толькі на другі дзень. Палкоўнік аднак-жа, выбег: ён сілком паціснуў яму руку, прыціснуў яе да сэрца і дзякаваў яго за тое, што ён даў яму выпадак ўбачыць, як сапраўды ідуць справы; што даць чосу і падварушыць трэба абавязкова, бо ўсё можа задрамаць і пружыны кіравання заіржавеюць і аслабнуць; што, з прычыны гэтага здарэння, прышла яму шчаслівая думка — стварыць новую камісію, якая будзе называцца камісія назірання за камісіяй пабудовы, так што ўжо тады ніхто не адважыцца ўкрасці.
Чычыкаў прыехаў сярдзіты і незадаволены, позна, калі ўжо даўно гарэлі свечкі.
«Што гэта вы так запазніліся?» сказаў Кастанжогла, калі ён з’явіўся ў дзвярах.
«Пра што вы гэта так доўга з ім гутарылі?» сказаў Платонаў.
«Такога дурня я яшчэ зроду не бачыў», сказаў Чычыкаў.
«Гэта яшчэ нічога», сказаў Кастанжогла. «Кашкароў — суцяшальнае з’явішча. Ён патрэбны таму, што ў ім адлюстроўваюцца карыкатурна і прыкметней глупствы ўсіх нашых разумнікаў, якія, не ўведаўшы раней свайго, набіраюцца дурнаты на чужыне. Вось якія памешчыкі цяпер з’явіліся: завялі і канторы, і мануфактуры, і школы, і камісію, і чорт іх ведае, чаго не завялі! Вось якавы гэтыя разумнікі! Былі паправіліся, пасля француза дванаццатага года, дык вось цяпер усё давай. разладжваць наноў. Горш-жа за француза разладзілі, так што цяпер які-небудзь Пётр Пятровіч Пятух яшчэ добры памешчык».
«Ды і ён-жа заклаў цяпер у ламбард», сказаў Чычыкаў.
«Ну, так, усё ў ламбард, усё пойдзе ў ламбард». Сказаўшы гэта, Кастанжогла стаў пакрысе злавацца. «Вунь капялюшны, свечны заводы, — з Лондана майстроў свечных выпісаў, гандляром зрабіўся! Памешчык — такое званне пачэснае — у мануфактурысты, у фабрыканты! Прадзільныя машыны... Мусліны шлюхам гарадскім, дзеўкам...»
«Ды і ў цябе-ж ёсць фабрыкі», заўважыў Платонаў.
«А хто іх заводзіў? Самі завяліся! Назбіралася шэрсці, збыць няма куды — я і пачаў ткаць сукны, ды і сукны тоўстыя, простыя, —па таннай цане іх тут-жа на рынках у мяне і разбіраюць, — мужыку патрэбныя, майму мужыку. Рыбіну луску скідалі на мой бераг на працягу шасці год запар прамыслоўцы, — ну, дзе яе падзець? я пачаў з яе варыць клей, ды сорак тысяч і ўзяў. У мяне-ж усё так».
«Вось чорт!» думаў Чычыкаў, гледзячы на яго ва ўсе вочы: «учэпістая якая лапа!»
«Дый то таму заняўся, што набрыло многа работнікаў, якія памёрлі-б ад голаду: галодны год, і ўсё з ласкі гэтых фабрыкантаў, якія праваронілі пасевы. Такіх фабрык у мяне, брат, збярэцца многа. Кожны год другая фабрыка, гледзячы па тым, ад чаго назбіралася рэшткаў і адкідаў. Разгледзь толькі пільней сваю гаспадарку, — кожная дрэнь дасць прыбытак, так што адкідаеш, кажаш: не трэба! Я-ж не будую для гэтага палацаў з калонамі ды з франтонамі».
«Гэта надзвычайна... Больш за ўсё здзіўляе тое, што кожная дрэнь дае прыбытак», сказаў Чычыкаў.
«Ды дайце рады! Калі-б толькі браць справу па-просту, як яна ёсць; а то-ж кожны — механік; кожны хоча адчыніць ларчык з інструментам, а не проста. Ён дзеля гэтага з’ездзіць знарок у Англію, вось у чым справа! Дурні!» Сказаўшы гэта, Кастанжогла плюнуў. «I ў сто разоў стане дурней пасля таго, як вернецца з-за граніцы».
«Ах, Канстанцін! ты зноў зазлаваў», сказала з трывогай жонка. «Ты-ж ведаеш, што гэта табе шкодна».
«Ды як-жа не злаваць? Добра, каб гэта было чужое, а то-ж гэта блізка ўласнаму сэрцу; крыўдна-ж, што рускі характар псуецца; цяпер-жа з’явілася ў рускім характары донкішоцтва, якога ніколі не было! Асвета прыдзе яму ў галаву— зробіцца Дон-Кішотам: завядзе такія школы, што дурню і ў думку не ўвойдзе. Выйдзе са школы такі чалавек, што нікуды не варты, ні ў вёску, ні ў горад, толькі што п’яніца, ды адчувае сваю годнасць. У чалавекалюбства падасца — зробіцца Дон-Кішотам чалавекалюбства: пабудуе на мільён самых бязладных больніц ды ўстаноў з калонамі, збяднее ды і пусціць усіх з торбай: вось табе і чалавекалюбства!»
Чычыкаву не да асветы была справа. Яму хацелася грунтоўна распытаць пра тое, як кожная дрэнь дае прыбытак: але ніяк не даў яму Кастанжогла ўставіць слова: зласлівая гаворка лілася з яго вуснаў, так што ўжо ён не мог яе стрымаць.
«Думаюць як адукаваць мужыка... ды ты зрабі яго раней багатым ды добрым гаспадаром, а там ён сам вывучыцца. Як-жа цяпер, у гэты час, увесь свет падурнеў, дык вы не можаце сабе ўявіць! Што пішуць цяпер гэтыя пстрыкуны! Пусціць які-небудзь кніжку, і так вось усе і кінуцца на яе... Вось што сталі гаварыць: «Селянін вядзе ўжо вельмі простае жыццё; трэба пазнаёміць яго з прадметамі раскошы, прышчапіць яму патрэбы звыш сродкаў...» Што самі, дзякуючы гэтай раскошы, зрабіліся анучамі, а не людзьмі, і хваробаў чорт ведае якіх набраліся і ўжо няма восемнаццацігадовага хлапчука, які-б не паспытаў усяго: і зубоў у яго няма, і пляшывы як пухір — дык хочуць цяпер і гэтых заразіць. Ды дзякуй богу, што ў нас засталося хоць адно яшчэ здаровае саслоўе, якое не пазнаёмілася з гэтымі прыхамацямі! За гэта мы проста павінны дзякаваць богу. Ды хлебароб у нас больш за ўсіх варты пашаны, — што вы яго чапаеце? Дай бог, каб усе былі [як] хлебароб!»
«Дык вы думаеце, што хлебаробствам больш прыбыткова займацца?» спытаў Чычыкаў.
«Больш законна, а не тое, каб больш прыбыткова. Урабляй зямлю ў поце твару свайго, сказана. Тут няма чаго мудрагеліць. Гэта ўжо вопытам стагоддзяў даведзена, што ў земляробчым званні чалавек больш маральны, больш чысты, больш высокародны, вышэйшы. Не гавару — не займацца іншым, але каб у падмурак лягло земляробства — вось што! Фабрыкі завядуцца самі сабой; ды завядуцца законныя фабрыкі,— таго, што трэба тут, пад рукой чалавеку на месцы, а не гэтыя ўсякія патрэбы, што расслабілі цяперашніх людзей. Не гэтыя фабрыкі, што потым, для падтрымкі і для збыту, ужываюць усе агідныя захады, разбэшчваюць, растляваюць няшчасны народ. Ды вось-жа не завяду ў сябе, як ты там ні кажы ў іх карысць, ніякіх гэтых прывіваючых вышэйшыя патрэбы вытворчасцей, ні табакі, ні цукру, хоць-бы страціў мільён. Няхай-жа, калі ўваходзіць распуста ў свет, дык не праз мае рукі! Няхай я буду перад богам чысты... Я дваццаць год жыву з народам; я ведаю, якія з гэтага вынікі».
«Для мяне дзіўней за ўсё, як пры разумным кіраванні, з рэшткаў, з абрэзкаў атрымліваецца і кожная дрэнь дае прыбытак».
«Гм! палітычныя эканомы!» гаварыў Кастанжогла, не слухаючы яго, з выразам зласлівага сарказма на твары. «Што тыя палітычныя эканомы! Дурань на дурні сядзіць і дурнем паганяе — далей свайго дурнога носа не бачаць! Асёл, а яшчэ ўзлезе на кафедру, уздзене акуляры... Дурні!» і ў гневе ён плюнуў.
«Усё гэта так і ўсё справядліва, толькі калі ласка не злуйся», сказала жонка: «як быццам нельга гаварыць аб гэтым, не трацячы вытрымкі».
«Слухаючы вас, паважанейшы Канстанцін Фёдаравіч, паглыбляешся, так сказаць, у сэнс жыцця, мацаеш самое ядро справы. Але, пакінуўшы агульналюдскае, дазвольце звярнуць увагу на прыватнае. Калі-б, скажам, зрабіўшыся памешчыкам, прышла мне думка за нядоўгі час разбагацець так, каб тым, так сказаць, выканаць істотны абавязак грамадзяніна, дык якім чынам, як зрабіць?»
«Як зрабіць, каб разбагацець?» падхапіў Кастанжогла. «А вось як...»
«Пойдзем вячэраць», сказала гаспадыня, падняўшыся з канапы, і выступіла на сярэдзіну пакоя, захутваючы ў шаль маладыя, празябшыя свае члены.
Чычыкаў падхапіўся з крэсла са спрытам амаль ваеннага чалавека, каромыслам падставіў ёй руку, і павёў яе парадна цераз два пакоі ў сталовую, дзе ўжо на стале стаяла супавая міска і, пазбаўленая накрыўкі, разлівала прыемную пахкасць супу, насычанага свежай зелянінай і першым карэннем вясны. Усе селі за стол. Слугі, жвава паставілі на стол усе стравы разам, у закрытых соусніках, і ўсё што трэба, і зараз-жа вышлі: Кастанжогла не любіў, каб лакеі слухалі панскія размовы, а яшчэ больш, каб глядзелі яму ў рот, калі ён есць.
Насёрбаўшыся супу і выпіўшы чарку нейкага выдатнага пітва, падобнага да венгерскага, Чычыкаў сказаў гаспадару так: «Дазвольце, паважанейшы, зноў вярнуць вас да прадмета спыненай размовы. Я пытаў вас пра тое, як быць, як зрабіць, як лепш узяцца» [103 ].
... «Маёнтак, за які калі-б ён запрасіў і 40 тысяч, я яму зараз-жа адлічыў-бы».
«Гм!» Чычыкаў задумаўся: «А чаму-ж вы самі», прамовіў ён з некаторай нясмеласцю: «не купляеце яго?»
«Ды, трэба ведаць нарэшце межы. У мяне і апрача таго многа клопату каля сваіх маёнткаў. Да таго-ж у нас дваране і так ужо крычаць на мяне, быццам я, карыстаючыся з крайнасцей і са збяднелага іх становішча, скупляю зямлю за бесцань. Гэта мне ўжо нарэшце надакучыла».
«Як наогул людзі здольны да зласлоўнасці!» сказаў Чычыкаў.
«А ўжо як у нашай губерні, — не можаце сабе ўявіць: мяне інакш і не называюць, як сквалыгам і скнарай першай ступені. Сабе яны ўсё прабачаюць. «Я», кажа «вядома ўсё прашэйгаў, але таму, што жыў вышэйшымі патрэбамі жыцця, заахвочваў прамыслоўцаў [шэльмаў, гэта значыць, якія тру...]; а гэтак, бадай што, можна пражыць свіннёй, як Кастанжогла».
«Хацеў-бы я быць такой свіннёй!» сказаў Чычыкаў.
«I лухта. Якія вышэйшыя патрэбы? Каго яны ашукваюць? Кнігі хоць ён і завядзе, але-ж іх не чытае. Справа скончыцца картамі ды... I ўсё таму, што не наладжваю абедаў ды не пазычаю ім грошай. Абедаў я таму не наладжваю, што гэта мяне-б абцяжвала: я да гэтага не прывык. А прыязджай да мяне есці тое, што я ем, — калі ласка, просім. Не пазычаю грошай — гэта глупства. Прыязджай да мяне той, каму сапраўды патрэбны, ды раскажы мне грунтоўна, які ўжытак ты дасі маім грашам: калі я ўбачу з тваіх слоў, што ты скарыстаеш іх разумна і грошы прынясуць табе відавочны прыбытак, — я табе не адмоўлю і не вазьму нават процантаў».
«Гэта, аднак-жа, трэба прыняць да ведама», падумаў Чычыкаў.
«I ніколі не адмоўлю», гаварыў далей Кастанжогла. «Але кідаць грошы на вецер я не буду. Няхай ужо мне гэта прабачаць! Чорт вазьмі! Ён ладзіць там які-небудзь абед для каханкі, або з шалёнай раскошай прыбірае мэбляй дом, ці з распусніцай у маскарад, юбілей там які-небудзь у памяць таго, што ён марна пражыў на свеце, а яму грошы пазычай!»
Тут Кастанжогла плюнуў і ледзь-ледзь не сказаў некалькі непрыстойных і брыдкіх слоў у прысутнасці жонкі. Суровы цень цёмнай іпахондрыі сцьмяніў яго твар. Уздоўж ілба і ўпоперак яго сабраліся зморшчкі, выкрыкваючы гнеўны рух усхваляванай жоўці.
«Дазвольце мне, глыбокапаважаны мной, вярнуць вас зноў да прадмета спыненай размовы», сказаў Чычыкаў, выпіваючы яшчэ чарку малінаўкі, якая сапраўды была выдатная. «Калі-б, скажам, я набыў той самы маёнтак, пра які вы прыгадвалі, дык за які час і як хутка можна разбагацець у такой ступені...»
«Калі вы хочаце», падхапіў сурова і адрывіста Кастанжогла, апанаваны благім настроем, «разбагацець хутка, дык вы ніколі не разбагацееце; калі-ж хочаце разбагацець, не пытаючыся пра тэрмін, дык разбагацееце хутка».
«Вось яно як!» сказаў Чычыкаў.
«Так», сказаў Кастанжогла адрывіста, нібы сапраўды ён злаваў на самога Чычыкава: «патрэбна мець любоў да працы: без гэтага нічога нельга зрабіць. Трэба палюбіць гаспадарку, — так! I паверце, гэта зусім не нудна. Выдумалі, што ў вёсцы нуда... ды я памёр-бы ад нуды, калі-б хоць адзін дзень правёў у горадзе так, як праводзяць яны ў гэтых бязглуздых сваіх клубах, тракцірах, ды тэатрах. Дурні, дурні, аслінае пакаленне! Гаспадару нельга, няма часу нудзіцца. У жыцці яго і на поўвяршка няма пустаты — усё паўната. Адна гэта рознастайнасць заняткаў, і прытым якіх заняткаў! — заняткаў, ісцінна ўзвышаючых дух. Як-бы там ні было, але-ж тут чалавек ідзе поруч з прыродай, з порамі года, саўдзельнік і суразмоўнік усяго, што адбываецца ў тварэнні. Разгледзьце вось кругавы год працы: як, яшчэ раней, чым надыйдзе вясна, усё ўжо напагатове, і чакае яе: падрыхтоўка насення, пераборка, перамерка ў свірнах збожжа і перасушка; устаноўка новых цяглаў [104 ]. Усё аглядаецца раней і ўсё разлічваецца напачатку. А як паломіцца лёд ды пойдуць рэкі, ды высахне ўсё і пойдзе ўскопвацца зямля — у гародах і садах працуе рыдлёўка, на палях саха і бароны; пасадка, сяўба і засевы. Ці разумееце, што гэта? Дробязь! будучы ўраджай сеюць! Вялікае шчасце ўсёй зямлі сеюць! Харчаванне мільёнаў сеюць! Надыйшло лета... А тут касьба, касьба... І вось закіпела раптам жніво; за жытам пайшло жыта, а там пшаніца, а там і ячмень, і авёс. Усё кіпіць; нельга прапусціць хвіліны; хоць дваццаць вачэй май, усім ім работа. А як адсвяткуецца ўсё, ды пойдзе звозіцца ў гумны, складацца ў сцірты, ды ворыва на зіму, ды падлада свірнаў да зімы, гумнаў, двароў для жывёлы і ў той-жа час усе бабскія работы, ды падаб’еш усяму вынікі і ўбачыш, што зроблена, — ды гэта-ж... А зіма!.. Малацьба ва ўсіх гумнах; перавозка перамалочанага збожжа з гумнаў у свірны. Ідзеш у млын, ідзеш і на фабрыкі, ідзеш зірнуць і на рабочы двор, ідзеш і да мужыка, як ён там на сябе завіхаецца. Ды для мяне, проста, калі цясляр добра валодае тапаром, я дзве гадзіны гатоў прастаяць перад ім: так весяліць мяне работа. А калі бачыш яшчэ, што ўсё гэта з нейкай мэтай творыцца, як навокал цябе ўсё намнажаецца ды намнажаецца, прыносячы плён ды прыбытак, — ды я і расказаць не магу, што тады ў табе робіцца. I не таму, што растуць грошы, — грошы грашамі, але таму, што ўсё гэта справа рук тваіх; таму што бачыш, як ты ўсяму прычына, ты тварэц, і ад цябе, як ад якога-небудзь чарадзея, сыплецца дастатак і дабро на ўсё. Ды дзе вы знойдзеце мне роўную асалоду?» сказаў Кастанжогла, і твар яго прыўзняўся ўгору, зморшчкі зніклі. Як цар, у дзень урачыстага вянчання свайго, ззяў ён увесь, і, здавалася, нібы праменне выходзіла з яго твару. «Так, у цэлым свеце не адшукаеце вы падобнай асалоды! Тут іменна наслядуе богу чалавек: бог узяў сабе справу тварэння, як вышэйшую з усіх асалод, і патрабуе ад чалавека таксама, каб ён быў падобным тварцом благадзенства навокал сябе. I гэта называюць нуднай справай!»
Як спеву райскай птушкі, заслухаўся Чычыкаў салодкагучнай гаспадаровай гутаркі. Глыталі слінкі яго вусны. Самыя вочы зрабіліся масляністымі і мелі салодкі выраз, і ўсё-б ён слухаў.
«Канстанцін! пара ўставаць», сказала гаспадыня, прыўзняўшыся з крэсла. Усе ўсталі. Падставіўшы руку каромыслам, павёў Чычыкаў зноў гаспадыню, але ўжо нехапала спрыту ў яго рухах, таму што думкі былі заняты істотнымі абаротамі.
«Што ні расказвай, а ўсё, аднак-жа, нудна», гаварыў, ідучы ззаду іх, Платонаў.
«Госць не дурны чалавек», думаў гаспадар: «уважлівы, сталы ў словах і не пстрыкун». I падумаўшы так, стаў ён яшчэ весялейшы, як быццам сам разагрэўся ад сваёй гутаркі, і як быццам святкуючы, што адшукаў чалавека, які ўмее слухаць разумныя парады.
Калі потым змясціліся яны ўсе ва ўтульным пакоі, які быў азароны свечкамі, насупраць балкона і шкляных дзвярэй у сад, і глядзелі да іх адтуль зоры, якія блішчалі над верхавінамі заснуўшага сада,— Чычыкаву зрабілася так прытульна, як не было даўно: быццам пасля доўгай вандроўкі прыняў ужо яго родны дах і, дасягнуўшы ўсяго, ён ужо атрымаў усё, што жадалася і кінуў вандроўніцкі кій, сказаўшы: «досыць!» Такі чароўны настрой навяла яму на душу разумная гутарка гасціннага гаспадара. Ёсць для кожнага чалавека такія размовы, якія быццам бліжэй і радней яму ад усякіх іншых размоў. I часта нечакана, у глухой, забытай глушы, на бязлюдным бязлюддзі, сустрэнеш чалавека, саграваючая гутарка якога прымусіць забыць цябе і бездарожжа дарогі, і беспрытульнасць начлегаў, і бязладнасць сучаснага шуму, і манлівасць падманаў, што ашукваюць чалавека. I яскрава ўрэжацца, раз назаўсёды і навекі, праведзены такім чынам вечар, і ўсё ўтрымае верная памяць: і хто прысутнічаў, і хто на якім месцы сядзеў, і што было ў руках яго, — сцены, куткі і розную драбязу.
Так і Чычыкаву прыкмецілася ў той вечар усё: і гэты прыемны, проста прыбраны пакой, і дабрадушны выраз, які панаваў на твары разумнага гаспадара, але нават і рысунак шпалераў... і паданая Платонаву люлька з бурштынавым цыбуком, і дым, які ён пачаў пускаць у таўстую морду Ярбу, і порсканне Ярба, і смех мілавіднай гаспадыні, што перапыняўся словамі: «досыць, не муч яго», і вясёлыя свечкі, і цвыркун у кутку, і шкляныя дзверы, і вясновая ноч, якая глядзела да іх адтуль, абапёршыся на верхавіны дрэў, асыпаная зорамі, напоўненая спевамі салаўёў, якія гучна высвіствалі з глыбіні зялёналістых гушчараў.
«Салодка мне чуць вашу размову, глыбокапаважаны мой Канстанцін Фёдаравіч!» сказаў Чычыкаў. «Магу сказаць, што не сустракаў ва ўсёй Расіі чалавека, розумам падобнага да вас».
Ён усміхнуўся. Ён сам адчуваў, што не няшчырымі былі гэтыя словы. «Не, ужо калі хочаце ведаць разумнага чалавека, дык у нас сапраўды ёсць адзін, пра якога сапраўды можна сказаць — разумны чалавек, якога я і падноска не варт».
«Хто-ж бы такі мог быць?» са здзіўленнем запытаў Чычыкаў.
«Гэта наш адкупшчык Муразаў».
«Другі ўжо раз пра яго чую!» ускрыкнуў Чычыкаў.
«Гэта чалавек, які не толькі маёнткам памешчыка, цэлай дзяржавай пакіруе. Каб была ў мяне дзяржава, я яго зараз-жа зрабіў-бы міністрам фінансаў».
«І, кажуць, чалавек, які перавышае меру ўсякай верагоднасці: дзесяць мільёнаў, кажуць, нажыў».
«Якое дзесяць! пераваліла за сорак. Хутка палавіна Расіі будзе ў яго руках».
«Што вы кажаце!» ускрыкнуў Чычыкаў, вылупіўшы вочы і разявіўшы рот.
«Абавязкова. Гэта зразумела. Павольна багацее той, у каго якія-небудзь сотні тысяч; а ў каго мільёны, у таго радыус вялікі: што ні захопіць, дык удвая і ўтрая супроць сябе самога: поле вось, поле дзейнасці надта прасторнае. Тут ужо і супернікаў няма. З ім няма каму цягацца. Якую цану чаму не назначыць, такая і застанецца: няма каму перабіць».
«Госпадзі ты, божа мой!» прамовіў Чычыкаў, перахрысціўшыся. Глядзеў Чычыкаў у вочы Кастанжогла — захапіла дух у грудзях яму. «Розумам не ахапіць! Камянее думка ад страху! Здзіўляюцца мудрасці промысла, разглядаючы казюльку: для мяне больш здзіўляюча тое, што ў руках смяротнага могуць абарочвацца такія велізарныя сумы. Дазвольце запытаць адносна некаторых акалічнасцей: скажыце, гэта-ж, зразумела, спачатку набыта не без граху?»
«Самым бездакорным шляхам і самымі справядлівымі сродкамі».
«Не паверу! Неверагодна! Калі-б тысячы, але мільёны...»
«Наадварот, тысячы цяжка без граху, а мільёны нажываюцца лёгка. Мільёншчыку няма чаго звяртацца да ўскосных шляхоў: простай дарогай так і ідзі, усё бяры, што ні ляжыць перад табой. Іншы не падыме: не кожнаму пад сілу, — няма супернікаў. Радыус вялікі; кажу: што ні захопіць — удвая або ўтрая супроць... А з тысячы што—дзесяты, дваццаты процант».
«I што найбольш непасцігальна — што справа-ж пачалася з капейкі».
«Ды інакш і не бывае. Гэта законны парадак рэчаў», сказаў Кастанжогла. «Хто нарадзіўся з тысячамі, выхаваўся на тысячах, той ужо не набудзе, у таго ўжо завялася і прыхамаць, і ці мала чаго няма! Пачынаць трэба з пачатку, а не з сярэдзіны, — з капейкі, а не з рубля, — знізу, а не зверху: тут толькі добра ўведаеш людзей і побыт, паміж якіх прыдзецца потым выкручвацца. Як выцерпіш на ўласнай скуры тое ды іншае, ды як уведаеш, што кожная капейка алтынным [105 ] цвіком прыбіта, ды як пяройдзеш праз усе мытарствы, — тады дасведчышся і вымуштруешся [так], што не прамахнешся ні ў якім пачынанні не абарвешся. Паверце, гэта праўда. З пачатку трэба пачынаць, а не з сярэдзіны. Хто кажа мне: «Дайце мне 100 тысяч — я зараз разбагацею», я таму не паверу: ён б’е наўдачу, а не напэўна. З капейкі трэба пачынаць».
«У такім выпадку я разбагацею», сказаў Чычыкаў, мімаволі падумаўшы пра мёртвыя душы: «бо сапраўды пачынаю з нічога».
«Канстанцін, час даць Паўлу Іванавічу адпачыць і паспаць», сказала гаспадыня: «а ты ўсё балбочаш».
«I абавязкова разбагацееце», сказаў Кастанжогла, не слухаючы гаспадыні. «Да вас пацякуць рэкі, рэкі золата. Не будзеце ведаць, куды падзець прыбыткі».
Як зачараваны сядзеў Павел Іванавіч у залатой краіне ўзрастаючых мар і лятункаў. Кружыліся яго думкі. Па залатым дыване будучых прыбыткаў залатыя ўзоры вышывала, разгуляўшыся, уяўленне, і ў вушах яго гучалі словы: «рэкі рэкі пацякуць...»
«Дапраўды, Канстанцін, Паўлу Іванавічу час спаць».
«Ды табе-ж што? Ну, і ідзі, калі захацелася», сказаў гаспадар і спыніўся, таму што гучна на ўвесь пакой разляглося храпенне Платонава, а следам за ім Ярб завёў яшчэ гучней. Заўважыўшы, што сапраўды пара на начлег, ён раскатурхаў Платонава, сказаўшы: «досыць табе храпці!» і пажадаў Чычыкаву спакойнай ночы. Усе разышліся і хутка заснулі ў сваіх пасцелях.
Аднаму Чычыкаву толькі не спалася. Яго думкі не ўтаймоўваліся. Ён абдумваў, як зрабіцца памешчыкам не фантастычнага, але сапраўднага маёнтка. Пасля размовы з гаспадаром усё рабілася так відавочна! Магчымасць разбагацець здавалася такой відавочнай! Цяжкая справа гаспадаркі рабілася цяпер такой лёгкай і зразумелай і здавалася такой уласцівай самой яго натуры! Толькі-б збыць у ламбард гэтых мерцвякоў ды займець не фантастычны маёнтак! Ужо бачылася яму, як ён дзейнічае і кіруе іменна так, як навучаў Кастанжогла — спрытна, асцярожна, нічога не завёўшы новага, не ўведаўшы наскрозь усяго старога, усё выглядзеўшы ўласнымі вачамі, усіх мужыкоў уведаўшы, усю раскошу ад сябе адкінуўшы, аддаўшы сябе толькі працы ды гаспадарцы. Ужо загадзя адчуваў ён тую прыемнасць, якую ён будзе мець, калі наладзіць стройны парадак і жвавым ходам рушацца ўсе пружыны гаспадарчай машыны, дзейна штурхаючы адна другую. Праца закіпіць, — і падобна да таго, як у рухлівым млыне хутка вымалваецца з зерня мука, пойдзе вымалвацца з усякага адкіду і друзу гатоўка ды гатоўка. Цудоўны гаспадар так і стаяў перад ім штохвілінна. Гэта быў першы чалавек ва ўсёй Расіі, да якога ён адчуў пашану асабістую. Дагэтуль паважаў ён чалавека або за добры чын, або за вялікія дастаткі; уласна за розум ён не паважаў яшчэ ні аднаго чалавека: Кастанжогла быў першы. Ён зразумеў, што з гэтым няма чаго кідацца на якія-небудзь штукі. Яго цікавіў іншы пражэкт—купіць маёнтак Хлабуева. Дзесяць тысяч у яго было; пятнаццаць тысяч меркаваў ён паспрабаваць пазычыць у Кастанжогла, паколькі ён сам абвясціў ужо, што гатоў дапамагчы кожнаму, хто жадае разбагацець; астатнія — як-небудзь, ці заклаўшы ў ламбард, або так проста, прымусіўшы чакаць. I гэта-ж магчыма: ідзі цягайся па судах, калі ёсць ахвота! I доўга ён пра гэта думаў. Нарэшце сон, які ўжо добрыя чатыры гадзіны трымаў увесь дом, як кажуць, у абдымках, прыняў нарэшце і Чычыкава ў свае абдымкі. Ён заснуў моцна.