Раніцой, раней нават таго часу, што вызначаны ў горадзе N для візітаў, з дзвярэй аранжавага драўлянага дома з мезанінам і блакітнымі калонамі выпырхнула дама ў клетчатым франтаўскім клоку [60 ], суправаджаемая лакеем у шынялі з некалькімі каўнярамі і залатым галуном на круглым глянцавым капелюшы. Дама ўспырхнула ў той-жа час з незвычайнай паспешнасцю па адкінутых прыступках у стаяўшую каля пад’езда каляску. Лакей тут-жа захлопнуў даму дзверцамі, закідаў прыступкамі і, схапіўшыся за рамяні ззаду каляскі, закрычаў фурману: «пайшоў!» Дама везла толькі што пачутую навіну і адчувала непераадольную ахвоту хутчэй расказаць яе. Кожную хвіліну выглядала яна з акна і бачыла, на вялікі жаль, што ўсё яшчэ застаецца поўдарогі. Кожны дом здаваўся ёй даўжэй за звычайны; белая каменная багадзельня з вузенькімі вокнамі цягнулася нясцерпна доўга, так што яна, нарэшце, не ўцерпела, каб не сказаць: праклятая будыніна, і канца няма! Фурман ужо два разы атрымліваў загад: «хутчэй, хутчэй, Андрушка! ты сёння немагчыма доўга едзеш!» Нарэшце, мэта была дасягнута. Каляска спынілася перад драўляным-жа аднапавярховым домам цёмнашэрага колеру, з белымі барэльефчыкамі над вокнамі, з высокай драўлянай загарожаю перад самымі вокнамі і вузенькім палісаднікам; тоненькія дрэўцы, што знаходзіліся за агарожай яго, пабялелі ад ніколі не сыходзіўшага з іх гарадскога пылу. У вокнах мільгалі вазоны з кветкамі, папугай, які гойдаўся ў клетцы, учапіўшыся носам за кальцо, і два сабачкі, што спалі на сонцы. У гэтым доме жыла шчырая прыяцельніца прыехаўшай дамы. Аўтару надзвычайна цяжка: як назваць яму абодвух дам такім чынам, каб зноў не разгневаліся на яго, як гневаліся ў старыя часы. Назваць выдуманым прозвішчам небяспечна. Якое ні прыдумай імя, дык абавязкова знойдзецца ў якім-небудзь кутку нашай дзяржавы, балазе вялікая, хто-небудзь, што носіць яго, і абавязкова раззлуецца не на жыццё, а на смерць, будзе гаварыць, што аўтар знарок прыязджаў сакрэтна з тым, каб дазнацца, што ён такое сам, і ў якім кажушку ходзіць і да якой Аграфены Іванаўны наведваецца і што любіць есці. Назваць-жа па чынах, божа барані, яшчэ больш небяспечна. Цяпер у нас усе чыны і саслоўі так раздражнены, што ўсё, што ні ёсць у друкаванай кнізе, ужо здаецца ім асобаю: такі ўжо, відаць, настрой у паветры. Даволі сказаць толькі, што ў адным горадзе ёсць дурны чалавек, гэта ўжо і асабістае: раптам выскачыць пан паважнага выгляду і закрычыць: я-ж таксама чалавек, значыць я таксама дурны; словам умомант скеміць, у чым справа. А таму, каб унікнуць усяго гэтага, будзем называць даму, да якой прыехала госця, так, як яна называлася амаль аднагалосна ў горадзе N, іменна дамаю прыемнай ва ўсіх адносінах. Гэтую назву яна набыла законным чынам, бо, сапраўды, нічога не шкадавала, каб зрабіцца ветлівай да апошняй ступені. Хоць, вядома, праз ветлівасць пракрадаўся ух які жвавы спрыт жаночага характару! і хоць часам у кожным прыемным слове яе тырчэла ух якая шпілька! а ўжо не дай божа, што кіпела ў сэрцы супроць той, якая-б пралезла як-небудзь і чым-небудзь у першыя. Але ўсё гэта было ахінута самай тонкай свецкасцю, якая толькі бывае ў губернскім горадзе. Кожны рух яна рабіла з густам, нават любіла вершы, нават часамі лятуценна ўмела трымаць галаву, і ўсе згадзіліся, што яна, сапраўды, дама прыемная ва ўсіх адносінах. Другая-ж дама, г. зн. прыехаўшая, не мела такой шматбаковасці ў характары, і таму будзем называць яе: проста прыемная дама. Прыезд госці пабудзіў сабачак, што спалі на сонцы: калматую Адэль, якая ўвесь час блыталася ва ўласнай поўсці, і кабялька Папуры на тоненькіх ножках. Той і другая з брэхам панеслі кольцамі хвасты свае ў пярэднюю, дзе госця вызвалялася ад свайго клока і апынулася ў сукенцы моднага ўзору і колеру і ў доўгіх хвастах на шыі; жасміны павеялі па ўсім пакоі. Ледзь толькі ва ўсіх адносінах прыемная дама даведалася аб прыездзе проста прыемнай дамы, як ужо выбегла ў пярэднюю. Дамы ўхапіліся за рукі, пацалаваліся і ўскрыкнулі, як ускрыкваюць інстытуткі, спаткаўшыся хутка пасля выпуску, калі матулькі яшчэ не паспелі растлумачыць ім, што бацька ў адной бяднейшы і ніжэй чынам, чым у другой. Пацалунак адбыўся звонка, бо сабачкі забрахалі зноў, за што іх сцебанулі хустачкай, і абедзве дамы накіраваліся ў гасціную, зразумела, блакітную, з канапай, авальным сталом і нават шырмачкамі, абвітымі плюшчом; следам за імі пабеглі з вурчэннем махнатая Адэль і высокі Папуры на тонкіх ножках. «Сюды, сюды, вось у гэты куточак!» гаварыла гаспадыня, усаджваючы госцю ў кут канапы. «Вось так! вось так! вось вам і падушка!» Сказаўшы гэта, яна запхнула ёй за спіну падушку, на якой быў вышыты шэрсцю рыцар такім чынам, як і заўсёды вышываюць па канве: нос вышаў лесвіцаю, а зубы чатырохкутнікам. «Як-жа я рада, што вы... Я чую, хтосьці пад’ехаў, ды думаю сабе, хто-б мог так рана. Параша кажа: віцэ-губернатарша, а я кажу: ну вось зноў прыехала дурніца надакучаць, і ўжо хацела сказаць, што мяне няма дома...»

Госця ўжо хацела распачаць справу і паведаміць навіну. Але выгук, які зрабіла ў гэты час дама прыемная ва ўсіх адносінах, раптам даў другі напрамак размове.

«Які вясёлы паркаль!» выгукнула ва ўсіх адносінах прыемная дама, гледзячы на сукенку проста прыемнай дамы.

«Так, вельмі вясёленькі. Праскоўя Фёдараўна аднак-жа лічыць, што лепш, каб клетачкі былі драбнейшыя, і каб не карычневыя былі крапінкі, а блакітныя. Сястры я прыслала тканінку: гэта такая чароўнасць, проста нельга выказаць словамі; уявіце сабе: палосачкі вузенькія, вузенькія, якія толькі можа ўявіць сабе чалавек, фон блакітны і праз палоску ўсё вочкі і лапкі, вочкі і лапкі, вочкі і лапкі... Словам, выключна! Можна сказаць цвёрда, што нічога яшчэ не было падобнага на свеце».

«Любая, гэта страката».

«Ах, не, не страката».

«Ах, страката!»

Трэба заўважыць, што ва ўсіх адносінах прыемная дама была крыху матэрыялістка, з нахілам да адмаўлення і сумнення і адкідала вельмі многае ў жыцці.

Тут проста прыемная дама растлумачыла, што гэта зусім не страката і ўскрыкнула... «Ага, віншую вас: фальбонак больш не носяць».

«Як не носяць?»

«Замест іх фестончыкі!»

«Ах, гэта нядобра, фестончыкі!»

«Фестончыкі, усё фестончыкі: пелярынка з фестончыкаў, на рукавах фестончыкі, эпалецікі з фестончыкаў, унізе фестончыкі, усюды фестончыкі!»

«Нядобра, Соф’я Іванаўна, калі ўсё фестончыкі!»

«Міла, Анна Грыгор’еўна, да неймавернасці: шыецца ў два рубчыкі: шырокія проймы і зверху... Але вось, вось калі вы здзівіцеся, вось ужо калі скажаце, што... Ну, здзіўляйцеся: уявіце сабе, ліфчыкі пайшлі яшчэ даўжэйшыя, наперадзе мыском і пярэдняя костачка зусім выходзіць з граніц; спадніца ўся збіраецца вакол, як бывала ў старыя часы, фіжмы [61 ], нават ззаду крыху падкладаюць ваты, каб была зусім бельфам» [62 ].

«Ну, ужо гэта проста: прызнаюся!» сказала дама прыемная ва ўсіх адносінах, зрабіўшы рух галавой з пачуццём годнасці.

«Іменна гэта ўжо сапраўды прызнаюся», адказала проста прыемная дама.

«Вы ўжо як хочаце, я ні за што не буду пераймаць гэта».

«Я сама таксама... Дапраўды, як уявіш, да чаго часам даходзіць мода... ні на што не падобна! я выпрасіла ў сястры выкрайку знарок, для смеху; Малання мая ўзялася шыць».

«Дык хіба ў вас ёсць выкрайка?» ускрыкнула ва ўсіх адносінах прыемная дама не без прыкметнага сардэчнага руху.

«Як-жа, сястра прывезла».

«Душа мая, дайце мне яе дзеля ўсяго святога».

«Ах, я-ж паабяцала Праскоўі Фёдараўне. Хіба пасля яе».

«Хто-ж будзе насіць пасля Праскоўі Фёдараўны? Гэта занадта дзіўна будзе, з вашага боку, калі вы чужым аддаеце перавагу перад сваімі».

«Ды яна-ж таксама мне стрыечная цётка».

«Яна вам цётка яшчэ бог ведае якая: з мужавага боку... Не, Соф’я Іванаўна, я і слухаць не хачу, гэта выходзіць: вы мне хочаце зрабіць такую знявагу... відаць я вам надакучыла ўжо, відаць вы хочаце спыніць са мной усякае знаёмства».

Бедная Соф’я Іванаўна зусім не ведала, што ёй рабіць. Яна адчувала сама, паміж якіх моцных агнёў яна сябе паставіла. Вось табе і пахвалілася! Яна гатова была за гэта пакалоць іголкамі дурны язык.

«Ну, што-ж наш прыгажун?» сказала між тым дама прыемная ва ўсіх адносінах.

«Ах, божа мой! што-ж я так сяджу перад вамі! вось добра! Вы-ж ведаеце, Анна Грыгор’еўна, з чым я прыехала да вас?» Тут дыханне госці сперлася, словы як каршуны гатовы былі пусціцца ўздагон адно за другім, і толькі трэба было да такой ступені быць бесчалавечнай, якой была шчырая прыяцельніца, каб адважыцца спыніць яе.

«Як вы яго ні выхваляйце, і ні ўслаўляйце яго», гаварыла яна з жвавасцю, больш чым звычайнаю: «а я скажу проста, і яму ў вочы скажу, што ён нягодны чалавек, нягодны, нягодны, нягодны»..

«Ды паслухайце толькі, што я вам адкрыю...»

«Распусцілі чуткі, што ён прыгожы, а ён зусім не прыгожы, зусім не прыгожы, і нос у яго... самы непрыемны нос...»

«Дазвольце-ж, дазвольце-ж толькі расказаць вам... душачка, Анна Грыгор’еўна, дазвольце расказаць! Гэта-ж гісторыя, ці ведаеце: гісторыя сконапель істоар [63 ]», гаварыла госця з выразам амаль роспачы і зусім упрашальным голасам. Не шкодзіць зазначыць, што ў размову абодвух дам дамешвалася вельмі многа замежных слоў і часам цалкам доўгія французскія сказы. Але як ні прасякнуты аўтар благагавеннем да той уратоўчае карысці, якую прыносіць французская мова Расіі, як ні прасякнуты ён благагавеннем да пахвальнага звычаю нашых вышэйшых колаў, якія размаўляюць на ёй ва ўсе гадзіны дня, вядома, з глыбокага пачуцця любві да айчыны; але пры ўсім гэтым ніяк не адважваецца ўнесці сказ якой-бы там ні было чужой мовы ў гэтую рускую сваю паэму. Такім чынам будзем працягваць па-руску.

«Якая-ж гісторыя?»

«Ах, жыццё маё, Анна Грыгореўна, калі-б вы маглі толькі ўявіць той стан, у якім я знаходзілася! уявіце сабе, прыходзіць да мяне сёння пратапопша, айца Кірыла жонка, і што-б вы думалі: наш вось скромнік, прыезджы наш, які, а?»

«Як, няўжо ён прыўдараў і за пратапопшай?»

«Ах, Анна Грыгор’еўна, няхай-бы прыўдараў, гэта-б яшчэ нічога; слухайце толькі, што расказала пратапопша: прыехала, кажа, да яе памешчыца Каробачка, перапалоханая і бледная, як смерць, і расказвае, і як расказвае, паслухайце толькі; сапраўдны раман: раптам у глухую поўнач, калі ўсё ўжо спала ў доме, чуецца стук у вароты, жахлівы, які толькі можна сабе ўявіць; крычаць: адчыніце, адчыніце, інакш будуць выламаны вароты!.. як вам гэта здасца? Які-ж пасля гэтага прыгажун?»

«А што Каробачка, хіба маладая і прыгожая сабой!»

«Ні кроплі, старая».

«Ах, любата! Дык ён за старую ўзяўся. Ну, і густ-жа пасля гэтага ў нашых дам, знайшлі ў каго закахацца».

«Ды не-ж, Анна Грыгор’еўна, зусім не тое, што вы мяркуеце. Уявіце сабе толькі тое, што з’яўляецца ўзброены з ног да галавы накшталт Рынальда Рынальдзіна [64 ] і патрабуе: прадайце, кажа, усе душы, якія памерлі. Каробачка адказвае вельмі рэзонна, кажа: я не магу прадаць, бо яны мёртвыя. Не, кажа, яны не мёртвыя, гэта мая, кажа, справа ведаць, мёртвыя яны, ці не, яны не мёртвыя, не мёртвыя, крычыць, не мёртвыя, словам, скандалёзу нарабіў страшэннага, уся вёска збеглася, дзіцёнкі плачуць, усё крычыць, ніхто нікога не разумее, ну, проста, оррор, оррор, оррор!.. [65 ] Але вы сабе ўявіць не можаце, Анна Грыгор’еўна, як я ператрывожылася, калі пачула ўсе гэта. «Галубачка пані», кажа мне Машка: «паглядзіце ў люстэрка: вы бледныя». Не да люстэрка, кажу, мне: я павінна ехаць расказаць Анне Грыгор’еўне. У тую-ж хвіліну загадваю запрэгчы каляску; фурман Андрушка пытаецца ў мяне, куды ехаць, а я нічога не магу і гаварыць, гляджу проста яму ў вочы як дурная; я думаю, што ён падумаў, што я звар’яцела. Ах, Анна Грыгор’еўна, калі-б толькі вы маглі ўявіць, як я ператрывожылася!»

«Гэта аднак-жа дзіўна», сказала ва ўсіх адносінах прыемная дама: «што-б такое маглі значыць гэтыя мёртвыя душы? Я, прызнаюся, тут нічога не разумею. Вось ужо другі раз я ўсё чую пра гэтыя мёртвыя душы; а муж мой яшчэ кажа, што Наздроў хлусіць: што-небудзь, мабыць-жа, ёсць».

«Але ўявіце-ж, Анна Грыгор’еўна, якое маё было становішча, калі я пачула гэта. «I зараз», кажа Каробачка, «я не ведаю», кажа, «што мне рабіць. Прымусіў», кажа, «падпісаць мяне нейкую фальшывую паперу, кінуў пятнаццаць рублёў асігнацыямі, я», кажа, «недасведчаная, бездапаможная ўдава, я нічога не ведаю». Дык вось здарэнне! Але толькі калі-б вы маглі хоць крыху сабе ўявіць, як я ўся ператрывожылася».

«Але толькі, воля ваша, тут не мёртвыя душы, тут затоена штосьці другое».

«Я, прызнаюся, таксама», сказала не без здзіўлення проста прыемная дама і адчула тут-жа моцнае жаданне даведацца, што-б такое магло тут таіцца. Яна нават сказала павольна: «а што-ж, вы мяркуеце, тут тоіцца?»

«Ну, як вы думаеце?»

«Як я думаю?.. Я, прызнаюся, зусім збянтэжана».

«Але, аднак-жа, я ўсё-ж хацела-б ведаць, якія вашы наконт гэтага думкі?»

Але прыемная дама нічога не знайшлася сказаць. Яна ўмела толькі трывожыцца, але каб зрабіць якое-небудзь кемлівае дапушчэнне, для гэтага ніяк яе не ставала, і таму, больш чым усякая другая, яна мела патрэбнасць у пяшчотнай дружбе і парадах.

«Ну, слухайце-ж, што такое гэтыя мёртвыя душы», сказала дама прыемная ва ўсіх адносінах, і госця пры гэтых словах ператварылася ўся ў слых: вушкі яе выцягнуліся самі сабой, яна прыўзнялася, амаль не седзячы і не трымаючыся на канапе, і, не гледзячы на тое, што была крыху цяжкаватая, зрабілася раптам танчэй, стала падобнай да лёгкага пуху, які вось так і паляціць у паветра ад подыху.

Так рускі пан, сабакар і йора [66 ] -паляўнічы, пад’язджаючы да лесу, з якога вось-вось выскачыць падняты даязджачымі [67 ] заяц, ператвараецца ўвесь са сваім канём і ўзнятым гарапнікам у адзін застыўшы момант, у порах, да якога вось-вось паднясуць агонь. Увесь упіўся ён вачамі ў мутнае паветра і ўжо дагоніць звера, дапячэ ўжо яго неадбойны, як ні ўздымайся супроць яго ўсхваляваны снегавы стэп, які пускае срэбныя зоркі яму ў вусны, у вусы, у вочы, у бровы і ў бабровую яго шапку.

«Мёртвыя душы...» прамовіла ва ўсіх адносінах прыемная дама.

«Што, што?» падхапіла госця, уся хвалюючыся.

«Мёртвыя душы!..»

«Ах, гаварыце, на ласку божую!»

«Гэта проста выдумана толькі для адводу вачэй, а справа вось у чым: ён хоча звезці губернатарскую дачку».

Гэты вывад, сапраўды, быў ніяк нечаканы, і ва ўсіх адносінах незвычайны. Прыемная дама, пачуўшы гэта, так і скамянела на месцы, пабляднела, пабляднела, як смерць, і, сапраўды, ператрывожылася не на жарты. «Ах, божа мой!» ускрыкнула яна, успляснуўшы рукамі. «Ужо гэтага я ніяк не магла-б меркаваць».

«А я, прызнаюся, як толькі вы адкрылі рот, я ўжо скеміла ў чым справа», адказала дама прыемная ва ўсіх адносінах.

«Ну, якое-ж пасля гэтага, Анна Грыгор’еўна, інстытуцкае выхаванне! вось табе нявіннасць!»

«Якая нявіннасць! Я чула, як яна гаварыла такія словы, што, прызнаюся, у мяне не хопіць духу вымавіць іх».

«Ведаеце, Анна Грыгор’еўна, гэта-ж, проста, раздзірае сэрца, калі бачыш, да чаго дайшла нарэшце амаральнасць».

«А мужчыны ад яе трацяць розум. А на маю думку, я, прызнаюся, нічога не знаходжу ў ёй...»

«Манерная нясцерпна».

«Ах, жыццё маё, Анна Грыгор’еўна: яна статуя і хоць-бы які-небудзь выраз у твары».

«Ах, якая манерная! ах, якая манерная! Божа, якая манерная! Хто вывучыў яе, я не ведаю, але я яшчэ не бачыла жанчыны, у якой было-б столькі манернасці».

«Душачка! яна статуя і бледная, як смерць».

«Ах, не кажыце, Соф’я Іванаўна: румяніцца бязбожна».

«Ах, што гэта вы, Анна Грыгор’еўна, яна крэйда, крэйда, сапраўдная крэйда».

«Мілая, я сядзела каля яе: румянец на палец таўшчынёй і адвальваецца як атынкоўка кавалкамі. Маці вывучыла, сама какетка, а дачка яшчэ перавысіць матулю».

«Ну дазвольце, ну палажыце самі клятву якую хочаце, я гатова зараз-жа страціць дзяцей, мужа, увесь маёнтак, калі ў яе ёсць хоць адна кропелька, хоць частачка, хоць цень якога-небудзь румянца!»

«Ах, што вы гэта кажаце, Соф’я Іванаўна», сказала дама прыемная ва ўсіх адносінах і ўспляснула рукамі.

«Ах, якія-ж вы, дапраўды, Анна Грыгор’еўна! я са здзіўленнем на вас гляджу!» сказала прыемная дама і ўспляснула таксама рукамі.

Хай чытачу не здаецца дзіўным, што абедзве дамы былі нязгодны паміж сабою ў тым, што бачылі амаль у той-жа самы час. Ёсць, сапраўды, на свеце многа такіх рэчаў, якія маюць ужо такую ўласцівасць: калі на іх гляне адна дама, яны выйдуць зусім белыя, а гляне другая, выйдуць чырвоныя, чырвоныя, як брусніцы.

«Ну, вось вам яшчэ доказ, што яна бледная», працягвала прыемная дама: «я памятаю, як цяпер, што я сяджу каля Манілава і кажу яму: паглядзіце, якая яна бледная!.. Дапраўды, трэба быць да такой ступені бязладнымі, як нашы мужчыны, каб захапляцца ёю. А наш вось прыгажун... Ах, якім ён мне здаўся агідным! Вы не можаце сабе ўявіць, Анна Грыгор’еўна, да якой ступені ён здаўся мне агідным».

«Ды, аднак-жа, знайшліся некаторыя дамы, якія былі няроўнадушны да яго».

«Я, Анна Грыгор’еўна? Вось ужо ніколі вы не можаце сказаць гэтага, ніколі, ніколі!»

«Ды я не кажу пра вас, як быццам акрамя вас нікога няма».

«Ніколі, ніколі, Анна Грыгор’еўна! Дазвольце мне вам заўважыць, што я вельмі добра сябе ведаю, а хіба з боку якіх-небудзь іншых дам, якія іграюць ролю недаступных».

«Выбачайце ўжо, Соф’я Іванаўна! Дазвольце ўжо вам сказаць, што за мной гэтакіх скандалёзнасцей ніколі яшчэ не заўважалася. Хіба за кім другім, а ўжо за мной не, ужо дазвольце мне вам гэта заўважыць».

«Чаго-ж вы пакрыўдзіліся? там-жа былі і другія дамы, былі нават такія, якія першыя захапілі крэсла каля дзвярэй, каб сядзець да яго бліжэй».

Ну, пасля такіх слоў, сказаных прыемнай дамай, павінна была немінуча надыйсці бура, але, на найвялікшае здзіўленне, абедзве дамы раптам прыціхлі і зусім нічога не адбылося. Ва ўсіх адносінах прыемная дама ўспомніла, што выкрайка для моднай сукні яшчэ не знаходзіцца ў яе руках, а проста прыемная дама сцяміла, што яна яшчэ не паспела даведацца ніякіх падрабязнасцей наконт вынаходкі, зробленай яе шчырай прыяцельніцай, і таму мір надышоў вельмі хутка. Між іншым, абедзве дамы, нельга сказаць, каб мелі ў сваёй натуры патрэбу рабіць непрыемнасці наогул, і ў характарах іх нічога не было злога, а так непрыкметна ў гутарцы нараджалася само сабой маленькае жаданне кальнуць адна другую; проста адна другой з некаторай прыемнасці пры выпадку падсуне жывое слоўца: вось як табе! на, вазьмі, з’еш! Рознага роду бываюць патрэбы ў сэрцах як мужчынскага, так і жаночага полу.

«Я не магу аднак-жа зразумець толькі таго», сказала проста прыемная дама, «як Чычыкаў, будучы чалавекам заезджым, мог асмеліцца на такі адважны пасаж. Не можа быць, каб тут не было ўдзельнікаў».

«А вы думаеце няма іх?»

«А хто-ж бы, думаеце, мог дапамагаць яму?»

«Ну ды хоць і Наздроў».

«Няўжо Наздроў?»

«А што-ж? ад яго і гэтага можна чакаць. Вы ведаеце, ён роднага бацьку хацеў прадаць, ці яшчэ лепш прагуляць у карты».

«Ах, божа мой, якія цікавыя навіны я даведваюся ад вас! Я ніяк не магла меркаваць, каб і Наздроў быў замешаны ў гэтую гісторыю!»

«А я заўсёды меркавала».

«Як падумаеш, дапраўды, чаго не бывае на свеце: ну, ці можна было думаць, калі, помніце, Чычыкаў толькі што прыехаў да нас у горад, што ён зробіць такі дзіўны марш [68 ] у свеце. Ах, Анна Грыгор’еўна, калі-б вы ведалі, як я ператрывожылася! Калі-б не ваша прыхільнасць і дружба... вось ужо, сапраўды, на краю пагібелі... Куды-ж? Машка мая бачыць, што я бледная, як смерць: душачка, пані, кажа мне, вы бледныя, як смерць. Машка, кажу: мне не да таго цяпер. Дык вось якія выпадкі! Дык і Наздроў тут, калі ласка!»

Прыемнай даме вельмі хацелася дазнацца пра далейшыя падрабязнасці наконт выкрадання, г. зн., а якой гадзіне і іншае, але замнога хацела. Ва ўсіх адносінах прыемная дама проста сказала, што не ведае. Яна не ўмела хлусіць: дапусціць што-небудзь, — гэта іншая справа, але і то ў такім выпадку, калі дапушчэнне грунтавалася на ўнутраным перакананні; калі-ж было адчута ўнутранае перакананне, тады ўмела яна пастаяць за сябе, і паспрабаваў-бы які-небудзь дока-адвакат, які славіцца здольнасцю перамагаць чужыя погляды, паспрабаваў-бы ён пазмагацца тут, убачыў-бы ён, што значыць унутраное перакананне.

Што абедзве дамы, нарэшце, канчаткова пераканаліся ў тым, што раней дапусцілі толькі, як адно дапушчэнне, у гэтым няма нічога незвычайнага. Наша брація, народ разумны, як мы называем сябе, робіць амаль таксама, і доказам служаць нашы вучоныя разважанні. Спачатку вучоны пад’язджае ў іх незвычайным падлюгам, пачынае баязліва, памяркоўна, пачынае самым нясмелым запытаннем: ці не адтуль? ці не з таго кутка атрымала імя такая вось краіна? або ці не належыць гэты дакумент да другога, пазнейшага часу? або: ці не трэба пад гэтым народам разумець вось такі народ? Цытуе зараз-жа тых і другіх старажытных пісьменнікаў і як толькі бачыць які-небудзь намёк ці, проста, здалося яму намёкам, ён пераходзіць ужо на рысь і падбадзёрваецца, размаўляе з старажытнымі пісьменнікамі папросту, задае ім пытанні і сам нават адказвае за іх, зусім забываючы аб тым, што пачаў нясмелым дапушчэннем; яму ўжо здаецца, што ён гэта бачыць, што гэта ясна — і разважанне закончана словамі: дык гэта вось як было, дык вось які народ трэба разумець, дык вось з якога пункту трэба глядзець на прадмет! Потым на поўны голас з кафедры, і новазнойдзеная праўда пайшла гуляць па свеце, набіраючы сабе паслядоўнікаў і прыхільнікаў.

У той час, калі абедзве дамы так трапна і дасціпна вырашылі такую заблытаную справу, увайшоў у гасціную пракурор з вечна нерухомай сваёй фізіяноміяй, густымі бровамі і міргаўшым вокам. Дамы адна перад адною ўзяліся паведамляць яму ўсе падзеі, расказалі пра пакупку мёртвых душ, пра намер украсці губернатарскую дачку і збілі яго зусім з панталыку, так што колькі ён ні стаяў на адным і тым-жа месцы, колькі ні лыпаў левым вокам і не біў сябе хустачкай па барадзе, змятаючы адтуль табаку, але зусім нічога не мог зразумець. Так на тым і пакінулі яго абедзве дамы і накіраваліся кожная ў свой бок бунтаваць горад. Гэтую справу ўдалося ім зрабіць за поўгадзіны з нечым. Горад быў цалкам узбунтаваны; усё пачало хвалявацца, і хоць-бы хто-небудзь мог што-небудзь зразумець. Дамы ўмелі напусціць такога туману ў вочы ўсім, што ўсе, а асабліва чыноўнікі, некаторы час заставаліся ашаломленымі. Становішча іх у першую хвіліну было падобна да становішча школьніка, якому ў часе сну таварышы, якія ўсталі раней, засунулі ў нос гусара, г. зн. паперку, напоўненую табакай. Пацягнуўшы спрасонку ўсю табаку да сябе з усёй стараннасцю соннага, ён прачынаецца, ускаквае, глядзіць як дурань, вырачыўшы вочы ва ўсе бакі, і не можа зразумець, дзе ён, што з ім было, і потым ужо заўважае аблітыя касымі праменнямі сонца сцены, смех таварышоў, што схаваліся па кутках, заглядаючую ў акно раніцу, з абуджаным лесам і звонам тысяч птушыных галасоў у ім і з асветленай рэчкай, якая там і там знікае зіхатлівымі звілінамі паміж тонкага трысця, уся ўсеяна голымі дзецьмі і кліча купацца, і потым ужо, нарэшце, адчувае, што ў носе ў яго сядзіць гусар. Зусім такое-ж было ў першую хвіліну становішча жыхароў і чыноўнікаў горада. Кожны, як баран, спыняўся вырачыўшы вочы. Мёртвыя душы, губернатарская дачка і Чычыкаў збіліся і змяшаліся ў галовах іх надзвычай дзіўна; і потым, пасля першага адурэння ўжо, яны як быццам-бы пачалі пазнаваць іх паасобку і адлучаць адно ад другога, пачалі патрабаваць яснасці і злаваць, бачачы, што справа ніяк не хоча высветліцца. Што-ж за прытча сапраўды, што за прытча гэтыя мёртвыя душы? Логікі няма ніякай у мёртвых душах, як-жа купляць мёртвыя душы? дзе-ж дурань такі знойдзецца? і на якія сляпыя грошы будзе ён купляць іх? і на які канец, да якой справы можна прыткнуць гэтыя мёртвыя душы? і навошта замяшалася сюды губернатарская дачка? Калі-ж ён хацеў звезці яе, дык навошта для гэтага купляць мёртвыя душы? Калі-ж купляць мёртвыя душы, дык навошта звозіць губернатарскую дачку? падарыць ці што ён хацеў ёй гэтыя мёртвыя душы. Што за лухту, сапраўды, разнеслі па гораду? Што за напрамак такі, што не паспееш павярнуцца. а тут ужо і выпусцяць гісторыю, і хоць-бы які-небудзь сэнс быў... Аднак-жа, разнеслі, значыцца, была-ж нейкая прычына? Якая-ж прычына ў мёртвых душах? нават і прычыны няма. Гэта выходзіць проста: Андроны едуць, недарэчнасць, лухта, боты ў смятку! гэта, проста, чорт пабяры!.. Словам, пайшлі плёткі, і ўвесь горад загаварыў пра мёртвыя душы і губернатарскую дачку, пра Чычыкава і мёртвыя душы, пра губернатарскую дачку і Чычыкава, і ўсё што ні ёсць узнялося. Як віхор узбурыўся горад, які, здавалася, драмаў дасюль! Вылезлі з нор усе цюрукі і лежабокі, якія пазалежваліся ў халатах па некалькі год дома, звальваючы віну то на шаўца, які пашыў цесныя боты, то на краўца, то на п’яніцу фурмана. Усе тыя, што спынілі даўно ўжо ўсякія знаёмствы і зналіся толькі, як кажуць, з памешчыкамі Завалішыным ды Паляжаевым (славутыя тэрміны, утвораныя ад дзеясловаў паляжаць і заваліцца, якія шырока вядомы ў нас на Русі, усёроўна як сказ: заехаць да Сопікава і Храпавіцкага, які азначае ўсякія мяртвецкія сны на баку, на спіне і ва ўсіх іншых становішчах, з захрапамі, насавымі свістамі і іншымі прыналежнасцямі). Усе тыя, каго нельга было выманіць з дому нават запрашэннем на расхлёбку пяцісотрублёвай юшкі, з двухаршыновымі сцерлядзямі і рознымі таючымі ў роце кулябякамі; словам, выявілася, што горад і людны, і вялікі, і населены як след. Паказаўся нейкі Сысой Пафнуцьевіч і Макданальд Карлавіч, аб якіх і не чуваць было ніколі; у гасціных пачаў тырчэць нейкі доўгі, доўгі з прастрэленай рукой, такога высокага росту, якога нават і не відаць было. На вуліцах паказаліся крытыя дрожкі, невядомыя лінейкі, бразгаталкі, калёсасвісткі — і заварылася каша. У іншы час і пры іншых акалічнасцях падобныя чуткі, можа быць, не звярнулі-б на сябе ніякай увагі; але горад N ужо даўно не атрымліваў зусім ніякіх вестак. Нават не здаралася на працягу трох месяцаў нічога такога, што называюць у сталіцах камеражамі [69 ], што, як вядома, для горада тое-ж, што своечасовы падвоз харчовых прыпасаў. У гарадскіх меркаваннях з’явіліся раптам два зусім процілеглыя погляды і стварыліся раптам дзве процілеглыя партыі: мужчынская і жаночая. Мужчынская партыя, самая бязладная, звярнула ўвагу на мёртвыя душы. Жаночая занялася выключна выкраданнем губернатарскай дачкі. У гэтай партыі, трэба заўважыць да гонару дам, было непараўнальна больш парадку і асцярожлівасці. Гэткае ўжо, відаць, само прызначэнне іх быць добрымі гаспадынямі і распарадчыцамі. Усё ў іх хутка прыняло жывы, пэўны выгляд, набыло ясныя і відавочныя формы, высветлілася, ачысцілася, адным словам, вышла закончаная карцінка. Выявілася, што Чычыкаў даўно ўжо быў закаханы, і бачыліся яны ў садзе пры святле месяца, што губернатар нават аддаў-бы за яго дачку, бо Чычыкаў багаты, як жыд, калі-б прычынаю не была яго жонка, якую ён кінуў (адкуль яны даведаліся, што Чычыкаў жанаты — гэта нікому не было вядома), і што жонка, якая пакутуе ад безнадзейнага кахання, напісала пісьмо да губернатара самае чуллівае, і што Чычыкаў, бачачы, што бацька і маці ніколі не згодзяцца, адважыўся на выкраданне. У іншых дамах расказвалася гэта крыху па-другому: што ў Чычыкава зусім няма жонкі, але што ён, як чалавек тонкі і які дзейнічае напэўна, каб атрымаць руку дачкі, пачаў справу з маці і меў з ёю сардэчную патайную сувязь, і што потым зрабіў дэкларацыю наконт рукі дачкі; але маці, спалохаўшыся, каб не ўчынілася злачынства супроць рэлігіі, адчуваючы ў душы пакуты сумлення, адмовіла рашуча, і што вось таму Чычыкаў адважыўся на выкраданне. Да ўсяго гэтага далучыліся шматлікія тлумачэнні і папраўкі па меры таго, як чуткі пранікалі, нарэшце, у самыя глухія завулкі. На Русі-ж колы ніжэйшыя вельмі любяць пагутарыць аб плётках, якія бываюць у колах вышэйшых, а таму пачалі пра ўсё гэта гаварыць у такіх доміках, дзе нават у вочы не бачылі і не ведалі Чычыкава, пайшлі дадаткі і яшчэ большыя тлумачэнні. Сюжэт рабіўся з кожнай хвілінай усё больш цікавым, прымаў з кожным днём больш канчатковыя формы, і нарэшце так як ёсць, ва ўсёй сваёй закончанасці, дастаўлены быў ва ўласныя вушы губернатаршы. Губернатарша, як маці сям’і, як першая ў горадзе дама, нарэшце як дама, не падазраваўшая нічога падобнага, была зусім абражана падобнымі гісторыямі і страшэнна абурылася, ва ўсіх адносінах справядліва. Бедная бландзінка вытрымала самы непрыемны tête-à-tête [70 ], які толькі калі-небудзь здаралася мець шаснаццацігадовай дзяўчыне. Паліліся цэлыя струмені допытаў, роспытаў, вымоў, пагроз, папрокаў, настаўленняў, так што дзяўчына кінулася ў слёзы, рыдала і не магла зразумець ніводнага слова; швейцару быў дан найстражэйшы загад не прымаць Чычыкава ні ў якім разе, ні ў які час.

Зрабіўшы сваю справу адносна губернатаршы, дамы населі былі на мужчынскую партыю, прабуючы схіліць іх на свой бок і сцвярджаючы, што мёртвыя душы выдумка і ўжыта толькі для таго, каб адхіліць усякае падазрэнне і больш паспяхова зрабіць выкраданне. Многія нават з мужчын былі збіты з тропу і прысталі да іх партыі, не гледзячы на тое, што падвяргаліся. моцным нараканням з боку сваіх-жа таварышоў, якія аблаялі іх бабамі і спадніцамі, імёнамі, як вядома, надта крыўднымі для мужчынскага полу.

Але як ні ўзбройваліся і ні ўпарціліся мужчыны, а ў іх партыі зусім не было такога парадку, як у жаночай. Усё ў іх было неяк чорства, нягладка, бязладна, нягожа, нястройна, нядобра, у галаве сумятня, бязладдзе, збіўчывасць, неахайнасць у думках, — адным словам, так і вызначылася ва ўсім пустая прырода мужчын, прырода грубая, цяжкая, няздольная ні да домабудавання, ні да сардэчных перакананняў, малаверная, лянівая, поўная безупынных сумненняў і вечнай боязні. Яны казалі, што ўсё гэта лухта, што выкраданне губернатарскай дачкі больш справа гусарская, чым цывільная, што Чычыкаў не зробіць гэтага, што бабы хлусяць, што баба як мех, што пакладуць, тое нясе, што галоўны прадмет, на які трэба звярнуць увагу, ёсць мёртвыя душы, якія зрэшты чорт яго ведае, што азначаюць, але ў іх змешчана, аднак-жа, вельмі дрэннае, нядобрае. Чаму здавалася мужчынам, што ў іх змешчана дрэннае і нядобрае, зараз-жа даведаемся; у губерню прызначаны быў новы генерал-губернатар, падзея, якая, як вядома, прыводзіць чыноўнікаў у трывожны стан: пойдуць пераборкі, распяканні, узбучкі і ўсякія службовыя пахлёбкі, якімі частуе начальнік сваіх падначаленых! Ну што, думалі чыноўнікі: калі ён даведаецца толькі, проста, што ў горадзе іх вось якія дурныя чуткі, ды за гэта адно можа ўскіпяціць не на жыццё, а на самую смерць. Інспектар урачэбнай управы раптам збялеў: яму здалося бог ведае што, пад словам мёртвыя душы ці не разумеюцца хворыя, якія памерлі ў значнай колькасці ў больніцах і ў іншых месцах ад пошаснай гарачкі, супроць якой не было зроблена належных захадаў, і што Чычыкаў ці не ёсць падасланы чыноўнік з канцылярыі генерал-губернатара для правядзення патайнага следства. Ён паведаміў пра гэта старшыні. Старшыня адказаў, што гэта лухта, і потым раптам збялеў сам, задаўшы сабе пытанне: а што калі душы, купленыя Чычыкавым, сапраўды мёртвыя? а ён дапусціў скласці на іх крэпасць, ды яшчэ сам адыграў ролю паверанага Плюшкіна, і дойдзе гэта да ведама генерал-губернатара, што тады? Ён пра гэта больш нічога, як толькі сказаў таму і другому, і раптам збялелі і той і другі; страх ліпчэйшы за чуму, і перадаецца ўмомант. Усе раптам адшукалі ў сабе такія грахі, якіх нават не было. Слова мёртвыя душы мела такі невыразны сэнс, што пачалі падазраваць нават, ці няма тут якога намёку на раптоўна пахаваныя целы, у выніку двух здарэнняў, якія не так даўно адбыліся. Першае здарэнне было з нейкімі сольвычэгодскімі купцамі, якія прыехалі ў горад на кірмаш і задалі пасля торгу пагулянку прыяцелям сваім усцьсысольскім купцам, пагулянку на рускую нагу з нямецкімі вымудрамі: аршадамі, пуншамі, бальзамамі і інш. Пагулянка, як вядзецца, скончылася бойкай. Сольвычэгодскія ўходалі на смерць усцьсысольскіх, хоць і ад іх панеслі моцныя сінякі на баках, падмікіткі і ў жывот, сведчыўшыя аб непамернай велічыні кулакоў, якімі былі надзелены нябожчыкі. У аднаго з перамогшых нават быў зусім сколаты насос, паводле выразу байцоў, г. зн. растоўчаны ўвесь нос, так што не заставалася яго на твары і на поўпальца. У сваёй справе купцы прызналіся, тлумачачы, што крыху пасваволілі, хадзілі чуткі, быццам пры павіннай галаве яны прылажылі па чатыры дзяржаўныя кожны; аднак, справа надта цёмная; з учыненых даведак і следстваў выявілася, што усцьсысольскія хлопцы памерлі ад чаду, а таму так іх і пахавалі, як учадзеўшых. Другое здарэнне адбылося нядаўна і было наступнае: казённыя сяляне сяльца Вашывая-спесь, злучыўшыся з такімі-ж сялянамі сяльца Бараўкі, яно-ж і Задзірайлава, быццам змялі з твару зямлі земскую паліцыю ў асобе засядацеля, нейкага Драбяжкіна; што быццам земская паліцыя, г. зн. засядацель Драбяжкін, унадзіўся занадта ўжо часта ездзіць у іх вёску, што ў некаторых выпадках горш за пошасную гарачку, а прычына, бач, тая, што земская паліцыя, маючы такія-сякія слабасці з боку сардэчнага, прыглядаўся да баб і вясковых дзевак. Напэўна, аднак, невядома, хоць у паказаннях сяляне выказаліся проста, што земская паліцыя быў, бач, блудлівы як кот і што ўжо ці раз яны яго аберагалі і аднойчы нават выгналі голага з нейкай хаты, куды ён улез. Вядома, земская паліцыя быў варты пакарання за сардэчныя слабасці, але мужыкоў як Вашывай-спесі, так і Задзірайлава, нельга было таксама апраўдаць за самаўпраўства, калі толькі яны сапраўды прымалі ўдзел у забойстве. Але справа была цёмная, земскую паліцыю знайшлі на дарозе, мундзір ці сурдут на земскай паліцыі быў горшы за анучу, а ўжо фізіяноміі і пазнаць нельга было. Справа хадзіла па судах і паступіла нарэшце ў палату, дзе была спярша ў закрытым парадку абмеркавана ў такім сэнсе: паколькі невядома, хто з сялян іменна ўдзельнічаў, а ўсіх іх многа, Драбяжкін-жа чалавек мёртвы, значыцца, яму мала з таго карысці, калі-б нават ён і выйграў справу, а мужыкі былі яшчэ жывыя, значыцца, для іх вельмі важна рашэнне ў іхнюю карысць; дык з прычыны гэтага пастаноўлена было так, што засядацель Драбяжкін быў сам прычынай, несправядліва прыгнятаючы мужыкоў Вашывай-спесі і Задзірайлава, а памёр, бач, ён, вяртаючыся ў санях, ад апаплексічнага ўдару. Справа, здавалася-б, зроблена была кругла, але чыноўнікі, невядома чаму, пачалі думаць, што, мабыць, пра гэтыя мёртвыя душы ідзе цяпер справа. Здарылася так, што, як незнарок, у той час, калі паны чыноўнікі і без таго знаходзіліся ў цяжкім становішчы, прышлі да губернатара разам дзве паперы. У адной з іх пісалася, што згодна дайшоўшых паказанняў і данясенняў у іх губерні знаходзіцца вырабшчык фальшывых асігнацый, які хаваецца пад рознымі імёнамі, і каб неадкладна былі ўчынены стражэйшыя пошукі. Другая паперка змяшчала ў сабе паведамленне губернатара суседняй губерні пра ўцёкшага ад законнага праследавання разбойніка, і што калі акажацца ў іх губерні падазроны чалавек, які не пакажа ніякіх пасведчанняў і пашпартаў, дык затрымаць яго неадкладна. Гэтыя дзве паперы так і ашаламанілі ўсіх. Ранейшыя вывады і здагадкі зусім былі збіты з тропу. Вядома, ніяк нельга было меркаваць, каб тут адносілася што-небудзь да Чычыкава, аднак-жа ўсе, як разважылі кожны з свайго боку, як прыпомнілі, што яны яшчэ не ведаюць, хто такі сапраўды Чычыкаў, што ён сам вельмі цьмяна адгукаўся наконт уласнай асобы, гаварыў, праўда, што пацярпеў па службе за праўду, але ўсё гэта неяк цьмяна, і калі ўспомнілі пры гэтым, што ён нават выказаўся, быццам меў многа непрыяцеляў, якія рабілі замах на жыццё яго, дык задумаліся яшчэ больш: значыць жыццё яго было ў небяспецы, значыць яго праследавалі, значыць ён зрабіў што-небудзь такое... ды хто-ж ён сапраўды такі? Вядома, нельга думаць, каб ён мог рабіць фальшывыя асігнацыі, а тым больш быць разбойнікам, выгляд добрапрыстойны, але пры ўсім гэтым, хто-ж бы аднак ён быў такі сапраўды? I вось паны чыноўнікі задалі сабе цяпер пытанне, якое павінны былі задаць сабе спачатку, гэта значыць у першым раздзеле нашай паэмы. Было вырашана крыху распытацца тых, у каго былі куплены душы, каб, прынамсі, даведацца, што за купля і што іменна трэба разумець пад гэтымі мёртвымі душамі, і ці не растлумачыў ён каму, хоць можа выпадкам, хоць мімаходзь як-небудзь, сапраўдных сваіх намераў, і ці не сказаў ён каму-небудзь аб тым, хто ён такі. Перш за ўсё звярнуліся да Каробачкі, але тут даведаліся няшмат: купіў, бач, за пятнаццаць рублёў, і птушынае пер’е таксама купляе і шмат чаго абяцаў купіць, у казну сала таксама пастаўляе, і таму, напэўна, круцель, бо ўжо быў адзін такі, які купляў птушынае пер’е і ў казну сала пастаўляў, ды ашукаў усіх і пратапопшу ашукаў больш чым на сто рублёў. Усё, што ні гаварыла яна далей, было паўтарэннем амаль аднаго і таго-ж, і чыноўнікі ўбачылі толькі, што Каробачка была проста дурная баба. Манілаў адказаў, што за Паўла Іванавіча заўсёды гатоў ён ручацца, як за самога сябе, што ён-бы ахвяраваў усім сваім маёнткам, каб мець сотую долю якасцей Паўла Іванавіча, і адгукнуўся аб ім наогул у самых пахвальных выразах, дадаўшы некалькі думак наконт дружбы ўжо з зажмуранымі вачамі. Гэтыя думкі, вядома, здавальняюча вытлумачылі пяшчотны рух яго сэрца, але не растлумачылі чыноўнікам сапраўднай справы. Сабакевіч адказаў, што Чычыкаў, на яго думку, чалавек добры, а што сялян ён яму прадаў на выбар і народ ва ўсіх адносінах жывы; але што ён не ручаецца за тое, што здарыцца наперадзе, што калі яны перамруць у часе цяжкасцей перасялення ў дарозе, дык не яго віна, і ў тым воля божая, а гарачак і розных смяротных хвароб ёсць на свеце нямала, і бываюць прыклады, што выміраюць, бач, цэлыя вёскі. Паны чыноўнікі звярнуліся яшчэ да аднаго сродку, не вельмі высокароднага, але які, аднак-жа, часамі ўжываецца, г. зн. пабочна, пры дапамозе розных лакейскіх знаёмстваў, распыталі людзей Чычыкава, ці не ведаюць яны якіх падрабязнасцей наконт ранейшага жыцця і спраў пана, але пачулі таксама няшмат. Ад Пятрушкі пачулі толькі пах жылога пакоя, а ад Селіфана, што спаўняў службу гасударскую, ды служыў раней на мытніцы — і нічога больш. У гэтага класа людзей ёсць вельмі дзіўны звычай. Калі яго запытаць проста аб чым-небудзь, ён ніколі не ўспомніць, не прыбярэ ўсяго ў галаву і нават проста адкажа, што не ведае, а калі запытаць аб чым іншым, тут вось ён і прыпляце яго, і раскажа з такімі падрабязнасцямі, якіх і ведаць не захочаш. Усе пошукі, зробленыя чыноўнікамі, адкрылі ім толькі тое, што яны напэўна ніяк не ведаюць, што такое Чычыкаў, а што, аднак-жа, Чычыкаў чым-небудзь ды павінен быць абавязкова. Яны пастанавілі нарэшце памеркаваць канчаткова пра гэты прадмет і вырашыць, прынамсі, што і як ім рабіць, і якія захады ўжыць, і што такое ён іменна: ці такі чалавек, якога трэба затрымаць і схапіць, як нядобранадзейнага, ці ён такі чалавек, які можа сам схапіць і затрымаць іх усіх, як нядобранадзейных. Для ўсяго гэтага вырашана было сабрацца знарок у паліцэймейстара, ужо вядомага чытачам бацькі і дабрадзея горада.