Добрыя коні за нейкія поўгадзіны праймчалі Чычыкава праз дзесяцівёрстную прастору; спачатку дуброваю, потым праз збожжа, якое пачынала зелянець пасярод свежай раллі, потым чорнай ускраінай, з якой штохвілінна адкрываліся краявіды ў далечыню; потым шырокай алеяй ліп, ледзь пачынаўшых развівацца, прымчалі яго ў самую сярэдзіну вёскі. Тут алея ліп звярнула направа і, ператварыўшыся ў вуліцу таполяў, абгароджаных знізу плеценымі кошыкамі, уперлася ў чыгунныя скразныя вароты, праз якія выглядаў кучаравы багаты разьбяны франтон генеральскага дома, што абапіраўся на восем карынфскіх калон. Адусюль тхнула маслянай фарбай, якая ўсё абнаўляла і нічаму не давала састарыцца. Двор чыстатой быў падобны да паркета. З пашанай саскочыў Чычыкаў, загадаў аб сабе далажыць генералу і быў уведзены да яго проста ў кабінет. Генерал здзівіў яго велічным выглядам. Ён быў у атласным пікаваным халаце раскошнага пурпуру. Адкрыты позірк, мужны твар, вусы і вялікія бакенбарды з сівізной, стрыжка на патыліцы нізкая, пад грэбянец, шыя ззаду тоўстая, што называецца ў тры паверхі, або ў тры столкі, са шчылінай упоперак: словам — гэта быў адзін з тых карцінных генералаў, на якіх так багаты быў славуты 12-ы год. Генерал Бетрышчэў, як і шмат хто з нас, змяшчаў у сабе пры кучы вартасцей і кучу недахопаў. Тое і другое, як водзіцца ў рускім чалавеку, было накідана ў яго ў нейкім маляўнічым беспарадку. У рашучыя хвіліны — велікадушнасць, смеласць, бязмежная шчодрасць, розум ва ўсім і, у дамешак да гэтага, капрызы, чэсталюбства, самалюбства, і тыя дробныя асаблівасці, без якіх не абыходзіцца ніводзін рускі, калі ён сядзіць без справы і няма рашуч.... Ён не любіў усіх, хто вышаў наперад яго па службе, і адгукаўся аб іх уедліва ў калючых эпіграмах. Больш за ўсё перападала яго ранейшаму таварышу, якога лічыў ён ніжэй за сябе і розумам, і здольнасцямі, і які, аднак-жа, абагнаў яго і быў ужо генерал-губернатарам двух губерняў, і, як назнарок, тых, дзе знаходзіліся яго маёнткі, так што ён апынуўся нібыта ў залежнасці ад яго. Помсцячы, ён калоў яго пры кожным выпадку, ганьбіў усякае распараджэнне і бачыў ва ўсіх захадах і дзеяннях яго верх неразумнасці. У ім было ўсё неяк дзіўна, пачынаючы з асветы, якой ён быў прыхільнік і абаронца, любіў таксама ведаць тое, чаго іншыя не ведаюць, і не любіў тых людзей, якія ведаюць што-колечы такое, чаго ён не ведае.

Словам, ён любіў павыхваляцца розумам. Выхаваны напоўзамежным выхаваннем, ён хацеў адыграць у той-жа час ролю рускага пана. I не дзіўна, што з такой няроўнасцю ў характары, з такімі буйнымі, яркімі супроцьлегласцямі, ён павінен быў немінуча сустрэць мноства непрыемнасцей па службе, у выніку якіх і пайшоў у адстаўку, абвінавачваючы ва ўсім нейкую варожую партыю і не маючы велікадушнасці абвінаваціць у чымсьці самога сябе. У адстаўцы захаваў ён тую-ж карцінную велічную паставу. Ці ў сурдуце, ці ў фраку, ці ў халаце — ён быў усё той-жа. Ад голасу да найменшага руху цела, у ім усё было ўладарнае, загаднае, што выклікала ў ніжэйшых чынах калі не павагу, дык прынамсі боязнь.

Чычыкаў адчуў тое і другое: і павагу і боязнь. Нахіліўшы пачціва галаву набок і расставіўшы рукі наводлет, нібы рыхтаваўся прыўзняць імі паднос з кубкамі, ён наўздзіў спрытна нагнуўся ўсім корпусам і сказаў: «Палічыў за абавязак прадставіцца вашаму прэвасхадзіцельству. Адчуваючы павагу да доблесцей людзей, якія ратавалі айчыну на полі бітвы, палічыў за абавязак прадставіцца асабіста вашаму прэвасхадзіцельству».

Генералу, як відаць, не не спадабаўся такі пачатак. Зрабіўшы вельмі прыхільны рух галавой, ён сказаў: «Вельмі рады пазнаёміцца. Будзьце ласкавы садзіцца. Дзе вы служылі?»

«Шлях маёй службы», сказаў Чычыкаў, сядаючы ў крэсла не на сярэдзіну, а наўскос, і ўзяўшыся рукамі за ручку крэсла, «пачаўся ў казённай палаце, ваша прэвасхадзіцельства. Далейшы ход яе прарабляў у розных месцах: быў і ў народным судзе, і ў камісіі будаўніцтва, і ў мытніцы. Жыццё маё можна прыраўняць як-бы да судна сярод хваль, ваша прэвасхадзіцельства. Цярплівасцю, можна сказаць, спавіты, спялюшкаваны і, будучы, можна сказаць, сам увасабленнем цярплівасці... А што было ад ворагаў, якія рабілі замахі на самое жыццё, дык гэта ні словы, ні фарбы, ні самая, так сказаць, кісць не здолее перадаць, так што на схіле жыцця свайго шукаю толькі кутка, дзе-б правесці рэшту дзён. Прыпыніўся-ж пакуль што ў блізкага суседа вашага прэвасхадзіцельства...»

«У каго гэта?»

«У Тенцетнікава, ваша прэвасхадзіцельства».

Генерал паморшчыўся.

«Ён, ваша прэвасхадзіцельства, вельмі каецца ў тым, што не выказаў належнай павагі...»

«Да чаго?»

«Да заслуг вашага прэвасхадзіцельства. Не знаходзіць слоў... Кажа: «Калі-б я толькі мог чым-небудзь... таму што сапраўды», кажа, «умею цаніць мужоў, якія ратавалі айчыну», кажа».

«Паслухайце, што-ж ён? Ды я-ж не гневаюся», сказаў, памякчэўшы, генерал. «У маёй душы я шчыра палюбіў яго і ўпэўнены, што з часам ён будзе найкарыснейшы чалавек».

«Зусім справядліва мелі ласку выславіцца, ваша прэвасхадзіцельства: сапраўды найкарыснейшы чалавек; можа перамагаць і дарам слова і ўладае пяром».

«Але піша, я думаю, глупства — якія-небудзь вершыкі?»

«Не, ваша прэвасхадзіцельства, не глупства. Ён штосьці людскае... Ён піша... гісторыю, ваша прэвасхадзіцельства».

«Гісторыю? аб чым гісторыю?»

«Гісторыю...» тут Чычыкаў спыніўся, і ці таму, што перад ім сядзеў генерал, ці проста, каб надаць больш важнасці прадмету, дадаў: «гісторыю аб генералах, ваша прэвасхадзіцельства».

«Як аб генералах? аб якіх генералах?»

«Наогул аб генералах, ваша прэвасхадзіцельства, аб усіх разам. Гэта значыць, уласна кажучы, аб айчынных генералах».

Чычыкаў зусім заблытаўся і збянтэжыўся, ледзь не плюнуў сам і ў думках сказаў сам сабе: «Божа, што за глупства такое вярзу!»

«Выбачце, я не вельмі разумею... Што-ж гэта выходзіць, гісторыю якога-небудзь часу, або асобныя біяграфіі? і пры тым ці ўсіх, ці толькі тых, хто ўдзельнічаў у 12-м годзе?»

«Зусім так, ваша прэвасхадзіцельства, хто ўдзельнічаў у 12-м годзе!» Сказаўшы гэта, ён падумаў сам сабе: «Хоць забі, не разумею!»

«Дык чаму-ж ён да мяне не прыедзе? Я змог-бы сабраць яму вельмі многа цікавых матэрыялаў».

«Баіцца, ваша прэвасхадзіцельства».

«Якое глупства! Праз нейкае там пустое слова, што паміж намі прамовіў... Ды я зусім не такі чалавек. Я, бадай-што, сам да яго гатоў прыехаць».

«Ён да гэтага не дапусціць, ён сам прыедзе», сказаў Чычыкаў, супакоіўся і зусім падбадзёрыўся, і падумаў: «Якая аказія! Як генералы прышліся дарэчы! а гэта-ж язык балбатнуў з дурасці!»

У кабінеце пачуўся шолах. Арэхавыя дзверы разьбянай шафы адчыніліся самі сабой і на адчыненай адваротнай палавіне іх, ухапіўшыся рукой за медзяную ручку замка, з’явілася жывая фігурка. Калі-б у цёмным пакоі раптам успыхнула празрыстая карціна, моцна асветленая добра ззаду лямпамі, адна яна так не ўразіла-б раптоўнасцю свайго з’яўлення, як гэтая фігурка. Было відаць, што ўвайшла, каб штосьці сказаць, але ўбачыўшы незнаёмага чалавека... З ёй разам, здавалася, уляцеў сонечны прамень, быццам засмяяўся нахмураны кабінет генерала. Чычыкаў у першую хвіліну дакладна не мог вызначыць, што такое іменна перад ім стаяла. Цяжка было сказаць, якой краіны яна была ўраджэнка. Такога чыстага, высокароднага абрысу твару нельга было адшукаць нідзе, апрача можа толькі на адных старажытных камейках [93 ]. Простая і лёгкая, як стрэлка, яна ўзвышалася над усімі сваім ростам. Але гэта быў зман. Яна была зусім не высокага росту. Вынікала гэта ад незвычайна суладных суадносін паміж сабой усіх частак цела. Адзенне ляжала на ёй так, што здавалася, лепшыя краўчыхі раіліся паміж сабой, як-бы лепш прыбраць яе. Але гэта быў таксама зман. Апранулася яна як быццам сама сабой: у двух, трох месцах схапіла іголка сяк-так непакроены кавалак аднакаляровай тканіны, і ён ужо сабраўся і размясціўся вакол яе ў такіх зборах і фальбонах, што калі-б перанесці іх разам з ёю на карціну, усе паненкі, апранутыя па модзе, здаваліся-б перад ёй нейкімі стракаткамі, вырабам ласкутнага раду. I калі-б перанесці яе з усімі гэтымі зборкамі ахінуўшай яе сукні на мрамар, назвалі-б яго копіяй геніяльных... Адно было нядобра: яна была занадта ўжо тонкая і худая.

«Рэкамендую вам маю дуронніцу!» сказаў генерал, звяртаючыся да Чычыкава. Аднак-жа прозвішча вашага, імя і імя па бацьку да гэтага часу не ведаю».

«Ды і ці павінна быць вядома імя і прозвішча чалавека, які не адзначыў сябе доблесцямі?» сказаў скромна Чычыкаў, нахіліўшы галаву набок.

«Усё-ж, аднак-жа, трэба ведаць...»

«Павел Іванавіч, ваша прэвасхадзіцельства», сказаў Чычыкаў, пакланіўшыся са спрытам амаль ваеннага чалавека і адскочыўшы назад з лёгкасцю гумавага мячыка.

«Улінька!» сказаў генерал, звярнуўшыся да дачкі: «Павел Іванавіч зараз сказаў вельмі цікавую навіну. Сусед наш Тенцетнікаў зусім не такі дурны чалавек, як мы меркавалі. Ён займаецца досыць важнай справай: гісторыяй генералаў дванаццатага года».

«Ды хто-ж думаў, што ён дурны чалавек?» прагаварыла яна хутка. «Хіба адзін толькі Вішнепакромаў, якому ты верыш, які і пусты і нізкі чалавек!»

«Чаму-ж нізкі? Ён пуставаты, гэта праўда», сказаў генерал.

«Ён падлаваты і паганы, не толькі што пуставаты. Хто так пакрыўдзіў сваіх братоў і выгнаў з дому родную сястру, той паганы чалавек».

«Ды гэта-ж расказваюць толькі».

«Такіх рэчаў расказваць не будуць дарэмна. Я не разумею, бацька, як з такой добрай душой, як у цябе, і такім рэдкім сэрцам ты будзеш прымаць чалавека, каторы як неба ад зямлі ад цябе, пра каторага сам ведаеш, што ён кепскі».

«Вось гэтак, вы бачыце», сказаў генерал, усміхаючыся, Чычыкаву, «вось гэтак мы заўсёды з ёй спрачаемся». I, звярнуўшыся да дачкі, гаварыў далей:

«Душа мая! Аднак-жа мне-ж не прагнаць яго?»

«Навошта праганяць? Але навошта і выказваць яму такую ўвагу? навошта і любіць?»

Тут Чычыкаў знайшоў патрэбным уставіць і ад сябе слова.

«Усе патрабуюць да сябе любві, сударыня», сказаў Чычыкаў. «Што-ж рабіць? I жывёлінка любіць, каб яе пагладзілі; праз хлеў прасадзіць для гэтага морду: на, пагладзь!»

Генерал засмяяўся. «Іменна прасадзіць морду: пагладзь яго!.. Ха, ха, ха. У яго не толькі рыла ўсё, увесь, увесь загрывак у сажы, а таксама патрабуе, як кажуць, заахвочвання... Ха, ха, ха, ха!» I тулава генерала пачало гойдацца ад смеху. Плечы, якія насілі некалі густыя эпалеты, трэсліся, як быццам сапраўды насілі і дасюль густыя эпалеты.

Чычыкаў таксама разрадзіўся выклічнікамі смеху, але з павагі да генерала, пусціў іх на літару е: хе, хе, хе, хе, хе. I тулава яго таксама пачало гойдацца ад смеху, хоць плечы і не трэсліся, таму што не насілі густых эпалет.

«Абрабуе, абкрадзе казну ды яшчэ і, шэльма, узнагарод просіць! Нельга, кажа, без заахвочвання, працаваў... Ха, ха, ха, ха!»

Хваравітае пачуццё з’явілася на высокародным, мілым твары дзяўчыны. «Ах, тата! Я не разумею, як ты можаш смяяцца! На мяне гэтыя несумленныя ўчынкі наводзяць сум і нічога больш. Калі я бачу, што на вачах ва ўсіх творыцца ашуканства і не караюцца гэтыя людзі агульнай пагардай, я не ведаю, што са мной робіцца, я на той час раблюся злой, нават дрэннай; я думаю, думаю...» I ледзь не заплакала сама.

«Толькі, калі ласка, не гневайся на нас», сказаў генерал. «Мы тут ні ў чым не вінаваты. Ці не праўда?» сказаў ён, звяртаючыся да Чычыкава. «Пацалуй мяне і ідзі да сябе. Я зараз буду апранацца к абеду. Ты-ж», сказаў ён, паглядзеўшы Чычыкаву ў вочы: «спадзяюся, абедаеш у мяне?»

«Калі толькі, ваша прэвасхадзіцельства...»

«Без чыноў, што тут? Я-ж яшчэ, дзякуй богу, магу накарміць. Капуста ёсць».

Спрытна выкінуўшы абедзве рукі наводлет, Чычыкаў удзячна і з пашанай нахіліў галаву ўніз, так што на нейкі час зніклі з яго позірку ўсе прадметы ў пакоі, і былі відаць яму толькі адны наскі сваіх уласных чаравікаў. Калі-ж, прабыўшы некалькі часу ў такім пачцівым становішчы, прыўзняў ён галаву зноў угору, ён ужо не бачыў Улінькі. Яна знікла. Замест яе з’явіўся, з густымі вусамі і бакенбардамі, волат-камердынер, з срэбранай міскай і рукамыйнікам у руках.

«Ты мне дазволіш апранацца пры табе?»

«Не толькі апранацца, але можаце рабіць пры мне ўсё, што пажадана вашаму прэвасхадзіцельству».

Спусціўшы з адной рукі халат і закасаўшы рукавы кашулі на багатырскіх руках, генерал пачаў мыцца, пырскаючыся і пырхаючы як качка. Вада з мылам ляцела ва ўсе бакі.

«Любяць, любяць, сапраўды любяць заахвочванне», сказаў ён, выціраючы з усіх бакоў сваю шыю... «Пагладзь, пагладзь яго! а без заахвочвання дык і красці не будзе! Ха, ха, ха!»

Чычыкаў быў у невыказна добрым настроі. Раптам наляцела на яго натхненне. «Генерал весялун і дабрак — папрабаваць!» падумаў ён і, убачыўшы, што камердынер з міскай вышаў, ускрыкнуў: «Ваша прэвасхадзіцельства! паколькі вы ўжо такі добры да ўсіх і ўважлівы, маю да вас надзвычайную просьбу»

«Якую?» — Чычыкаў азірнуўся навакол.

«Ёсць, ваша прэвасхадзіцельства, старэзны дзядзька, у яго трыста душ і дзве тысячы... і, апроч мяне, наследнікаў нікога. Сам кіраваць маёнткам, па старасці, не можа, а мне не перадае таксама. I які дзіўны падае рэзон! «Я», кажа: «пляменніка не ведаю; можа быць, ён мантач. Хай ён пераканае мяне, што ён надзейны чалавек: хай набудзе раней сам сабой трыста душ; тады я яму аддам і свае трыста душ».

«Дык што-ж ён, значыцца, зусім дурань?» спытаў генерал.

«Дурань гэта-б нічога, гэта пры ім-бы і засталося. Але маё становішча вось, ваша прэвасхадзіцельства! У дзядулькі завялася нейкая ключніца, а ў ключніцы дзеці. I не агледзішся як усё пяройдзе ім».

«Выжыў дурны стары з розуму і больш нічога», сказаў генерал. «Толькі я не бачу, чым тут я магу дапамагчы?» казаў ён, гледзячы са здзіўленнем на Чычыкава.

«Я прыдумаў вось што. Калі вы ўсіх мёртвых душ вашай вёскі, ваша прэвасхадзіцельства, перадасцё мне ў такім выглядзе, як быццам яны ёсць жывыя, са складаннем купчай крэпасці, я-б тады гэтую крэпасць паказаў старому, і ён-бы спадчыну мне аддаў».

Тут генерал выбухнуў такім смехам, якім наўрад ці калі смяяўся чалавек. Як стаяў, так і паваліўся ён у крэсла. Галаву закінуў назад і ледзь не захлынуўся. Увесь дом устрывожыўся. З’явіўся камердынер. Прыбегла перапалоханая дачка.

«Бацька, што з табой здарылася?» гаварыла яна ў страху, з неўразуменнем гледзячы яму ў вочы.

Але генерал доўга не мог праказаць ніякага гуку.

«Нічога, друг мой; не клапаціся. Ідзі да сябе; мы зараз з’явімся абедаць. Будзь спакойна. Ха, ха, ха!»

I, некалькі разоў задыхнуўшыся, вырваўся з новай сілай генеральскі рогат, разлягаючыся ад пярэдняга да апошняга пакоя.

Чычыкаў быў у трывозе.

«А дзядзька, а дзядзька! у якіх дурнях будзе дзядзька! Ха, ха, ха! Мерцвякоў замест жывых атрымае! Ха, ха!»

«Зноў пайшоў!» думаў сам сабе Чычыкаў. «Вось які казытлівы! Як не разарвецца!»

«Ха, ха, ха!» далей рагатаў генерал. «Які асёл! Вось прыдзе-ж у галаву такое патрабаванне: хай раней сам сабой з нічога дастане трыста душ, дык тады дам яму трыста душ! Ён-жа асёл!»

«Асёл, ваша прэвасхадзіцельства».

«Ну, дый твая штучка пачаставаць старога мерцвякамі! Ха, ха, ха! Я бог ведае што-б даў, каб пабачыць, як ты яму паднясеш на іх купчую крэпасць. Ну, што ён? Як ён выглядае? Вельмі стары?»

«Год восемдзесят».

«Аднак-жа і рухаецца, бадзёры? Ён-жа павінен быць і дужым, бо пры ім-жа жыве і ключніца?..»

«Якая дужасць! Пясок сыплецца, ваша прэвасхадзіцельства».

«Які дурань! Ён-жа дурань?»

«Дурань, ваша прэвасхадзіцельства».

«Аднак-жа выязджае? бывае ў кампаніях? трымаецца яшчэ на нагах?»

«Трымаецца, але з цяжкасцю».

«Які дурань! Але моцны, аднак-жа? Ёсць яшчэ зубы?»

«Два зубы ўсяго, ваша прэвасхадзіцельства».

«Які асёл! Ты, братка, не гневайся... Хоць ён табе і дзядзька, а ён-жа асёл».

«Асёл, ваша прэвасхадзіцельства. Хоць і сваяк, і цяжка прызнавацца ў гэтым, але што-ж рабіць?»

Чычыкаў хлусіў: яму зусім не цяжка было прызнавацца, тым больш, што наўрад ці быў у яго калі-небудзь які дзядзька.

«Дык, ваша прэвасхадзіцельства, аддасце мне...»

«Ці аддам табе мёртвыя душы? Ды за такую выдумку я іх табе з зямлёй, з жытлом! Вазьмі сабе ўсе могілкі! Ха, ха, ха, ха!

Стары, вось стары! Ха, ха, ха, ха! У якіх дурнях будзе дзядзька! Ха, ха, ха, ха!..»

I генеральскі смех пайшоў разлягацца зноў па генеральскіх пакоях [94 ].