РАЗДЗЕЛ I

Навошта-ж маляваць беднасць, ды беднасць, ды недасканаласць нашага жыцця, выкапваючы людзей з глушы, з аддаленых закуткаў дзяржавы? Што-ж рабіць, калі такія ўжо ўласцівасці аўтара, і, захварэўшы на ўласную недасканаласць, ужо і не можа маляваць ён нічога іншага, як толькі беднасць, ды беднасць, ды недасканаласць нашага жыцця, выкапваючы людзей з глушы, з аддаленых закуткаў дзяржавы? I вось зноў трапілі мы ў глуш, зноў напаткалі закутак! Затое якая глуш і які закутак!

Як быццам велізарны вал нейкай бясконцай крэпасці, з нарожнікамі і байніцамі, ішлі, віючыся, больш, як на тысячу вёрст, горныя ўзвышшы. З надзвычайнай прыгажосцю ўзносіліся яны над бясконцымі прасторамі далін, то адломамі, у выглядзе стромкіх вапенна-гліністых сцен, скрэсленых праточынамі і калдобінамі, то хораша закругленаю зялёнаю пукатасцю, укрытай, нібы мярлушкамі, маладым хмызняком, які ўзнімаўся ад ссечаных дрэў, то, нарэшце, цёмнымі гушчарамі лесу, што нейкім цудам яшчэ ўцалеў ад тапара. Рака, то, верная сваім берагам, рабіла разам з імі калены і павароты, то адыходзіла прэч у лугі, для таго, каб, закруціўшыся там у некалькі закрутаў, бліснуць, як агонь, перад сонцам, і схавацца ў гаі бяроз, асін і алешніку і выбегчы адтуль ва ўрачыстасці, у суправаджэнні мастоў, млыноў і грэбляў, якія нібыта ганяюцца за ёю на кожным павароце.

У адным месцы круты бок узвышшаў прыбіраўся гусцей у зялёныя кудзеры дрэў. Штучнай пасадкай, дзякуючы няроўнасці гарыстага яру, поўнач і поўдзень расліннага царства сабраліся сюды разам. Дуб, елка, лясная ігруша, клён, вішняк і цярніна, чыліга і рабіна, аблытаная хмелем, то дапамагаючы адно аднаму расці, то глушачы адно аднаго, лезлі па ўсёй гары, знізу да верху. Наверсе-ж, каля самага яе цемя, прымешваліся да іх зялёных верхавін чырвоныя дахі, панскі будынак, канькі і грабяні хат, што схаваліся ззаду, верхняя надбудова панскага дома, з разьбяным балконам і вялікім поўкруглым акном. I над усім гэтым зборышчам дрэў і дахаў узносілася паўзверх усяго сваімі пяццю пазалочанымі, ззяючымі купаламі старадаўняя вясковая царква. На ўсіх яе главах стаялі залатыя праразныя крыжы, умацаваныя залатымі праразнымі ланцугамі, так што здалёк, здавалася, вісела ў паветры нічым не падтрыманае, ззяючае гарачымі чырвонцамі золата. I ўсё гэта, перакуленае верхавінамі, дахамі, крыжамі ўніз, прыгожа адлюстроўвалася ў рацэ, дзе пачварна-дуплістыя вербы, адны стоячы каля берагоў, другія зусім у вадзе, апусціўшы туды і галлё і лісце, аблытанае слізкай бадзягай, якая плавала па вадзе разам з жоўтымі стаўбунчыкамі вадзяніцы, як быццам разглядалі гэты цудоўны адбітак.

Від быў вельмі прыгожы, але від зверху ўніз, з надбудовы дома ў далеч, быў яшчэ лепшы. Безуважна не мог выстаяць на балконе ніякі госць і наведвальнік. Ад здзіўлення ў яго займала ў грудзях дух, і ён толькі ўскрыкваў: «божа, як тут прасторна!» Без канца, без краю разлягаліся прасторы: за лугамі з мноствам гаёў і вадзяных млыноў, у некалькі зялёных паясоў, зелянелі лясы; за лясамі, праз паветра, што пачынала ўжо рабіцца імглістым, жаўцелі пяскі, і зноў лясы, якія ўжо сінелі, як мора або шырока разліты туман; і зноў пяскі, яшчэ блядней, але ўсё яшчэ жаўцеўшыя. У далечыні на небасхіле ляжалі грэбянём крэйдавыя горы, якія блішчэлі бялотай нават і ў непагадзь, быццам іх асвятляла вечнае сонца. Па іх сліпучай бялоце каля падэшваў, мясцінамі гіпсавых, мільгалі туманна-шызыя плямы, якія быццам дыміліся. Гэта былі далёкія вёскі, але іх ужо не магло разгледзець людское вока. Толькі іскра залатой царкоўнай макаўкі, успыхваючы пры сонечным асвятленні, сведчыла, што гэта было люднае вялікае паселішча. Усё гэта было ахутана ў цішыню непарушную, якую не абуджалі нават адгалоскі паветраных спевакоў, што ледзь даляталі да слыху і гінулі ў прасторах. Словам — госць, стоячы на балконе, і пасля якога-небудзь двухгадзіннага сузірання нічога іншага не мог вымавіць, як толькі «божа, як тут прасторна!»

Хто-ж быў жыхар і ўласнік гэтай вёскі, да якой, як да непадступнай крэпасці, нельга было і пад’ехаць адсюль, а трэба было пад’язджаць з другога боку, дзе дубы ўроссып ветліва сустракалі пад’язджаўшага гасця, распасціраючы разлогае галлё, як сяброўскія абдымкі, і праводзячы яго да ганку таго самага дома, верхавіну якога мы бачылі ззаду і які стаяў цяпер увесь як на далоні, маючы па адзін бок рад хат, што паказвалі канькі і разьбу грэбянёў, а па другі—царкву, што ззяла золатам крыжоў і залатымі праразнымі ўзорамі вісеўшых у паветры ланцугоў. Якому шчасліўцу належаў гэты закутак?

Памешчыку Трэхмалаханскага павета, Андрэю Іванавічу Тенцетнікаву, маладому трыццацітрохгадоваму шчасліўцу і пры гэтым яшчэ і нежанатаму чалавеку.

Хто-ж ён, што-ж ён, якіх якасцей, якіх уласцівасцей чалавек? У суседзяў, чытачкі, у суседзяў трэба распытаць. Сусед, які належаў да роду спрытных адстаўных штаб-афіцэраў-брандзераў, якія ўжо зараз зусім знікаюць, выслаўляўся пра яго выразам: «Натуральнейшы абармот!» Генерал, які жыў за дзесяць вёрст, гаварыў: «Малады чалавек не дурны, але многа ўзяў сабе ў галаву. Я мог-бы быць яму карысным, таму што ў мяне не без сувязей і ў Пецербургу, і нават пры...» генерал гутаркі не канчаў. Капітан-спраўнік даваў адказу такі зварот: «А вось я заўтра-ж да яго па нядоімку!» Мужык яго вёскі на пытанне аб тым, які ў іх пан, нічога не адказваў. Значыцца, думкі аб ім былі неспрыяльныя.

Бесстаронна-ж сказаць — ён не быў дрэнны чалавек, ён, проста, капціў неба. А паколькі ўжо нямала ёсць на белым свеце людзей, якія капцяць неба, дык чаму-ж і Тенцетнікаву не капціць яго? Зрэшты, возьмем, не выбіраючы, дзень з яго жыцця, зусім падобны да ўсіх іншых, і няхай па ім мяркуе чытач сам, які ў яго быў характар, і як яго жыццё адпавядала навакольнаму хараству.

Раніцой прачынаўся ён вельмі позна і, прыўзняўшыся, доўга сядзеў на сваім ложку, праціраючы вочы. I таму што вочы на бяду былі маленькія, дык праціранне іх цягнулася незвычайна доўга, і праз увесь гэты час каля дзвярэй стаяў чалавек Міхайла з рукамыйнікам і ручніком. Стаяў гэты бедны Міхайла гадзіну, другую, потым ішоў на кухню, пасля зноў прыходзіў,— пан усё яшчэ праціраў вочы і сядзеў на ложку. Нарэшце, уставаў ён з пасцелі, мыўся, апранаў халат і выходзіў у гасціную для таго, каб піць чай, кофе, какао і нават сырадой, усяго сёрбаючы пакрысе, накрышваючы хлеба бязлітасна і насмечваючы ўсюды люлечным попелам бессаромна. I дзве гадзіны праседжваў ён за чаем. I мала гэтага: ён браў яшчэ халодны кубачак і з ім падыходзіў да акна, што выходзіла на двор; каля акна-ж адбывалася кожны дзень наступная сцэна.

Перш за ўсё роў Грыгорый, дваровы чалавек у годнасці буфетчыка, які звяртаўся да дамаводкі Перфільеўны прыблізна з такімі словамі: «Душонка ты агідная, нікчэмнасць гэтакая! Табе-б, брыдотніцы, маўчаць!»

«А ці не хочаш вось гэтага?» выгуквала нікчэмнасць, ці Перфільеўна, паказваючы кукіш, — баба, жорсткая ва ўчынках, не гледзячы на тое, што была ахвотніца да ізюму, павідла і ўсякіх ласункаў, якія былі ў яе пад замком.

«Ты-ж і з прыказчыкам счэпішся, дробязь ты гуменная!» роў Грыгорый.

«Дык і прыказчык злодзей такі-ж, як і ты. Думаеш, пан не ведае вас? Ён-жа тут, ён-жа ўсё чуе».

«Дзе пан?»

«Ды вось ён сядзіць каля акна; ён усё бачыць».

I сапраўды, пан сядзеў каля акна і ўсё бачыў.

На давяршэнне садому, крычаў-крычма дваровы хлапчук, атрымаўшы ад маці аплявуху, скуголіў хорт, прысеўшы задам на зямлю, з прычыны гарачага вару, якім абліў яго, выглянуўшы з кухні, кухар. Словам, усё лемантавала і верашчала нясцерпна. Пан усё бачыў і чуў. I толькі тады, калі гэта рабілася да такой ступені нясцерпным, што перашкаджала нават нічога не рабіць, пасылаў ён сказаць, каб шумелі цішэй.

За дзве гадзіны да абеда ішоў ён да сябе ў кабінет для таго, каб заняцца сур’ёзна творам, які павінен быў ахапіць усю Расію з усіх пунктаў гледжання — з грамадзянскага, палітычнага, рэлігійнага, філасофскага, вырашыць цяжкія задачы і пытанні, што задаў ёй час, і ясна вызначыць яе вялікую будучыню; словам — усё так і ў тым выглядзе, як любіць задаваць сабе сучасны чалавек. Між іншым, велізарная задума абмяжоўвалася больш адным разважаннем, згрызалася пяро, з’яўляліся на паперы рысункі, і потым усё гэта адсоўвалася набок, замест гэтага бралася ў рукі кніга і ўжо не выпускалася аж да абеда. Кніга гэтая чыталася разам з супам, соусам, смажанінай і нават з пірожным, так што некаторыя стравы ад гэтага стылі, а іншыя прыбіраліся зусім нечапанымі. Потым ішла люлька з кофеем, гульня ў шахматы з самім сабой, што-ж рабілася потым да самай вячэры — дапраўды, і сказаць цяжка. Здаецца, проста нічога не рабілася.

I гэтак прабаўляў час адзін-адзінюткі ў цэлым свеце малады трыццацітрохгадовы чалавек седзьма-седзячы, у халаце без гальштука. Яму не гулялася, не хадзілася, не хацелася нават падняцца наверх, не хацелася нават расчыняць вокны, каб набраць свежага паветра ў пакой, і цудоўны выгляд вёскі, якім не мог роўнадушна любавацца ніякі госць, быццам не існаваў для самога гаспадара. З гэтага чытач можа бачыць, што Андрэй Іванавіч Тенцетнікаў належаў да сям’і тых людзей, якія на Русі не зводзяцца, якім раней былі імёны: цюхцяі, лежабокі, абібокі, і якіх цяпер, дапраўды, не ведаю, як назваць. Ці нараджаюцца ўжо такія характары, ці потым утвараюцца, як параджэнне сумных акалічнасцей, якія сурова спадарожнічаюць чалавеку? Замест адказу на гэта, лепш расказаць гісторыю яго выхавання і маленства.

Здавалася, усё ішло да таго, каб атрымалася з яго штосьці людскае. Дванаццацігадовы хлапчук, дасціпны, з нахілам да задуменнасці, хваравіты, трапіў ён у навучальную ўстанову, начальнікам якой на той час быў чалавек незвычайны. Ідал юнакоў, дзіва выхавальнікаў, непараўнаны Аляксандр Пятровіч меў здольнасць адчуваць......[89 ] Як ведаў ён уласцівасці рускага чалавека! Як ведаў ён дзяцей! Як умеў узрушваць! Не было свавольніка, які, зрабіўшы свавольства, не прышоў-бы да яго сам і не прызнаўся ва ўсім. Гэтага мала, ён атрымліваў суровае... але свавольнік выходзіў ад яго, не апусціўшы нос, але падняўшы яго. I было нешта падбадзёрваючае, нешта такое, што гаварыла: «Наперад! Узнімайся хутчэй на ногі, не гледзячы на тое, што ты ўпаў». Не было ў яго размоў з імі аб добрых паводзінах. Ён звычайна гаварыў: «Я патрабую розуму, а не чаго-небудзь іншага. Хто думае аб тым, каб быць разумным, таму няма часу сваволіць: свавольства павінна знікнуць само сабой». I сапраўды, свавольствы знікалі самі сабой. Пагарду таварышоў зазнаваў той, хто не імкнуўся-б быць... Самыя крыўдныя мянушкі павінны былі пераносіць дарослыя аслы і дурні ад самых меншых і не адважваліся іх зачапіць пальцам. «Гэта ўжо занадта!» гаварыў шмат хто: «з разумнікаў будуць людзі ганарлівыя». — «Не, гэта не занадта», гаварыў [ён]: «няздольных я не трымаю доўга; з іх хопіць аднаго курса, а для разумных у мяне другі курс». I сапраўды, усе здольныя вытрымлівалі ў яго другі курс. Шмат якіх гарэзаў ён не стрымліваў, бачачы ў іх пачатак развіцця ўласцівасцей душэўных і кажучы, што яны яму патрэбны, як высыпка доктару—каб даведацца напэўна, што іменна знаходзіцца ў сярэдзіне чалавека.

Як любілі яго ўсе хлапчукі! Не, ніколі не бывае такой любасці ў дзяцей да сваіх бацькоў. Не, нават у бурныя гады шалёных захапленняў не мае такой сілы незгасальная страсць, як мела любоў да яго. Да магілы, да позніх дзён удзячны выхаванец, падняўшы чарку ў дзень нараджэння свайго цудоўнага выхавальніка, які даўно ўжо быў у магіле......, заплюшчваў вочы і ліў па ім слёзы. Самае малое падбадзёрванне яго кідала ў дрыжыкі і ў радаснае трапятанне і рушыла чэсталюбнае жаданне ўсіх перавысіць. Малаздольных ён не трымаў доўга; для іх у яго быў кароценькі курс; але здольныя павінны былі ў яго вытрымліваць падвойнае навучанне. I апошні клас, які быў у яго для адных выбраных, зусім не быў. падобны да тых, што бываюць у іншых установа[х]. Тут толькі ён патрабаваў ад выхаванца ўсяго таго, чаго іншыя неразважна патрабуюцы ад дзяцей, — таго вышэйшага розуму, які ўмее не пасмяяцца, але стрываць усякую насмешку, дараваць дурню і не абурыцца і не страціць роўнавагі, не помсціць ні ў якім [выпадку] і заставацца ў гордым спакоі неўсхваляванай душы; і ўсё што здольна ўтварыць з чалавека цвёрдага мужа, было тут уведзена ў дзеянне, і ён сам рабіў з імі няспынныя спробы. О, як ён ведаў навуку жыцця!

Настаўнікаў у яго не было шмат. Большую частку навук выкладаў ён сам. Без педанцкіх тэрмінаў, напышлівых думак і поглядаў, умеў ён перадаць самую душу навукі, так што і няпоўнагодняму было відаць, на што яна яму патрэбна. З навук былі выбраныя толькі тыя, якія могуць стварыць з чалавека грамадзяніна сваёй зямлі. Большая частка лекцый складалася з размоў пра тое, што чакае юнака наперадзе, і ўвесь далягляд яго будучай дзейнасці ўмеў ён акрэсліць так, што юнак, яшчэ знаходзячыся на школьнай лаўцы, думкамі і душой жыў ужо там, на службе. Нічога не ўтойваў: усе засмучэнні і перашкоды, якія толькі паўстаюць перад чалавекам на шляху яго, усе спакусы і прывабы, якія чакаюць яго наперадзе, збіраў ён перад ім ва ўсёй сваёй аголенасці, не ўтойваючы нічога. Усё было яму вядома, нібы сапраўды ён сам перабыў ва ўсіх званнях і пасадах. Ці таму, што моцна ўжо развілося чэсталюбства, ці таму, што ў самых вачах незвычайнага настаўніка было штосьці такое, што гаварыла юнаку: наперад! Гэтае слоўца, якое знаёма рускаму чалавеку, і робіць такія цуды над яго чулай прыродай,—але юнак з самага пачатку шукаў толькі цяжкасцей, прагнучы дзейнічаць толькі там, дзе цяжка, дзе больш перашкод, дзе трэба было паказаць большую сілу душы. Нямногія выходзілі з гэтага курса, але затое былі моцныя, былі абкураныя порахам людзі. У службе яны ўтрымаліся на самых хісткіх пасадах, у той час як многія і разумнейшыя за іх, не стрываўшы, праз дробязныя непрыемнасці, кідалі ўсё, або, асавеўшы, абленаваўшыся, трапілі ў рукі хабарнікаў і махляроў. Але яны не пахіснуліся і, ведаючы і жыццё, і чалавека, і ўзброеныя мудрасцю, зрабілі моцны ўплыў нават на дрэнных людзей.

Палкае сэрца чэсталюбнага хлапчука доўга білася пры адной думцы аб тым, што ён трапіць, нарэшце, у гэтае аддзяленне. Што, здавалася, магло быць лепш за гэтага выхавальніка для нашага Тенцетнікава! Але трэба-ж, каб у той самы час, калі ён быў пераведзены ў гэты курс абраных, — чаго так моцна жадаў, — незвычайны настаўнік раптоўна памёр! О, які ,быў для яго ўдар! якая страшная першая страта! Яму здавалася быццам.....[90 ] усё змянілася ў школе... На месца Аляксандра Пятровіча паступіў нейкі Фёдар Іванавіч. Ён адразу-ж націснуў на нейкія знешнія парадкі; пачаў патрабаваць ад дзяцей таго, што можна патрабаваць толькі ад дарослых. У вольнай іх развязнасці здалося яму штосьці бунтоўнае. I сапраўды, быццам на злосць свайму папярэдніку, абвясціў з першагадня, што для яго розум і поспехі нічога не значаць, што ён будзе глядзець толькі на добрыя паводзіны. Дзіўна: добрых вось паводзін і не дамогся Фёдар Іванавіч. Завялося свавольства патайнае. Усё было ў струнку днём і ішло папарна, а па начах завяліся гулянкі.

З навукамі таксама здарылася штосьці дзіўнае. Былі выпісаны новыя выкладчыкі, з новымі поглядамі і новымі кутамі і пунктамі гледжання. Закідалі слухачоў мноствам новых тэрмінаў і слоў; паказалі яны ў сваім выкладанні і лагічную сувязь,і веданне новых вынаходак, і палкасць уласнага захаплення; але, на жаль! не было толькі жыцця ў самой навуцы. Мярцвячынай павеяла ў іх вуснах мёртвая навука. Адным словам, усё пайшло навыварат. Страцілася пашана да начальства і ўлады: пачалі насміхацца і з настаўнікаў, і з выкладчыкаў; дырэктара пачалі называць Федзькам, булкай і іншымі рознымі імёнамі. Распуста завялася ўжо зусім не дзіцячая: завяліся такія справы, што трэба было шмат каго выключыць і выгнаць. За два гады нельга было пазнаць установы.

Андрэй Іванавіч быў характару ціхага. Яго не маглі захапіць ні начныя оргіі таварышоў, якія прыдабылі сабе нейкую даму перад самымі вокнамі дырэктарскай кватэры, ні кашчунства іх над святыняй праз тое толькі, што трапіўся не вельмі разумны поп. Не, душа яго і праз сон чула сваё нябеснае паходжанне. Яго не магло захапіць гэта; але ён апусціў нос. Чэсталюбства ўжо было абуджана, а дзейнасці і прастору яму не было. Лепш-бы было і не абуджаць яго. Ён слухаў прафесараў, якія гарачыліся на кафедрах, а ўспамінаў ранейшага настаўніка, які, не гарачыўшыся, умеў гаварыць зразумела. Якіх прадметаў і якіх курсаў ён ні слухаў! Медыцыну, філасофію, і нават права, і ўсеагульную гісторыю чалавецтва ў такім велізарным памеры, што прафесар за тры гады паспеў толькі прачытаць уводзіны ды развіццё абшчын нейкіх нямецкіх гарадоў, — і бог ведае, чаго ён ні слухаў! Але ўсё гэта заставалася ў галаве яго нейкімі недарэчнымі шматкамі. Дзякуючы прыроднаму розуму, ён адчуваў толькі, што не так павінна выкладацца, а як — не ведаў. I ўспамінаў ён часта пра Аляксандра Пятровіча, і так яму бывала сумна, што ён не ведаў, куды падзецца ад тугі.

Але маладосць тым шчаслівая, што ў яе ёсць будучыня. Па меры таго, як набліжаўся час да выпуску, сэрца яго білася. Ён казаў сабе: «Гэта-ж яшчэ не жыццё; гэта толькі падрыхтоўка да жыцця; сапраўднае жыццё на службе; там подзвігі». I, не зірнуўшы на цудоўны куток, які так захапляў кожнага госця-наведвальніка, не пакланіўшыся праху сваіх бацькоў, па звычаю ўсіх чэсталюбцаў, паімчаўся ён у Пецербург, куды, як вядома, імкнецца з усіх бакоў Расіі наша палкая моладзь — служыць, бліскатаць, выслужвацца або проста хапаць верхавінкі бескаляровай, халоднай, як лёд, грамадскай зваблівай адукацыі. Чэсталюбнае імкненне Андрэя Іванавіча спыніў, аднак-жа, на самым пачатку дзядзька яго, сапраўдны стацкі саветнік Ануфрый Іванавіч. Ён абвясціў, што асноўная справа ў добрым почырку, а не ў чым-небудзь іншым, што без гэтага не трапіш ні ў міністры, ні ў дзяржаўныя людзі. З вялікімі цяжкасцямі і з дапамогай дзядзькавых пратэкцый, нарэшце, прыстроіўся ён у нейкім дэпартаменце. Калі ўвялі яго ў цудоўны светлы зал, з паркетамі і пісьмовымі лакіраванымі сталамі, які меў падабенства да таго, нібы тут засядалі першыя вяльможы дзяржавы, што абмяркоўвалі лёс усёй дзяржавы, і ўбачыў ён легіёны прыгожых паноў, якія пісалі, рыпелі пёрамі, схіліўшы галаву набок, ды пасадзілі яго самога за стол, запрапанаваўшы зараз-жа перапісаць нейкую паперу, нібы знарок крыху дробнага зместу (перапіска ішла аб трох рублях і цягнулася поўгода) — незвычайна дзіўнае пачуццё ахапіла неспрактыкаванага юнака: паны, якія сядзелі вакол яго, здаліся яму такімі падобнымі да вучняў! На завяршэнне падабенства, некаторыя з іх чыталі дрэнны перакладны раман, засунуўшы яго ў вялікія лісты справы, якую разбіралі, быццам займаліся самой справай, і ў той-жа час уздрыгваючы пры кожным з’яўленні начальніка. Так гэта ўсё яму здалося дзіўным, так заняткі ранейшыя важней за цяперашнія, падрыхтоўка да службы лепш за самую службу. Яму стала шкада школы. I раптам, як жывы, паўстаў перад ім Аляксандр Пятровіч — і ледзь-ледзь ён не заплакаў. Пакой закруціўся, перамяшаліся чыноўнікі і сталы, і ледзь утрымаўся ён ад раптоўнага замарачэння. «Не», падумаў ён сам сабе, схамянуўшыся: «вазьмуся за справу, якой-бы яна ні здавалася спачатку дробнай». Утаймаваўшы дух і сэрца, вырашыў ён служыць па прыкладу іншых.

Дзе не бывае асалоды? Бытуе яна і ў Пецербургу, не гледзячы на суровы, змрочны надворны выгляд яго. Трашчыць па вуліцах сярдзіты, трыццаціградусны мароз: скавыча вырадак поўначы, ведзьма-завея, замятаючы тратуары, слепячы вочы, напудрываючы мехавыя каўняры, вусы людзей і морды калматых жывёлін, але прыветна, і праз лётаючыя накрыж вохлапкі, свеціць угары акенца дзе-небудзь і ў чацвертым паверсе: ва ўтульным пакоі, пры скромных стэарынавых свечках, пад шумок самавара, ідзе, грэючы сэрца і душу, размова, чытаецца светлая старонка натхнёнага рускага паэта, якімі ўзнагародзіў бог сваю Расію, і так узнёсла, палка трапеча маладое сэрца юнака, як не бывае і пад поўднёвым небам.

Хутка Тенцетнікаў звыкся са службай, але толькі яна зрабілася ў яго не першаю справай і мэтай, як ён меркаваў на пачатку, але чымсьці другім. Яна служыла яму размеркаваннем часу, прымусіўшы яго больш даражыць рэштаю хвілін. Дзядзька, сапраўдны стацкі саветнік, пачынаў ужо думаць, што з пляменніка будзе толк, як раптам пляменнік схібіў. У лік сяброў Андрэя Іванавіча, якіх у яго было многа, трапіла два чалавекі, якія былі тое, што называецца незадаволеныя людзі. Гэта былі тыя неспакойна дзіўныя характары, якія не могуць пераносіць абыякава не толькі несправядлівасці, але нават і ўсяго таго, што здаецца ў іх вачах несправядлівасцю. Добрыя па істоце, але бязладныя самі ў сваіх дзеяннях, патрабуючы сабе спагады і ў той-жа час поўныя нецярпімасці да іншых, яны зрабілі на яго моцны ўплыў і палкімі словамі, і спосабам высокароднага абурэння супроць грамадства. Яны, абудзіўшы ў ім нервы і дух раздражлівасці, прымусілі прыкмячаць усе тыя дробязі, на якія ён раней і не думаў звяртаць увагі. Фёдар Фёдаравіч Леніцын, начальнік аднаго з аддзяленняў, якія размяшчаліся ў раскошных залах, раптам яму не спадабаўся. Ён стаў знаходзіць у ім безліч недахопаў. Яму здалося, што Леніцын у размовах з вышэйшымі ўвесь ператвараўся ў нейкі мутарны цукар, і—воцат, калі звяртаўся да яго падначалены; што быццам па прыкладу ўсіх дробязных людзей, браў ён на ўвагу тых, якія не з’яўляліся да яго з віншаваннем у святы, помсціў тым, якіх імёны не знаходзіліся ў швейцара на паперы; і, у выніку гэтага, ён адчуў да яго агіднасць нервічную. Нейкі злы дух штурхаў яго зрабіць што-небудзь непрыемнае Фёдару Фёдаравічу. Ён вышукваў гэтага з нейкай асаблівай асалодай і меў поспех. Аднойчы пагаварыў ён з ім да таго сур’ёзна, што яму прапанавана было ад начальства — або прасіць прабачэння, або ісці ў адстаўку. Ён падаў у адстаўку. Дзядзька, сапраўдны стацкі саветнік, прыехаў да яго перапалоханы і пачаў упрошваць: «Дзеля самога Хрыста! схамяніся, Андрэй Іванавіч! што гэта ты робіш? Пакідаць так выгадна пачатую кар’еру праз тое толькі, што трапіўся не такі, як хочацца, начальнік! Схамяніся! Што ты? што ты? Калі-б на гэта глядзець, тады і на службе ніхто-б не застаўся. Адумайся, адкінь гордасць, самалюбства, з’ездзі і перагавары з ім!»

«Не ў тым справа, дзядзюхна», сказаў пляменнік. «Мне не цяжка папрасіць у яго прабачэння. Я вінаваты: ён начальнік і так не трэба было гаварыць з ім. Але справа вось у чым. У мяне ёсць другая служба: трыста душ сялян, маёнтак у бязладдзі, кіраўнік — дурань. Дзяржаве страта малая, калі на маё месца сядзе ў канцылярыю іншы перапісваць паперы, але вялікая страта, калі трыста чалавек не заплоцяць падаткаў. Я — што вы падумаеце? — памешчык, які... служба... Калі я паклапачуся аб захаванні, зберажэнні і палепшанні лёсу давераных мне людзей і дам дзяржаве трыста беззаганных, цвярозых, працавітых падданых — чым мая служба будзе горш за службу якога-небудзь начальніка аддзялення Леніцына?»

Сапраўдны стацкі саветнік застаўся з разяўленым ротам ад здзіўлення. Такога патоку слоў ён не чакаў. Крыху падумаўшы, ён быў пачаў у такім родзе: «Але ўсё-ж... але як-жа так... як-жа запрапасціць сябе ў вёску? Якая-ж кампанія можа быць паміж?.. Тут усё-ж такі на вуліцы трапіцца насустрач генерал, князь. Пройдзеш і сам каля якога-небудзь... там... ну і газавае асвятленне, прамысловая Еўропа; а там-жа, што ні трапіцца, усё гэта або мужык, або баба. За што-ж так, за што-ж сябе асуджваць на невуцтва на ўсё жыццё сваё?»

Але пераканаўчыя меркаванні дзядзькі не зрабілі на пляменніка ўздзеяння. Вёска пачынала здавацца нейкім прывольным прытулкам, выхавальніцай дум і помыслаў, адзіным полем карыснай дзейнасці. Ужо ён адкапаў і навейшыя кнігі ў галіне сельскай гаспадаркі. Словам — праз тыдні два пасля гэтай размовы быў ён ужо недалёка ад тых мясцін, дзе праімчалася яго маленства, недалёка ад таго цудоўнага кутка, якім не мог налюбавацца госць і наведвальнік. Новае пачуццё страпянулася ў ім. У душы пачалі прачынацца ранейшыя, даўно не выходзіўшыя напаверх, уражанні. Ён ужо шмат якія месцы забыў зусім і з цікаўнасцю глядзеў, як навічок, на цудоўныя малюнкі. I вось, невядома ад чаго, раптам забілася ў яго сэрца. Калі-ж дарога пайшла вузкім сухадолам у гушчар велізарнага заглохшага лесу і ён убачыў уверсе, унізе, над сабой і пад сабой, трохсотгадовыя дубы, тром чалавекам як абняць, у перамешку з піхтай, вязам і ясакарам, перарастаўшым верхавіны таполі, і калі на пытанне: «чый лес?» яму сказалі «Тенцетнікава»; калі, выбраўшыся з лесу, паімчалася дарога лугамі, паўз асінавыя гаі, маладыя і старыя вербы і лозы, перад узвышшамі, што цягнуліся ўдалечыні, і двума мастамі пераляцела ў розных месцах адну і тую раку, пакідаючы яе то направа, то налева ад сябе, і калі на пытанне: «чые лугі і сенажаці?» адказалі яму: «Тенцетнікава»; калі паднялася потым дарога на гару і пайшла па роўным узвышшы, — з аднаго боку паўз нязжатае збожжа, пшаніцу, жыта і ячмень, з другога боку паўз усе раней праеханыя месцы, якія ўсе раптам паказаліся ў скарочаным аддаленні, і калі, паступова цямнеючы, уваходзіла і ўвайшла потым дарога пад цень шырокіх разлогіх дрэў, што размясціліся ўроссып па зялёным дыване да самай вёскі, і замільгалі разьбяныя хаты мужыкоў і чырвоныя дахі каменных панскіх будынін, і бліснулі залатыя верхі царквы, калі, палка забіўшыся, сэрца і без пытання ведала, куды прыехала: адчуванні, якія безупынку намнажаліся, вырваліся, нарэшце, у гучных словах: «Ну, ці не дурань я быў дагэтуль? Лёс прызначыў мне быць гаспадаром зямнога раю, а я заняволіў сябе корпацца ў мёртвых паперах? Выхаваўшыся, адукаваўшыся, зрабіўшы запас ведаў, патрэбных для пашырэння дабра паміж падуладнымі, для паляпшэння цэлай вобласці, для выканання шматлікіх абавязкаў памешчыка, які з’яўляецца ў адзін і той-жа час і суддзёй і распарадчыкам, і ахоўнікам парадку, даручыць гэтую пасаду невуку-кіраўніку, а сабе абраць завочны разгляд спраў паміж людзьмі, якіх я і ў вочы не бачыў, якіх я ні характараў, ні якасцей не ведаю, — аддаць перавагу перад сапраўдным кіраваннем папяроваму фантастычнаму кіраванню правінцыямі, што знаходзяцца за тысячы вёрст, дзе не была ніколі нага мая і дзе магу нарабіць толькі кучы недарэчнасцей і глупстваў!»

А між тым яго чакала другое відовішча. Даведаўшыся аб прыездзе пана, мужыкі сабраліся да ганка. Сарокі, кічкі, павойнікі [91 ], світкі і маляўніча-шырозныя бароды прыгожага насельніцтва абступілі яго наўкол. Калі пачуліся словы: «Кармілец наш! успомніў...» і мімаволі заплакалі дзядкі і бабулі, якія помнілі яго дзеда і прадзеда, не мог ён сам утрымацца ад слёз. I думаў ён сам сабе: «Столькі любві! і завошта? — За тое, што я ніколі не бачыў іх, ніколі не займаўся імі!» I даў ён сабе зарок дзяліць з імі працу і заняткі.

I пачаў ён гаспадарыць, распараджацца. Зменшыў паншчыну, зменшыў дні працы на памешчыка, і прыбавіў часу мужыку. Дурня-кіраўніка выгнаў. Сам пачаў цікавіцца ўсім, з’яўляцца на палях, у гумне, у ёўнях, на млынах, каля прыстані, пры пагрузцы і сплаве барак і пласкадонак, так што гультаі пачалі нават пачухвацца. Але цягнулася гэта нядоўга. Мужык кемлівы: ён зразумеў хутка, што пан, хоць і жвавы, і ёсць у ім таксама ахвота ўзяцца за многае, але як іменна, якім чынам узяцца, гэтага яшчэ не цяміць, гаворыць як па пісанаму і не ўшчуваючы. Вышла так, што пан і мужык неяк не тое, каб зусім не зразумелі адзін другога, але, проста, не спеліся разам, не злаўчыліся выводзіць адну і тую-ж ноту.

Тенцетнікаў пачаў прыкмячаць, што на панскай зямлі ўсё атрымлівалася неяк горш, чым на мужыцкай. Сеялася раней, узыходзіла пазней, а працавалі, здавалася, добра. Ён сам прысутнічаў і загадаў даць нават па чарцы гарэлкі за старанную працу. У мужыкоў ужо даўно каласілася жыта, выплываў авёс, кусцілася проса, а ў яго толькі ледзь пачынала збожжа ісці ў трубку, пятка коласа яшчэ не завязвалася. Словам, пачаў прыкмячаць пан, што мужык проста махлюе, не гледзячы на ўсе палёгкі. Паспрабаваў быў дакараць, але атрымаў такі адказ: «Як можна, пане, каб мы пра панскую, гэта значыць, выгаду не дбалі! Самі вы бачылі, як стараліся, калі аралі і сеялі — па чарцы гарэлкі загадалі даць». Што можна было на гэта сказаць?

«Дык чаму-ж цяпер вышла пагана?» дапытваўся пан.

«Хто яго ведае? Відаць, чарвяк пад’еў знізу. Ды і лета, бачыш ты якое, зусім дажджоў не было».

Але пан бачыў, што ў мужыкоў чарвяк не пад’ядаў знізу, дый дождж ішоў неяк дзіўна, паласой: мужыку трапіла, а на панскую ніву каб хоць кропля ўпала.

Яшчэ цяжэй яму было зладжваць з бабамі. Безупынна адпрошваліся яны ад працы, скардзячыся на цяжкасць паншчыны. Дзіўная справа! Ён знішчыў зусім усякія прыносы палатна, ягад, грыбоў і арэхаў, на палавіну зменшыў іншую працу, думаючы, што бабы скарыстаюць гэты час на хатнюю гаспадарку, абшыюць, апрануць сваіх мужыкоў, павялічаць гароды. Але дзе там! Гультаяванне, бойкі, плёткі і ўсякія сваркі завяліся паміж прыгожым полам такія, што мужыкі раз-по-разу прыходзілі да яго з такімі словамі: «Пан, супакой д’ябла-бабу! Быццам чорт які — жыцця няма ад яе!»

Хацеў ён быў, утаймаваўшы сваё сэрца, узяцца за строгасць; але як быць строгім? Баба прыходзіла такой бабай, так вішчэла, такая была хворая, такіх паганых, агідных накручвала на сябе ануч, адкуль толькі яна іх брала, бог яе ведае. «Ідзі, ідзі сабе толькі з воч маіх! Бог з табой!» гаварыў бедны Тенцетнікаў, і ўслед за гэтым бачыў, як хворая, вышаўшы за вароты, пачынала калатню з суседкай за якую-небудзь рэпу і так намінала ёй бакі, як не здолее і дужы мужык.

Надумаўся быў ён паспрабаваць нейкую там школу паміж імі завесці, але з гэтага атрымалася такая лухта, што ён і галаву звесіў; лепш было і не задумваць! У справах судовых і ў разглядах зусім не патрэбны былі ўсе гэтыя юрыдычныя тонкасці, на якія навялі яго прафесары-філосафы. I той бок маніць, і другі маніць, і чорт іх разбярэ! I бачыў ён, што больш за тонкасці юрыдычных і філасофскіх кніг было патрэбна простае веданне чалавека; і бачыў ён, што ў ім чагосьці нехапае, а чаго — бог ведае. I здарылася акалічнасць, якая так часта здараецца: ні мужык не пазнаў пана, ні пан мужыка, і мужык павярнуўся дрэнным бокам, і пан дрэнным бокам. Усё гэта значна астудзіла і запал памешчыка. Пры работах ён прысутнічаў ужо без увагі! Ці шумелі ціха косы ў лугах, ці стагавалі сена, ці клалі сцірты, ці блізка ладзілася вясковая справа — вочы яго глядзелі далей; калі ў воддалі ішла праца, яго вочы шукалі прадметы бліжэй, або глядзелі ўбок на які-небудзь закрут ракі, па берагах якой хадзіў чырвонадзюбы, чырвонаногі марцін, вядома — птушка, а не чалавек. Яны з цікавасцю глядзелі, як ён, злавіўшы ля берага рыбіну, трымаў яе ўпоперак у дзюбе, як быццам разважаючы, глытаць ці не глытаць, — і гледзячы ў той-жа час пільна ўздоўж ракі, дзе здалёк бялеўся другі марцін, які яшчэ не злавіў рыбіны, але глядзеў пільна на марціна, што ўжо злавіў рыбіну. Або, зажмурыўшы зусім вочы і прыўзняўшы галаву ўгору, да прастораў нябёс, даваў магчымасць нюху свайму ўпіваць пах палёў, а слыху здзіўляцца з галасоў паветранага пявучага насельніцтва, калі яно адусюль, ад нябёс і ад зямлі, злучаецца ў адзін гуказгодны хор, не пярэчачы адзін другому. У жыце б’е перапёлка, у траве дзярэцца драч, над ім вурчаць і ціўкаюць пералятаючы канаплянкі, мэкае, узняўшыся ў паветра, баранчык, трэліць жаўранак, знікаючы ў святле, і звонамі труб разлягаецца курлыканне журавоў, якія будуюць трохкутнікам свае чароды высока ў небе. Адгукаецца ўся аколіца, ператварыўшыся ў гукі. Тварэц! які яшчэ прыгожы твой свету глушы, у вёсачцы, далёка ад подлых гасцінцаў і гарадоў! Але і гэта пачало яму надакучаць. Хутка ён і зусім пакінуў хадзіць на поле, засеў у пакоях, адмовіўся нават прымаць з дакладам прыказчыка.

Раней з суседзяў заверне да яго бывала адстаўны гусар-паручык, пракураны наскрозь люлечны курэц, або рэзкага напрамку недавучаны студэнт, які набраўся мудрасці з сучастных брашур і газет. Але і гэта стала яму дакучаць. Размовы іх пачалі яму здавацца неяк павярхоўнымі, еўрапейска-адкрытае абыходжанне, з паляпваннем па калене, таксама і нізкапаклонствы і развязнасці — пачалі яму здавацца ўжо занадта простымі і адкрытымі. Ён рашыў з імі зусім раззнаёміцца і зрабіў гэта нават досыць рэзка. Іменна, калі найпрыемнейшы ва ўсіх павярхоўных размовах пра ўсё, прадстаўнік цяпер ужо знікаючых палкоўнікаў-брандзераў і разам з тым перадавы ўзнікаючага новага кірунку думак, Варвар Нікалаевіч Вішнепакромаў, прыёхаў да яго, каб нагаварыцца ўволю, закрануўшы і палітыку, і філасофію, і літаратуру, і мараль, і нават становішча фінансаў у Англіі — ён паслаў сказаць, што яго няма дома, і ў той-жа час меў неасцярожнасць паказацца перад акном. Госць і гаспадар сустрэліся позіркамі. Адзін, вядома, прабурчэў праз зубы «абармот!», другі паслаў яму з дакукі таксама штосьці накшталт свінні. Тым і скончыліся адносіны. З таго часу не заязджаў да яго ніхто.

Ён быў рады гэтаму і ўзяўся за прадумванне вялікага твору пра Расію. Як прадумваўся гэты твор — чытач ужо бачыў. Склаўся дзіўны, бязладны парадак. Нельга сказаць, аднак-жа, каб не былі хвілін, у якія ён быццам прачынаўся ад сну. Калі прывозіла пошта газеты і журналы і траплялася яму ў друку знаёмае імя ранейшага таварыша, які ўжо рабіў поспехі на віднай дарозе дзяржаўнай службы, або прыносіў пасільную даніну навукам і справе сусветнай, патайны ціхі сум падступаў яму пад сэрца, і сумная, бязмоўна-тужлівая, ціхая скарга на сваю бяздзейнасць прарывалася мімаволі. Тады прыкрым і брыдкім здавалася яму жыццё яго. З незвычайнай сілай уваскрасала перад ім школьная мінулая пара, і паўставаў раптам, як жывы, Аляксандр Пятровіч... Градам ліліся з воч яго слёзы...

Што значылі гэтыя рыданні? Ці выказвала імі хворая душа смутную таямніцу сваёй хваробы, — што не паспеў вырасці і ўзмацнець высокі ўнутраны чалавек, які пачынаў ужо ў ім стварацца; — што, невыпрабаваны з маладых год у барацьбе з няўдачамі, не дасягнуў ён высокага становішча ўзвышацца і дужэць ад розных перашкод; што, растапіўшыся, падобна разагрэтаму металу, багаты запас вялікіх адчуванняў не прыняў апошняй загартоўкі; што надта рана для яго памёр незвычайны настаўнік і што няма цяпер ва ўсім свеце нікога, хто здолеў-бы ўзняць хісткія ад вечных ваганняў сілы і пазбаўленую пругкасць, нядужую волю, хто-б крыкнуў душы абуджальным крыкам гэтае бадзёрае слова: наперад!, якога прагне ўсюды, на ўсіх ступенях стоячы, усіх станаў, званняў і промыслаў, рускі чалавек?

Дзе-ж той, хто-б на роднай мове рускай душы нашай умеў-бы нам сказаць гэтае ўсемагутнае слова наперад? хто, ведаючы ўсе сілы і ўласцівасці і ўсю глыбіню нашай натуры, адным чараўнічым помахам мог-бы накіраваць нас на высокае жыццё? Якімі слязамі, якой любоўю заплаціў-бы яму ўдзячны рускі чалавек! Але праходзяць вякі за вякамі, ганебнай лянотай і шалёнай дзейнасцю нясталага юнака абдымаецца... і не даецца богам муж, які ўмее вымаўляць яго.

Адна акалічнасць ледзь была не абудзіла яго, ледзь была не зрабіла перавароту ў яго характары: здарылася штосьці падобнае да кахання. Але і тут справа скончылася нічым. Па суседству, за дзесяць вёрст ад яго вёскі, жыў генерал, які адгукваўся, як мы ўжо бачылі, не вельмі добразычліва аб Тенцетнікаве. Генерал жыў генералам, хлебасольнічаў, любіў, каб суседзі прыязджалі выказваць яму шанаванне, сам не аддаваў візітаў, гаварыў хрыпла, чытаў кнігі і меў дачку, істоту нябачаную, дзіўную. Яна была штосьці жывое, як само жыццё.

Імя яе было Улінька. Выхавалася яна неяк дзіўна. Яе вучыла англічанка-гувернантка, якая не ведала ніводнага слова па-руску. Маці страціла яна яшчэ ў маленстве. Бацька не меў часу. Між іншым, любячы дачку да шаленства, ён мог толькі раздурыць яе. Як у дзіцяці, якое ўзгадавалася на волі, у ёй было ўсё свавольным. Калі-б хто ўбачыў, як раптоўны гнеў збіраў раптам строгія зморшчкі на прыгожым чале яе і як палка яна спрачалася з бацькам сваім, ён-бы падумаў, што гэта было самае капрызнае стварэнне. Але гнеў яе ўзгараўся толькі тады, калі яна чула пра якую-небудзь несправядлівасць або кепскі ўчынак у дачыненні хоць да абыкаго. I ніколі яна не спрачалася за сябе і не бараніла сябе. Гнеў гэты знік-бы за хвіліну, калі-б яна ўбачыла ў няшчасці таго самога, на каго гневалася. Пры першай просьбе аб міласціне, хто-б гэта ні быў, яна гатова была кінуць яму ўвесь свой кашалёк, з усім, што ў ім было, не ўваходзячы ні ў якія разважанні і разлікі. Было ў ёй штосьці імклівае. Калі яна гаварыла, у ёй, здавалася, усё імкнулася следам за думкай — выраз твару, выраз гутаркі, рух рукі; самыя зборкі сукенкі быццам імкнуліся ў той самы бок і, здавалася, быццам вось яна сама паляціць следам за ўласнымі словамі. Нічога не было ў ёй утоенага. Ні перад кім не спалохалася-б яна абвясціць свае думкі, і ніякая сіла не здолела-б прымусіць яе маўчаць, калі ёй хацелася гаварыць. Яе чароўная, асаблівая, уласцівая ёй адной паходка была да таго бестурботна-свабодная, што ўсё ёй давала-б мімаволі дарогу. Пры ёй неяк бянтэжыўся нядобры чалавек і нямеў; самы развязны і спрытны на словы не знаходзіў з ёю слова і губіўся, а сарамлівы мог разгаварыцца з ёю, як ніколі ў сваім жыцці ні з кім, і з першых хвілін размовы яму ўжо здавалася, што дзесьці і калісьці ён ведаў яе і быццам гэтыя самыя рысы яе ён дзесьці ўжо бачыў, што здарылася гэта ў дні нейкага незапамятнага маленства, у нейкім родным доме, вясёлым вечарам, пры радасных гульнях дзіцячага натоўпу: і надоўга потым рабіўся яму нудным разумны ўзрост чалавека.

Якраз тое-ж здарылася з ёй і з Тенцетнікавым.

Невыказнае новае пачуццё ўвайшло яму ў душу. Нуднае жыццё яго на момант асвяцілася.

Генерал прымаў спачатку Тенцетнікава досыць добра і прыветліва; але сыйсціся паміж сабой яны не маглі. Размовы іх канчаліся спрэчкамі і нейкім непрыемным адчуваннем з абодвух бакоў, таму што генерал не любіў пярэчанняў. Тенцетнікаў, з свайго боку, таксама быў чалавек вельмі чуллівы. Зразумела, што дзеля дачкі прабачалася шмат што бацьку, і мір у іх трымаўся, пакуль не прыехалі гасціць да генерала сваякі: графіня Балдырова і князёўна Юзякіна, адсталыя фрэйліны ранейшага двара, але ўтрымаўшыя і да гэтага часу сякія-такія сувязі, у выніку чаго генерал перад імі крыху подлічаў. З самага іх прыезду Тенцетнікаву здалося, што ён ставіцца да яго халадней, не заўважаў яго, або абыходзіўся як з асобай бязмоўнай: гаварыў яму неяк пагардліва: даражэнькі, паслухай, браток, і нават ты. Гэта яго, нарэшце, абурыла. Утаймаваўшы сэрца і сцяўшы зубы, ён, аднак-жа, знайшоў сілу волі, каб сказаць надзвычай ветлівым і мяккім голасам, тым часам як плямы выступілі на твары яго і ўсё ў сярэдзіне яго кіпела: «Я дзякую вам, генерал, за прыхільнасць. Словам ты вы мяне вылікаеце на цеснае сяброўства, абавязваючы і мяне гаварыць вам ты. Але розніца ў гадах перашкаджае такому фамільярнаму паміж намі абыходжанню». Генерал збянтэжыўся. Збіраючы словы і думкі, пачаў ён гаварыць, хоць крыху бязладна, што слова ты было ім сказана не ў тым сэнсе, што старому часамі дазваляецца сказаць маладому чалавеку ты (аб чыне сваім ён не ўспамянуў ні слова).

Зразумела, з таго часу знаёмства паміж імі спынілася, і каханне скончылася пры самым пачатку. Пагасла святло, якое на хвіліну было бліснула перад ім, і змярканне, што надышло за гэтым, зрабілася яшчэ больш змрочным. Усё павярнула на жыццё, якое чытач бачыў у пачатку раздзела, на ляжанне і бяздзеянне. У доме завялася брыдота і непарадак. Шчотка для падлогі заставалася на цэлы дзень сярод пакоя разам са смеццем. Панталоны заходзілі нават у гасціную. На прыгожым стале перад канапай ляжалі засаленыя падцяжкі, быццам які пачастунак для гасця, і да таго зрабілася нікчэмным і сонным яго жыццё, што не толькі перасталі паважаць яго дваровыя людзі, але ледзь не клявалі хатнія куры. Узяўшы пяро, бессэнсоўна ён рысаваў на паперы цэлымі гадзінамі рагулькі, домікі, хаты, вазы, тройкі. Але часам, усё забыўшы, пяро рысавала само сабой, без ведама гаспадара, маленькую галоўку з тонкімі рысамі, з хуткім праніклівым позіркам і ўзнятнай пасмай валасоў, і ў здзіўленні бачыў гаспадар, як атрымліваўся партрэт той, з каго не нарысаваў-бы партрэта ніякі мастак. I яшчэ больш сумна рабілася яму і, верачы таму, што няма на зямлі шчасця, заставаўся ён яшчэ больш пасля гэтага нудным і маўклівым.

Такі быў стан душы Андрэя Іванавіча Тенцетнікава. У той час, калі, паводле прызвычаення, падсеў ён да акна паўзірацца звычайным парадкам, але на сваё здзіўленне не чуў ні Грыгорыя, ні Перфільеўны, на дварэ, наадварот, быў некаторы рух і некаторая мітусня. Падкухцік і дваровая дзяўчына беглі адчыняць вароты. У варотах паказаліся коні, акурат, як лепяць, ці рысуюць іх на трыумфальных варотах; морда направа, морда налева, морда пасярэдзіне. Вышэй іх, на козлах — фурман і лакей, у шырокім сурдуце, падперазаны насавой хусткай. За імі пан, у шапцы і шынялі, захутаны ў касынку вясёлкавых колераў. Калі экіпаж выкіраваўся каля ганку, выявілася, што быў ён не што іншае, як рэсорная лёгкая брычка. Пан, незвычайна прыстойнага выгляду, саскочыў на ганак з хуткасцю і спрытам амаль ваеннага чалавека.

Андрэй Іванавіч спужаўся: ён палічыў яго за ўрадавага чыноўніка. Трэба сказаць, што ў маладосці сваёй ён быў замяшаўся ў адну неразумную справу. Два філосафы з гусар, якія начыталіся ўсякіх брашур, ды эстэтык, што не дакончыў вучэбнага курса, ды ігрок, які пратраціўся ўшчэнт, наладзілі нейкае філантрапічнае таварыства, пад вярхоўным кіраўніцтвам старога махляра і масона і таксама карцёжніка, але красамоўнейшага чалавека. Таварыства было закладзена з шырокай мэтай — здабыць трывалае шчасце ўсяму чалавецтву, ад берагоў Тэмзы да Камчаткі. Каса грошай спатрэбілася велізарная; ахвяры збіраліся з велікадушных членаў неймаверныя. Куды гэта ўсё пайшло — ведаў аб гэтым толькі адзін вярхоўны распарадчык. У гэтае таварыства зацягнулі яго два прыяцелі, якія належалі да класа засмучаных людзей, добрыя людзі, але якія, ад частых тостаў у імя навукі, асветы і будучых паслуг чалавецтву, зрабіліся потым фармальнымі п’яніцамі. Тенцетнікаў хутка схамянуўся і вышаў з гэтага кола. Але таварыства паспела ўжо заблытацца ў нейкіх іншых дзеяннях, нават не зусім прыстойных двараніну, так што потым завязаліся справы з паліцыяй... А таму не дзіўна, што, і вышаўшы і парваўшы ўсякія зносіны з імі, Тенцетнікаў не мог, аднак-жа, быць спакойным; на сумленні ў яго было не зусім ёмка. Не без страху глядзеў ён і цяпер як адчыняліся дзверы.

Страх яго, аднак-жа, раптам мінуўся, калі госць раскланяўся са спрытам незвычайным, захоўваючы пачцівае становішча галавы, крыху набок, і ў кароткіх, але ў пэўных словах растлумачыў, што ўжо даўно ён ездзіць па Расіі, да чаго пабуджаюць яго і патрэбы і цікаўнасць; што дзяржава наша вельмі багата прадметамі выдатнымі, ужо не гаворачы пра багацце промыслаў і рознастайнасць глебы; што ён захапіўся маляўнічай мясцовасцю, дзе знаходзіцца яго вёска; што, не гледзячы, аднак-жа, на гэта, ён не адважыўся-б непакоіць яго недарэчным сваім заездам, калі-б не здарылася, з прычыны вясновых разводдзяў і дрэнных дарог, раптоўнай паломкі ў яго экіпажы, якая патрабуе рукі дапамогі з боку кавалёў і майстроў; што пры ўсім гэтым, аднак-жа, калі-б нават і нічога не здарылася з яго брычкай, ён-бы не мог адмовіць сабе ў прыемнасці засведчыць яму асабіста сваё шанаванне.

Скончыўшы прамову, госць, з заваблівай прыемнасцю, падшаркнуў нагой, якая была абута ў франтаўскі лакавы поўбоцік, зашпілены на перламутравыя гузікі, і, не гледзячы на паўнату тулава, адскочыў зараз-жа крыху назад з лёгкасцю гумавага мячыка.

Супакоены Андрэй Іванавіч вырашыў, што гэта павінен быць які-небудзь дапытлівы вучоны прафесар, які ездзіць па Расіі, магчыма, для таго, каб збіраць якія-небудзь расліны або, магчыма, выкапні. Зараз-жа выказаў ён яму ўсякую гатоўнасць садзейнічаць ва ўсім; запрапанаваў сваіх майстроў, калёснікаў і кавалёў, прасіў размясціцца, як у сябе дома; пасадзіў яго ў вялікае вальтэраўскае крэсла і нарыхтаваўся слухаць яго апавяданні з галіны прыродазнаўчых навук.

Госць, аднак-жа, закрануў больш падзеі ўнутранага свету. Прыраўняў сваё жыццё да судна пасярод мораў, якое гоняць адусюль вераломныя вятры; успомніў пра тое, што павінен быў перамяніць многа пасад, што многа пацярпеў за праўду, што нават само жыццё яго было не раз у небяспецы з боку ворагаў, і многа яшчэ расказаў ён такога, што паказвала яго хутчэй як практычнага чалавека. У заканчэнні прамовы, высмаркаўся ён у белую батыставую хустачку так гучна, як Андрэю Іванавічу яшчэ і не здаралася чуць. Часамі трапляецца ў аркестры такая пройда-труба, якая калі рэзне, дык здасца, што грымнула не ў аркестры, але ва ўласным вуху. Такі вось гук пачуўся ў абуджаных пакоях дрымотнага дома, і зараз-жа ўслед за ім павеяў водар адэкалона, які быў непрыкметна пашыраны спрытным патрэсваннем насавой батыставай хустачкі.

Чытач, магчыма, ужо здагадаўся, што госць быў не хто іншы, як наш шаноўны, даўно намі пакінуты Павел Іванавіч Чычыкаў. Ён крыху пастарэў: як відаць, не без бур і трывог быў для яго гэты час. Здавалася, быццам і самы фрак на ім крыху пашарпаўся, і брычка, і фурман, і слуга, і коні, і запрэжка як быццам паабціраліся і пазношваліся. Здавалася, быццам і самыя фінансы нават былі не ў зайздросным стане. Але выраз твару, прыстойнасць, абыходжанне засталіся тыя-ж. Нават як быццам яшчэ прыемнейшы зрабіўся ён ва ўчынках і зваротах, яшчэ спрытней падкладаў пад ножку ножку, калі садзіўся ў крэсла. Яшчэ больш было мяккасці ў яго вымаўленні, асцярожнай памеркаванасці ў словах і выразах, больш умельства трымаць сябе і больш такту ва ўсім. Бялей і чысцей за снег былі на ім каўнерыкі і манішка, і, не гледзячы на тое, што быў ён з дарогі, ні парушынкі не села яму на фрак,—хоць запрашай зараз-жа яго на імянінны абед. Шчокі і падбародак выгалены былі так, што толькі сляпы не мог не палюбавацца прыемнай выпукласцю круглаты іх.

У доме адбылося адразу-ж пераўтварэнне. Палавіна яго дагэтуль сляпая, з забітымі акяніцамі, раптам стала відушчай і азарылася. Усё пачало размяшчацца ў асветленых пакоях, і хутка ўсё набыло такі выгляд: пакой, прызначаны быць спальняй, размясціў у сабе рэчы, неабходныя для начнога туалета; пакой, прызначаны быць кабінетам... але раней неабходна ведаць, што ў гэтым пакоі былі тры сталы: адзін пісьмовы — перад канапай, другі ломберны — паміж вокнамі перад люстэркам, трэці трыкутны — у кутку, паміж дзвярамі ў спальню і дзвярамі ў нежылы зал з інваліднай мэбляй, які служыў цяпер пярэдняй і куды дасюль з год не заходзіў ніхто. На гэтым трыкутным стале размясцілася падаставаная з чамадана вопратка, і іменна: панталоны пад фрак, панталоны новыя, панталоны шэранькія, дзве аксамітныя камізэлькі і дзве атласныя і сурдут. Усё гэта размясцілася адно на другім пірамідкай і накрылася зверху насавой шаўковай хустачкай. У другім кутку, паміж дзвярамі і акном, выстраіліся ў радок боты: адны не зусім новыя, другія зусім новыя, лакіраваныя чаравікі і спальныя. Яны таксама сарамліва завесіліся шаўковай насавой хустачкай, — так, быццам іх там зусім не было. На пісьмовым стале зараз-жа размясціліся: шкатулка, пляшка з адэкалонам, каляндар і два нейкія раманы, абодва другія тамы. Чыстая бялізна змясцілася ў камодзе, што ўжо знаходзіўся ў спальні; бялізна-ж, якую належала аддаць прачцы, звязана была ў вузел і падсунута пад ложак. Спарожнены чамадан быў таксама падсунуты пад ложак. Шабля, якая ездзіла па дарогах, каб наганяць страх на зладзеяў, змясцілася таксама ў спальні, павіснуўшы на цвіку, недалёка ад ложка. Усё набыло выгляд чыстаты і ахайнасці незвычайнай. Нідзе ні паперкі, ні пярынкі, ні парушынкі. Самое паветра неяк палепшылася: у ім умацаваўся прыемны пах здаровага свежага мужчыны, які бялізны не заношвае, у лазню ходзіць і выцірае сябе мокрай губкай па нядзелях. У пярэднім зале спрабаваў быў умацавацца на час пах слугі Пятрушкі, але Пятрушка хутка перамешчаны быў у кухню, як яно і належала.

Першыя дні Андрэй Іванавіч баяўся за сваю незалежнасць, каб як-небудзь госць не звязаў яго, не абцяжыў якімі-небудзь зменамі ў жыццёвым ладзе і не парушыўся-б парадак дня яго, так удала заведзены; але боязнь была дарэмная. Павел Іванавіч наш паказаў незвычайна гнуткую здольнасць прыстасавацца да ўсяго. Ухваліў філасафічную павольнасць гаспадара, сказаўшы, што яна абяцае стогадовае жыццё. Пра адзіноту выказаўся вельмі трапна, іменна, што яна жывіць вялікія думкі ў чалавеку. Зірнуўшы на бібліятэку і пахваліўшы кнігі наогул, заўважыў, што яны ратуюць ад бяздзейнасці чалавека. Сказаў слоў няшмат, але значных. Ва ўчынках сваіх ён патрапіў быць яшчэ больш да месца. Своечасова з’яўляўся, своечасова адыходзіў; не абцяжваў гаспадара распытваннем, калі той быў негаваркі; з прыемнасцю гуляў з ім у шахматы, з прыемнасцю маўчаў. У той час, калі адзін пускаў кучаравымі воблакамі дым з люлькі, другі, не курачы люлькі, прыдумваў, аднак-жа адпаведны занятак: даставаў, напрыклад, з кішэні срэбраную з чэрню табакерку, і, умацаваўшы яе паміж двух пальцаў левай рукі, пакручваў яе хутка пальцамі правай, накшталт таго, як зямная сфера круціцца навокал сваёй восі, ці так барабаніў па ёй пальцам, з прысвістам. Словам — не перашкаджаў гаспадару. «Я першы раз бачу чалавека, з якім можна жыць», гаварыў сам сабе Тенцетнікаў: «наогул гэтага ўмельства ў нас мала. Паміж намі ёсць даволі людзей, і разумных, і адукаваных, і добрых, але людзей сталага, роўнага характару, людзей, з якімі можна было-б пражыць век і не пасварыцца, — я не ведаю, ці многа ў нас можна адшукаць такіх людзей. Вось першы чалавек, якога я бачу». Так адгукаўся Тенцетнікаў аб сваім гасці.

Чычыкаў, з свайго боку, быў вельмі рады, што пасяліўся на час у такога мірнага і ціхага гаспадара. Цыганскае жыццё яму надакучыла. Адпачыць, хоць месяц, у цудоўнай вёсцы, між палёў, на пачатку вясны, карысна было нават і ў гемараідальных адносінах.

Цяжка было адшукаць лепшы куток для спачынку. Вясна, якую доўга затрымлівалі халады, раптам пачалася ва ўсёй красе сваёй, і жыццё зайграла ўсюды. Ужо сінелі пралескі, і па свежым ізумрудзе першай зеляніны жаўцелі дзьмухаўцы, лілова-ружовы анемон нахіляў кволую галоўку. Раі мошак і кучы казюлек з’явіліся на балотах; наўздагон за імі бегаў ужо вадзяны павук; а за імі розная птушка сабралася адусюль у сухі чарот. I ўсё збіралася бліжэй паглядзець адно на другое. Раптам насялілася зямля, прачнуліся лясы, загучэлі лугі. У вёсцы пайшлі карагоды. Гулянню быў прастор. Колькі яркасці ў зеляніне! колькі свежасці ў паветры! колькі птушынага крыку ў садах! Рай, радасць і лікаванне ўсяго! Вёска гучала і спявала, як быццам на вяселлі.

Чычыкаў хадзіў шмат. Прагулкам і гулянням было прыволле ўсюды. То ішоў ён на прагулку па плоскай вяршыні ўзвышшаў, маючы перад вачамі даліны, што рассцілаліся ўнізе, дзе яшчэ ўсюды заставаліся вялікія азёры ад веснавога разводдзя, і астравамі на іх цямнелі яшчэ голыя лясы; або ўваходзіў у гушчар, у лясныя яры, дзе стоўпі...[92 ] густа дрэвы, абцяжаныя птушынымі гнёздамі, што змясці...[92 ] крыклівых крумкачоў, якія цьмянілі неба крыжаваным лётам. Па абсохшай зямлі можна было накіравацца да прыстані, адкуль з гарохам, ячменем і пшаніцай адплывалі першыя судны, між тым, як у той-жа час з аглушальным шумам імчалася вада на колы млына, што пачынаў працаваць. Хадзіў ён наглядаць першыя веснавыя работы, глядзець, як свежая ралля чорнай паласой праходзіла па зеляніне, і сейбіт, пастукваючы рукой аб сяўню, што вісела ў яго на грудзях, жменяй раскідаў насенне роўна, ні зернятка не перадаўшы на той ці іншы бок.

Чычыкаў пабыў усюды. Пагаварыў і паталкаваў і з прыказчыкамі, і з мужыкамі, і з млынаром. Даведаўся пра ўсё, і што, і як, і якім чынам гаспадарка ідзе, і на колькі хлеба прадаецца, і колькі выбіраюць вясной і восенню за мліва мукі, і як зваць кожнага мужыка, і хто з кім сваякі, і дзе купіў карову, і чым корміць свінню, словам—усё. Даведаўся і пра тое, колькі перамерла мужыкоў; выявілася—няшмат... Як разумны чалавек, заўважыў ён раптам, што несамавіта ідзе гаспадарка ў Андрэя Іванавіча: усюды недагляд, нядбайства, зладзейства, нямала і п’янства. I думаў: «Які, аднак-жа, абармот Тенцетнікаў! Такі маёнтак і так запусціць! Можна-б мець пяцьдзесят тысяч гадавога прыбытку».

Не раз, паміж такіх прагулак, прыходзіла яму ў думкі зрабіцца калі-небудзь самому, — г. зн., зразумела, не цяпер, але потым, калі будзе зроблена галоўная справа і будуць сродкі ў руках, — зрабіцца самому мірным уладаром падобнага маёнтка. Тут, зразумела, зараз-жа ўяўлялася яму нават і маладая, свежая, белатварая кабетка, з купецкага ці іншага багатага саслоўя, якая-б нават ведала і музыку. Уяўлялася яму і маладое пакаленне, якое павінна ўвекавечыць фамілію Чычыкавых: хлапчук-гарэза і красуня-дачка, або нават два хлапчукі, дзве і нават тры дзяўчынкі, каб было ўсім вядома, што ён сапраўды жыў і існаваў, а не тое, што прайшоў якім-небудзь ценем ці прывідам па зямлі,—каб не было сорамна і перад айчынай. Тады яму пачынала ўяўляцца нават і тое, што нядрэнна-б і да чына мець некаторы дадатак: стацкі саветнік, напрыклад, чын варты павагі і пашаны... Ці мала чаго не прыходзіць у галаву, пад час прагулак, чалавеку, што чалавека так часта адцягвае ад нуднай цяперашняй хвіліны, варушыць, дражніць, кратае ўяўленне і бывае яму прыемна нават тады, калі ўпэўнены ён сам, што гэта ніколі не здзейсніцца!

Людзям Паўла Іванавіча вёска таксама спадабалася. Яны, таксама як і ён, абжыліся ў ёй. Пятрушка сышоўся вельмі хутка з буфетчыкам Грыгорыем, хоць спачатку яны абодва важнічалі і надзімаліся адзін перад другім страшэнна. Пятрушка пусціў Грыгорыю пыл у вочы сваёй бываласцю ў розных месцах, Грыгорый-жа абсадзіў яго адразу Пецербургам, у якім Пятрушка не быў. Апошні хацеў быў падняцца і выехаць на далёкай адлегласці тых месцаў, у якіх яму давялося пабыць; але Грыгорый назваў яму такое месца, якога ні на адной карце нельга было адшукаць, і налічыў больш за трыццаць тысяч вёрст, так што слуга Паўла Іванавіча зусім асавеў, разявіў рот і быў абсмяяны зараз-жа ўсёй дворняй. Справа, аднак-жа, скончылася паміж імі самай цеснай дружбай. У канцы вёскі Лысы Пімен, дзядзька ўсіх сялян, трымаў карчму, якая мела імя Акулька. У гэтай установе бачылі іх усе гадзіны дня. Там зрабіліся яны сваімі сябрамі, ці тым, што называюць у народзе — карчомныя заўсягдатаі.

У Селіфана была іншагароду прываба. На вёсцы, што ні вечар, спяваліся песні, запляталіся і распляталіся веснавыя карагоды. Пародзістыя стройныя дзеўкі, якіх цяжка ўжо цяпер адшукаць у вялікіх вёсках, прымушалі яго па некалькі гадзін стаяць варонай. Цяжка было сказаць, якая лепшая: ва ўсіх белыя грудзі, белыя шыі, ва ўсіх вочы рэпай, ва ўсіх вочы з павалокай, паходка, як у павы, і каса да пояса. Калі, узяўшыся аберуч за белыя рукі, павольна рушыўся ён з імі ў карагодзе, або выходзіў на іх сцяной, у шэрагу з іншымі хлопцамі, і выходзячы, таксама сцяной насустрач ім, гучна выспеўвалі, усміхаючыся, гарлатыя дзеўкі: «Баяры, пакажыце жаніха!» і ціха цьмянілася наўкруг наваколіца і, разлегшыся далёка за ракой, вярталася сумным назад водгулле спеву, не ведаў ён і сам тады, што з ім рабілася. У сне і на яве, раніцой і змярканнем, усё мроілася яму потым, што ў абодвух руках яго белыя рукі, і рушыцца ён у карагодзе.

Коням Чычыкава спадабалася таксама новае жытло. I каранны, і Засядацель, і сам пярэсты лічылі бытаванне ў Тенцетнікава зусім не нудным, авёс выдатным, а размяшчэнне стайняў незвычайна зручным: у кожнага стойла, хоць і адгароджанае, але праз загародкі можна было бачыць і іншых коней, так што, калі-б з’явілася ў каго-небудзь з іх, нават самага далёкага, ахвота раптам заірзаць, можна было-б адразу адказаць яму тым-жа.

Словам, усе абжыліся, як дома. Што-ж тычыцца той патрэбы, дзеля якой Павел Іванавіч аб’язджаў прасторную Расію, гэта значыць — мёртвых душ, дык наконт гэтага прадмета ён зрабіўся вельмі асцярожным і далікатным, калі-б нават давялося весці справу з круглымі дурнямі. Але Тенцетнікаў, як-бы там ні было, чытае кнігі, філасофствуе, стараецца вытлумачыць сабе розныя прычыны ўсяго — навошта і чаму? «Не, лепш пашукаць, ці нельга з другога канца». Так думаў ён. Гутарачы часта з дваровымі людзьмі, ён, між іншым, ад іх даведаўся, што пан ездзіў часта да суседа-генерала, што ў генерала паненка, што пан быў да паненкі, дый і паненка таксама да пана... але потым раптам за штосьці завяліся і разышліся. Ён заўважыў і сам, што Андрэй Іванавіч алоўкам і пяром усё рысаваў нейкія галоўкі, падобныя адна да другой.

Аднойчы, пасля абеда, пакручваючы, як звычайна, пальцам срэбраную табакерку навокал яе восі, сказаў ён так: «У вас усё ёсць, Андрэй Іванавіч, аднаго толькі нехапае».

«Чаго?» запытаў той, выпускаючы кучаравы дым.

«Сяброўкі жыцця», сказаў Чычыкаў.

Нічога не сказаў Андрэй Іванавіч. На тым размова і скончылася.

Чычыкаў не збянтэжыўся, выбраў іншы час, перад вячэрай ужо і, размаўляючы пра тое і пра сёе, раптам сказаў: «А дапраўды, Андрэй Іванавіч, вам-бы вельмі не шкодзіла жаніцца».

Хоць-бы слова сказаў на гэта Тенцетнікаў, нібы сапраўды самая размова пра гэта была яму непрыемна.

Чычыкаў не збянтэжыўся. Трэці раз выбраў ён ужо час пасля вячэры і сказаў так: «А ўсё-ж такі, як ні прыкіну вашы справы, бачу, што трэба вам жаніцца: апануе вас іпахондрыя».

Ці словы Чычыкава на гэты раз былі такія пераканаўчыя, ці настрой у гэты дзень у яго быў асабліва схільны да шчырасці — ён уздыхнуў, сказаў, пусціўшы ўгору дым з люлькі: «На ўсё трэба нарадзіцца шчасліўцам, Павел Іванавіч», і расказаў усё, як было, усю гісторыю знаёмства з генералам і разрыву.

Калі пачуў Чычыкаў, ад слова да слова, усю справу, і ўбачыў, што праз адно слова ты вышла такая гісторыя, ён аслупянеў. З хвіліну глядзеў ён пранікліва ў вочы Тенцетнікаву, не ведаючы, як рашыць пра яго: ці круглы дурань, ці толькі прыдуркаваты, і нарэшце — «Андрэй Іванавіч! даруйце!» сказаў ён, узяўшы яго за абедзве рукі: «якая-ж абраза? што-ж тут абразлівага ў слове ты?»

«У самым слове няма нічога абразлівага», сказаў Тенцетнікаў: «але ў сэнсе слова, але ў голасе, якім сказана яно змяшчаецца абраза. Ты! — гэта значыць: «Помні, што ты дрэнь, я прымаю цябе толькі таму, што няма нікога лепшага; а прыехала якая-небудзь князёўна Юзякіна — ты ведай сваё месца, стой каля парога». Вось што гэта значыць! Гаворачы гэта, спакойны і лагодны Андрэй Іванавіч забліскаў вачамі; у голасе яго пачулася абурэнне абражанага пачуцця.

«Ды хоць-бы нават у гэтым сэнсе, што-ж тут такога?» сказаў спакойна Чычыкаў.

«Як! Вы хочаце, каб я працягваў бываць у яго пасля такога ўчынку?»

«Ды які-ж гэта ўчынак? Гэта нават не ўчынак», сказаў спакойна Чычыкаў.

«Як не ўчынак?» запытаў у здзіўленні Тенцетнікаў.

«Гэта генеральская прывычка, а не ўчынак: яны ўсім гавораць ты. Ды зрэшты, чаму-ж гэтага і не дазволіць заслужанаму, шаноўнаму чалавеку?..»

«Гэта іншая справа», сказаў Тенцетнікаў. «Калі-б ён быў стары, бедны, не горды, не фанабэрысты, не генерал, я тады дазволіў-бы яму казаць мне ты і прыняў-бы нават з пашанай».

«Ён зусім дурань», падумаў сам сабе Чычыкаў: «абадранцу дазволіць, а генералу не дазволіць!..» — «Добра!» сказаў ён уголас: «дапусцім, ён вас абразіў, затое вы разлічыліся з ім: ён вам, і вы яму. Сварыцца, пакідаючы асабістую ўласную [справу],— гэта, выбачце... Калі ўжо выбрана мэта, ужо трэба ісці напралом. Чаго глядзець на тое, што чалавек плюецца! Чалавек заўсёды плюецца: ён так ужо створаны. Ды вы не адшукаеце цяпер у цэлым свеце такога, які-б не пляваўся».

«Дзіўны чалавек гэты Чычыкаў!» думаў сам сабе ў здзіўленні Тенцетнікаў, зусім збянтэжаны такімі словамі.

«Які, аднак-жа, дзівак гэты Тенцетнікаў!» думаў тым часам Чычыкаў.

«Андрэй Іванавіч! я буду гаварыць з вамі як брат з братам. Вы чалавек неспрактыкаваны — дазвольце мне ўладзіць гэтую спіраву. Я з’езджу да яго прэвасхадзіцельства і вытлумачу, што здарылася гэта з вашага боку па непаразуменню, па маладосці і няведанню людзей і свету».

«Подлічаць перад ім я не маю намеру!» сказаў, абразіўшыся, Тенцетнікаў: «ды і вас не магу на гэта ўпаўнаважыць».

«Подлічаць я не здольны», сказаў, абразіўшыся, Чычыкаў, «быць вінаватым у іншым учынку, па-чалавечы, магу, але ў подласці — ніколі... Выбачце, Андрэй Іванавіч, за маё добрае жаданне, я не чакаў, каб словы мае прымалі вы ў такім крыўдным сэнсе». Усё гэта было сказана з пачуццём годнасці.

«Я вінаваты, выбачце!» сказаў паспешна расчулены Тенцетнікаў, схапіўшы яго за абедзве рукі. «Я не думаў вас абразіць. Клянуся, я цаню вашу добрую спагаду! Але пакінем гэтую размову. Не будзем больш ніколі пра гэта гутарыць!»

«У такім выпадку, я так паеду да генерала».

«Чаго?» запытаў Тенцетнікаў, гледзячы ў здзіўленні яму ў вочы.

«Засведчыць шанаванне».

«Дзіўны чалавек гэты Чычыкаў!» падумаў Тенцетнікаў.

«Дзіўны чалавек гэты Тенцетнікаў!» падумаў Чычыкаў.

«Я заўтра-ж, Андрэй Іванавіч, каля дзесяці гадзін раніцы і паеду да яго. Па-мойму, чым хутчэй засведчыць шанаванне чалавеку, тым лепш. Паколькі брычка мая яшчэ не ў належным стане, дазвольце мне ўзяць у вас каляску. Я заўтра-ж, гэтак каля дзесяці гадзін раніцы, і з’ездзіў-бы да яго».

«Даруйце, што за просьба? Вы поўны гаспадар: і экіпаж, і ўсё да вашых паслуг».

Пасля такой размовы, яны развіталіся і разышліся спаць, разважаючы пра дзівацтва адзін другога.

Дзіўная, аднак-жа, справа! На другі дзень, калі падалі Чычыкаву коней і ўскочыў ён у каляску з лёгкасцю амаль ваеннага чалавека, апрануты ў новы фрак, белы гальштук і камізэльку, і пакаціўся сведчыць шанаванне генералу, Тенцетнікава ахапіла такое хваляванне духу, якога ён даўно не зазнаваў. Увесь гэты іржавы і дрэмлючы ход яго думак ператварыўся ў дзейна-неспакойны. Нервовая ўзрушанасць апанавала ўсе пачуцці паглыбленага дасюль у бесклапотную ляноту абібока. То садзіўся ён на канапу, то падыходзіў да акна, то браўся за кнігу, то хацеў думаць — дарэмнае жаданне! думка не лезла яму ў галаву. То стараўся ні пра што не думаць — дарэмныя высілкі! урыўкі чагосьці, падобнага да думак, канцы і хвосцікі думак лезлі і адусюль наклёўваліся яму ў галаву. «Дзіўны стан!» сказаў ён і падсунуўся да акна глядзець на дарогу, што прарэзвала дуброву, у канцы якой яшчэ курыўся, не  паспеўшы асесці, пыл. Але, пакінем Тенцетнікава, рушым следам за Чычыкавым.