Нішто, аднак-жа, не здарылася так, як меркаваў Чычыкаў. Па-першае, прачнуўся ён пазней, чым думаў — гэта была першая непрыемнасць. Устаўшы, ён паслаў зараз-жа даведацца, ці запрэжана брычка і ці ўсё гатова; але далажылі, што брычка яшчэ была не запрэжана і нічога не было гатова. Гэта была другая непрыемнасць. Ён раззлаваўся, падрыхтаваўся задаць нешта накшталт лупцоўкі прыяцелю нашаму Селіфану і толькі нецярпліва чакаў, якую той са свайго боку знойдзе прычыну ў апраўданне. Хутка Селіфан з’явіўся ў дзвярах, і пан меў прыемнасць пачуць тыя-ж самыя размовы, якія звычайна чуюцца ад прыслугі ў такім выпадку, калі трэба хутка ехаць.

«Дык-жа, Павел Іванавіч, трэба будзе коней каваць».

«Ах ты, чушка! пень! а раней чаму аб гэтым не сказаў? Не было хіба часу?»

«Ды час-то быў... Ды вось і кола таксама, Павел Іванавіч, шыну трэба будзе зусім перацяшуць, бо цяпер дарога калдобістая, выбоіны такія ўсюды пайшлі... Ды калі дазволіце далажыць: перадок у брычцы зусім расхістаўся, так што яна, можа, і двух станцый не зробіць».

«Падлюга ты!» выгукнуў Чычыкаў, успляснуўшы рукамі, і падышоў да яго так блізка, што Селіфан, са страху, каб не атрымаць ад пана падарунка, падаўся крыху назад і адступіўся ўбок.

«Забіць ты мяне сабраўся? а? зарэзаць мяне хочаш? На вялікай дарозе мяне сабраўся зарэзаць, разбойнік, чушка ты праклятая, страшыдла марское! а? а? Тры тыдні сядзелі на месцы, а? Каб хоць заікнуўся, лайдачына, — а вось цяпер на апошнюю гадзіну і прыгнаў! калі ўжо амаль напагатове: сесці-б ды і ехаць, а? а ты вось тут-то і напаскудзіў, а? а? А ты-ж ведаў гэта раней? Ты-ж ведаў гэта, а? а? Адказвай. Ведаў? А?»

«Ведаў», адказаў Селіфан, панурыўшы галаву.

«Дык чаму-ж тады не сказаў, а?»

На гэтае пытанне Селіфан нічога не адказаў, але, панурыўшы галаву, гаварыў сам сабе: «Бач ты, як яно дзіўна здарылася: і ведаў-жа, ды не сказаў!»

«А вось цяпер ідзі, прывядзі каваля, ды каб за дзве гадзіны ўсё было зроблена. Чуеш! абавязкова за дзве гадзіны: а калі не будзе, дык я цябе, я цябе... у рог сагну і вузлом завяжу!» Герой наш быў моцна раззлаваны.

Селіфан павярнуўся быў да дзвярэй з тым, каб ісці выканаць загад, але спыніўся і сказаў: «Ды яшчэ, судар, пярэстага каня, дапраўды, хоць-бы прадаць, бо ён, Павел Іванавіч, зусім падлюга, ён такі конь, проста, яе дай бог, толькі перашкода».

«Так! вось пайду, пабягу на рынак прадаваць!»

«Дальбог, Павел Іванавіч, ён толькі на выгляд ніштаваты, а на справе самы хітры конь; такога каня нідзе...»

«Дурань! калі захачу прадаць, дык прадам. Яшчэ пусціўся ў разважанні! Вось пагляджу я: калі ты мне не прывядзеш зараз кавалёў, ды за дзве гадзіны яе будзе ўсё гатова, дык я табе такую дам лупцоўку... сам на сабе твару не ўбачыш! Пайшоў! ідзі!» Селіфан вышаў.

Чычыкаў зусім страціў настрой і шпурнуў на падлогу шаблю, якая ездзіла з ім у дарозе, каб належным чынам падстрашваць каго след. Каля чвэрці гадзіны з нечым правалаводзіўся ён з кавалямі, пакуль зладзіў, бо кавалі, як водзіцца, былі заўзятымі падлюгамі і, сцяміўшы, што рабіць трэба хутка, заламалі роўна ў шэсць разоў. Як ён ні гарачыўся, называў іх шэльмамі, разбойнікамі, грабежнікамі праязджаючых, намякнуў нават на страшны суд, але кавалёў нічым не праняў: яны поўнасцю вытрымалі характар: не толькі не адступіліся ад цаны, але нават пракорпаліся за работай замест двух гадзін, цэлых пяць з палавінай. На працягу гэтага часу ён меў шчасце перажыць прыемныя хвіліны, вядомыя кожнаму падарожніку, калі ў чамадане ўсё зложана і ў пакоі валяюцца толькі вяровачкі, паперкі ды рознае смецце, калі чалавек не належыць ні дарозе, ні сядзенню на месцы, бачыць з акна прахожых людзей, якія цягнуцца, гутараць пра свае грыўні і з нейкай неразумнай дапытлівасцю ўзнімаюць вочы, каб, глянуўшы на яго, зноў ісці сваёй дарогай, што яшчэ больш раздражняе дрэнны настрой беднага падарожніка, што сабраўся ды не едзе. Усё што ні ёсць, усё, што ні бачыць ён: і крамка супроць яго акон, і галава старой, якая жыве ў процілеглым доме і падыходзіць да акна з кароценькімі фіранкамі, — усё яму агідна, аднак-жа, ён не адыходзіць ад акна. Стаіць, то забываючыся, то звяртаючы зноў нейкую прытупленую ўвагу на ўсё, што перад ім рушыцца і не рушыцца, і душыць ад прыкрасці якую-небудзь муху, што ў гэты час гудзе і б’ецца аб шкло пад яго пальцам. Але ўсяму бывае канец, і жаданая хвіліна надышла: усё было гатова, перадок брычкі як след быў наладжаны, кола было абцягнута новай шынай, коні прыведзены з вадапою, і разбойнікі-кавалі пайшлі, пералічыўшы атрыманыя рублёўкі і пажадаўшы ўсяго добрага. Нарэшце, і брычка была запрэжана, і два гарачыя калачы, толькі што купленыя, пакладзены туды, і Селіфан ужо засунуў тое-сёе для сябе ў кішэню, што была каля фурмановых козлаў, і сам герой, нарэшце, пры ўзмахванні шапкаю палавога ў тым-жа дэмікатонавым сурдуце, пры тракцірных і чужых лакеях і фурманах, якія сабраліся падзівіцца, як выязджае чужы пан, і пры ўсіх іншых акалічнасцях, што суправаджаюць выезд, сеў у экіпаж, — і брычка, у якой ездзяць халасцякі і якая так доўга застаялася ў горадзе і так, магчыма, надакучыла чытачу, нарэшце, выехала з варот гасцініцы. «Дзякуй табе, божа!» падумаў Чычыкаў і перахрысціўся. Селіфан сцебануў пугай; да яго падсеў спярша павісеўшы некаторы час на падножцы Пятрушка, і герой наш, умайстраваўшыся зручней на грузінскім дыванку, заклаў за спіну сабе скураную падушку, прыціснуў два гарачыя калачы, і экіпаж пайшоў зноў падскокваць і пагойдвацца, дзякуючы бруку, што, як вядома, меў падкідальную сілу. З нейкім невыразным пачуццём глядзеў ён на дамы, сцены, парканы і вуліцы, якія таксама з свайго боку, быццам падскокваючы, павольна адыходзілі назад, і якія, бог ведае, ці дасць яму лёс убачыць яшчэ калі-небудзь на працягу свайго жыцця. Пры павароце ў адну з вуліц брычка павінна была спыніцца, бо ва ўсю даўжыню яе праходзіла бясконцая пахавальная працэсія. Чычыкаў, высунуўшыся, загадаў Пятрушку запытаць, каго хаваюць, і даведаўся, што хаваюць пракурора. Поўны непрыемных адчуванняў, ён зараз-жа схаваўся ў кут, закрыў сябе скураю і зашмаргнуў фіранкі. У гэты час, калі экіпаж быў такім чынам спынены, Селіфан і Пятрушка, набожна зняўшы капялюш, разглядалі, хто як, у чым і на чым ехаў, лічачы, колькі было ўсіх і пешых, і ехаўшых, а пан, загадаўшы ім не прызнавацца і не кланяцца нікому са знаёмых лакеяў, таксама пачаў нясмела разглядаць праз шкельцы, якія былі ў скураных фіранках: за труною ішлі, зняўшы капелюшы, усе чыноўнікі. Ён пачаў быў крыху баяцца, каб не пазналі яго экіпажа, але ім было не да таго. Яны нават не заняліся рознымі жыццёвымі размовамі, якія звычайна вядуць паміж сабой праводзячыя нябожчыка. Усе думкі іх былі сабраны ў гэты час у саміх сабе: яны думалі, якім вось будзе новы генерал-губернатар, як возьмецца за справу і як прыме іх. За чыноўнікамі, якія ішлі пехатою, ехалі карэты, з якіх выглядалі дамы ў жалобных каптурах. Па руху губ і рук іх відаць было, што яны былі заняты жвавай размовай; можа, яны таксама гаварылі аб прыездзе новага генерал-губернатара і рабілі здагадкі наконт балаў, якія ён дасць, і клапаціліся аб вечных сваіх фестончыках і нашывачках. Нарэшце, за карэтамі ішло некалькі пустых дрожак, якія выцягнуліся гужом, нарэшце, і нічога ўжо не засталося, і герой наш мог ехаць. Адкрыўшы скураныя фіранкі, ён уздыхнуў, сказаўшы ад душы: «Вось пракурор! жыў, жыў, а потым і памёр! I вось надрукуюць у газетах, што памёр, на жаль падначаленых і ўсяго чалавецтва, паважаны грамадзянін, рэдкі бацька, прыкладны муж, і шмат напішуць усякай усячыны; дададуць, бадай, што суправаджаў яго плач удоў і сірот; а калі-ж разабраць добра справу, дык на паверку, у цябе ўсяго толькі і было, што густыя бровы». Тут ён загадаў Селіфану ехаць хутчэй і між тым падумаў сам сабе: гэта аднак-жа добра, што спаткалі пахаванне; кажуць, значыць шчасце, калі спаткаеш нябожчыка.

Брычка тым часам павярнула ў больш пустынныя вуліцы; хутка пацягнуліся адны доўгія драўляныя платы, якія прадвяшчалі канец горада. Вось ужо і брук скончыўся, і шлагбаум, і горад ззаду, і нічога няма, і зноў дарога. I зноў з абодвух бакоў гасцінца пайшлі пісаць вёрсты, станцыйныя даглядчыкі, студні, абозы, шэрыя вёскі з самаварамі, бабамі і спрытным, барадатым гаспадаром, які бяжыць з пастаялага двара з аўсом у руцэ, пешаход у стаптаных лапцях, які цягнецца за 800 вёрст, гарадкі, пабудаваныя жыўцом, з драўлянымі крамкамі, мучнымі бочкамі, лапцямі, калачамі і іншай дробяззю, рабы, я шлагбаумы, недапраўленыя масты, палі неаглядныя і па адзін бок, і па другі, памешчыцкія рыдваны, салдат вёрхам на кані, які вязе зялёную скрынку з свінцовым гарохам і подпісам: такой вось артылерыйскай батарэі, зялёныя, жоўтыя і свежа-ўзнятыя чорныя палосы, што мільгаюць па стэпах, зазвінеўшая ў далечыні песня, сасновыя верхавіны ў тумане, знікаючы ў далечыні царкоўны звон, вароны як мухі і гарызонт без канца... Русь! Русь! бачу цябе з маёй цудоўнай, прыгожай далечыні, цябе бачу: бедна, раскідана і непрытульна ў табе; не развесяляць, не спалохаюць позірку дзёрзкія цуды прыроды вянчаныя дзёрзкімі цудамі мастацтва, гарады з шматаконнымі высокімі палацамі, уросшымі ў скалы, маляўнічыя дрэвы і плюшчы, уросшыя ў дамы, у шуме і вечным пыле вадаспадаў; не закінецца назад галава паглядзець на каменныя глыбы, якія награмаджваюцца без канца над ёю і ў вышыні; не бліснуць праз накінутыя адна на другую цёмныя аркі, ахутаныя вінаграднымі галінамі, плюшчамі і незлічонымі мільёнамі дзікіх ружаў, не бліснуць праз іх у далечыні вечныя лініі ззяючых гор, якія нясуцца ў срэбранае, яенае неба. Адкрыта-пустынна і роўна ўсё ў табе; як кропкі, як значкі, непрыкметна тырчаць сярод раўнін невысокія твае гарады; нішто не спакусіць і не зачаруе позірку. Але якая-ж незразумелая, таемная сіла цягне; да цябе? Чаму чуецца і разлягаецца нямоўчна ў вушах твая тужлівая песня, якая нясецца па ўсёй даўжыні і шырыні тваёй, ад мора да мора? Што ў ёй, у гэтай песні? Што кліча, і рыдае, і хапае за сэрца? Якія гукі балюча цалуюць і імкнуцца ў душу і віюцца каля майго сэрца? Русь! чаго-ж ты хочаш ад мяне? якая непасцігальная сувязь тоіцца між намі? Што глядзіш ты так, і чаму ўсё, што ні ёсць у табе, звярнула на мяне поўныя чакання вочы?.. I яшчэ, поўны неўразумення, нерухома стаю я, а ўжо ахінула галаву грознае воблака, цяжкае надыходзячымі дажджамі, і анямела думка перад тваімі прасторамі. Што прарочыць гэты неабсяжны прастор? Ці тут, у табе хіба не нарадзіцца бязмежнай думцы, калі ты сама без канца? Ці не быць тут асілку, калі ёсць месца, дзе разгарнуцца і прайсціся яму. I грозна абдымае мяне магутная прастора, страшнай сілай адлюстраваўшыся ў глыбіні маёй; надзвычайнай уладай асвятліліся мае вочы: у! якая ззяючая, цудоўная, незнаёмая зямлі далечыня! Русь!..

«Трымай, трымай, дурань!» крычаў Чычыкаў Селіфану.

«Вось я цябе палашом!» крычаў фельд’егер з вусамі на аршын, які імчаўся насустрач. Не бачыш, чорт дзяры тваю душу: казённы экіпаж!» I, як здань, знікла з громам і пылам тройка.

Якое дзіўнае і прывабнае, і імклівае, і цудоўнае ў слове: дарога! і якая цудоўная яна сама, гэтая дарога: ясны дзень, асенняе лісце, халоднае паветра... шчыльней у дарожны шынель, шапку на вушы, цясней і ўтульней прыціснемся ў куток! У апошні раз прабегшыя ўздрыгі прахапілі члены, і ўжо змяніла іх прыемная цеплыня. Коні імчацца... Як спакусліва крадзецца дрымота і заплюшчваюцца вочы, і праз сон ужо чуюцца: I «Не белы снегі», і сап коней, і шум колаў, і ўжо храпеш, прыціснуўшы ў куток свайго суседа. Прачнуўся: пяць станцый адбеглася назад; месяц; невядомы горад, цэрквы са старадаўнімі драўлянымі купаламі і чарнеючымі востраканцоўямі; цёмныя драўляныя і белыя каменныя дамы. Ззянне месяца там і там: быццам белыя палатняныя хусткі паразвешваліся па сценах, па бруку, па вуліцах; касякамі перасякаюць іх чорныя, як вугаль, цені; падобна ззяючаму металу зіхацяць наўскос асветленыя драўляныя стрэхі, і нідзе ні душы — усё спіць. Адзін-адзінюткі, хіба дзе-небудзь у аконцы мігціць агеньчык; ці мешчанін гарадскі шые сваю пару ботаў, ці пекар корпаецца ў печы — што да іх? А ноч! нябесныя сілы! якая ноч здзяйсняецца ў вышыні! А паветра, а неба, далёкае, высокае, што там, у недаступнай глыбіні сваёй, так неабсяжна, гучна і ясна раскінулася!.. але дыхае свежа ў самыя вочы халоднае начное дыханне і закалыхвае цябе, і вось ужо дрэмлеш і забываешся і храпеш, і варочаецца злосна, адчуўшы на сабе цяжар, бедны, прыціснуты ў кутку сусед. Прачнуўся — і ўжо зноў перад табой палі і стэпы, нідзе нічога — усюды пустка, усё адкрыта. Вярста з лічбай ляціць табе ў вочы; займаецца раніца; на пабялеўшым халодным небасхіле залатая бледная палоска; больш свежым і жорсткім робіцца вецер: шчыльней у цёплы шынель! які слаўны холад! які цудоўны сон зноў абдымае цябе! Штуршок — і зноў прачнуўся. На вяршыні неба сонца; лягчэй! лягчэй! чуецца голас, воз спускаецца з круцізны: унізе грэбля шырокая і шырокі ясны ставок, ззяючы як меднае дно перад сонцам; вёска, хаты рассыпаліся па схіле гары; як зорка блішчыць у баку крыж вясковай царквы; гамонка мужыкоў і нясцерпны апетыт у жываце... Божа! якая ты прыгожая часам, далёкая, далёкая дарога! Колькі разоў, гінучы і топячыся, я хапаўся за цябе,і ты кожны раз велікадушна выносіла і ратавала! А колькі нарадзілася ў табе цудоўных задум, паэтычных мар, колькі адчулася дзіўных уражанняў!.. Але і наш друг Чычыкаў адчуваў у гэты час не зусім празаічныя мары. А паглядзім, што ён адчуваў. Спачатку ён не адчуваў нічога і паглядаў толькі назад, жадаючы ўпэўніцца, ці сапраўды выехалі з горада; але калі ўбачыў, што горад ужо даўно знік, ні кузняў, «і млыноў, ні ўсяго таго, што знаходзіцца навокал гарадоў, не было відаць, і нават белыя верхавіны каменных цэркваў даўно ўвайшлі ў зямлю, ён заняўся толькі адной дарогай, паглядаў толькі направа і налева, і горад N як быццам не быў у яго памяці, як быццам праязджаў ён яго даўно, у маленстве. Нарэшце, і дарога перастала цікавіць яго, і ён пачаў злёгку заплюшчваць вочы і схіліў галаву да падушкі. Аўтар, прызнацца, гэтаму нават рады, знаходзячы такім чынам выпадак пагаварыць аб сваім героі; бо дагэтуль, як чытач бачыў, яму безупынна перашкаджалі то Наздроў, то балы, то дамы, то гарадскія плёткі, то, нарэшце, тысячы тых дробязей, якія здаюцца толькі тады дробязямі, калі занесены ў кнігу, а пакуль бытуюць у свеце, лічацца за вельмі важныя справы. Але цяпер адкладзем зусім усё ўбок і проста зоймемся справай.

Вельмі сумніцельна, што абраны намі герой спадабаецца чытачам. Дамам ён не спадабаецца, гэта можна сказаць станоўча, бо дамы патрабуюць, каб герой быў усебаковая дасканаласць, і калі ёсць нейкая душэўная або цялесная плямка, тады бяда! Як глыбока ні зірні аўтар яму ў душу, хоць чысцей за люстэрка адбі яго вобраз, яму не дадуць ніякай цаны. Сама паўната і сярэднія гады Чычыкава многа пашкодзяць яму: паўнаты ні ў якім разе не даруюць герою, і вельмі многія дамы, адвярнуўшыся, скажуць: фэ! такі брыдкі! На жаль, усё гэта вядома аўтару, і пры ўсім тым ён не можа ўзяць у героі дабрадзейнага чалавека. Але... можа, у гэтай-жа самай аповесці пачуюцца іншыя, яшчэ дагэтуль некранутыя струны, паўстане незлічонае багацце рускага духу, пройдзе муж, адараваны божаскімі доблесцямі, або цудоўная руская дзяўчына, якой не адшукаць нідзе ў свеце, з усёй дзіўнай прыгожасцю жаночай душы, уся з велікадушнага імкнення і самаадданасці. I мёртвымі здадуцца перад імі ўсе дабрадзейныя людзі іншых пляменняў, як мёртвай здаецца кніга перад жывым словам! Уздымецца рускі рух... і ўбачаць, як глыбока запала ў славянскую прыроду тое, што слізганула толькі па прыродзе іншых народаў... Але да чаго і навошта гаварыць пра тое, што наперадзе? Непрыстойна аўтару, які даўно ўжо стаў мужам, выхаванаму суровым унутраным жыццём і асвяжаючай цвярозасцю адзіноты, забывацца падобна юнаку. Усяму свая чарга, і месца, і час! А дабрадзейны чалавек ўсё-такі не ўзяты ў героі. I можна нават сказаць, чаму не ўзяты. Таму што час, нарэшце, даць адпачынак беднаму дабрадзейнаму чалавеку, таму што бескарысна круціцца на вуснах слова: дабрадзейны чалавек; таму што ператварылі ў каня дабрадзейнага чалавека, і няма пісьменніка, які-б не ездзіў на ім, паганяючы і пугай, і ўсім, чым ні папала; таму што змарылі дабрадзейнага чалавека да таго, што цяпер няма на ім і ценю дабрадзейнасці, а засталіся толькі рэбры, ды скура замест цела; таму што крывадушна заклікаюць дабрадзейнага чалавека; таму што не паважаюць дабрадзейнага чалавека. Не, пара, нарэшце, прыпрэгчы і падлюгу. Такім чынам, прыпражэм падлюгу!

Цёмнае і скромнае паходжанне нашага героя. Бацькі былі дваране, але сталбавыя [79 ] ці асабовыя [80 ] — бог ведае. Тварам ён не быў падобны да іх: прынамсі, сваячка, якая была пры яго нараджэнні, нізенькая, кароценькая жанчына, якіх звычайна называюць пігаліцамі [81 ], узяўшы ў рукі дзіцянё, ускрыкнула: «зусім вышаў не такі, як я думала! Яму-б трэба было пайсці ў бабку з матчынага боку, што было-б і лепш, а нарадзіўся ён проста, як кажа прыказка: «ні ў маці, ні ў айца, а ў праезджага малайца». Жыццё пры пачатку глянула на яго неяк кісла-непрытульна, праз нейкае мутнае, занесенае снегам акенца: ні друга, ні таварыша ў маленстве! Маленькі пакойчык з маленькімі акенцамі, якая не адчыняліся ні зімой, ні летам; бацька хворы чалавек, у даўгім сурдуце на мярлушках і ў вязаных пантоплях, надзетых на босую нагу, які безупынна ўздыхаў, ходзячы па пакоі, і пляваў у пясочніцу, што стаяла ў кутку; вечнае сядзенне на лаўцы, з пяром у руках, чарніламі на пальцах і нават на вуснах; вечная пропісь перад вачамі: не мані, слухайся старэйшых і насі дабрадзейнасць у сэрцы; вечнае шарканне і шлёпанне па пакоі пантопляў, знаёмы, але заўсёды суровы голас: «зноў задурэў», які адклікаўся ў той час, калі дзіця, занудзіўшыся аднастайнасцю працы, прырабляла да літары якую-небудзь дужку або хвост; і вечна знаёмае, заўсёды непрыемнае пачуццё, калі ўслед за гэтымі словамі краёчак вуха яго скручваўся вельмі балюча ногцямі доўгіх працягнутых ззаду пальцаў: вось бедны малюнак першапачатковага яго маленства, пра якое ледзь захаваў ён бледную памяць. Але ў жыцці ўсё змяняецца хутка і жвава: і ў адзін дзень, з першым вясновым сонцам і шырока разлітымі патокамі, бацька, узяўшы сына, выехаў з ім на вазку, які цягнуў гнеда-буланы конік, вядомы ў конскіх барышнікаў пад імем сарокі; ім кіраваў фурман, маленькі гарбунок, пачынальнік роду адзінай прыгоннай сям’і, належаўшай бацьку Чычыкава, які займаў амаль усе пасады ў доме. На коніку цягнуліся яны паўтара дні з лішкам; на дарозе начавалі, перапраўляліся праз раку, закусвалі халодным пірагом і смажанай баранінай, і толькі на трэці дзень раніцай дабраліся да горада. Перад хлопчыкам бліснулі нечаканай раскошай гарадскія вуліцы, якія прымусілі яго на некалькі хвілін разявіць рот. Потым сарока шабоўснула разам з вазком у яму, якой пачынаўся вузкі завулак, што імкнуўся ўніз і быў увесь поўны гразі; доўга працавала яна там на ўсю сілу і мясіла нагамі пры падахвочванні і гарбуна і самога пана, і, нарэшце, уцягнула іх у невялікі дворык, які стаяў на схіле гары з двума расцвіўшымі яблынямі перад старэнькім домікам і садком ззаду яго, нізенькім, маленькім, дзе расла толькі рабіна, бузіна і хавалася ў глыбіні яе драўляная будачка, дакрытая дранкай, з вузенькім матавым акенцам. Тут жыла сваячка іх, кволая бабулька, якая ўсё яшчэ хадзіла кожную раніцу на рынак, а потым сушыла свае панчохі каля самавара; яна папляскала хлапчука па шчацэ і палюбавалася яго паўнатой. Тут павінен быў ён застацца і хадзіць штодня ў класы гарадскога вучылішча. Бацька, пераначаваўшы, на другі-ж дзень выбраўся ў дарогу. Пры расстанні слёз не было праліта з бацькоўскіх вачэй, дадзена было поўрубля медзі на выдаткі і ласункі і, што значна важней, разумнае настаўленне: «Глядзі-ж, Паўлуша, вучыся, не дурэй, не сваволь, а больш за ўсё дагаджай настаўнікам і начальнікам. Калі будзеш дагаджаць начальніку, дык хоць і ў навуцы далёка не пойдзеш і таленту бог не даў, усё-ж пойдзеш у ход і ўсіх апярэдзіш. З таварышамі не вадзіся, яны цябе добраму не навучаць, а калі пайшло ўжо на тое, дык вадзіся з тымі, што багацейшыя, каб пры выпадку маглі быць табе карыснымі. Не частуй і не трактуй нікога, а трымай сябе лепш так, каб цябе частавалі, а больш за ўсё ашчаджай і збірай капейку, гэтая рэч надзейней за ўсё на свеце. Таварыш або прыяцель цябе ашукае і ў бядзе першы цябе выдасць, а капейка не выдасць, у якой-бы бядзе ты ні быў. Усё зробіш і ўсё праб’еш на свеце капейкай». Даўшы такое настаўленне, бацька расстаўся з сынам і пацягнуўся зноў дамоў на сваёй сароцы, і з таго часу ніколі ён яго больш не бачыў, але словы і настаўленні запалі глыбока яму ў душу.

Паўлуша назаўтра-ж пачаў хадзіць у класы. Асаблівых здольнасцей да якой-небудзь навукі ў ім не знайшлося; вызначыўся ён больш стараннасцю і ахайнасцю: але затое выявіўся ў ім вялікі розум з другога боку, з боку практычнага. Ён раптам скеміў і зразумеў справу і пачаў трымацца ў адносінах да таварышоў сапраўды такім чынам, што яны яго частавалі, а ён іх не толькі ніколі, але нават часам, схаваўшы атрыманы пачастунак, потым прадаваў ім-жа. Яшчэ дзіцем, ён умеў ужо адмовіць сабе ва ўсім. З атрыманага ад бацькі поўрубля не растраціў ні капейкі, наадварот, у той-жа год ужо зрабіў да яго прырост, выявіўшы абаротлівасць амаль незвычайную: зляпіў з воску снігура, пафарбаваў яго і прадаў вельмі выгадна. Потым на працягу нейкага часу пусціўся на іншыя спекуляцыі, іменна вось якія: накупіўшы на рынку ўсякай яды, садзіўся ў класе каля тых, хто быў багацей, і як толькі заўважаў, што таварышу рабілася млосна, адзнака падступаўшага голаду, ён высоўваў яму з-пад парты быццам незнарок ражок перніка або булкі і, раздражніўшы яго, браў грошы, адпаведна апетыту. Два месяцы ён праваждаўся ў сябе на кватэры без адпачынку каля мышы, якую пасадзіў у маленькую драўляную клетачку, і дамогся, нарэшце, таго, што мыш станавілася на заднія лапкі і клалася і ўставала па загаду, і прадаў потым яе таксама вельмі выгадна. Калі назбіралася грошай каля пяці рублёў, ён торбачку зашыў і пачаў збіраць у другую. У дачыненні да начальства ён трымаў сябе яшчэ больш разумна. Сядзець за партай ніхто не ўмеў так ціха. Трэба заўважыць, што настаўнік быў вялікі аматар цішыні і добрых паводзін, і цярпець не мог разумных і вострых хлопчыкаў; яму здавалася, што яны абавязкова павінны з яго смяяцца. Досыць было таму, хто трапіў на вока з боку дасціпнасці, досыць было яму толькі паварушыцца, або як-небудзь незнарок міргнуць брывом, каб падпасці раптам пад гнеў. Ён яго праследаваў і караў бязлітасна. «Я, брат, выганю з цябе задзірлівасць і непакорнасць!» гаварыў ён, «я цябе ведаю навылёт, як ты сам сябе не ведаеш. Вось ты ў мяне пастаіш на каленях! ты ў мяне пагаладуеш!» і бедны хлопчык, сам не ведаючы за што, націраў сабе калені і галадаваў суткамі. «Здольнасці і дараванні? гэта ўсё глупства», казаў ён: «я гляджу толькі на паводзіны. Я пастаўлю поўныя балы ва ўсіх навуках таму, хто ні аза не ведае, ды трымае сябе пахвальна; а ў кім бачу я кепскі дух, ды насмешлівасць, я таму нуль, хоць-бы ён Салона [82 ] заткнуў за пояс!» Так гаварыў настаўнік, які да смерці не любіў Крылова за тое, што ён сказаў: «па мне дык лепей піць, ды справу ўмець рабіць», і які заўсёды расказваў з асалодай на твары і ў вачах, як у той школе, дзе ён выкладаў раней, была такая цішыня, што чуваць было, як муха ляціць, што ніводзін з вучняў на працягу круглага года не кашлянуў і не высмаркаўся ў класе, і што да самага званка нельга было даведацца, ці быў там хто, ці не. Чычыкаў адразу зразумеў дух начальніка, і з чаго павінны складацца паводзіны. Не варухнуў ён ні вокам, ні брывом на працягу ўсяго часу класных заняткаў, як ні шчыпалі яго ззаду; як толькі чуўся званок, ён кідаўся стрымгалоў і падаваў настаўніку раней за ўсіх трывух[83 ] (настаўнік насіў трывух); падаўшы трывух, ён выходзіў першы з класа і стараўся сустрэцца яму разы тры на дарозе, безупынна здымаючы шапку. Справа мела ўсебаковы поспех. На працягу ўсяго часу навучання ў школе яго лічылі за ўзор, і пры выпуску ён атрымаў поўнае адзначэнне ва ўсіх навуках, атэстат і кнігу з залатымі літарамі за прыкладную стараннасць і добранадзейныя паводзіны. Вышаў ён са школы ўжо юнаком досыць прывабнага выгляду, з падбародкам, які патрабаваў брытвы. У гэты час памёр яго бацька. У спадчыну дасталіся чатыры да звання заношаныя фуфайкі, два старыя сурдуты, падбітыя мярлушкамі, і нязначная сума грошай. Бацька, як відаць, умеў толькі даваць парады, як збіраць капейку, а сам назбіраў яе няшмат.

Чычыкаў адразу прадаў старэнькі дварок з мізэрнай зямелькай за тысячу рублёў, а сям’ю людзей перавёў у горад, думаючы асталявацца ў ім і заняцца службай. У гэты час выгналі са школы за дурнату або іншую віну беднага настаўніка, аматара цішыні і пахвальных паводзін. Настаўнік з гора пачаў піць, нарэшце і піць яму ўжо не было за што; хворы, без кавалка хлеба і дапамогі, прападаў ён недзе ў няпаленай забытай каморцы. Былыя вучні яго, разумнікі і вострасловы, у якіх ён бачыў заўсёды непакорнасць і задзірлівыя паводзіны, даведаўшыся аб кепскім яго становішчы, сабралі зараз-жа для яго грошы, прадаўшы нават шмат чаго патрэбнага; адзін толькі Паўлуша Чычыкаў сказаў, што не мае, і даў нейкі срэбны пятак, які зараз-жа таварышы кінулі яму, сказаўшы: эх ты, жыла! Затуліў твар рукамі бедны настаўнік, калі пачуў пра такі ўчынак былых сваіх вучняў: слёзы паліліся градам з патухаўшых вачэй, як у слабога дзіцяці. «На смяротнай пасцелі прывёў бог заплакаць», прамовіў ён слабым голасам, і цяжка ўздыхнуў, пачуўшы пра Чычыкава, ды тут-жа дадаў: «Эх, Паўлуша! вось як змяняецца чалавек! а які-ж быў добранраўны, ніякага буянства, шоўк! — Ашукаў, моцна ашукаў...».

Аднак-жа нельга сказаць, каб прырода нашага героя была такая суровая и чорствая, і пачуцці яго былі да таго прытуплены, каб ён не ведаў ні жаласці, ні спагады; ён адчуваў і тое, і другое, ён-бы нават хацеў дапамагчы, але толькі, каб гэта не складала значнай сумы, каб не чапаць ужо тых грошай, якія вырашана было не чапаць, словам, бацькоўскае настаўленне: ашчаджай і збірай капейку, пайшло на карысць. Але ў ім не было прывязанасці ўласна да грошай для грошай; ім не ўладалі скнарлівасць і скупасць. Не, не яны рухалі ім, яму здавалася наперадзе жыццё ва ўсіх выгадах, з усялякім дастаткам, экіпажы, дом, выдатна ўпарадкаваны, смачныя абеды, вось што безупынна насілася ў галаве яго. Каб нарэшце, потым, з часам, пакаштаваць абавязкова ўсяго гэтага, вось для чаго збіралася капейка, у якой скупа адмаўлялася сабе і другому. Калі пралятаў паўз яго багацей на пралётных прыгожых дрожках, на рысаках у багатай збруі, ён як укопаны спыняўся на месцы, і потым, абудзіўшыся, як пасля доўгага сну, гаварыў: а быў-жа канторшчык, валасы насіў у кружок! I ўсё, што ні павявала багаццем і дастаткам, рабіла на яго ўражанне, непасцігальнае яму самому. Вышаўшы з вучылішча, ён не хацеў нават адпачыць: такое моцнае было ў яго жаданне хутчэй узяцца за справу і службу. Аднак-жа, не гледзячы на пахвальныя атэстаты, з вялікай цяжкасцю паступіў ён у казённую палату. I ў далёкай глушы патрэбна пратэкцыя! Месца трапілася яму нязначнае, пенсія трыццаць або сорак рублёў у год. Але ён вырашыў горача заняцца службай, усё перамагчы і пераадолець. I сапраўды, самаафярнасць, цярплівасць і абмежаванне патрэб выявіў ён нечуваныя. З раніцы да позняга вечара, не стамляючыся ні душэўнымі, ні цялеснымі сіламі, пісаў ён, угрузнуўшы ўвесь у канцылярскія паперы, не хадзіў дамоў, спаў у канцылярскіх пакоях на сталах, абедаў часам з вартаўнікамі і пры ўсім гэтым умеў захаваць ахайнасць, прыстойна апрануцца, надаць твару прыемны выраз і нават нешта высокароднае ў рухах. Трэба сказаць, што чыноўнікі палаты асабліва адзначаліся мізэрнасцю і мелі кепскі выгляд. У некаторых былі твары быццам дрэнна выпечаны хлеб: шчаку разнесла ў адзін бок, падбародак скасіла ў другі, верхнюю губу падняло пухіром, ды яна ў дадатак да гэтага яшчэ і парэпалася; словам, зусім непрыгожа. Гаварылі ўсе яны неяк сурова, такім голасам, як-бы збіраліся некага прыбіць; прыносілі частыя ахвяры Вакху, паказаўшы такім чынам, што ў славянскай прыродзе ёсць яшчэ многа рэшткаў язычаства; прыходзілі нават часам у прысуцтвіе, як кажуць, налізаўшыся, ад чаго ў прысуцтвіі было нядобра, і паветра было зусім не араматычнае. Паміж такімі чыноўнікамі не мог не быць заўважаны і адзначаны Чычыкаў, які з’яўляўся ва ўсім поўнай процілегласцю і выглядам твару, і прыветнасцю голасу, і тым, што зусім не ўжываў ніякага моцнага пітва. Але пры ўсім гэтым цяжкі быў яго шлях: ён трапіў пад начальніцтва вельмі старога павытчыка [84 ], які быў узорам нейкай каменнай абясчуленасці і неўзрушальнасці: заўсёды такі-ж самы, непрыступны, ніколі ў жыцці не паказаўшы на сваім твары ўсмешкі, не прывітаўшы ні разу нікога нават запытаннем пра здароўе. Ніхто не бачыў, каб ён хоць раз быў не тым, чым заўсёды, ці на вуліцы, ці ў сябе дома; хоць-бы раз выказаў ён у чым-небудзь спагаду, хоць-бы напіўся п’яны і ап’янеўшы разрагатаўся; хоць-бы аддаўся дзікай весялосці, якой аддаецца разбойнік у п’яную хвіліну, але нават ценю не было ў ім нічога такога. Нічога не было ў ім зусім: ні дрэннага, ні добрага, і штось страшнае ўзнікала ў гэтай адсутнасці ўсяго. Чорства-мрамарны твар яго, без усякай рэзкай няправільнасці, не нагадваў ні якога падабенства; у суровай суразмернасці між сабой былі рысы яго. Адны толькі густыя рабіны і выбоіны, якія пакрывалі іх, адносілі яго да ліку тых твараў, на якіх, паводле народнага выразу, прыходзіў чорт уночы гарох малаціць. Здавалася, не было сілы чалавечае падкаціцца да такога чалавека і заслужыць яго прыхільнасць, але Чычыкаў папрабаваў. Спачатку ён пачаў дагаджаць у розных непрыкметных дробязях: разглядзеў уважліва, як падвостраны пёры, якімі ён пісаў, і падрыхтаваўшы некалькі на гэты ўзор, клаў яму кожны раз іх пад руку; здзімаў і змятаў са стала яго пясок і табаку, дастаў новую анучку для яго чарнільніцы, адшукаў недзе яго шапку, самую дрэнную шапку, якая калі-небудзь існавала на свеце, і кожны раз клаў яе каля яго за хвіліну да заканчэння прысуцтвія; чысціў яму спіну, калі той пэцкаў яе крэйдай каля сцяны — але ўсё гэта заставалася зусім без ніякай увагі, так як быццам нічога гэтага не рабілася. Нарэшце, ён пранюхаў яго хатняе, сямейнае жыццё, даведаўся, што ў яго была сталая дачка, з тварам, таксама падобным да таго, як быццам на ім уначы адбывалася малацьба гароху. З гэтага вось боку надумаўся ён весці прыступ. Даведаўся, у якую царкву хадзіла яна ў нядзелю, станавіўся кожны раз насупроць яе чыста апрануты, накрухмаліўшы моцна манішку, і справа мела поспех: пахіснуўся суровы павытчык і запрасіў яго на чай! I ў канцылярыі не паспелі азірнуцца, як наладзілася справа так, што Чычыкаў пераехаў да яго ў дом, зрабіўся патрэбным і неабходным чалавекам, купляў і муку, і цукар, з дачкой абыходзіўся як з нявестай, павытчыка зваў татулькам і цалаваў яму руку; усе ў палаце вырашылі, што ў канцы лютага перад вялікім пастом будзе вяселле. Суровы павытчык пачаў нават хадайнічаць за яго перад начальствам, і праз нейкі час Чычыкаў сам сеў павытчыкам на адно вольнае вакантнае месца. У гэтым, здавалася, і была галоўная мэта сувязі яго са старым павытчыкам; таму што зараз-жа куфар свой ён адаслаў сакрэтна дамоў і на другі дзень апынуўся ўжо на іншай кватэры. Павытчыка перастаў называць татулькам і не цалаваў больш рукі, а пра вяселле так справа і замялася, як быццам зусім нічога і не было. Аднак-жа, сустракаючыся з ім, ён кожны раз ласкава паціскаў яму руку і запрашаў яго на чай, так што стары павытчык, не гледзячы на вечную нерухомасць і чэрствую роўнадушнасць, кожны раз трос галавой, і казаў сабе пад нос: ашукаў, ашукаў, чортаў сын!

Гэта быў самы цяжкі парог, праз які пераступіў ён. З гэтага часу пайшло лягчэй і больш паспяхова. Ён зрабіўся чалавекам прыкметным. Усё меў ён, што трэба для гэтага свету: і прыемнасць у абыходжанні і ўчынках, і спрытнасць у справах. З такімі сродкамі здабыў ён за кароткі час тое, што называюць хлебным месцам, і скарыстаў яго выдатным чынам. Трэба ведаць, што ў гэты самы час пачаліся самыя суровыя праследаванні ўсякіх хабараў: праследаванняў ён не спалохаўся і павярнуў іх зараз-жа на сваю карысць, паказаўшы такім чынам проста рускую вынаходлівасць, якая з’яўляецца толькі ў часе прыціскання. Справа наладжана была вось як: як толькі прыходзіў просьбіт і засаджваў руку ў кішэнь з тым, каб выцягнуць адтуль вядомыя рэкамендацыйныя пісьмы, за подпісам князя Хаванскага [85 ], як кажуць у нас на Русі, «не, не», гаварыў ён з усмешкай, стрымліваючы яго рукі, «вы думаеце, што я... не, не. Гэта наш доўг, наш абавязак, без усякай узнагароды мы павінны зрабіць! З гэтага боку будзьце ўжо спакойны: заўтра ўсё будзе зроблена. Дазвольце даведацца, дзе ваша кватэра, вам і клапаціцца не трэба самім, усё будзе прынесена вам дамоў». Зачараваны просьбіт вяртаўся дамоў ледзь не ў захапленні, думаючы: «вось, нарэшце, чалавек, якіх трэба больш, гэта проста каштоўнейшы дыямэнт!» Але чакае просьбіт дзень, другі, не прыносяць справы дадому, на трэці таксама. Ён у канцылярыю, справа і не пачыналася; ён да каштоўнейшага дыямэнта. «Ах, выбачайце!» гаварыў Чычыкаў вельмі пачціва, схапіўшы яго за абедзве рукі, «у нас было столькі спраў: але заўтра-ж усё будзе зроблена, заўтра абавязкова, дапраўды, мне нават сорамна». I ўсё гэта суправаджалася чароўнейшымі рухамі. Калі пры гэтым расхіналася як-небудзь крысо халата, дык рука ў тую-ж хвіліну старалася справу направіць і прытрымаць крысо. Але ні заўтра, ні паслязаўтра, ні на трэці дзень не нясуць справы дадому. Просьбіт пачынае разважаць: ды ці няма тут чаго? даведваецца, кажуць, трэба даць пісарам. «Чаму-ж не даць? я гатоў саракоўку, другую». «Не, не саракоўку, а па беленькай» [86 ]. «Па беленькай пісарам!» ускрыквае просьбіт. «Ды чаго вы так хвалюецеся», адказваюць яму: «яно так і выйдзе, пісарам і дастанецца па саракоўцы, а рэшта пойдзе начальству». Б’е сябе па ілбе нездагадлівы просьбіт і лае, на чым свет стаіць, новы парадак рэчаў, праследаванне хабару і ветлівыя, аблагароджаныя абыходжанні чыноўнікаў. Раней, бывала, ведаеш, прынамсі, што рабіць: прынёс кіраўніку спраў чырвоную [87 ], ды справе канец, а цяпер па беленькай, ды яшчэ тыдзень пацягаешся, пакуль здагадаешся; чорт-бы пабраў бескарыслівасць і чыноўнае высокародства! Просьбіт, вядома, кажа праўду, але затое цяпер няма хабарнікаў: усе кіраўнікі спраў самыя чэсныя і высокародныя людзі, сакратары толькі ды пісары шэльмы. Хутка надарылася Чычыкаву поле куды прастарнейшае: стварылася камісія для пабудовы нейкага казённага, вельмі капітальнага будынка. У гэтую камісію прыстроіўся і ён, і аказаўся адным з самых дзейных членаў. Камісія зараз-жа распачала справу. Шэсць год валаводзілася каля будынка, але клімат ці што перашкаджаў, ці матэрыял ужо быў такі, толькі ніяк не ішоў казённы будынак вышэй падмурка. А тым часам у другіх канцах горада апынулася ў кожнага з членаў камісіі па прыгожаму дому грамадзянскай архітэктуры: відаць грунт зямлі быў там лепшы. Члены пачалі ўжо жыць у добрабыце і абзаводзіцца сем’ямі. Тут толькі і цяпер толькі пачаў Чычыкаў пакрысе выблытвацца з-пад суровых законаў устрымання і няўмольнай сваёй самаахвярнасці. Тут толькі доўгатэрміновы пост, нарэшце, быў паслаблены, і выявілася, што ён заўсёды меў схільнасць да розных асалод, ад якіх умеў утрымацца ў гады палкай маладосці, калі ніводзін чалавек зусім не мае ўлады над сабой. Выявіліся такія-сякія збыткаванні: ён прыдбаў даволі добрага кухара, тонкія галандскія кашулі. Ужо сукна купіў ён сабе такога, якога не насіла ўся губерня, і з гэтага часу пачаў трымацца больш карычневых і чырванаватых колераў з іскраю: ужо набыў ён выдатную парку коней і сам трымаў адну лейчыну, змушаючы прысцяжную віцца кальцом; ужо завёў ён звычай выцірацца губкай, намочанай у вадзе, змешанай з адэкалонам; ужо купляў ён вельмі нятанна нейкае мыла для надання гладкасці скуры, ужо...

Але раптам: на месца ранейшага цюхцяя быў прысланы новы начальнік, чалавек ваенны, строгі, вораг хабарнікаў і ўсяго, што завецца няпраўдай. На другі-ж дзень пужануў ён усіх да аднаго, загадаў даць справаздачы, убачыў недахопы, на кожным кроку недахват грошай, заўважыў у тую-ж хвіліну дамы прыгожай грамадзянскай архітэктуры, і пайшла пераробка. Чыноўнікі былі зняты з пасад; дамы прыгожай грамадзянскай архітэктуры перайшлі ў казну і ператвораны былі ў розныя богаўгодныя ўстановы і школы для кантаністаў [88 ], усё распушана было ў пух, і Чычыкаў больш за іншых. Твар яго, раптам, не гледзячы на прыемнасць, не спадабаўся начальніку, чаму іменна, бог ведае, часам нават проста не бывае на гэта прычын, і ён зненавідзеў яго да смерці. Але, таму што ён усё-ж быў чалавек ваенны, значыцца не ведаў усіх тонкасцей грамадзянскіх хітрыкаў, дык праз нейкі час, пры дапамозе праўдзівага выгляду і ўмельства падлазіцца да ўсяго, уцёрліся да яго ў ласку іншыя чыноўнікі, і генерал хутка апынуўся ў руках яшчэ большых махляроў, якіх ён зусім не лічыў такімі; нават быў задаволены, што выбраў нарэшце людзей, як след, і выхваляўся не на жарт тонкім разуменнем распазнаваць здольнасці. Чыноўнікі раптам зразумелі дух яго і характар. Усё, што ні было пад яго начальствам, зрабілася страшным праследвальнікам няпраўды; усюды ва ўсіх справах яны праследавалі яе, як рыбак восцямі праследуе якую-небудзь мясістую бялугу, і праследавалі яе з такім поспехам, што ў хуткім часе ў кожнага з’явілася па некалькі тысяч капіталу. У гэты час вярнуліся на шлях ісціны многія з ранейшых чыноўнікаў і былі зноў прыняты на службу. Але Чычыкаў ужо ніякім чынам не мог уцерціся, як ні стараўся і ні стаяў за яго заахвочаны лістамі князя Хаванскага першы генеральскі сакратар, які дасканала зразумеў кіраванне генеральскім носам, але тут ён зусім нічога не мог зрабіць. Генерал быў такога роду чалавек, якога хоць і вадзілі за нос (зрэшты без яго ведама), але затое ўжо, калі ў галаву яму западала якая-небудзь думка, дык яна там была ўсёроўна, як жалезны цвік: нічым нельга было яе адтуль выцерабіць. Усё, што мог зрабіць разумны сакратар, гэта знішчэнне заплямленага паслужнога спісу, і на гэта ўжо ён падштурхнуў начальніка не інакш, як спачуваннем, абмаляваўшы яму жывымі фарбамі кепскі лёс няшчаснае сям’і Чычыкава, якой на шчасце ў яго не было.

«Ну, што-ж!» сказаў Чычыкаў: «зачапіў, павалок, сарвалася, не пытайся. Плачам гору не паможаш, трэба справу рабіць». I вось вырашыў ён зноў пачаць кар’еру, зноў узброіцца цярплівасцю, зноў абмежаваць сябе ва ўсім, як ні прывольна і ні добра быў разгарнуўся ён раней. Трэба было пераехаць у іншы горад, там яшчэ ствараць сабе вядомасць. Усё неяк не клеілася. Дзве, тры пасады павінен ён быў змяніць за самы кароткі час. Пасады неяк былі брудныя, нізкія. Трэба ведаць, што Чычыкаў быў самы прыстойны чалавек, які калі-небудзь існаваў на свеце. Хоць ён і павінен быў спачатку церціся ў брудных колах, але ў душы заўсёды захоўваў чыстату, любіў, каб у канцылярыях былі сталы з лакіраванага дрэва і ўсё каб было высокародна. Ніколі не дазваляў ён сабе ў размове непрыстойнага слова і абражаўся заўсёды, калі ў словах іншых бачыў адсутнасць належнай павагі дачына або звання. Чытачу, я думаю, прыемна будзе даведацца, што ён кожныя два дні мяняў на сабе бялізну, а летам у часе спёкі нават і кожны дзень: усякі хоць крыху непрыемны пах ужо абражаў яго. З гэтай прычыны ён кожны раз, калі Пятрушка прыходзіў распранаць яго і скідаць боты, клаў сабе ў нос гваздзічку, і ў многіх выпадках нервы ў яго былі далікатныя, як у дзяўчыны; і таму цяжка яму было апынуцца зноў у тых радах, дзе ўсё тхнула сівухай і непрыстойнасцю ва ўчынках. Як ні трымаўся ён, аднак-жа схудаў і нават пазелянеў у часе такіх нягод. Ужо ён пачынаў паўнець і прыходзіць у тыя круглыя і прыстойныя формы, у якіх чытач застаў яго пры першым знаёмстве, і ўжо не раз, пазіраючы ў люстэрка, думаў ён пра мноства прыемнага: пра кабетку, пра дзіцячы пакой, і ўсмешка ішла следам за такімі думкамі: але цяпер, калі ён паглядзеў на сябе неяк незнарок у люстэрка, не мог не ўскрыкнуць: «маці ты мая прасвятая! які-ж я стаў брыдкі!» I пасля доўга не хацеў глядзецца. Але трываў усё наш герой, трываў моцна, цярпліва трываў, і — перайшоў нарэшце на службу ў мытніцы. Трэба сказаць, што гэтая служба даўно складала таемную мэту яго імкненняў. Ён бачыў, якія франтоўскія замежныя рэчы набывалі чыноўнікі з мытніц, якія фарфары і батысты перасылалі кумачкам, цётачкам і сёстрам. Ці раз даўно ўжо ён гаварыў, уздыхаючы: «вось-бы куды перабрацца: і граніца блізка, і асвечаныя людзі, а якія тонкія галандскія кашулі можна прыдбаць!» Трэба дадаць, што пры гэтым ён яшчэ думаў аб асаблівым гатунку французскага мыла, якое надавала незвычайную бялоту скуры і свежасць шчокам; як яно называлася, бог ведае, але па яго меркаваннях, абавязкова знаходзілася на граніцы. Такім чынам, ён даўно хацеў-бы ў мытніцу, але ўтрымлівалі розныя бягучыя выгоды па будаўнічай камісіі, і ён разважаў справядліва, што мытніца, як-бы там ні было, усё яшчэ не больш, як журавель у небе, а камісія ўжо была сініца ў руках. Цяпер-жа вырашыў ён, чаго-б гэта ні каштавала, дабрацца да мытніцы, і дабраўся. За службу сваю ўзяўся ён з стараннасцю незвычайнай. Здавалася, сам лёс прызначыў яму быць чыноўнікам у мытніцы. Такой спрытнасці, прадбачлівасці і праніклівасці не толькі не здаралася бачыць, але нават і чуць. За тры-чатыры тыдні ён ужо так злаўчыўся ў мытнай справе, што ведаў усё дарэшты: нават не важыў, не мераў, а па фактуры даведваўся, колькі ў якім скрутку аршынаў сукна або іншай тканіны; узяўшы ў рукі пакунак, ён мог сказаць адразу, колькі ў ім фунтаў. Што-ж датычыць абшуквання, дык тут, як казалі нават самі таварышы, у яго проста быў сабачы нюх: нельга было не здзівіцца, бачачы, як у яго хапала столькі цярплівасці, каб абмацаць кожны гузік, і ўсё гэта рабілася са страшэннай роўнавагаю, ветлівай да неверагоднасці. I ў той час, калі абшукваемыя шалелі, трацілі самаўладанне і адчувалі злоснае жаданне збіць пстрычкамі прыемнае яго аблічча, ён, не змяняючыся ні з твару, ні ў ветлівасці абыходжання, толькі прыгаварваў: ці не будзеце вы ласкавы крыху паклапаціцца і прыўстаць? або: ці не будзеце вы ласкавы, сударыня, прайсці ў другі пакой? там жонка аднаго з нашых чыноўнікаў пагутарыць з вамі. Ці: дазвольце, вось я ножычкам крыху распару падкладку вашага шыняля, і, кажучы гэта, ён выцягваў адтуль шалі, хусткі, спакойна, як з уласнай скрыні. Нават начальства гаварыла, што гэта быў чорт, а не чалавек: ён знаходзіў у колах, дышлах, конскіх вушах і невядома ў якіх месцах, куды-б ніякаму аўтару не прышло-б у думку залезці і куды дазваляецца залазіць толькі адным мытным чыноўнікам. Так што бедны падарожны, пераехаўшы цераз граніцу, усё яшчэ на працягу некалькіх хвілін не мог апамятацца, і, абціраючы пот, які выступіў дробненькімі кроплямі па ўсім целе, толькі хрысціўся ды прыгаварваў: ну, ну! Становішча яго вельмі падобна было да становішча вучня, які выбег з сакрэтнага пакоя, куды начальнік паклікаў яго з тым, каб даць сякое-такое настаўленне, але замест таго высек зусім нечаканым чынам. Праз кароткі час не было ад яго ніякага жыцця кантрабандыстам. Гэта быў страх і адчай усяго польскага жыдоўства. Сумленнасць і непадкупнасць яго былі непераможныя, амаль ненатуральныя. Ён нават не сабраў сабе невялічкага капітальца з розных канфіскаваных тавараў і сякіх-такіх рэчаў, якія адбіраліся, але не паступалі ў казну для ўнікнення лішняй перапіскі. Такая старанна-бескарыслівая служба не магла не зрабіцца прадметам агульнага здзіўлення і не дайсці, нарэшце, да ведама начальства. Ён атрымаў чын і павышэнне і следам за гэтым прадставіў праект злавіць усіх кантрабандыстаў, просячы толькі сродкаў выканаць яго самому. Яму зараз-жа даручана была каманда і неабмежаванае права рабіць усякія пошукі. Гэтага толькі яму і хацелася. У той час утварылася моцнае таварыства кантрабандыстаў абдумана-правільным чынам; на мільёны абяцала выгод дзёрзкае пачынанне. Ён даўно меў ужо весткі аб ім і нават адмовіў падасланым падкупіць, сказаўшы суха: яшчэ не час. Атрымаўшы-ж пад свой загад усё, у тую-ж хвіліну паведаміў таварыства, сказаўшы: цяпер пара. Разлік быў занадта пэўны. Тут за адзін год ён мог атрымаць тое, чаго не выйграў-бы за дваццаць гадоў самай стараннай службы. Раней ён не хацеў уваходзіць ні ў якія зносіны з імі; таму што быў не больш, як простай пешкай, значыцца, не шмат атрымаў-бы, але цяпер... цяпер зусім іншая справа: ён мог прапанаваць якія хацеў умовы. Каб справа ішла больш бесперашкодна, ён падгаварыў і другога чыноўніка, свайго таварыша, які не ўстояў супроць спакусы, не гледзячы на тое, што меў сівы волас. Умовы былі заключаны, і таварыства пачало дзейнічаць. Дзеянні пачаліся бліскуча: чытач, без сумнення, чуў так часта перадаваную гісторыю аб дасціпным падарожжы іспанскіх бараноў, якія, зрабіўшы пераход цераз граніцу ў падвойных кажушках, пранеслі пад кажушкамі на мільён брабантскіх карункаў. Гэта здарэнне адбылося іменна тады, калі Чычыкаў служыў пры мытніцы. Калі-б ён сам не ўдзельнічаў у гэтай справе, ніякім жыдам у свеце не ўдалося-б ажыццявіць падобнай справы. Пасля трох ці чатырох барановых паходаў цераз граніцу, у абодвух чыноўнікаў апынулася па чатырыста тысяч капіталу. У Чычыкава, кажуць, нават пераваліла за пяцьсот, бо ён быў спрытнейшы. Бог ведае, да якой-бы велізарнай лічбы ні ўзраслі-б благадатныя сумы, калі-б нейкі нялёгкі звер не перабег упоперак усяго. Чорт збіў з толку абодвух чыноўнікаў: чыноўнікі, проста кажучы, пашалелі і пасварыліся ні за што. Неяк у гарачай размове, а магчыма крыху і выпіўшы, Чычыкаў абазваў другога чыноўніка паповічам, а той, хоць сапраўды быў паповіч, невядома чаму пакрыўдзіўся страшэнна, і адказаў яму тут-жа моцна і надзвычай рэзка, а іменна вось як: «не, хлусіш, я стацкі саветнік, а не паповіч, а вось ты дык паповіч!» I потым дадаў яму на злосць для большай прыкрасці: «Дык вось, бачыш як!» Хоць ён абрэзаў такім чынам яго кругом, звярнуўшы на яго ім-жа прыдуманую назву і хоць выраз: «вось, бачыш як!» мог быць моцным; але не задаволіўшыся гэтым, ён паслаў яшчэ на яго патайны данос. Зрэшты кажуць, што і без гэтага была ў іх сварка за нейкую кабецінку, свежую і моцную, як ядраная рэпа, як казалі мытныя чыноўнікі; што былі нават падкуплены людзі, каб пад вечар, у цёмным завулку, адлупцаваць нашага героя; але што абодва чыноўнікі засталіся ў дурнях, а кабецінку падхапіў нейкі штабс-капітан Шамшароў. Як была справа сапраўды, бог іх ведае; няхай лепш чытач-ахвотнік дадумае сам. Галоўнае ў тым, што патайныя зносіны з кантрабандыстамі зрабіліся відавочнымі. Стацкі саветнік, хоць сам згінуў, але такі ўпёк свайго таварыша. Чыноўнікаў аддалі пад суд, канфіскавалі, апісалі ўсё, што ў іх было, і ўсё гэта ўдарыла раптам, як гром, над іх галовамі. Як пасля чаду апамяталіся яны і ўбачылі з жахам, што нарабілі. Стацкі саветнік не ўстояў супроць лёсу і недзе загінуў у глушы, але калежскі ўстояў. Ён умеў затаіць частку грошай, хоць і тонкі быў нюх наехаўшага на следства начальства. Ужыў усе тонкія выкрунтасы розуму, ужо занадта спрактыкаванага, занадта добра ведаючага людзей, дзе падзейнічаў прыемнасцю зваротаў, дзе чуллівай размовай, дзе пакурыў ліслівасцю, якая ні ў якім выпадку не псуе справы, дзе падсунуў грошай, словам, апрацаваў справу, прынамсі, так, што адстаўлен быў не з такой ганьбай, як таварыш, і выкруціўся з-пад крымінальнага суда. Але ўжо ні капітала, ні розных замежных рэчаў, нічога не засталося яму, на ўсё гэта знайшліся іншыя ахвотнікі. Утрымалася ў яго тысяч дзесятак, захаваных на чорны дзень, ды тузіны два галандскіх кашуль, ды невялікая брычка, у якой ездзяць халасцякі, ды двое прыгонных людзей, фурман Селіфан і лакей Пятрушка, ды мытныя чыноўнікі, кіруючыся сардэчнай дабратой, пакінулі яму пяць ці шэсць кавалкаў мыла для захавання свежасці шчок, вось і ўсё. Дык вось у якім становішчы зноў апынуўся герой наш! Вось якая безліч няшчасцяў звалілася яму на галаву! Гэта называў ён: пацярпець па службе за праўду. Цяпер можна было-б меркаваць, што пасля такіх бур, выпрабаванняў, здрадлівасці лёсу і жыццёвага гора, ён схаваецца з кроўнымі дзесяццю тысячонкамі, якія ў яго засталіся, куды-небудзь у спакойную глуш павятовага гарадка і там заклёкне навекі ў паркалёвым халаце каля акна нізенькага доміка, разбіраючы ў нядзелю бойку мужыкоў, узнікшую перад вокнамі, або для асвяжэння праходзячыся ў курасадню пашчупаць асабіста курыцу, прызначаную ў суп, і правядзе такім чынам няшумны, але ў сваім родзе небескарысны век. Але так не здарылася. Трэба аддаць справядлівасць непераможнай сіле яго характару. Пасля ўсяго таго, чаго хапіла-б калі не забіць, дык астудзіць і ўтаймаваць назаўсёды чалавека, у ім не патухла незразумелая страсць. Ён быў у горы, у прыкрасці, наракаў на ўвесь свет, злаваў на несправядлівасць лёсу, абураўся несправядлівасцю людзей і аднак-жа не мог адмовіцца ад новых спроб. Словам, ён паказаў цярплівасць, перад якой нішто драўляная цярплівасць немца, якая закладзена ўжо ў павольным, лянівым пульсаванні крыві яго. Кроў Чычыкава, наадварот, іграла моцна, і трэба было шмат разумнай волі, каб накінуць аброць на ўсё тое, што хацела-б выскачыць і пагуляць на волі. Ён разважаў, і ў разважанні яго відаць была некаторая доля справядлівасці: «Чаму-ж я? чаму на мяне звалілася бяда? хто-ж дрэмле цяпер на пасадзе? усе прыдабываюць. Няшчасным я не зрабіў нікога, я не абрабаваў удаву, я не пусціў нікога з торбай, карыстаўся я ад лішкаў, браў там, дзе кожны браў-бы, не пакарыстаўся-б я, іншыя-б пакарысталіся-б? За што-ж іншыя раскашуюцца, і чаму я павінен прапасці чарвяком? I што я цяпер? Куды я варты? Якімі вачамі я мушу глядзець цяпер у вочы кожнаму паважанаму бацьку сям’і? Як не адчуваць мне згрызот сумлення, ведаючы, што дарма абцяжваю зямлю, і што скажуць потым мае дзеці? «Вось», скажуць, «бацька жывёліна, не пакінуў нам ніякай маёмасці!»

Ужо вядома, што Чычыкаў моцна клапаціўся аб сваіх патомках. Такі чуллівы прадмет! Некаторы, магчыма, і не так-бы глыбока запусціў руку, каб не пытанне, якое, невядома чаму, прыходзіць само сабой: а што скажуць дзеці? I вось будучы пачынальнік роду, як асцярожны кот, скасавурыўшы толькі адно вока ўбок, ці не глядзіць адкуль гаспадар, хапае спяшаючыся ўсё, што да яго бліжэй: ці мыла стаіць, ці свечкі, сала, ці канарэйка трапіла пад лапу, словам, не прапускае нічога. Так скардзіўся і плакаў наш герой, а тым часам дзейнасць ніяк не памірала ў яго галаве; там усё штосьці хацела будавацца: чакала толькі плана. Зноў скурчыўся ён, зноў пачаў цяжкое жыццё, зноў абмежаваў сябе ва ўсім, зноў з чыстаты і прыстойнага становішча апусціўся ў бруд і нізкае жыццё. I ў чаканні лепшага прымушаны быў нават узяць на сябе званне паверанага, званне, якое яшчэ не набыло ў нас грамадзянства, папіхаецца з усіх бакоў, мала паважаецца дробнымі прыказнымі стварэннямі і нават самімі давярыцелямі, асуджанае на поўзанне ў пярэдніх, грубасць і іншае, але беднасць змусіла адважыцца на ўсё. З даручэнняў прыпала яму між іншым адно: пахадайнічаць аб закладзе ў апякунскі савет некалькіх сот сялян. Маёнтак быў спустошаны да апошняй ступені. Спустошаны ён быў падзяжом жывёлы, ашуканцамі-прыказчыкамі, неўраджаямі, пошаснымі хваробамі, якія знішчылі лепшых работнікаў, і нарэшце бязладнасцю самога памешчыка, які абсталёўваў сабе дом у Маскве ў апошнім гусце і патраціў на гэтае абсталяванне ўсю сваю маёмасць да апошняй капейкі так, што ўжо не было за што есці купіць. З гэтай вось прычыны спатрэбілася залажыць апошні маёнтак. Заклад у казну тады быў яшчэ новай справай, на якую адважваліся не без страху. Чычыкаў у якасці паверанага, перш здабыўшы прыхільнасць усіх (не здабыўшы папярэдне прыхільнасці, як вядома, нельга нават узяць простай даведкі або выпраўкі, усё-ж хоць па бутэльцы мадэры давядзецца ўліць у кожнае горла), — дык вось, здабыўшы прыхільнасць усіх, каго трэба, ён растлумачыў, што вось якая між іншым акалічнасць: палавіна сялян паўмірала, дык каб не было якіх-небудзь потым прычэпак... «Ды яны-ж па рэвізскіх спісах лічацца?» сказаў сакратар. «Лічацца», адказаў Чычыкаў. «Ну дык чаго-ж вы спалохаліся?» сказаў сакратар: «адзін памёр, другі народзіцца, а ўсё да справы згодзіцца». Сакратар, як відаць, умеў гаварыць і ў рыфму. А тымчасам героя нашага натхніла самая цудоўная думка, якая калі-небудзь прыходзіла ў людскую галаву. «Эх, я Акім прастата», сказаў ён сам сабе: «шукаю рукавіцы, а абедзве за поясам! Ды каб накупіў я ўсіх гэтых, што паўміралі, пакуль яшчэ не падавалі новых рэвізскіх спісаў, набыў іх, скажам, тысячу, ды, скажам, апякунскі савет дасць па дзвесце рублёў на душу: вось ужо дзвесце тысяч капіталу! А цяпер-жа час зручны, нядаўна была эпідэмія, народу перамерла, дзякуй богу, нямала. Памешчыкі папрагульваліся ў карты, закуцілі і праматаліся як след; усё палезла ў Пецербург служыць: маёнткі пакінуты, кіруюцца як папала, падаткі плоцяцца з кожным годам цяжэй, дык мне з радасцю адступіць іх кожны, ужо таму толькі, каб не плаціць за іх падушных грошай; можа іншы раз так здарыцца, што з некаторага і я заганю яшчэ за гэта капейку. Вядома, цяжка, клапатліва, страшна, каб як-небудзь яшчэ не папала, каб не зрабіць з гэтага гісторыі. Ну ды дадзен-жа чалавеку на што-небудзь розум. А галоўнае тое добра, што прадмет вось здасца ўсім неверагодным, ніхто не паверыць. Праўда, без зямлі нельга ні купіць, ні залажыць. Дык я-ж куплю на вывад, на вывад; цяпер землі ў Таўрычаскай і Херсонскай губернях аддаюцца дарам, толькі засяляй. Туды я іх перасялю! у Херсонскую іх! няхай сабе там жывуць! А перасяленне можна зрабіць законным чынам, як след па судах. Калі захочуць агледзець сялян, хай будзе так, я і тут не супроць, чаму-ж не? Я прадстаўлю і пасведчанне, за ўласнаручным подпісам капітана-спраўніка. Вёску можна назваць Чычыкава слабодка, або па імені, дадзеным пры хрэсьбінах: сяльцо Паўлаўскае». I вось такім чынам склаўся ў галаве нашага героя гэты дзіўны сюжэт, за які не ведаю, ці будуць яму ўдзячны чытачы, а ўжо як удзячны аўтар, дык і выказаць цяжка. Бо што ні кажы, каб не прышла ў галаву Чычыкава гэтая думка, не з’явілася-б на свет гэтая паэма.

Перахрысціўшыся, паводле рускага звычаю, прыступіў ён да выканання. Пад выглядам выбару месца для жыхарства і пад іншымі зачэпкамі надумаўся ён заглянуць у тыя і іншыя куткі нашай дзяржавы, і пераважна ў тыя, што больш за другіх пацярпелі ад няшчасных выпадкаў, неўраджаяў, смяротнасці і іншага, словам — дзе-б можна зручней і танней накупляць патрэбнага народу. Ён не звяртаўся абы да якога памешчыка, але выбіраў людзей больш пад свой густ, або такіх, з якімі можна было-б з меншымі цяжкасцямі рабіць падобныя здзелкі, стараючыся перш пазнаёміцца, здабыць прыхільнасць да сябе, каб, калі можна, больш дружбаю, а не купляй набыць мужыкоў. Дык вось, чытачы не павінны абурацца на аўтара, калі асобы, якія да гэтага часу з’яўляліся, не прышліся яму да густу; гэта віна Чычыкава, тут ён поўны гаспадар і куды ён надумаецца, туды і мы павінны цягнуцца. З нашага боку, калі, сапраўды, з’явіцца абвінавачанне за бледнасць і мізэрнасць асоб і характараў, скажам толькі тое, што ніколі на пачатку не відаць усяе шырокай плыні і аб’ёму справы. Прыезд у які-б ні было горад, хоць нават у сталіцу, заўсёды нейкі бледны, спачатку ўсё шэра і аднастайна: цягнуцца бясконцыя заводы ды фабрыкі, закураныя дымам, а потым ужо выглянуць рагі шасціпавярховых дамоў, магазіны, шыльды, велізарныя перспектывы вуліц, усе ў званіцах, калонах, статуях, вежах, з гарадскім бляскам, шумам і громам, і ўсім, што на дзіва стварыла рука і думка чалавека. Як адбыліся першыя пакупкі, чытач ужо бачыў; як пойдзе справа далей, якія будуць удачы і няўдачы героя, як давядзецца вырашыць і перамагчы яму больш цяжкія перашкоды, як паўстануць велізарныя вобразы, як будуць рушыцца патайныя рычагі шырокай аповесці, разгорнецца далёка яе гарызонт, і ўся яна набудзе велічную лірычную плынь, гэта ўбачым потым. Яшчэ вялікая дарога ляжыць перад усім паходным экіпажам, які складаецца з пана сярэдніх год, брычкі, у якой ездзяць халасцякі, лакея Пятрушкі, фурмана Селіфана і тройкі коней, ужо вядомых пайменна ад Засядацеля да падлюгі пярэстага. Такім чынам, вось увесь перад вамі наш герой, які ён ёсць! Але, магчыма, будуць вымагаць заключнага азначэння адной рысай; хто-ж ён адносна якасцей маральных? што ён не герой, уладаючы дасканаласцю і дабрадзейнасцю, гэта відаць. Хто-ж ён? значыцца падлюга? Чаму-ж падлюга, навошта-ж быць гэтак строгім да другіх? Цяпер у нас падлюг не бывае, ёсць людзі добранамераныя, прыемныя, а такіх, якія-б на ўсеагульную ганьбу выставілі сваю фізіяномію пад публічную аплявуху, знойдзецца хіба якіх-небудзь два, тры чалавекі, ды і тыя ўжо гавораць цяпер аб дабрадзейнасці. Справядлівей за ўсё назваць яго; гаспадар, здабывач. Здабыванне віна ўсяго; праз яго стварыліся справы, якім свет дае назву не вельмі чыстых. Праўда, у такім характары ёсць ужо нешта такое, што адштурхвае, і той-жа чытач, які на жыццёвым сваім шляху будзе дружыць з такім чалавекам, будзе вадзіць з ім хлеб-соль і праводзіць прыемна час, пачне глядзець на яго скоса, калі ён будзе героем драмы або паэмы. Але мудры той, хто не пагарджае ніякім характарам, але, утаропіўшы ў яго выпрабавальны позірк, вывучае яго да першапачатковых прычын. Хутка ўсё ператвараецца ў чалавеку; не паспееш азірнуцца, як ужо вырас у сярэдзіне страшны чарвяк, які самаўладна пацягнуў да сябе ўсе жыццёвыя сокі. I ці раз не толькі шырокая страсць, але нікчэмная страсцішка да чагосьці дробнага разрасталася ў народжаным на лепшыя подзвігі, змушала яго забываць вялікія і святыя абавязкі і ў нікчэмных бразготках бачыць вялікае і святое. Незлічоны, як марскія пяскі, людскія страсці, і ўсе не падобны адна да адной і ўсе яны, нізкія і цудоўныя, спачатку пакорны чалавеку і потым ужо робяцца страшнымі ўладарамі яго. Блажэн той, хто абраў сабе з усіх самую цудоўную страсць; расце і дзесяцярыцца з кожнай гадзінай і хвілінай бязмернае яго блажэнства, і ўваходзіць ён глыбей і глыбей у бясконцы рай сваёй душы. Але ёсць страсці, выбар якіх не ад чалавека. Ужо нарадзіліся яны з ім у хвіліну нараджэння яго на свет, і не дадзена яму сілы адхіліцца ад іх. Вышэйшымі наканаваннямі яны вядуцца, і ёсць у іх нешта такое, што вечна кліча, не змаўкаючы ўсё жыццё. Вялікі зямны шлях прысуджана прарабіць ім: усёроўна, ці ў змрочным вобразе, ці пранёсшыся светлай з’явай, якая ўзрадуе свет — аднолькава выкліканы яны для невядомага чалавеку дабра. I магчыма, у гэтым-жа самым Чычыкаве страсць, авалодаўшая ім, ужо не ад яго, і ў халодным яго існаванні змешчана тое, што потым кіне ў прах і на калені чалавека перад мудрасцю нябёс. I яшчэ таямніца, чаму гэты вобраз паўстаў у паэме, якая з’яўляецца цяпер на свет.

Але не тое цяжка, што будуць нездаволены героем, цяжка тое, што жыве ў душы неадхільная ўпэўненасць, што тым-жа самым героем, тым-жа самым Чычыкавым, былі-б здаволены чытачы. Калі-б не заглянуў аўтар глыбей яму ў душу, не паварушыў на дне яе таго, што ўцякае і хаваецца ад святла, не выявіў самых патайных думак, якіх нікому іншаму не давярае чалавек, а каб паказаў яго такім, якім ён паказаўся ўсяму гораду, Манілаву і іншым людзям, і ўсе былі-б вельмі рады і палічылі-б яго за цікавага чалавека. Дарма, што ні твар, ні ўвесь вобраз яго не мітусіўся-б як жывы перад вачамі: затое, калі скончыцца чытанне, душа не ўстрывожана нічым, і можна звярнуцца зноў да картачнага стала, які цешыць усю Расію. Так, мае добрыя чытачы, вам-бы не хацелася бачыць выяўленую чалавечую беднасць. Навошта, кажаце вы, да чаго гэта? Няўжо мы не ведаем самі, што ёсць многа агіднага і неразумнага ў жыцці? I без таго здараецца нам часта бачыць тое, што зусім няўцешна. Лепш паказвайце нам цудоўнае, прывабнае. Няхай лепш забудземся мы! «Навошта ты, брат, кажаш мне, што справы ў гаспадарцы ідуць дрэнна?» гаворыць памешчык прыказчыку: «я, брат, гэта ведаю без цябе, ды ў цябе размоў хіба няма іншых ці што? Ты дай мне забыць гэта, не ведаць гэтага, я тады шчаслівы». I вось тыя грошы, якія-б паправілі хоць крыху справу, ідуць на розныя сродкі для прывядзення сябе ў забыццё. Спіць розум, які магчыма знайшоў-бы нечаканую крыніцу вялікіх сродкаў, а там маёнтак бух з аукцыёна, і пайшоў памешчык забывацца па свеце, з душой, ад крайнасці гатовай на нізасці, якіх-бы сам жахнуўся раней.

Яшчэ будзе кінута абвінавачанне аўтару з боку так званых патрыётаў, якія спакойна сядзяць сабе па кутках і займаюцца зусім пабочнымі справамі, збіраюць сабе капітальцы, уладжваючы свой лёс за кошт другіх; але як толькі здарыцца што-небудзь, на іх думку, абразлівае для бацькаўшчыны, з’явіцца якая-небудзь кніга, у якой скажацца часам горкая праўда, яны выбегуць з усіх куткоў як павукі, якія ўбачылі, што заблыталася ў павуціне муха, і ўзнімуць раптам крыкі: «Ды ці добра выводзіць гэта на свет, разгалошваць гэта? гэта-ж усё, што ні апісана тут, гэта ўсё наша, ці добра гэта? а што скажуць чужаземцы? Хіба весела чуць дрэнную думку аб сабе? Думаюць, хіба гэта не балюча? Думаюць, хіба мы не патрыёты?» На такія мудрыя заўвагі, асабліва наконт думак чужаземцаў, прызнаюся, нічога нельга падабраць у адказ. А хіба вось што: жылі ў адным далёкім кутку Расіі два жыхары. Адзін быў бацька сям’і і па імені Кіфа Мокіевіч, чалавек характару лагоднага, які праводзіў жыццё нядбалым чынам. Сям’ёю ён сваёю не займаўся; існаванне яго было звернута больш у бок сузіральных разважанняў і занята наступным, як ён называў, філасафічным пытаннем: «Вось, напрыклад, звер», гаварыў ён, ходзячы па пакоі; «звер нараджаецца голым. Чаму-ж іменна голым? Чаму не так, як птушка, чаму не вылупліваецца з яйка? Як, дапраўды, гэта: зусім не зразумееш натуры, як больш у яе паглыбішся!» Так думаў жыхар Кіфа Мокіевіч. Але не ў гэтым галоўная справа. Другі жыхар быў Мокій Кіфавіч, родны сын яго. Быў ён тое, што называюць на Русі асілак, і ў той час, калі бацька займаўся нараджэннем звера, дваццацігадовая плячыстая натура яго так і парывалася разгарнуцца. Ні за што не ўмеў ён узяцца лёгка, усё ці рука ў каго-небудзь затрашчыць, ці гузак ускочыць на чыім-небудзь носе. У доме і ў суседстве ўсё ад дваровай дзеўкі да дваровага сабакі ўцякала прэч, убачыўшы яго, нават уласны ложак у спальні паламаў ён на кавалкі. Такі быў Мокій Кіфавіч, а аднак ён меў добрую душу. Але не ў гэтым яшчэ галоўная справа. А галоўная справа вось у чым: «Злітуйся, бацюхна, пан Кіфа Мокіевіч», казала бацьку і свая, і чужая дворня: «што ў цябе за Мокій Кіфавіч? Нікому няма ад яго супакою, такі крыўдзіцель!» «Так, свавольны, свавольны», гаварыў звычайна на гэта бацька, «ды як-жа быць: біцца з ім позна ды і мяне-ж усе абвінавацяць у жорсткасці, а чалавек ён чэсталюбны, калі папракнуць яго пры другім-трэцім, ён сунімецца, дык-жа пагалоска, вось бяда! горад даведаецца, назаве яго зусім сабакам. Што, дапраўды, думаюць, мне хіба не балюча? хіба я не бацька? Што займаюся філасофіяй, ды іншы раз няма часу, дык ужо я і не бацька? Ды вось-жа не, бацька, чорт іх пабяры, бацька! У мяне Мокій Кіфавіч вось тут сядзіць, у сэрцы!» Тут Кіфа Мокіевіч біў сябе вельмі моцна ў грудзі кулаком і ўваходзіў канчаткова ў азарт. «Ужо калі ён і застанецца сабакам, дык няхай-жа не ад мяне аб гэтым даведаюцца, няхай не я выдаў яго». I, паказаўшы такое бацькоўскае пачуццё, ён пакідаў Мокія Кіфавіча працягваць свае волатаўскія подзвігі, а сам вяртаўся зноў да любімага прадмета, задаўшы сабе раптам якое-небудзь падобнае пытанне: «ну, а калі-б слон нарадзіўся ў яйку, дык шкарлупа, мабыць, вельмі-б таўстая была, гарматай не праб’еш; трэба было-б якую-небудзь новую агнястрэльную зброю выдумаць». Так праводзілі жыццё два жыхары мірнага кутка, якія нечакана, як праз акенца, выглянулі ў канцы нашай паэмы, выглянулі для таго, каб адказаць сціпла на абвінавачванне з боку некаторых гарачых патрыётаў, якія да часу спакойна займаюцца якой-небудзь філасофіяй ці прырошчваннямі за кошт сум пяшчотна любімай імі бацькаўшчыны, якія думаюць не аб тым, каб не рабіць дрэннага, а аб тым, каб толькі не казалі, што яны робяць дрэннае. Але не, не патрыятызм і не першае пачуццё ёсць прычыны абвінавачання, іншае хаваецца пад імі. Нашто таіць слова? Хто-ж, як не аўтар, павінен сказаць святую праўду? Вы баіцеся глыбока накіраванага позірку, вы баіцеся самі накіраваць на што-небудзь глыбей позірк, вы любіце прабегчы па ўсім нядумаючымі вачамі. Вы пасмяецеся нават ад душы з Чычыкава, магчыма, нават пахваліце аўтара, скажаце: «Аднак-жа тое-сёе ён ёмка прыкмеціў, павінен быць вясёлага характару чалавек!» I пасля такіх слоў з падвоенай гордасцю звернецеся да сябе, самаздаволеная ўсмешка з’явіцца на вашым твары, і вы дадасце: «А трэба згадзіцца, вельмі дзіўныя і смешныя бываюць людзі ў некаторых правінцыях, ды і падлюгі да таго-ж не малыя!» А хто з вас поўны хрысціянскай пакоры, не ўголас, а ў цішыні, адзін, у хвіліны адзінотных размоў з самім сабой, паглыбіць ва ўнутр уласнай душы такое цяжкое запытанне: «А ці няма і ва мне якой-небудзь часткі Чычыкава?» Але, дзе там! А вось няхай пройдзе ў гэты час паўз яго які-небудзь яго-ж знаёмы, які мае чын не вельмі вялікі, не вельмі малы, ён у тую-ж хвіліну штурхане пад руку свайго суседа і скажа яму, ледзь не пырснуўшы са смеху: «глядзі, глядзі, вунь Чычыкаў, Чычыкаў пайшоў». I потым, як дзіцянё, забыўшы ўсякую прыстойнасць, належную званню і гадам, пабяжыць за ім наўздагон, дражнячы і прыгаварваючы: «Чычыкаў! Чычыкаў! Чычыкаў!»

Але мы пачалі гаварыць даволі голасна, забыўшы, што герой наш, які спаў праз увесь час, калі расказвалася яго аповесць, прачнуўся ўжо і лёгка можа пачуць такое частае паўтарэнне свайго прозвішча. Ён-жа чалавек чэсталюбны і будзе нездаволены, калі пачуе, што пра яго гавораць зняважліва. Чытачу поўбяды, ці раззлуецца на яго Чычыкаў ці не, але што да аўтара, дык ён ні ў якім выпадку не павінен сварыцца са сваім героем: яшчэ нямала шляхоў і дарог давядзецца ім прайсці ўдваіх, рука пры руцэ; дзве яшчэ вялікія часткі наперадзе — гэта не драбніца.

«Эхе-хе, што-ж ты?» сказаў Чычыкаў Селіфану: «ты?..»

«Што?» сказаў Селіфан павольным голасам.

«Як што? гусак ты! Як ты едзеш? Ну-ж, паварушвай!»

I сапраўды Селіфан даўно ўжо ехаў, заплюшчыўшы вочы, зрэдку толькі кратаючы спрасонку лейцамі па баках драмаўшых таксама коней; а з Пятрушкі ўжо даўно невядома ў якім месцы зляцела шапка, і ён сам, адкінуўшыся назад, уткнуў сваю галаву ў калена Чычыкаву, так што той павінен быў даць ёй пстрычку. Селіфан падбадзёрыўся і, сцебануўшы некалькі разоў па спіне пярэстага, пасля чаго той пабег трушком, ды памахаўшы на ўсіх зверху пугай, прамовіў тонкім пявучым галаском: не бойся! конікі разварушыліся і паімчалі як пух лёгенькую брычку. Селіфан толькі памахваў ды пакрыкваў: эх! эх! эх! плаўна падскокваючы на козлах па меры таго, як тройка то ўзлятала на ўзгорак, то імчалася на ўвесь дух з узгорка, якімі быў усеяны ўвесь гасцінец, што ішоў ледзь прыкметным накатам уніз. Чычыкаў толькі ўсміхаўся, крыху падлятаючы на сваёй скураной падушцы, бо любіў шпаркую язду. I які-ж рускі не любіць шпаркай язды? Ці-ж яго душы, якая імкнецца закружыцца, загуляцца, сказаць часам: чорт пабяры ўсё! ці-ж яго душы не любіць яе? Ці-ж яе не любіць, калі ў ёй чуецца штосьці захоплена цудоўнае? Здаецца, невядомая сіла падхапіла цябе на крыло да сябе, і сам ляціш, і ўсё ляціць, ляцяць вёрсты, ляцяць насустрач купцы на перадках сваіх кібітак, ляціць з абодвух бакоў лес з цёмнымі радамі елак і сосен, са стукам сякер і крыкам варон, ляціць уся дарога невядома куды ў знікаючую даль, і штосьці страшнае захавана ў гэтым шпаркім мільганні, дзе не паспявае вызначыцца мільгнуўшы прадмет, толькі неба над галавою, ды лёгкія хмары, ды праплываючы месяц адны здаюцца нерухомымі. Эх, тройка! птушка тройка, хто цябе выдумаў? мусіць, толькі ў спрытнага народа ты магла нарадзіцца, у той зямлі, што не любіць жартаваць, а роўным роўна разляглася на поўсвета, ды і ідзі падлічваць вёрсты, пакуль не замітусіцца табе ў вачах. I не хітрая, здаецца, дарожная прылада, не жалезным падціснута вінтом, а наспех жыўцом з адным тапаром ды долатам змайстраваў і сабраў цябе яраслаўскі спрытны мужык. Не ў нямецкіх батфортах фурман: барада ды рукавіцы і сядзіць чорт ведае на чым; а прыўзняўся ды замахнуўся, ды зацягнуў песню — коні віхурай, спіцы ў колах зліліся ў адзін гладкі круг, толькі здрыганулася дарога, ды ўскрыкнуў, спыніўшыся, спалоханы пешаход! і вунь яна паімчалася, паімчалася, паімчалася!.. I вунь ужо відаць у далечыні, як штосьці пыліць і свідруе паветра.

Ці не гэтак і ты, Русь, як жвавая неабгонная тройка імчышся? Дымам дыміцца пад табою дарога, грымяць масты, усё адстае і застаецца ззаду. Спыніўся ўражаны божым цудам сузіральнік: ці не маланка гэта, скінутая з неба? што значыць гэты рух, які наводзіць жудасць? і што за невядомая сіла затоена ў гэтых невядомых свету конях? Эх, коні, коні, што за коні! Ці віхуры сядзяць у вашых грывах! Ці старожкае вуха гарыць у кожнай вашай жылцы? Пачулі з вышыні знаёмую песню, дружна і разам напружылі мядзяныя грудзі і, амаль не крануўшы капытамі зямлі, ператварыліся ў адны выцягнутыя лініі, якія ляцяць па паветры, і імчыцца ўся натхнёная богам!.. Русь, куды-ж імчышся ты, дай адказ? Не дае адказу. Цудоўным звонам заліваецца званочак; грыміць і ператвараецца ў вецер разарванае на кавалкі паветра; ляціць міма ўсё што ні ёсць на зямлі, і касавурачыся збочваюць і даюць ёй дарогу іншыя народы і дзяржавы.