Сабраўшыся ў паліцэймейстара, ужо вядомага чытачам бацькі і дабрадзея горада, чыноўнікі мелі выпадак заўважыць адзін другому, што яны нават схудалі ад гэтага клопату і трывог. Сапраўды, прызначэнне новага генерал-губернатара і гэтыя атрыманыя паперы такога сур’ёзнага зместу і гэтыя бог ведае якія чуткі, усё гэта пакінула прыкметныя сляды на іх тварах, і фракі на многіх зрабіліся прыкметна прастарнейшымі. Усё падалося: і старшыня схудаў, і інспектар урачэбнай управы схудаў, і пракурор схудаў, і нейкі Сямён Іванавіч, што ніколі не называўся па прозвішчу і насіў на ўказальным пальцы пярсцёнак, які даваў разглядаць дамам, нават і той схудаў. Вядома, знайшліся, як і ўсюды бывае, той-сёй небаязлівага дзесятка, якія не трацілі прысутнасці духу, але іх было надта няшмат. Паштмейстар адзін толькі. Ён адзін не змяняўся ў сталым роўным характары і заўсёды ў падобных выпадках меў звычай гаварыць: «Ведаем мы вас, генерал-губернатараў! Вас, можа, тры-чатыры пераменіцца, а я вось ужо трыццаць год, судар мой, сяджу на адным месцы». На гэта звычайна зазначалі іншыя чыноўнікі: «Добра табе, шпрэхен зі дэйч Іван Андрэйч; у цябе справа паштовая: прыняць ды адправіць экспедыцыю, хіба толькі ашукаеш, зачыніўшы прысуцтвіе на гадзіну раней, ды возьмеш з позна прышоўшага купца за прыём пісьма ў нявызначаны час, ці перашлеш такую пасылку, якую не трэба перасылаць, тут, вядома, кожны будзе святы. А вось няхай да цябе ўнадзіцца чорт падкручвацца кожны дзень пад руку, так што вось і не хочаш браць, а ён сам суне. Табе, вядома, поўбяды, у цябе адзін сынок, а тут, брат, Праскоўю Фёдараўну надзяліў бог такой шчодрасцю, што год, то нясе: або Праскушку, або Пятрушку; тут, брат, іншае запяеш». Так гаварылі чыноўнікі, а ці можна сапраўды ўстояць супроць чорта, аб гэтым меркаваць не аўтарская справа. У нарадзе, якая сабралася на гэты раз, вельмі прыкметна была адсутнасць той неабходнай рэчы, якую ў простанароддзі называюць толкам. Наогул мы неяк не створаны для прадстаўнічых паседжанняў. Ва ўсіх нашых сходах, начынаючы ад сялянскай мірской сходкі да рознастайных вучоных і іншых камітэтаў, калі ў іх няма адной галавы, якая-б кіравала ўсім, пануе вялікая блытаніна. Цяжка нават і сказаць, чаму гэта, відаць, ужо такі народ, толькі і ўдаюцца тыя нарады, якія збіраюцца для таго, каб пакуціць ці паабедаць, як клубы і розныя ваксалы на нямецкі манер. А гатоўнасць кожную хвіліну ёсць, бадай, на ўсё. Мы раптам, як вецер павее, завядзем таварыствы добрачынныя, заахвочвальныя і невядома якія. Мэта будзе прыгожая, а пры ўсім гэтым нічога не выйдзе. Можа, гэта адбываецца таму, што мы раптам здавальняемся ў самым пачатку і ўжо лічым, што ўсё зроблена. Напрыклад, задумаўшы якое-небудзь добрачыннае таварыства для бедных і ахвяраваўшы значныя сумы, мы зараз-жа для адзначэння такога пахвальнага ўчынку задаём абед усім першым саноўнікам горада, зразумела, на палавіну ўсіх ахвяраваных сум; на астатнія наймаецца тут-жа для камітэта раскошная кватэра, з ацяпленнем і вартаўнікамі, а потым і застаецца ўсёй сумы для бедных пяць рублёў з палавінай, ды і тут у размеркаванні гэтай сумы яшчэ не ўсе члены згодны між сабой, і кожны суне якую-небудзь сваю куму. Аднак наладжаная зараз нарада была зусім іншага роду: яна сабралася з прычыны неабходнасці. Не аб якіх-небудзь бедных ці старонніх ішла справа, справа датычылася кожнага чыноўніка асабіста, справа датычылася бяды, усім аднолькава пагражаўшай, значыцца, мімаволі тут трэба было трымацца больш аднадушна і цесна. Але пры ўсім тым вышла чорт ведае што такое. Не гаворачы пра рознагалоссі, уласцівыя ўсім нарадам, у поглядзе прысутных выявілася нейкая нават незразумелая нерашучасць: адзін казаў, што Чычыкаў вырабшчык дзяржаўных асігнацый, і потым сам дадаваў: а можа і не вырабшчык; другі сцвярджаў, што ён чыноўнік генерал-губернатарскай канцылярыі, і тут-жа дадаваў: а зрэшты чорт яго ведае, на ілбе-ж не прачытаеш. Супроць здагадкі, ці не пераапрануты разбойнік, узброіліся ўсе; знайшлі, што акрамя выгляду, які сам па сабе быў ужо добранадзейным, у размовах яго не было нічога такога, што паказвала-б чалавека з буйнымі ўчынкамі. Раптам паштмейстар, які заставаўся некалькі хвілін паглыбленым у нейкае разважанне, ці з прычыны раптоўнага натхнення, ахапіўшага яго, ці чаго іншага, ускрыкнуў нечакана: ці ведаеце, панове, хто гэта? Голас, якім ён сказаў гэта, змяшчаў у сабе нешта выключна ўражаючае, так што прымусіў ускрыкнуць усіх у адзін час: «а хто?» — «Гэта, панове, судар мой, не хто іншы, як капітан Капейкін?» А калі ўсе тут-жа ў адзін голас запыталі: хто такі гэты капітан Капейкін? — паштмейстар сказаў: дык вы не ведаеце, хто такі капітан Капейкін?

Усе адказалі, што ніяк не ведаюць, хто такі капітан Капейкін.

«Капітан Капейкін», сказаў паштмейстар, адкрыўшы сваю табакерку толькі напалавіну, з боязні, каб хто-небудзь з суседзяў не запусціў туды сваіх пальцаў, у чыстату якіх ён кепска верыў і нават меў звычай прыгаварваць: «Ведаем, бацюхна: вы пальцамі сваімі, можа, невядома ў якія месцы наведваецеся, а табака рэч, якая патрабуе чыстаты». — «Капітан Капейкін», паўтарыў ён, панюхаўшы ўжо табакі: «ды гэта-ж, між іншым, калі расказаць, атрымаецца найцікавейшая для якога-небудзь пісьменніка ў некаторым родзе цэлая паэма».

Усе прысутныя выказалі жаданне даведацца пра гэтую гісторыю, ці, як сказаў паштмейстар, найцікавейшую для пісьменніка ў некаторым родзе цэлую паэму, і ён пачаў так:

АПОВЕСЦЬ ПРА КАПІТАНА КАПЕЙКІНА

«Пасля кампаніі дванаццатага года, судар ты мой», — так пачаў паштмейстар, не гледзячы на тое, што ў пакоі сядзеў не адзін судар, а цэлых шасцёра, — «пасля кампаніі дванаццатага года, разам з раненымі быў прыслан і капітан Капейкін. Ці пад Красным, ці пад Лейпцыгам, толькі можаце ўявіць, яму адарвала руку і нагу. Ну, тады яшчэ не было зроблена наконт раненых ніякіх, ведаеце, гэдакіх распараджэнняў; гэты які-небудзь інвалідны капітал быў ужо заведзены, можаце ўявіць сабе, у некаторым родзе, значна пазней. Капітан Капейкін бачыць: трэба-б працаваць, толькі рука вось у яго, разумееце, левая. Паведаўся быў дамоў да бацькі; бацька кажа: «Мне няма чым цябе карміць, я», можаце ўявіць сабе, «сам ледзь дастаю хлеб». Вось мой капітан Капейкін вырашыў падацца, судар мой, у Пецербург, каб запытаць гасудара, ці не будзе якой манаршай міласці: «што, вось, так і так, у некаторым родзе, так сказаць, жыццём ахвяраваў, праліваў кроў...» Ну, неяк там, ведаеце, з абозамі ці фурамі казённымі, словам, судар мой, дацягнуўся ён так-сяк да Пецербурга. Ну, можаце ўявіць сабе, гэдакі які-небудзь, значыць, капітан Капейкін і апынуўся раптам у сталіцы, падобнай да якое, так сказаць, няма ў свеце! Раптам перад ім свет, так сказаць, некаторае поле жыцця, казачная Шэхерэзада. Раптам які-небудзь гэдакі, можаце ўявіць сабе, Неўскі праспект, ці там, ведаеце, якая-небудзь Гарохавая, чорт вазьмі! або там гэдакая якая-небудзь Ліцейная; там шпіц гэдакі які-небудзь у павстры; масты там вісяць гэдакім чортам, можаце ўявіць сабе, без усякага, гэта значыць, дотыку — словам, Семіраміда, судар, ды і годзе! Паткнуўся быў наняць кватэру толькі ўсё гэта кусаецца страшэнна: гардзіны, шторы, чартоўшчына такая, разумееце, дываны — Персія цалкам: нагой, як кажуць, топчаш капіталы. Ну, проста, значыцца, ідзеш па вуліцы, а ўжо нос твой так і чуе, што пахне тысячамі; а ў майго капітана Капейкіна ўвесь асігнацыйны банк, разумееце, складаецца з якіх-небудзь дзесяці сінюх. Ну, неяк там прытуліўся ў рэвельскім тракціры, за рубель у суткі: абед — капуста, кавалак бітай ялавічыны. Бачыць, зажывацца няма чаго. Распытаўся, куды звярнуцца. Кажуць, ёсць у некаторым родзе, вышэйшая камісія, праўленне, разумееце, гэдакае, і начальнікам генерал-аншэф такі вось. А гасудара, трэба вам ведаць, у той час не было яшчэ ў сталіцы; войскі, можаце сабе ўявіць, яшчэ не вярталіся з Парыжа, усё было за граніцай. Капейкін мой, устаўшы раней, паскроб сабе левай рукой бараду, — таму што плаціць цырульніку — гэта складзе, у некаторым родзе, рахунак, — нацягнуў на сябе мундзірчык і на дзеравяшцы сваёй, можаце сабе ўявіць, пайшоў да самога начальніка, да вяльможы. Распытаў кватэру. «Вунь», кажуць, паказаўшы яму дом на Дварцовай на наберажнай. Халупа, разумееце, мужыцкая: шкельцы ў вокнах, можаце сабе ўявіць, паўтарасажнёвыя люстры, так што вазы і ўсё, што там ні ёсць у пакоях, здаюцца як-бы знадворку: мог-бы, у некаторым родзе, дастаць з вуліцы рукой; дарагія мрамары на сценках, металічныя галантарэі, якая-небудзь ручка ў дзвярах, так што трэба, ведаеце, забегчы перш у крамку, ды купіць на грош мыла, ды раней гадзіны дзве церці ім рукі, ды потым ужо адважышся ўхапіцца за яе — словам: лакі на ўсім такія — у некаторым родзе розуму замарока. Адзін швейцар ужо глядзіць генералісімусам: вызалачаная булава, графская фізіяномія, як адкормлены тлусты мопс які-небудзь; батыставыя каўнерыкі, канальства!.. Капейкін мой усцягнуўся так-сяк са сваёй дзеравяшкай у прыёмную, прыціснуўся там сабе ў куточку, каб не штурхнуць локцем, можаце сабе ўявіць, якую-небудзь Амерыку або Індыю — раззалочаную, разумееце, фарфаравую вазу гэдакую. Ну, вядома, што ён настаяўся там уволю, таму што, можаце ўявіць сабе, прышоў яшчэ ў такі час, калі генерал, у некаторым родзе, ледзь падняўся з пасцелі, і камердынер, можа, паднёс яму які-небудзь срэбраны цабэрак для розных, разумееце, умыванняў гэдакіх. Чакае мой Капейкін гадзіны чатыры, як вось уваходзіць, нарэшце, ад’ютант ці іншы дзяжурны чыноўнік. «Генерал», кажа, «зараз выйдзе ў прыёмную». А ў прыёмнай ужо народу, як бобу на талерцы! Усё гэта не тое, што наш брат халоп, усе чацвертага ці пятага класа, палкоўнікі, а дзе-ні-дзе і тоўсты макарон блішчыць на эпалеце — генералітэт, словам, такі. Раптам у пакоі, разумееце, пранеслася ледзь прыкметная мітусня, як эфір які-небудзь тонкі. Пачулася там і там: «шу, шу», і нарэшце цішыня надышла страшэнная: вяльможа ўваходзіць. Ну... можаце ўявіць сабе: дзяржаўны чалавек! У твары, так сказаць... ну, адпаведна са званнем, разумееце... з высокім чынам... такі выраз, разумееце. Усё, што ні было ў пярэдняй, зразумела, у тую-ж хвіліну ў струнку, дрыжыць, чакае рашэння, у некаторым родзе, лёсу. Міністр, ці вяльможа падыходзіць да аднаго, да другога: «Чаго вы? чаго вы? што вы хочаце? якая ваша справа?» Нарэшце, судар мой, да Капейкіна. Капейкін, сабраўшыся з духам: «Так і так, ваша прэвасхадзіцельства: праліваў кроў, страціў, у некаторым родзе, руку і нагу, працаваць не магу, асмельваюся прасіць манаршай літасці». Міністр бачыць: чалавек на дзеравяшцы і правы рукаў пусты прышпілен да мундзіра. «Добра», кажа: «наведайцеся днямі». Капейкін мой выходзіць ледзь не ў захапленні: адно тое, што ўдастоіўся аудыенцыі, так сказаць, у першастацейнага вяльможы; а другое тое, што вось цяпер, нарэшце, вырашыцца, у некаторым родзе, наконт пансіёна. У настроі, разумееце, такім, падскаквае па тратуару. Зайшоў у Палкінскі тракцір выпіць чарку гарэлкі, паабедаў, судар мой, у Лондане [71 ], загадаў падаць сабе катлетку з каперсамі [72 ], пулярку заказаў з рознымі фінтэрлеямі; заказаў бутэльку віна, вечарам пайшоў у тэатр, адным словам, разумееце, кутнуў. На тратуары, бачыце, ідзе нейкая стройная англічанка, як лебедзь, можаце сабе ўявіць, гэдакі. Мой Капейкін, кроў, ведаеце, разгулялася ў ім, пабег быў за ёй, на сваёй дзеравяшцы, трух-трух, следам — «ды не», падумаў, «няхай потым, калі атрымаю пенсію, цяпер ужо я штосьці разышоўся надта». Вось, судар мой, праз нейкія тры, чатыры дні з’яўляецца Капейкін мой зноў да міністра, дачакаўся выхаду. «Так і так», кажа: «прышоў», кажа, «пачуць загад вашага высокапрэвасхадзіцельства з выпадку хвароб і за ранамі...» і таму падобнае, разумееце, у службовым стылі. Вяльможа, можаце ўявіць, зараз-жа яго пазнаў: «А», кажа, «добра», кажа: «на гэты раз нічога не магу сказаць вам больш, як толькі тое, што вам трэба будзе чакаць прыезду гасудара; тады, бясспрэчна, будуць зроблены распараджэнні наконт раненых, а без манаршай, так сказаць, волі я нічога не магу зрабіць». Паклон, разумееце, і — бывайце. Капейкін, можаце ўявіць сабе, вышаў у становішчы самым няпэўным. Ён-то ўжо думаў, што вось яму заўтра так і выдадуць грошы: «На табе, галубок, пі ды весяліся»; а замест таго, яму загадана чакаць, ды і час не вызначаны. Вось ён савою такой вышаў з ганка, як пудзель, разумееце, якога кухар абліў вадой: і хвост у яго паміж ног, і вушы павесіў. «Ну, не», думае сабе: «пайду другі раз, растлумачу, што апошні кавалак даядаю — не паможаце, павінен памерці, у некаторым родзе, з голаду». Словам, прыходзіць ён, судар мой, зноў на Дварцовую наберажную, кажуць: «Нельга, не прымае, прыходзьце заўтра». На другі дзень — таксама; а швейцар на яго, проста, і глядзець не хоча. А між тым у яго з сінюх вось, разумееце, ужо застаецца толькі адна ў кішэні. То, бывала, еў капусту, ялавічыны кавалкі; а цяпер у крамцы возьме які-небудзь селядзец ці агурок салёны ды хлеба на два грошы, словам — галадуе, небарака, а тым часам апетыт, проста, воўчы. Праходзіць міма гэдакага якога-небудзь рэстарана — кухар там, можаце сабе ўявіць, чужаземец, француз гэдакі з адкрытай фізіяноміяй, бялізна на ім галандская, фартух белізною роўны снягам, гатуе там фензерв [73 ] які-небудзь, катлеткі з труфелямі, словам — рассупе дэлікатэс такі, што, проста, сябе, гэта значыць, з’еў-бы ад апетыту. Ці пройдзе паўз Мілюцінскія крамы, там з акна выглядае, у некаторым родзе, сёмга гэдакая, вішанькі — па пяць рублёў штучка, кавун-аграмадзіна, дыліжанс гэдакі, высунуўся з акна, і, так сказаць, шукае дурня, які-б заплаціў сто рублёў, словам — на кожным кроку спакуса такая, слінкі цякуць, а ён чуе, тым часам, усё: «заўтра». Дык можаце ўявіць сабе, якое яго становішча: тут, з аднаго боку, так сказаць, сёмга і кавун, а з другога, вось, яму падносяць усё адну і тую-ж страву «заўтра». Нарэшце, зрабілася небараку, у некаторым родзе, няўсцерп, наважыўся, чаго-б гэта ні каштавала, пралезці штурмам, разумееце. Дачакаўся каля пад’езда, ці не пройдзе яшчэ які-небудзь просьбіт, і там з нейкім генералам, разумееце, праслізнуў са сваёю дзеравяшкай у прыёмную. Вяльможа, як звычайна, выходзіць: «Чаго вы? чаго вы! А!» кажа, убачыўшы Капейкіна: «я-ж ужо аб’явіў вам, што вы павінны чакаць рашэння». — «Злітуйцеся, ваша прэвасхадзіцельства, не маю, так сказаць, кавалка хлеба...» — «Што-ж рабіць? Я для вас нічога не магу зрабіць; старайцеся пакуль што дапамагчы самі сабе, шукайце самі сродкаў». — «Але, ваша прэвасхадзіцельства, самі можаце, у некаторым родзе, меркаваць, якія сродкі магу адшукаць, не маючы ні рукі, ні нагі». — «Але», кажа саноўнік, «згадзіцеся: я не магу вас утрымліваць, у некаторым родзе, на свой кошт; у мяне многа раненых, усе яны маюць аднолькавае права... Узбройцеся цярпеннем. Прыедзе гасудар, я вам магу даць слова гонару, што яго манаршая літасць вас не пакіне». — «Але, ваша прэвасхадзіцельства, я не магу чакаць», кажа Капейкін, і кажа, у некаторых адносінах, груба. Вяльможы, разумееце, ужо зрабілася прыкра. Сапраўды: тут з усіх бакоў генералы чакаюць рашэнняў, загадаў; справы, так сказаць, важныя, дзяржаўныя, якія патрабуюць як найхутчэйшага выканання, — хвіліна страчаная можа быць важнай, — а тут яшчэ прычапіўся збоку неадвязны чорт. — «Выбачайце», кажа: «мне няма часу... мяне чакаюць справы важнейшыя, чым вашы». Напамінае спосабам, у некаторым родзе, тонкім, што пара, нарэшце, і выйсці. А мой Капейкін, — голад вось, ведаеце, прышпорыў яго: «Як хочаце, ваша прэвасхадзіцельства», кажа, «не сыйду з месца да таго часу, пакуль не дасцё рэзалюцыю». Ну... можаце ўявіць: адказваць такім чынам вяльможы, якому варта толькі слова сказаць, дык вось ужо і паляцеў дагары нагамі, так што і чорт цябе не адшукае.... Тут калі вашаму брату скажа чыноўнік, адным чынам меншы, падобнае, дык ужо і грубасць. Ну, а там памер-жа, памер які: генерал-аншэф і які-небудзь капітан Капейкін! 90 рублёў і нуль! Генерал, разумееце, больш нічога, як толькі глянуў, а позірк — агнястрэльная зброя: душы ўжо няма — ужо яна апынулася ў пятах. А мой Капейкін, можаце ўявіць, ні з месца, стаіць, як укопаны. «Што-ж вы?» кажа генерал і ўзяў яго, як кажуць, у лапаткі. Зрэшты, сказаць праўду, абышоўся ён яшчэ даволі літасціва: іншы-б пужануў так, што дні тры круцілася-б пасля таго вуліца дагары нагамі, а ён сказаў толькі: «Добра», кажа: «калі вам тут дорага жыць і вы не можаце ў сталіцы спакойна чакаць рашэння вашага лёсу, дык я вас вышлю на казённы кошт. Паклікаць фельд’егера! адправіць на месца жыхарства!» А фельд’егер ужо там, разумееце, і стаіць: трохаршынны мужчына які-небудзь, ручышча ў яго, можаце ўявіць, самой натурай створана для фурманаў, — словам, дантыст гэдакі... Вось яго, раба божага, схапілі, судар мой, ды ў вазок, з фельд’егерам. «Ну», думае Капейкін, «прынамсі не трэба плаціць прагонаў, дзякуй і за гэта». Вось ён, судар мой, едзе на фельд’егеры, ды, едучы на фельд’егеры, у некаторым родзе, так сказаць, разважае сам сабе: «Калі генерал кажа, каб я пашукаў сам сродкаў дапамагчы сабе, — добра», кажа, «я», кажа, «знайду сродкі!» Ну, ужо як толькі яго даставілі на месца і куды іменна прывезлі, нічога гэтага невядома. Так, разумееце, і чуткі пра капітана Капейкіна канулі ў рэчку забыцця, у якую-небудзь гэдакую Лету, як называюць паэты. Але, дазвольце, панове, тут вось і пачынаецца, можна сказаць, нітка, завязка рамана.

Такім чынам, куды падзеўся Капейкін, невядома; але не прайшло, можаце ўявіць сабе, двух месяцаў, як з’явілася ў разанскіх лясах шайка разбойнікаў, і атаман вось гэтай шайкі быў, судар мой, не хто іншы...»

«Толькі дазволь, Іван Андрэевіч», сказаў раптам перапыніўшы яго паліцэймейстар: «капітан-жа Капейкін, ты сам сказаў, без рукі і нагі, а ў Чычыкава...»

Тут паштмейстар ускрыкнуў і ляпнуў з усяго размаху рукой па сваім ілбе, назваўшы сябе публічна пры ўсіх цяляцінай. Ён не мог зразумець, як падобная акалічнасць не прышла яму ў галаву на самым пачатку расказу, і прызнаўся, што зусім справядліва прыказка: рускі чалавек заднім розумам моцны. Аднак-жа, праз хвіліну, ён тут-жа пачаў хітраваць і прабаваў быў выкруціцца, кажучы: што між іншым у Англіі вельмі ўдасканалена механіка, што відаць з газет, як адзін вынайшаў драўляныя ногі такім чынам, што пры адным дотыку да непрыкметнай пружынкі заносілі гэтыя ногі чалавека бог ведае ў якія месцы, так што потым нідзе і адшукаць яго нельга было.

Але ўсе вельмі ўсумніліся, каб Чычыкаў быў капітан Капейкін, і знайшлі, што паштмейстар хапіў ужо занадта далёка. Між іншым, яны, з свайго боку, таксама не ўдарылі тварам у гразь і, наведзеныя дасціпнай здагадкай паштмейстара, зайшлі магчыма ці не далей. З ліку многіх у сваім родзе кемлівых прапаноў была, нарэшце, адна, дзіўна нават і сказаць: што ці не ёсць Чычыкаў пераапрануты Напалеон, што англічанін даўно зайздросціць, што, бачыш, Расія такая вялікая і прасторная, што нават некалькі разоў выходзілі і карыкатуры, дзе паказана, як рускі размаўляе з англічанінам. Англічанін стаіць і трымае ззаду на вяроўцы сабаку, і пад сабакам разумеецца Напалеон. Глядзі, кажа, калі што не так, дык я на цябе зараз выпушчу гэтага сабаку! і вось цяпер яны, магчыма, і выпусцілі яго з вострава Елены, і вось ён цяпер і прабіраецца ў Расію; быццам-бы Чычыкаў, а сапраўды зусім не Чычыкаў.

Вядома, паверыць гэтаму чыноўнікі не паверылі, аднак-жа задумаліся і, разглядаючы гэтую справу кожны паасобку, знайшлі, што твар Чычыкава, калі ён павернецца і стане бокам, вельмі падобен да партрэта Напалеона. Паліцэймейстар, які служыў у кампанію 12 года і асабіста бачыў Напалеона, не мог таксама не прызнацца, што ростам ён ніяк не будзе вышэй за Чычыкава, і што складам сваёй фігуры Напалеон таксама, нельга сказаць, каб быў надта тоўсты, аднак-жа і не так каб тонкі. Можа, некаторыя чытачы назавуць гэта ўсё непраўдападобным, аўтар таксама, каб дагадзіць ім, гатоў-бы назваць усё гэта непраўдападобным; але як на бяду ўсё іменна адбылося так, як расказваецца, і тым яшчэ больш дзіўна, што горад быў не ў глушы, а, наадварот, недалёка ад абодвух сталіц. Між іншым трэба памятаць, што ўсё гэта адбывалася ў хуткім часе пасля слаўнага выгнання французаў. У той час усе нашы памешчыкі, чыноўнікі, купцы, сядзельцы, і ўсякі пісьменны і нават непісьменны народ, зрабіліся, прынамсі, на цэлых восем год заядлымі палітыкамі. «Московские Ведомости» и «Сын Отечества» зачытваліся бязлітасна і даходзілі да апошняга чытача ў кавалачках, непрыдатных ні на якое ўжыванне. Замест пытанняў: «па колькі, бацюхна, прадалі мерку аўса? як выкарысталі ўчарашнюю парошу?» гаварылі: «а што пішуць у газетах, ці не выпусцілі зноў Напалеона з вострава?» Купцы гэтага моцна баяліся, бо шчыра верылі прадраканню аднаго прарока, які ўжо тры гады сядзеў у астрозе; прарок прышоў невядома адкуль, у лапцях і вывернутым кажуху, ад якога страшэнна тхнула тухлай рыбай, і абвясціў, што Напалеон ёсць антыхрыст і трымаецца на каменным ланцугу, за шасцю сценамі і сямю марамі, але пасля разарве ланцуг і заўладае ўсім светам. Прарок за прадраканне трапіў, як і трэба, у астрог, але тым не менш справу сваю зрабіў і збянтэжыў зусім купцоў. Доўга яшчэ падчас нават самых прыбытковых аперацый, купцы, накіроўваючыся ў тракцір запіваць іх чаем, пагаварвалі пра антыхрыста. Шмат хто з чыноўнікаў і высокароднага дваранства таксама мімаволі падумвалі пра гэта і заражоныя містыцызмам, які, як вядома, быў тады ў вялікай модзе, бачылі ў кожнай літары, з якіх было складзена слова Напалеон, нейкае асаблівае значэнне; многія нават адкрылі ў ім апакаліпсічныя лічбы [74 ]. Такім чынам, нічога няма дзіўнага, што чыноўнікі міжвольна задумаліся на гэтым пункце; хутка аднак-жа схамянуліся, заўважыўшы, што ўяўленне іх ужо занадта рысістае і што ўсё гэта не тое. Думалі, думалі, гадалі, гадалі, і нарэшце вырашылі, што не дрэнна было-б яшчэ распытаць добра Наздрова. Паколькі ён першы вынес гісторыю пра мёртвыя душы і быў, як кажуць, у нейкіх цесных адносінах з Чычыкавым, значыцца, без сумнення, ведае тое-сёе з акалічнасцей яго жыцця, дык паспрабаваць яшчэ, што скажа Наздроў.

Дзіўныя людзі гэтыя паны чыноўнікі, а за імі і ўсе іншыя званні: вельмі-ж добра ведалі, што Наздроў хлус, што яму нельга верыць ні ў адным слове, ні ў самай дробязі, а між тым іменна звярнуліся да яго. Вось папрабуй, дай рады чалавеку! не верыць у бога, а верыць, што калі засвярбіць пераносіца, дык абавязкова памрэ; прапусціць міма твор паэта, які ясны, як дзень, увесь прасякнуты згодай і высокай мудрасцю прастаты, а кінецца іменна на той, дзе які-небудзь зух наблытае, напляце, зломіць, выверне прыроду, і яму спадабаецца і ён пачне крычаць: вось яно, вось сапраўднае веданне таямніц сэрца! Усё жыццё лічыць, што дактары і гарэлага шэлега не варты, а скончыцца тым, што звернецца, нарэшце, да бабкі, якая лечыць шэптамі і заплёвамі, або, яшчэ лепш, выдумае сам які-небудзь дэкохт [75 ] з невядома якой дрэні, якая, бог ведае, чаму, здасца яму іменна сродкам супроць яго хваробы. Вядома, можна крыху выбачыць панам чыноўнікам, бо сапраўды становішча іх было цяжкае. Хто топіцца, кажуць, дык і за трэску хопіцца, і ў яго няма на гэты час розуму падумаць, што на трэсцы можа хіба праехацца верхам муха, а ў ім вагі амаль на чатыры пуды, калі нават не цэлых пяць; але не прыходзіць да яго ў той час кемлівасць, і ён хапаецца за трэску. Так і паны нашы ўхапіліся, нарэшце, за Наздрова. Паліцэймейстар у тую-ж хвіліну напісаў яму пісульку прыехаць на вечар, і квартальны ў батфортах, з прывабным румянцам на шчоках, пабег у тую-ж хвіліну, прытрымліваючы шпагу, з падскокам на кватэру Наздрова. Наздроў быў заняты важнай справай; цэлых чатыры дні ўжо не выходзіў ён з пакоя, не пускаў нікога і атрымліваў абед у акенца, — словам, нават схудаў і пазелянеў. Справа патрабавала вялікай уважлівасці: яна змяшчалася ў падбіранні з некалькіх дзесяткаў тузінаў карт адной таліі [76 ], але самай удалай, на якую можна было-б пакласціся як на самага пэўнага друга. Працы заставалася яшчэ, прынамсі, на два тыдні; на працягу ўсяго гэтага часу Парфірый павінен быў чысціць медзялянскаму шчанюку пуп асаблівай шчотачкай і мыць яго тры разы на дзень з мылам. Наздроў быў вельмі раззлаваны на тое, што патрывожылі яго адзіноту; перш за ўсё ён паслаў квартальнага к чорту, але калі прачытаў у пісульцы гараднічага, што можа здарыцца пажыва, таму што на вечар чакаюць нейкага навічка, змякчэў у тую-ж хвіліну, замкнуў паспешна пакой ключом, апрануўся як папала і пайшоў да іх. Паказанні, сведчанні і меркаванні Наздрова з’явіліся такой рэзкай супярэчнасцю меркаванням паноў чыноўнікаў, што і апошнія іх здагадкі былі збіты з тропу. Гэта быў чалавек, для якога не існавала сумненняў зусім; і колькі ў іх заўважалася хістання і нясмеласці ў меркаваннях, столькі ў яго цвёрдасці і ўпэўненасці. Ён адказваў на ўсе пункты, нават не заікаючыся, абвясціў, што Чычыкаў накупіў мёртвых душ на некалькі тысяч, і што ён сам прадаў яму, таму што не бачыць прычыны, чаму не прадаць; на пытанне, ці не шпіён ён і ці не стараецца што-небудзь разведаць, Наздроў адказаў, што шпіён, што яшчэ ў школе, дзе ён з ім разам вучыўся, яго называлі фіскалам і што за гэта таварышы, а ў тым ліку і ён, крыху яго адлупцавалі, так што трэба было потым прыставіць да адных віскоў 240 п’явак, г. зн. ён хацеў быў сказаць 40, але 200 вымавілася неяк само сабой. На пытанне, ці не робіць ён фальшывых асігнацый, ён адказаў, што робіць, і пры гэтым выпадку расказаў анекдот аб надзвычайным спрыце Чычыкава, як, даведаўшыся, што ў яго доме знаходзілася на два мільёны фальшывых асігнацый, апячаталі дом яго і прыставілі варту, на кожныя дзверы па два салдаты, і як Чычыкаў перамяніў іх усе за адну ноч, так што на другі дзень, калі знялі пячаткі, убачылі, што ўсе асігнацыі былі сапраўдныя. На пытанне, ці сапраўды Чычыкаў меў намер звезці губернатарскую дачку, і ці праўда, што ён сам узяўся дапамагаць і ўдзельнічаць у гэтай справе, Наздроў адказаў, што дапамагаў, і што калі-б не ён, то не вышла-б нічога, тут ён і схамянуўся, бачачы, што схлусіў зусім дарэмна і мог такім чынам наклікаць на сябе бяду, але языка ўжо ніяк не мог стрымаць. Між іншым і цяжка было, бо з’явіліся самі сабой такія цікавыя падрабязнасці, ад якіх ніяк нельга было адмовіцца: нават названа была вёска, дзе знаходзілася тая прыходская царква, у якой меркавалася вянчацца, іменна вёска Трухмачоўка, поп айцец Сідар, за вянчанне 75 рублёў, і то не згадзіўся-б, калі-б ён не застрашыў яго, пагражаючы данесці на яго, што павянчаў лабазніка Міхаіла на куме, што ён уступіў нават сваю каляску і падрыхтаваў на ўсіх станцыях пераменных коней. Падрабязнасці дайшлі да таго, што ён пачынаў ужо называць па імёнах фурманаў. Паспрабавалі заікнуцца пра Напалеона, але самі былі не рады, што паспрабавалі, бо Наздроў панёс такую бязглуздзіцу, якая не толькі не мела ніякага падабенства да праўды, але нават проста ні да чога не мела падабенства, так што чыноўнікі, уздыхнуўшы, усе адыйшлі прэч; адзін толькі паліцэймейстар доўга яшчэ слухаў, думаючы, ці не будзе, прынамсі, чаго-небудзь далей, але нарэшце і рукой махнуў, сказаўшы: чорт ведае што такое! I ўсе пагадзіліся на тым, што як ні глядзі быка, а ўсё-ж не будзе малака. I засталіся чыноўнікі яшчэ ў горшым становішчы, чым былі раней, і вырашылася справа тым, што ніяк не маглі даведацца, што такое быў Чычыкаў. I высветлілася добра, якога роду стварэнне чалавек: мудры, разумны і разважны ён бывае ва ўсім, што датычыцца іншых, але не сябе: якімі прадбачлівымі, цвёрдымі парадамі надзеліць ён у цяжкіх выпадках жыцця! Вось якая кемлівая галава! крычыць натоўп: які непахісны характар! А няхай спаткае гэтую кемлівую галаву якая-небудзь бяда і няхай давядзецца яму самому трапіць у цяжкія выпадкі жыцця, куды падзеўся характар! зусім збянтэжыўся непахісны муж, і вышаў з яго нікчэмны баязлівец, мізэрнае, слабое дзіця, ці проста фецюк, як называе Наздроў.

Усе гэтыя размовы, думкі і чуткі невядома з якой прычыны больш за ўсё падзейнічалі на беднага пракурора. Яны падзейнічалі на яго да такой ступені, што ён, прышоўшы дамоў, пачаў думаць, думаць і раптам, як кажуць, ні з таго, ні з гэтага, памёр. Ці паралюшам яго, ці чым іншым прыхапіла, толькі ён як сядзеў, так і ляпнуўся з крэсла тварам дагары. Ускрыкнулі, як водзіцца, успляснуўшы рукамі: «ах, божа мой!», паслалі па доктара, каб пусціць кроў, але ўбачылі, што пракурор быў ужо адно бяздушнае цела. Тады толькі са спачуваннем даведаліся, што ў нябожчыка была сапраўды душа, хоць ён па скромнасці сваёй ніколі яе не паказваў. А між тым з’яўленне смерці гэтаксама было страшна ў малым, як страшна яно і ў вялікім чалавеку: той, хто яшчэ не так даўно хадзіў, рухаўся, гуляў у віст, падпісваў розныя паперы і быў так часта відзён сярод чыноўнікаў са сваімі густымі бровамі і міргаючым вокам, цяпер ляжаў на стале, левае вока не міргала ўжо зусім, але брыво адно ўсё яшчэ было прыўзнята з нейкім запытальным выразам. Аб чым нябожчык пытаўся, чаму ён памёр ці навошта ён жыў, пра гэта адзін бог ведае.

Але гэта аднак-жа недарэчна! гэта нязгодна ні з чым! гэта немагчыма, каб чыноўнікі так маглі самі напужаць сябе: стварыць такую лухту, так адыйсці ад сапраўднасці, калі нават дзіцяці відаць, у чым справа! Так скажуць многія чытачы і папракнуць аўтара ў недарэчнасцях, або назавуць бедных чыноўнікаў дурнямі, таму што шчодры чалавек на слова: дурань і гатоў прыслужыцца ім дваццаць разоў на дзень свайму бліжняму. Даволі з дзесяці бакоў мець адзін дурны, каб цябе прызналі дурнем, не зважаючы на дзевяць добрых. Чытачам лёгка разважаць, гледзячы з свайго спакойнага кутка і верхавінкі, адкуль адкрыты ўвесь кругагляд на ўсё, што робіцца ўнізе, дзе чалавеку відаць толькі блізкі прадмет. I ў сусветным летапісу чалавецтва шмат ёсць цэлых стагоддзяў, якія-б, здавалася, выкрасліў і знішчыў, як непатрэбныя. Многа зроблена ў свеце памылак, якіх-бы, здавалася, цяпер не зрабіла і дзіця. Якія крывыя, глухія, вузкія, непраходныя, заносячыя далёка ўбок дарогі выбрала чалавецтва, імкнучыся дасягнуць вечнай ісціны, у той час як перад ім быў адкрыты ўвесь просты шлях, падобны да шляху, што вядзе да цудоўнага будынка, прызначанага быць царскім палацам. За ўсе іншыя шляхі шырэйшы і прастарнейшы ён, абліты сонцам і асветлены ўсю ноч агнямі; але мінаючы яго ў глухой цемры ішлі людзі. I колькі разоў, ужо наведзеныя сыходзіўшым з нябёс розумам, яны і тут умелі адхіліцца і збіцца ўбок, умелі сярод белага дня трапіць зноў у непраходную глуш, умелі напусціць зноў сляпы туман адзін аднаму ў вочы і, цягнучыся ўслед за балотнымі агнямі, умелі ўсё-ж дабрацца да бяздоння, каб потым з жахам запытаць адзін другога: дзе выхад? дзе дарога? Бачыць цяпер усё ясна цяперашняе пакаленне, дзівіцца з памылковых думак, смяецца з неразумнасці сваіх продкаў, не бачачы, што нябесным агнём скрэслены гэты летапіс, што крычыць у ім кожная літара, што адусюль імкліва накірован пранізваючы перст, на яго-ж, на яго, на цяперашняе пакаленне, але смяецца цяперашняе пакаленне і самаўпэўнена, горда пачынае рад новых памылак, з якіх таксама потым пасмяюцца патомкі.

Чычыкаў аб усім гэтым зусім нічога не ведаў. Як знарок у той час ён схапіў лёгкую прастуду, флюс і невялікае запаленне ў горле, на раздачу якіх надзвычай шчодры клімат многіх нашых губернскіх гарадоў. Каб не спынілася, божа барані, як-небудзь жыццё без патомкаў, ён вырашыў лепш пасядзець дзянькі са тры ў пакоі. На працягу гэтых дзён ён паласкаў безупынна горла малаком з фігай, якую потым з’ядаў, і насіў прывязаную да шчакі падушачку з рамашкі і камфары. Жадаючы чым-небудзь заняць час, ён зрабіў некалькі новых і падрабязных спісаў усіх накупленых сялян, прачытаў нават нейкі том герцагіні Лавальер [77 ], які знайшоўся ў чамадане, перагледзеў у шкатулцы розныя рэчы і пісулькі, якія там знаходзіліся, тое-сёе перачытаў і другі раз, і ўсё гэта вельмі надакучыла яму. Ніяк не мог ён зразумець, што-б гэта значыла, што ніводзін з гарадскіх чыноўнікаў не прыехаў да яго хоць-бы раз даведацца пра здароўе, у той час калі яшчэ нядаўна вельмі часта стаялі перад гасцініцай дрожкі — то паштмейстаравы, то пракуроравы, то старшынёвы. Ён паціскаў толькі плячыма, ходзячы па пакоі. Нарэшце, адчуў ён сябе лепш і ўзрадаваўся бог ведае як, калі ўбачыў магчымасць выйсці на свежае паветра. Не адкладаючы, узяўся ён зараз-жа за туалет, адамкнуў сваю шкатулку, наліў у шклянку гарачай вады, дастаў шчотку і мыла і ўзяўся галіцца, чаму, між іншым, даўно была пара і час: таму што, памацаўшы бараду рукой і зірнуўшы ў люстэрка, ён ужо сказаў: ух, якія пайшлі пісаць лясы! I сапраўды, лясы не лясы, а па ўсёй шчацэ і падбародку высыпала досыць густая рунь. Пагаліўшыся, узяўся ён за апрананне жвава і хутка, так што ледзь не выскачыў з панталонаў. Нарэшце, ён быў апрануты, спрыснуты адэкалонам і, захутаны пацяплей, выбраўся на вуліцу, завязаўшы з перасцярогі шчаку. Выхад яго, як усякага ачуняўшага чалавека, быў сапраўды святочны Усё, што ні траплялася яму, набыло ўсмешлівы выгляд, і дамы, і праходзіўшыя мужыкі, даволі, аднак, сур’ёзныя, з якіх той-сёй паспеў ужо заехаць свайму брату ў вуха. Першы візіт ён меў намер зрабіць губернатару. Дарогай яму прыходзіла ў галаву шмат розных думак; круцілася ў галаве бландзінка, уяўленне пачало нават злёгку сваволіць, і ён ужо сам пачаў крыху жартаваць і пасмейвацца сам з сябе. У такім настроі апынуўся ён перад губернатарскім пад’ездам. Пачаў ужо ён у сенцах паспешна здымаць з сябе шынель, як швейцар здзівіў яго зусім нечаканымі словамі: не загадана прымаць!

«Як, што ты, ты, відаць, не пазнаў мяне? ты ўгледзься добра ў твар!» гаварыў яму Чычыкаў.

«Як не пазнаць! Я-ж вас не першы раз бачу», сказаў швейцар. «Ды вас вось іменна адных і не загадана пускаць, іншых усіх можна».

«Вось табе на! чаго? чаму?»

«Такі загад, так ужо, відаць, трэба», сказаў швейцар і дадаў да гэтага слова: так. Пасля чаго стаў перад ім зусім вольна, не захоўваючы таго ласкавага выгляду, з якім раней спяшаўся здымаць з яго шынель. Здавалася, ён думаў, гледзячы на яго: эге! ужо калі цябе паны гоняць з ганку, дык ты, відаць, так сабе, драбяза якая-небудзь!

«Незразумела!» падумаў сам сабе Чычыкаў і накіраваўся тут-жа да старшыні палаты, але старшыня палаты так збянтэжыўся, убачыўшы яго, што не мог звязаць двух слоў і нагаварыў такую дрэнь, што нават ім абодвум зрабілася сорамна. Вышаўшы ад яго, як ні стараўся Чычыкаў дарогай растлумачыць і разабрацца, што такое разумеў старшыня, і наконт чаго маглі адносіцца словы, але нічога не мог зразумець. Потым зайшоў да другіх: да паліцэймейстара, да віцэ-губернатара, да паштмейстара, але ўсе яны або не прынялі яго, або прынялі так дзіўна, такую ненатуральную і незразумелую вялі размову, так разгубіліся, і такая вышла бязладзіца з усяго, што яго ўзяло сумняванне, ці здаровы ў іх мазгі. Паспрабаваў быў яшчэ зайсці да таго-сяго, каб даведацца, прынамсі, прычыну, але не дабраўся ні да якой прычыны. Як сонны, бадзяўся ён без мэты па горадзе, не маючы змогі вырашыць, ці ён звар’яцеў, ці чыноўнікі страцілі розум, ці ў сне ўсё гэта адбываецца, ці на яве заварылася дурната горшая за сон. Позна ўжо, амаль на змярканні, вярнуўся ён да сябе ў гасцініцу, з якой вышаў быў у такім добрым настроі, і з нуды загадаў падаць сабе чаю. У задуменні і ў нейкім бяссэнсавым разважанні аб дзіўнасці свайго становішча пачаў ён наліваць чай, як раптам адчыніліся дзверы яго пакоя і з’явіўся Наздроў самым нечаканым чынам.

«Вось кажа прыказка: для сябра сем вёрст не круг!» гаварыў ён, здымаючы шапку, «праходжу міма, бачу святло ў акне, дай, думаю сабе, зайду, пэўна, не спіць. А! вось добра, што ў цябе на стале чай, вып’ю з прыемнасцю кубачак: сёння за абедам аб’еўся ўсякай дрэні, адчуваю, што пачынаецца ў жываце тузаніна. Загадай мне набіць люльку, дзе твая люлька?»

«Ды я-ж не куру люлькі», сказаў суха Чычыкаў.

«Глупства, быццам я не ведаю, што ты курэц. Эй! як там завуць твайго чалавека. Эй, Вахрамей, слухай!»

«Ды не Вахрамей, а Пятрушка».

«Як-жа? ды ў цябе-ж раней быў Вахрамей».

«Ніякага не было ў мяне Вахрамея».

«Так, сапраўды, гэта ў Дзерэбіна Вахрамей. Уяві, Дзерэбіну якое шчасце, цётка яго пасварылася з сынам за тое, што ажаніўся з прыгоннай; і цяпер адпісала яму ўвесь маёнтак. Я думаю сабе, вось калі-б такую цётку мець для далейшых! Ды што ты, брат, так адышоў ад усіх, нідзе не бываеш? Вядома, я ведаю, што ты заняты часам вучонымі прадметамі, любіш чытаць (з чаго ўжо Наздроў зрабіў вывад, што герой наш займаецца вучонымі прадметамі і любіць пачытаць, гэта, прызнаемся, мы ніяк не можам сказаць, а Чычыкаў і таго менш). Ах, брат Чычыкаў, калі-б ты толькі ўбачыў... от ужо сапраўды была-б пажыва твайму сатырычнаму розуму (чаму ў Чычыкава быў сатырычны розум, гэта таксама невядома). Уяві, брат, у купца Ліхачова гулялі ў горку [78 ], вось ужо дзе смех быў! Перэпендзеў, які быў са мной: «Вось», кажа, «калі-б цяпер Чычыкаў, от-бы ўжо яму сапраўды!..» (між тым Чычыкаў зроду не ведаў ніякага Перэпендзева). А прызнайся-ж, брат, ты, сапраўды, зусім подла абышоўся тады са мною, памятаеш, як гулялі ў шашкі, я-ж выйграў... Так, брат, ты, проста, паддзядзюліў мяне. Але-ж я, чорт мяне ведае, ніяк не магу злаваць. Надоечы са старшынёй... Ах, так! я-ж табе павінен сказаць, што ў горадзе ўсе супроць цябе; яны думаюць, што ты робіш фальшывыя паперкі, прычапіліся да мяне, ды я за цябе гарой, нагаварыў ім, што з табой вучыўся і бацьку ведаў; ну, і, ужо няма чаго гаварыць, заліў ім кулю ніштаватую».

«Я раблю фальшывыя паперкі?» ускрыкнуў Чычыкаў, прыўзняўшыся з крэсла.

«Навошта ты, аднак-жа, так перапалохаў іх?» казаў далей Наздроў. «Яны, чорт ведае, павар’яцелі са страху: прыбралі цябе ў разбойнікі і ў шпіёны... А пракурор з перапуду памёр, заўтра будзе пахаванне. Ты не будзеш? Яны, сказаць праўду, баяцца новага генерал-губернатара, каб праз цябе чаго-небудзь не вышла; а я наконт генерал-губернатара такой думкі, што калі ён задзярэ нос і заважнічае, дык з дваранствам зусім нічога не зробіць. Дваранства патрабуе гасціннасці: ці не праўда? Вядома, можна схавацца ў сябе ў кабінеце і не даць ніводнага бала, ды гэтым-жа што-ж? Гэтым-жа нічога не выйграеш. А ты, аднак-жа, Чычыкаў, рызыкоўную справу надумаў».

«Якую рызыкоўную справу?» запытаў трывожна Чычыкаў.

«Ды ўкрасці губернатарскую дачку. Я, прызнаюся, чакаў гэтага, дальбог чакаў! Першы раз, як толькі ўбачыў вас разам на бале, ну ўжо, думаю сабе, Чычыкаў, пэўна, не дарма... Зрэшты, дарэмна ты зрабіў такі выбар, я нічога ў ёй не знаходжу добрага. А ёсць адна, сваячка Бікусава, сястры яго дачка, дык вось ужо дзяўчына! Можна сказаць: цуд каленкор!»

«Ды што ты, што ты блытаеш! Як украсці губернатарскую дачку, што ты?» гаварыў Чычыкаў, вылупіўшы вочы.

«Ну, хопіць, брат, вось які скрытны чалавек! Я, прызнаюся, да цябе з гэтым і прышоў: хочаш, я гатоў табе дапамагаць. Так і быць: патрымаю вянец над табой, каляска і пераменныя коні будуць мае, толькі з умовай: ты павінен мне пазычыць тры тысячы. Патрэбны, брат, хоць зарэж!»

На працягу ўсёй балбатні Наздрова, Чычыкаў праціраў некалькі разоў сабе вочы, жадаючы ўпэўніцца, ці не ў сне ён усё гэта чуе. Выраб фальшывых асігнацый, выкраданне губернатарскай дачкі, смерць пракурора, прычынай якой з’яўляецца быццам ён, прыезд генерал-губернатара, — усё гэта яго даволі моцна напалохала. Ну, ужо калі пайшло на тое, падумаў ён сам сабе, дык марудзіць больш няма чаго, трэба адсюль выбірацца як найхутчэй.

Ён пастараўся вызваліцца хутчэй ад Наздрова, паклікаў зараз-жа да сябе Селіфана і загадаў яму быць гатовым на світанні з тым, каб заўтра-ж у 6 гадзін раніцы выехаць з горада абавязкова, каб усё было перагледжана, брычка падмазана і іншае, і іншае. Селіфан прамовіў: слухаю, Павел Іванавіч, і спыніўся, аднак-жа, на некалькі часу каля дзвярэй, не кратаючыся з месца. Пан тут-жа загадаў Пятрушку высунуць з-пад ложка чамадан, які пакрыўся ўжо добра пылам, і ўзяўся ўкладаць разам з ім, без вялікага разбору, панчохі, сарочкі, бялізну мытую і нямытую, шавецкія капылы, каляндар... Усё гэта ўкладалася як папала; ён хацеў абавязкова быць гатовым з вечара, каб назаўтра не магло здарыцца ніякай затрымкі. Селіфан, пастаяўшы хвіліны са дзве каля дзвярэй, нарэшце вельмі павольна вышаў з пакоя. Павольна, як толькі можна ўявіць сабе павольна, сыходзіў ён з лесніцы, адбіваючы сваімі мокрымі ботамі сляды па сыходзіўшых уніз збітых прыступках, і доўга пачухваў рукой патыліцу. Што значыла гэтае пачухванне? і што наогул яно значыць? Ці прыкрасць на тое, што вось не ўдалася задуманая назаўтра сходка са сваім братам у непрыглядным кажуху, падперазаным поясам, дзе-небудзь у царовай карчме, ці ўжо завязалася у новым месцы якое каханне сардэчнае, і даводзіцца пакідаць вячэрняе выстойванне каля варот і далікатнае трыманне за белыя ручкі ў той час, як насоўваецца на горад змярканне, хлапчына ў чырвонай кашулі трумкае на балалайцы перад дваровай чэляддзю, і пляце ціхія размовы розначынны, вольны ад працы народ? Ці проста шкода пакідаць сагрэтае ўжо месца на людской кухні пад кажухом, каля печы, ды капусту з гарадскім мяккім пірагом, з тым, каб зноў цягнуцца пад дождж і слату і розную дарожную нягоду? Бог ведае, не ўгадаеш. Шмат чаго значыць у рускага народа пачухванне патыліцы.