Пакупкі Чычыкава зрабіліся прадметам размоў. У горадзе пайшлі чуткі, думкі, разважанні аб тым, ці карысна купляць на вывад сялян. У спрэчках многія выявілі дасканалае разуменне прадмета. «Вядома», гаварылі некаторыя: «гэта так, супроць гэтага і спрачацца няма чаго: землі ў паўднёвых губернях сапраўды добрыя і ўраджайныя; але як будзе сялянам Чычыкава без вады? ракі-ж няма ніякай». «Гэта-б яшчэ нічога, што няма вады, гэта-б нічога, Сцяпан Дзмітрыевіч, але перасяленне, вось ненадзейная рэч. Справа вядомая, што мужык: на новай зямлі, ды заняцца яшчэ земляробствам, ды нічога ў яго няма, ні хаты, ні двара, уцячэ, як двойчы два, навострыць так лыжы, што і следу не знойдзеш». «Не, Аляксей Іванавіч, дазвольце, дазвольце, я не згодзен з тым, што вы кажаце, што мужык Чычыкава ўцячэ. Рускі чалавек здольны да ўсяго і прывыкае да ўсякага клімату. Пашлі яго хоць на Камчатку ды дай толькі цёплыя рукавіцы, ён паляпае рукамі, тапор у рукі, і пайшоў ставіць сабе новую хату». «Але, Іван Грыгор’евіч, ты абмінаеш важную справу: ты не запытаў яшчэ, які мужык у Чычыкава. Забыў тое, што добрага-ж чалавека не прадасць памешчык; я гатоў галаву пакласці, калі мужык Чычыкава не злодзей і не п’яніца ў апошняй ступені, марнатравец і буйных паводзін». «Так, так, на гэта я згодзен, гэта праўда, ніхто не прадасць добрых людзей, і мужыкі Чычыкава п’яніцы; але трэба ўзяць пад увагу, што вось тут і ёсць мараль, тут вось і захавана мараль: яны цяпер нягоднікі, а перасяліўшыся на новую зямлю, раптам могуць зрабіцца найлепшымі подданымі. Ужо было нямала такіх прыкладаў: проста ў свеце, ды і па гісторыі таксама». «Ніколі, ніколі», гаварыў упраўляючы казённымі фабрыкамі: «паверце, ніколі гэтага не можа быць. Бо ў сялян Чычыкава будуць цяпер два моцныя ворагі. Першы вораг гэта блізасць губерняў маларасійскіх, дзе, як вядома, вольны продаж гарэлкі. Я вас запэўняю: за два тыдні яны сап’юцца і будуць як вусцілкі. Другі вораг ёсць ужо самая прывычка да бадзяжнага жыцця, якая абавязкова набываецца сялянамі ў часе перасялення. Трэба хіба, каб яны вечна былі перад вачамі Чычыкава і каб ён трымаў іх пад абцасам, ганяў-бы іх за ўсякую дробязь, ды і не то, каб спадзеючыся на іншага, а каб сам-такі асабіста, дзе трэба, даўбы і ў зубы і ў каршэнь». «Навошта-ж Чычыкаву тузацца самому і даваць у каршэнь, ён можа знайсці і ўправіцеля». «Так, знойдзеце ўправіцеля: усе шэльмы!» «Шэльмы таму, што паны не займаюцца справай». «Гэта праўда», падхапілі многія. «Каб сам пан ведаў хоць крыху толк у гаспадарцы, ды ўмеў распазнаваць людзей, у яго быў-бы заўсёды добры ўправіцель». Але ўпраўляючы сказаў, што менш, як за 5000, нельга знайсці добрага ўправіцеля. Старшыня-ж сказаў, што можна і за 3000 адшукаць. Але ўпраўляючы сказаў: «Дзе-ж вы яго знойдзеце? хіба ў сябе ў носе?» Старшыня-ж сказаў: «Не, не ў носе, а ў тутэйшым-жа павеце, іменна: Пётр Пятровіч Самойлаў: вось управіцель, які патрэбен для мужыкоў Чычыкава!» Многія шчыра спачувалі становішчу Чычыкава, і цяжкасць перасялення такой велізарнай колькасці сялян іх надзвычай палохала; сталі моцна баяцца, каб не адбылося нават бунту сярод такога неспакойнага народа, як сяляне Чычыкава. На гэта паліцэймейстар заўважыў, што бунту няма чаго баяцца, што для папярэджання яго існуе ўлада капітана-спраўніка, што капітан-спраўнік, каб сам і не ездзіў, а паслаў толькі замест сябе адну шапку сваю, дык адна гэтая шапка пагоніць сялян да самага месца іх жыхарства. Многія прапаноўвалі свае думкі наконт таго, як выкараніць бунтарны дух, які апаноўваў сялян Чычыкава. Думкі былі рознага роду: былі такія, якія занадта ўжо адзначаліся ваеннай жорсткасцю і строгасцю, бадай што залішняю; былі, аднак-жа, і такія, ад якіх веяла лагоднасцю. Паштмейстар заўважыў, што Чычыкава чакаюць свяшчэнныя абавязкі, што ён можа зрабіцца сярод сваіх сялян у некаторым родзе бацькам, паводле яго выразу, пашырыць нават дабрадзейную асвету, і пры гэтым выпадку адазваўся з вялікай пахвалаю аб Ланкастэравай [50 ] школе ўзаемнага навучання.

Такім чынам разважалі і гутарылі ў горадзе, і шмат хто пабуджаючыся спачуваннем, паведамляў Чычыкаву асабіста аб некаторых з гэтых парад, прапанавалі нават канвой, каб бяспечна правесці сялян да месца жыхарства. За. парады Чычыкаў дзякаваў, гаворачы, што не міне выпадку іх выкарыстаць, ад канвоя адмовіўся рашуча, гаворачы, што ён зусім непатрэбны, што купленыя ім сяляне надзвычай смірнага характару, адчуваюць самі добраахвотна схільнасць да перасялення і што бунту ні ў якім разе сярод іх быць не можа.

Усе гэтыя меркаванні і разважанні далі аднак-жа самыя спрыяльныя вынікі, якіх толькі мог чакаць Чычыкаў. Іменна разнеслі чуткі, што ён ні больш, ні менш як мільёншчык. Жыхары горада і без таго, як ужо мы бачылі ў першым раздзеле, шчыра палюбілі Чычыкава, а цяпер пасля такіх чутак палюбілі яшчэ больш шчыра. Аднак-жа, калі сказаць праўду, яны ўсе былі народ добры, жылі між сабой у згодзе, абыходзіліся зусім па-прыяцельску, і гутаркі мелі адзнаку нейкай асаблівай прастадушнасці і блізасці: «любы дружа, Ілья Ільіч! паслухай, брат, Анціпатар Захар’евіч!.. Ты нахлусіў, мамачка, Іван Грыгор’евіч!» Да паштмейстара, якога звалі Іван Андрэевіч, заўсёды дадавалі: шпрэхен зі дэйч, Іван Андрэйч? Словам! усё было надта сямейственна. Шмат хто быў не без адукацыі: старшыня палаты ведаў напамяць Людмілу Жукоўскага, якая яшчэ была тады непрастыўшай навіной, і па-майстэрску чытаў шмат якія месцы, асабліва: «бор заснуў, даліна спіць» і слова: «чу!», так што сапраўды здавалася, як быццам даліна спіць; для большага падабенства, ён нават у гэты час зажмурваў вочы. Паштмейстар ударыўся больш у філасофію і чытаў вельмі старанна, нават начамі, Юнгавы Ночы [51 ] і Ключ да таямніц натуры Экартсгаузена [52 ], з якіх рабіў надта доўгія выпіскі, але якога роду яны былі, гэта нікому не было вядома. Між іншым, ён быў дасціпны, квяцісты ў словах, і любіў, як сам гаварыў, уснасціць мову. А ўснашчваў ён мову мноствам розных частачак, як напрыклад: «судыр ты мой, гэтакі які-небудзь, ведаеце, разумееце, можаце сабе ўявіць, адносна, так сказаць, некаторым чынам», і іншымі, якія сыпаў ён мяхамі; уснашчваў ён мову таксама даволі ўдала падміргваннем, прыжмурваннем аднаго вока; гэта ўсё надавала вельмі едкі сэнс многім яго сатырычным намёкам. Астатнія таксама былі, больш ці менш, людзі адукаваныя: хто чытаў Карамзіна, хто «Московские Ведомости», хто нават і зусім нічога не чытаў. Хто быў тое, што называюць цюрук, гэта значыць чалавек, якога трэба падымаць на што-небудзь штуршком; хто быў проста абібок, ляжаў, як кажуць, увесь век на баку, якога нават дарэмна было і падымаць, не ўстане ні ў якім выпадку. Наконт выгляду, ужо вядома, усе яны былі людзі надзейныя, сухотнага паміж імі нікога не было. Усе былі такога роду, якім жонкі ў пяшчотных размовах, што адбываюцца адзін на адзін, давалі назвы: гладышыка, таўстунчыка, чэраванчыка, чарнушкі, кікі, жужу і інш. Наогул-жа яны былі народ добры, гасцінны, і чалавек, пакаштаваўшы з імі хлеба-солі ці прасядзеўшы вечар за вістам, ужо рабіўся чымсьці блізкім, тым больш Чычыкаў з сваімі чароўнымі якасцямі і манерамі, які сапраўды ведаў вялікую тайну падабацца. Яны так палюбілі яго, што ён не бачыў сродку, як вырвацца з горада, толькі і чуў ён: ну тыдзень, яшчэ адзін тыдзень пажывіце з намі, Павел Іванавіч! словам, яго насілі, як кажуць, на руках. Але непараўнана выключным было ўражанне (сапраўдны прадмет здзіўлення!), якое зрабіў Чычыкаў на дам. Каб гэта крыху вытлумачыць, трэба было-б сказаць шмат чаго пра саміх дам, пра іх кампаніі, апісаць, як кажуць, жывымі фарбамі іх душэўныя якасці, але для аўтара гэта вельмі цяжка. З аднаго боку, спыняе яго бязмежная павага да жонак саноўнікаў, а з другога боку... з другога боку, проста цяжка. Дамы горада N былі... не, ні ў якім разе не магу; адчуваецца нібыта палахлівасць. У дамах горада N больш за ўсё выдатна было тое... Нават дзіўна, зусім не падымаецца пяро, быццам свінец які-небудзь сядзіць у ім. Так і быць: аб характарах іх, відаць, трэба даць магчымасць сказаць таму, у каго жывей фарбы і больш іх на палітры, а нам прыдзецца хіба словы два аб выглядзе, ды аб тым, што больш павярхоўна. Дамы горада N былі тое, што называецца, прэзентабельны, і ў гэтых адносінах іх можна было смела паставіць у прыклад усім іншым. Што да таго, як трымаць сябе, вытрымаць тон, падтрымаць этыкет, безліч прыстойнасцей самых тонкіх, а асабліва захаваць моду ў самых апошніх дробязях, дык у гэтым яны апярэдзілі нават дам пецербургскіх і маскоўскіх. Апраналіся яны з вялікім густам, раз’язджалі па гораду ў калясках, як дыктавала апошняя мода, ззаду гойдаўся лакей, і ліўрэя ў залатых пазументах. Візітная картка, няхай яна напісана на хрысценнай двойцы, або на званковым тузе, але рэч была вельмі свяшчэнная. Праз яе дзве дамы, вялікія прыяцельніцы і нават сваячкі, перасварыліся ўшчэнт, іменна за тое, што адна з іх неяк манкіравала контрвізітам. I ўжо як ні стараліся потым мужы і сваякі памірыць іх, не памагло; выявілася, што ўсё можна зрабіць на свеце, аднаго толькі нельга: памірыць двух дам, якія пасварыліся за манкіроўку візіта. Так абедзве дамы і засталіся ва ўзаемнай непрыязні, паводле выразу гарадскога свету. Наконт заняцця першых месцаў адбывалася таксама мноства вельмі моцных сцэн, якія змушалі часам мужоў да зусім рыцарскіх велікадушных разуменняў аб заступніцтве. Дуэлі, вядома, паміж імі не было, бо ўсе былі штацкія чыноўнікі, але затое адзін другому стараўся нашкодзіць, дзе было можна, што, як вядома, часам бывае горш за ўсякую дуэль. У паводзінах дамы горада N былі строгія, поўныя высокароднага абурэння супроць усяго распуснага і ўсякіх спакус, каралі без усякай літасці ўсякія слабасці. Калі-ж паміж імі і адбывалася часамі што-небудзь такое, што называюць другое-трэцяе, дык яно адбывалася ўпотай, так што не падавалася ніякага выгляду, што адбывалася; годнасць захоўвалася цалкам, і сам муж быў так падрыхтаваны, што калі і бачыў другое-трэцяе, або чуў пра яго, дык адказваў каротка і разважна прыказкай: ці ёсць справа каму, што правёў кум куму? Яшчэ трэба сказаць, што дамы горада N вызначаліся, падобна многім дамам пецербургскім, надзвычайнай асцярожнасцю і прыстойнасцю ў словах і выразах. Ніколі не гаварылі яны: я высмаркалася, я ўспацела, я плюнула, а гаварылі: я зрабіла палёгку свайму носу, я абышлася пры дапамозе хустачкі, ні ў якім выпадку нельга было сказаць: гэтая шклянка ці гэтая талерка смярдзіць. I нават нельга было сказаць нічога такога, што дало-б намёк на гэта, а гаварылі замест таго: гэтая шклянка нядобра сябе трымае, або штосьці падобнае да гэтага. Каб яшчэ больш аблагародзіць рускую мову, амаль палавіна слоў была выкінута зусім з гаворкі, і таму вельмі часта трэба было звяртацца да французскай мовы, затое ўжо там, па-французску, іншая справа, там дазваляліся такія словы, якія былі куды больш жорсткімі, чым пералічаныя. Такім чынам, вось што можна сказаць аб дамах горада N, гаворачы больш павярхоўна. Але калі зірнуць глыбей, дык, вядома, выявіцца шмат іншых рэчаў; але вельмі небяспечна заглядаць глыбей у дамскія сэрцы. Такім чынам, абмежаваўшыся паверхняй, будзем гаварыць далей. Да гэтага часу ўсе дамы неяк мала гаварылі пра Чычыкава, аддаючы, зрэшты, яму поўную справядлівасць у прыемнасці свецкага абыходжання; але з таго часу, як пранесліся чуткі аб яго мільёнстве, знайшліся і іншыя якасці. Зрэшты, дамы былі зусім не цікаўныя; вінавата ва ўсім слова: мільёншчык, не сам мільёншчык, а іменна адно слова, бо ў адным гуку гэтага слова, апрача ўсякага грашовага мяшка, змяшчаецца нешта такое, што дзейнічае і на людзей падлюг, і на людзей ні сёе ні тое, і на людзей добрых словам, на ўсіх дзейнічае. Мільёншчык мае тую выгаду, што можа бачыць подласць зусім бескарыслівую, чыстую подласць, не абгрунтаваную ні на якіх разліках: многія вельмі добра ведаюць, што нічога не атрымаюць ад яго і не маюць ніякага права атрымаць, але абавязкова хоць забягуць яму наперад, хоць усміхнуцца, хоць знімуць капялюш, хоць напросяцца сілком на абед, калі даведаюцца, што туды запрошаны мільёншчык. Нельга сказаць, каб гэтая пяшчотная прыхільнасць да подласці была адчута дамамі; аднак-жа ў шмат якіх гасціных пачалі гаварыць, што, вядома, Чычыкаў не першы прыгажун, але затое такі, якім трэба быць мужчыне, што калі-б ён быў крыху таўсцей або паўней, гэта ўжо было-б нядобра. Пры гэтым было сказана неяк нават крыху зняважліва наконт тоненькага мужчыны, што ён нішто іншае, як нешта накшталт зубачысткі, а не чалавека. У дамскіх убраннях з’явілася шмат розных дадаткаў. У гасціным двары пачалася штурханіна, ледзь не цісканіна; стварылася нават гулянне, да такой ступені наехала экіпажаў. Купцы здзіўляліся, убачыўшы, як некалькі кавалкаў тканіны, прывезеных імі з кірмаша і не праданых з прычыны высокай цаны, пайшлі раптам у ход і былі адразу-ж расхоплены. Пад час абедні ў адной з дам заўважылі ўнізе сукні такое руло, якое растапырыла яе на поўцарквы, так што часны прыстаў, які тут знаходзіўся, даў загад пасунуцца народу далей, гэта значыць бліжэй да паперці, каб як-небудзь не пакамячыўся туалет яе высокаблагароддзя. Сам нават Чычыкаў не мог часткова не прыкмеціць такой незвычайнай увагі. Аднаго разу, вярнуўшыся да сябе дамоў, ён знайшоў на сваім стале пісьмо: адкуль і хто прынёс яго, нічога нельга было даведацца, тракцірны слуга заявіў, што прынеслі вось і загадалі не гаварыць ад каго. Пісьмо пачыналася вельмі рашуча, іменна так: «Не, я павінна да цябе пісаць!» Потым гаварылася пра тое, што ёсць таемная сімпатыя паміж душамі; гэтая ісціна змацавана была некалькімі кропкамі, якія займалі амаль поўрадка; потым ішло некалькі думак, вельмі выдатных па сваёй справядлівасці, так што лічым амаль неабходным іх выпісаць: «Што жыццё наша? Даліна, дзе пасяліліся смуткі. Што свет? Натоўп людзей, які пазбаўлен пачуцця». Пасля пісаўшая зазначала, што аблівае слязамі радкі пяшчотнай маці, якая ўжо дваццаць пяць год не існуе на свеце; запрашалі Чычыкава ў пустыню, пакінуць назаўсёды горад, дзе людзі ў душных агарожах не карыстаюцца паветрам; канец пісьма быў прасякнуты нават выключным адчаем і канчаўся такім вершам:

Два галубкі пакажуць
Табе мой сумны прах,
Забуркаваўшы, скажуць,
Што яна памерла ў слязах.

У апошнім радку не было памеру, але гэта, аднак, нічога: ліст быў напісаны ў духу таго часу. Ніякага подпісу таксама не было: ні імя, ні прозвішча, ні нават месяца і даты. У postscriptum [53 ] было толькі дадана, што яго ўласнае сэрца павінна адгадаць пісаўшую, і што на бале ў губернатара, які мае быць заўтра, будзе прысутнічаць сам арыгінал.

Гэта вельмі яго зацікавіла. У ананіме [54 ] было так многа прывабнага і ўзбуджаючага цікаўнасць, што ён перачытаў і другі і трэці раз пісьмо і, нарэшце, сказаў: «Цікава, аднак-жа ведаць, хто-б такая была пісаўшая!» Словам, справа, як відаць, завязвалася сур’ёзна; больш за гадзіну ён усё думаў аб гэтым, нарэшце, растапырыўшы рукі і нахіліўшы галаву, сказаў: «А пісьмо вельмі, вельмі пакручаста напісана». Потым, само сабой зразумела, пісьмо было згорнута і пакладзена ў шкатулку, у суседстве з нейкай афішай і запрашальным білетам на вяселле, які сем год захоўваўся ў тым-жа стане і на тым-жа месцы. Неўзабаве, сапраўды прынеслі яму запрашэнне на бал да губернатара — справа вельмі звычайная ў губернскіх гарадах: дзе губернатар, там і бал, інакш ніяк не будзе належнай любві і павагі з боку дваранства.

Усё пабочнае было ў тую-ж хвіліну пакінута і адсунуга прэч, і ўсё было накіравана на падрыхтоўку да бала, бо, сапраўды, было шмат прычын, якія закраналі і пабуджалі да гэтага. Затое, можа, ад самага стварэння свету не было страчана столькі часу на туалет. Цэлая гадзіна была прысвечана толькі на адно разгляданне твару ў люстэрку. Рабіліся спробы надаць яму мноства розных выразаў: то важны і сталы, то пачцівы, але з некаторай усмешкай, то проста пачцівы без усмешкі; адпушчана было ў люстэрка некалькі паклонаў у суправаджэнні невыразных гукаў, крыху падобных да французскіх, хоць па-французску Чычыкаў не ведаў зусім. Ён зрабіў нават самому сабе мноства прыемных сюрпрызаў, падміргнуў брывом і губамі і зрабіў тое-сёе нават языком; словам, ці мала чаго не робіш, застаўшыся адзін, адчуваючы пры гэтым, што прыгожы, і да таго-ж будучы ўпэўнены, што ніхто не заглядае ў шчыліну. Нарэшце, ён лёгка ляпнуў сябе па падбародку, сказаўшы: ах ты, мардашка гэтакі! і пачаў апранацца. Самы прыемны настрой суправаджаў яго на працягу ўсяго часу апранання; ускладаючы падцяжкі або завязваючы гальштук, ён рабіў рэверансы і кланяўся з асаблівым спрытам, і хоць ніколі не танцаваў, але зрабіў антраша. Гэтае антраша мела маленькі нявінны вынік: задрыжаў камод і ўпала са стала шчотка.

З’яўленне яго на бале зрабіла надзвычайнае ўражанне. Усё, што ні было, рушыла яму насустрач, хто з картамі ў руках, хто на самым цікавым месцы размовы сказаўшы: «а ніжні земскі суд адказвае на гэта...» але што такое адказвае ніжні земскі суд, гэта ён ужо кінуў набок і спяшаўся з прывітаннем да нашага героя. «Павел Іванавіч! Ах, божа мой, Павел Іванавіч! Даражэнькі Павел Іванавіч! Паважанейшы Павел Іванавіч! Душа мая Павел Іванавіч! Вось дзе вы, Павел Іванавіч! Вось ён наш Павел Іванавіч! Дазвольце абняць вас, Павел Іванавіч! Давайце яго сюды, вось я яго пацалую моцна-моцна, майго дарагога Паўла Іванавіча!» Чычыкаў разам адчуў сябе ў некалькіх абдымках. Не паспеў зусім вылузацца з абдымкаў старшыні, як трапіў ужо ў абдымкі паліцэймейстара; паліцэймейстар здаў яго інспектару ўрачэбнай управы; інспектар урачэбнай управы адкупшчыку, адкупшчык архітэктару... Губернатар, які ў той час стаяў каля дам і трымаў у адной руцэ цукерачны білет і балонку, убачыўшы яго, кінуў на падлогу і білет і балонку — толькі завішчаў сабачка; словам, прынёс ён радасць і вясёласць незвычайную. Не было твару, на якім-бы не выявілася прыемнасць ці прынамсі адбітак усеагульнай прыемнасці. Так бывае на тварах чыноўнікаў у часе агляду прыехаўшым начальнікам давераных кіраванню іх месцаў: пасля таго як першы страх прайшоў, яны ўбачылі, што многа чаго яму падабаецца, і сам ён меў ласку, нарэшце, пажартаваць, гэта значыць сказаць з прыемнай усмешкай некалькі слоў. Смяюцца ўдвая ў адказ на гэта прыбліжаныя чыноўнікі, што абступілі яго; смяюцца шчыра тыя, што між іншым, не зусім добра пачулі вымаўленыя ім словы, і нарэшце, далёка каля дзвярэй, каля самага выхаду, які-небудзь паліцэйскі, які зроду не смяяўся за ўсё сваё жыццё і толькі што паказаў перад гэтым народу кулак, і той, паводле нязменных законаў адлюстравання, выражае на твары сваім нейкую ўсмешку, хоць гэтая ўсмешка больш падобна да таго, як-бы хто-небудзь збіраўся чхнуць пасля моцнай табакі. Герой наш адказваў усім і кожнаму і адчуваў нейкую небывалую спрытнасць: раскланьваўся направа і налева, па свайму звычаю, крыху набок, але зусім свабодна, так што зачараваў усіх. Дамы тут-жа абступілі яго бліскучай гірляндай і нанеслі з сабой цэлыя воблакі ўсялякіх прыемных водыраў: адна дыхала ружамі, ад другой павявала вясной і фіялкамі, трэцяя ўся наскрозь была прапарфумована разядой; Чычыкаў падымаў толькі нос угору ды нюхаў. Ва ўбраннях іх густу было процьма: мусліны, атласы, кісеі былі такіх бледных модных колераў, якім нават і назвы нельга было падшукаць (да такой ступені дайшла тонкасць густу). Істужкавыя банты і букеты кветак пырхалі там і там па ўбраннях у самым маляўнічым беспарадку, хоць над гэтым беспарадкам працавала многа някепская галава. Лёгкі галаўны ўбор трымаўся толькі на адных вушах і, здавалася, гаварыў: «Эй, палячу, шкада толькі, што не падыму з сабой красуню!» Таліі былі абцягнуты і мелі самыя пругкія і прыемныя для вачэй формы (трэба заўважыць, што наогул усе дамы горада N былі крыху поўныя, але шнураваліся з такім майстэрствам і мелі такія прыемныя манеры, што паўнаты ніяк нельга было заўважыць). Усё было ў іх прыдумана і прадугледжана з незвычайнай асцярожлівасцю; шыя, плечы былі адкрыты якраз настолькі, наколькі трэба, і ніяк не далей; кожная абнажыла сваё ўладанне да тых межаў, пакуль адчувала па ўласнаму перакананню, што яны здольны былі загубіць чалавека; астатняе ўсё было прыхавана з незвычайным густам: ці які-небудзь лёганькі гальштучак з істужкі лягчэй за пірожнае, вядомае пад назвай пацалунка, эфірна абнімаў шыю, ці выпушчаны былі з-за плеч, з-пад сукенкі, маленькія зубчатыя сценкі з тонкага батысту, вядомыя пад назвай скромнасцей. Гэтыя скромнасці хавалі наперадзе і ззаду тое, што ўжо не магло прынесці пагібелі чалавеку, а між тым прымушалі падазраваць, што там вось іменна і была самая пагібель. Доўгія пальчаткі былі надзеты не да самых рукавоў, але абдумана пакідалі голымі спакуслівыя часткі рук вышэй локця, якія ў многіх дыхалі зайздроснай паўнатой; у іншых нават лопнулі лайкавыя пальчаткі, прымушаныя пасунуцца далей, словам, здаецца, быццам на ўсім было напісана: не, гэта не губерня, гэта сталіца, гэта сам Парыж! Толькі дзе-ні-дзе раптам высоўваўся які-небудзь нябачаны на зямлі каптур ці нават нейкае ледзь не паўлінавае пяро, наперакор усім модам па ўласнаму густу, але ўжо без гэтага нельга, такая ўласцівасць губернскага горада: дзе-небудзь ужо ён абавязкова схібіць. Чычыкаў, стоячы перад імі, думаў: каторая аднак-жа склала пісьмо? і высунуў быў наперад нос; але па самым носе шмаргануў яго цэлы рад локцяў, абшлагоў, рукавоў, канцоў істужак, пахучых шэмізетак і сукняў. Галопад ляцеў на ўсю прапалую: паштмейстарша, капітан-спраўнік, дама з блакітным пяром, дама з белым пяром, грузінскі князь Чыпхайхілідзеў, чыноўнік з Пецербурга, чыноўнік з Масквы, француз Куку, Перхуноўскі, Берэбендоўскі — усё паднялося і паімчалася...

«Вось яно! пайшла пісаць губерня!» прагаварыў Чычыкаў, падаўшыся назад, і як толькі дамы паселі на месцы, ён зноў пачаў выглядаць, ці нельга па выразу твару і вачэй даведацца, каторая складала пісьмо, але ніяк нельга было пазнаць ні з выразу твару, ні з выгляду вачэй, каторая сапраўды яго складала. Усюды было прыкметна такое ледзь-ледзь выяўленае, такое няўлоўна-тонкае, ух! якое тонкае!.. «Не», сказаў сам сабе Чычыкаў: «жанчыны, гэта такі прадмет...» Тут ён і рукой махнуў: «проста і гаварыць няма чаго! Паспрабуй вось расказаць ці перадаць усё тое, што бегае на іх тварах, усе тыя завілінкі, намёкі, а вось проста нічога не перадасі. Адны вочы іх такая безмежная дзяржава, у якую заехаў чалавек — і памінай як звалі! Адтуль яго ўжо ні кручком, нічым не выцягнеш. Ну, паспрабуй, напрыклад, расказаць пра адзін бляск іх: вільготны, аксамітны, цукровы. Бог іх ведае, якога няма яшчэ! I жорсткі, і мяккі, і нават зусім томны, або, як іншыя кажуць, з пяшчотай або без пяшчоты, але мацней як з пяшчотай, так вось зачэпіць за сэрца ды і павядзе па ўсёй душы, як быццам смыком. Не, проста не падбярэш слова: галанцёрная палавіна чалавечага роду, ды нічога больш».

Выбачайце! Здаецца, з вуснаў нашага героя вылецела слоўца, падмечанае на вуліцы. Што-ж рабіць? такое ўжо на Русі становішча пісьменніка! Між іншым, калі слова з вуліцы трапіла ў кнігу, не пісьменнік вінават, вінаваты чытачы, і перш за ўсё чытачы вышэйшага свету: ад іх першых не пачуеш ніводнага прыстойнага рускага слова, а французскімі, нямецкімі і англійскімі яны, бадай, надзеляць у такой колькасці, што і не захочаш і надзеляць нават з захаваннем усіх магчымых вымаўленняў: па-французску ў нос і картавячы, па-англійску прамовяць як належыць птушцы і нават фізіяномію зробяць птушыную і нават пасмяюцца з таго, хто не зможа зрабіць птушынай фізіяноміі; вось толькі рускім нічым не надзеляць, хіба з патрыятызма пабудуюць для сябе на дачы хату ў рускім гусце. Вось якія чытачы вышэйшага саслоўя, а за імі і ўсе, хто прылічае сябе да вышэйшага саслоўя! А між тым, якая патрабавальнасць! Хочуць абавязкова, каб усё было напісана мовай самай строгай, ачышчанай і высокароднай, словам, хочуць, каб руская мова сама сабой спусцілася раптам з воблакаў, апрацаваная як след, і села-б ім проста на язык, а ім больш-бы нічога, як толькі разявіць раты ды выставіць яго. Вядома, дзіўная жаночая палова чалавечага роду; але шаноўныя чытачы, трэба прызнацца, бываюць яшчэ дзіўней.

А Чычыкава ахоплівала тым часам поўнае неўразуменне, і ён не мог вырашыць, якая дама складала пісьмо. Паспрабаваўшы накіраваць позірк больш уважліва, ён убачыў, што з дамскага боку таксама выказвалася нешта такое, што пасылала разам і надзею і салодкія мукі ў сэрца беднага смяротнага, так што ён, нарэшце, сказаў: не, ніяк нельга ўгадаць! Гэта, аднак-жа, ніяк не зменшыла вясёлага настрою, у якім ён знаходзіўся. Ён развязна і спрытна абмяняўся прыемнымі словамі з некаторымі дамамі, падыходзіў да той ці іншай дробным крокам ці, як кажуць, тупацеў ножкамі, як звычайна робяць, ходзячы на высокіх абцасах маленькія дзядулі-фарсуны, якіх завуць мышынымі жарэбчыкамі, і якія забягаюць вельмі ўвішна каля дам. Патупацеўшы даволі спрытнымі паваротамі налева і направа, ён падшаркнуў тут-жа ножкай, зрабіўшы кароценькі хвосцік ці нешта накшталт коскі. Дамы былі вельмі задаволены і не толькі адшукалі ў ім кучу прыемных і ветлівых якасцей, але нават пачалі знаходзіць велічны выраз твару, штосьці нават марсаўскае і ваеннае, што, як вядома, надта падабаецца жанчынам. Нават праз яго пачыналі ўжо крыху сварыцца: заўважыўшы, што ён станавіўся звычайна каля дзвярэй, некаторыя навыперадкі спяшаліся заняць крэслы бліжэй да дзвярэй, і калі адной пашанцавала зрабіць гэта раней, дык ледзь не атрымалася вельмі непрыемная гісторыя, і многім, хто жадаў зрабіць тое самае, здалася ўжо занадта агіднай такая нагласць.

Чычыкаў так заняўся размовамі з дамамі, ці, лепш, дамы так занялі і закружылі яго сваімі размовамі, падсыпаючы кучу самых хітраскладзеных і тонкіх алегорый, якія ўсе трэба было разгадваць, ад чаго нават выступіў у яго на ілбе пот,—што ён забыўся выканаць абавязак прыстойнасці і падыйсці перш за ўсё да гаспадыні. Успомніў ён аб гэтым ужо тады, калі пачуў голас самой губернатаршы, якая стаяла перад ім ужо некалькі хвілін. Губернатарша сказала крыху ласкавым і хітрым голасам, прыемна ківаючы галавою: «А, Павел Іванавіч, дык вось як вы!..» дакладна не магу перадаць слоў губернатаршы, але было сказана нешта вельмі прыемнае і ветлівае ў тым духу, у якім размаўляюць дамы і кавалеры ў аповесцях нашых свецкіх пісьменнікаў, ахвотнікаў апісваць гасціныя і пахваліцца веданнем вышэйшага тону, у духу таго, што няўжо аўладалі так вашым сэрцам, што ў ім няма больш ні месца, ні самага цеснага куточка для бязлітасна забытых вамі. Герой наш павярнуўся ў тую-ж хвіліну да губернатаршы і ўжо гатоў быў адпусціць ёй адказ, мусібыць, нічым не горшы за тыя, якія адпускаюць у модных аповесцях Звонскія, Лінскія, Лідзіны, Грэміны і ўсякія спрытныя ваенныя людзі, як, знячэўку падняўшы вочы, спыніўся раптам, быццам аглушаны ўдарам.

Перад ім стаяла не адна губернатарша: яна трымала пад руку маладзенькую шаснаццацігадовую дзяўчыну, свежанькую бландзінку, з тоненькімі і стройнымі рысамі твару, з вострым падбародкам, з чароўна акругленым авалам твару, які мастак узяў-бы за ўзор для мадоны і які зрэдку трапляецца на Русі, дзе любіць усё аказацца шырокага памеру, усё, што ні ёсць: і горы і лясы і стэпы, і твары і губы і ногі; тую самую бландзінку, якую ён сустрэў на дарозе, ехаўшы ад Наздрова, калі праз глупства фурманоў, ці коней, іх экіпажы так дзіўна сутыкнуліся, пераблытаўшыся збруяй, і дзядзька Міцяй з дзядзькам Мінаем узяліся разблытваць справу. Чычыкаў так збянтэжыўся, што не мог вымавіць ніводнага трапнага слова і прамармытаў чорт ведае што такое, чаго-б ужо ніяк не сказаў ні Грэмін, ні Звонскі, ні Лідзін.

«Вы не ведаеце яшчэ маёй дачкі?» сказала губернатарша: «інстытутка, толькі што выпушчана».

Ён адказаў, што ўжо меў шчасце неспадзявана пазнаёміцца; паспрабаваў яшчэ тое-сёе дадаць, але тое-сёе зусім не вышла. Губернатарша, сказаўшы два-тры словы, нарэшце, адышла з дачкою ў другі канец залы да іншых гасцей, а Чычыкаў усё яшчэ стаяў нерухома на тым самым месцы, як чалавек, які весела вышаў на вуліцу з тым, каб прагуляцца, з вачамі, настроенымі глядзець на ўсё, і раптам нерухома спыніўся, успомніўшы, што ён забыў нешта, і ўжо тады нічога не можа быць смяшней за такога чалавека: умомант бесклапотны выраз злятае з твару яго; ён намагаецца прыпомніць, што забыў ён, можа хустачку, але хустачка ў кішэні, можа грошы, але грошы таксама ў кішэні, усё, здаецца, пры ім, а між тым нейкі невядомы дух шэпча яму ў вушы, што ён забыў нешта. I вось ужо глядзіць ён разгублена і смутна на натоўп, які рушыцца перад ім, на экіпажы, якія лётаюць па вуліцы, на ківеры і стрэльбы праходзячага палка, на шыльду, і нічога добра не бачыць. Так і Чычыкаў раптам зрабіўся чужым усяму, што ні адбывалася вакол яго. У гэты час з дамскіх водарных вуснаў да яго імкліва накіравалася мноства намёкаў і пытанняў, прасякнутых наскрозь тонкасцю і ветлівасцю. «Ці дазволена нам, бедным жыхарам зямлі, быць такімі дзёрзкімі, каб запытаць вас, аб чым вы марыце?» «Дзе знаходзяцца тыя шчаслівыя месцы, у якіх лунае ваша думка?» «Ці можна ведаць імя той, якая паглыбіла вас у гэту салодкую даліну задуменнасці?» Але ён адказваў на ўсё рашучай няўважлівасцю, і прыемныя фразы ніклі без следу.

Ён нават да таго быў няветлівы, што хутка адышоў ад іх у другі бок, жадаючы прасачыць, куды прайшла губернатарша са сваёй дачкой. Але дамы, здавалася, не хацелі пакінуць яго так хутка; кожная ўнутрана наважыла ўжыць усю, якую толькі можна, зброю, такую небяспечную для сэрцаў нашых, і пусціць у ход усё, што было лепшае. Трэба заўважыць, што ў некаторых дам, я кажу ў некаторых, гэта не тое, што ва ўсіх, ёсць маленькая слабасць: калі яны заўважаюць у сябе што-небудзь асабліва прыгожае, ці лоб, ці рот, ці рукі, дык ужо думаюць, што лепшая частка твару іх так першая кінецца ўсім у вочы, і ўсе раптам загавораць у адзін голас: «паглядзіце, паглядзіце, які ў яе прыгожы грэчаскі нос, або які правільны, чароўны лоб!» У каторай-жа прыгожыя плечы, тая ўпэўнена загадзя, што ўсе маладыя людзі будуць канчаткова захоплены і раз-за-разам будуць паўтараць у той час, як яна будзе праходзіць міма: «ах, якія чароўныя ў гэтай плечы», а на твар, валасы, нос, лоб нават не глянуць, калі-ж і глянуць, дык як на штосьці пабочнае. Такім чынам думаюць некаторыя дамы. Кожная дама дала сабе ўнутраны зарок быць як мага больш чароўнай у танцах і паказаць ва ўсім бляску перавагу таго, што ў яе было самага выдатнага. Паштмейстарша, вальсуючы, з такой томнасцю апусціла набок галаву, што адчувалася сапраўды нешта незямное. Адна вельмі ветлівая дама, якая прыехала зусім не для таго, каб танцаваць з прычыны, як яна сама сказала, невялікага інкамадытэ [55 ] ў выглядзе гарошынкі на правай назе, у выніку чаго павінна была нават надзець плісавыя боты, — не ўцерпела, аднак-жа, і зрабіла некалькі кругоў у плісавых ботах, для таго іменна, каб паштмейстарша не забрала сапраўды занадта многа сабе ў галаву.

Але ўсё гэта ніяк не зрабіла чаканага ўздзеяння на Чычыкава. Ён нават не глядзеў на кругі, якія рабіліся дамамі, але бесперастанку ўзнімаўся на пальчыкі і выглядаў паўзверх галоў, куды-б магла падзецца цікавая бландзінка; прысядаў і ўніз таксама, выглядаючы паміж плеч і спін, нарэшце дашукаўся, убачыў яе; яна сядзела разам з маці, над якой велічна гойдалася нейкая ўсходняя чалма з пяром. Здавалася, як быццам ён хацеў узяць іх прыступам; ці вясновы настрой падзейнічаў на яго, ці штурхаў яго хто ззаду, толькі ён рашуча праціскаўся наперад, не зважаючы ні на што; адкупшчык атрымаў ад яго такі штуршок, што пахіснуўся і ледзь-ледзь утрымаўся на адной назе, інакш-бы, вядома, паваліў-бы за сабой цэлы рад; паштмейстар таксама адступіўся і паглядзеў на яго са здзіўленнем, змешаным з даволі тонкай іроніяй, але ён на іх не паглядзеў; ён бачыў толькі воддаль бландзінку, якая надзявала доўгую пальчатку і, без сумнення, гарэла жаданнем пусціцца лётаць па паркеце. А там ужо збоку чатыры пары адколвалі мазурку; абцасы ламалі падлогу, і армейскі штабс-капітан працаваў душой і целам, і рукамі і нагамі, выкручваючы такія па, якія і ў сне нікому не здаралася выкручваць. Чычыкаў прашмыгнуў міма мазуркі амаль па самых абцасах і проста да таго месца, дзе сядзела губернатарша з дачкой. Аднак-жа ён падступіў да іх вельмі нясмела, не тупацеў так спрытна і франтоўскі нагамі, нават крыху збянтэжыўся, і ва ўсіх рухах выявілася нейкая няспрытнасць.

Нельга сказаць напэўна, ці сапраўды прачнулася ў нашым героі пачуццё кахання, нават мала верагодна, каб паны такога роду, г. зн. не так каб ужо тоўстыя, аднак-жа і не так каб тонкія, здатны былі да кахання, але пры ўсім тым тут было нешта такое дзіўнае, нешта ў такім родзе, што ён сам не мог сабе вытлумачыць: яму здалося, як ён сам потым прызнаваўся, што ўвесь бал, з усім сваім гоманам і шумам, стаў на некалькі хвілін як быццам недзе далёка; скрыпкі і трубы заліваліся недзе за гарамі, і ўсё зацягнулася туманам, падобным да нядбайна замаляванага поля на карціне. I з гэтага імглістага, так-сяк накіданага поля выходзілі ясна і закончана толькі адны тонкія рысы прывабнай бландзінкі: яе авальна акруглены тварык, яе тоненькі, тоненькі стан, які бывае ў інстытуткі ў першыя месяцы пасля выпуску, яе белая, амаль простая сукня, што лёгка і лоўка абдымала ва ўсіх месцах маладзенькія і стройныя члены, якія вызначаліся ў нейкіх чыстых лініях. Здавалася, яна ўся была падобна да нейкай цацкі, дасканала вытачанай са слановай косці; яна толькі адна бялела і выходзіла празрыстай і светлай з мутнага і непразрыстага натоўпу.

Відаць так ужо бывае на свеце, відаць і Чычыкавы на некалькі хвілін у жыцці робяцца паэтамі, але слова паэт будзе ўжо занадта. Прынамсі ён адчуў сябе зусім нечым накшталт маладога чалавека, ледзь-ледзь не гусарам. Убачыўшы каля іх пустое крэсла, ён зараз-жа яго заняў. Гутарка спачатку не клеілася, але пасля справа пайшла, і нават пачала набываць форс, але... тут, на найвялікшы жаль, трэба заўважыць, што людзі сталыя, якія займаюць важныя пасады, неяк крыху цяжкаватыя ў размовах з дамамі, на гэта майстры паны паручыкі, і ніяк не далей капітанскіх чыноў. Як яны робяць, бог іх ведае: здаецца, і не вельмі хітрыя рэчы гавораць, а дзяўчына раз-по-разу качаецца на крэсле ад смеху; стацкі-ж саветнік бог ведае што раскажа: ці павядзе гутарку аб тым, што Расія вельмі прасторная дзяржава, ці адпусціць камплімент, які, вядома, выдуманы не без дасціпнасці, але ад яго страшна пахне кнігай; калі-ж скажа што-небудзь смешнае, дык сам куды больш смяецца, чым тая, якая яго слухае. Тут гэта заўважана для таго, каб чытачы бачылі, чаму бландзінка стала пазяхаць у часе апавяданняў нашага героя. Герой, аднак-жа, зусім гэтага не заўважаў, расказваючы мноства прыемных рэчаў, якія ўжо здаралася яму расказваць у падобных выпадках у розных месцах, іменна: у Сімбірскай губерні, у Сафрона Іванавіча Бяспечнага, дзе былі тады дачка яго Адэлаіда Сафронаўна з трыма залоўкамі Мар’яй Гаўрылаўнай, Аляксандрай Гаўрылаўнай і Адэльгейдай Гаўрылаўнай; у Фёдара Фёдаравіча Перакроева ў Разанскай губерні; у Флора Васільевіча Пабеданоснага ў Пензенскай губерні і ў брата яго Пятра Васільевіча, дзе была сваячка яго Кацярына Міхайлаўна і ўнучатныя сёстры яе Роза Фёдараўна і Эмілія Фёдараўна; у Вяцкай губерні ў Пятра Варсаноф’евіча, дзе была сястра нявесткі яго Пелагея Ягораўна з пляменніцай Соф’яй Расціслаўнай і двума зводнымі сёстрамі Соф’яй Аляксандраўнай і Маклатурай Аляксандраўнай.

Усім дамам зусім не падабаліся такія паводзіны Чычыкава. Адна з іх знарок прайшла паўз яго, каб даць яму гэта заўважыць, і нават зачапіла бландзінку даволі нядбайна тоўстым руло свае сукні, а шарфам, што пырхаў вакол яе плячэй, падладзіла так, што ён махнуў канцом сваім яе па самым твары; у той-жа самы час ззаду яго з адных дамскіх вуснаў вырвалася, разам з пахам фіялак, даволі колкая і едкая заўвага. Але, ці ён не пачуў сапраўды, ці прыкінуўся, што не пачуў, толькі гэта было нядобра; бо думкай дам трэба даражыць: у гэтым ён і раскаяўся, але пасля ўжо, значыць позна.

Абурэнне, ва ўсіх адносінах справядлівае, паказалася на многіх тварах. Якой вялікай ні была ў свецкіх колах вага Чычыкава, хоць ён і мільёншчык, і ў твары яго выяўлялася велічнасць і нават нешта марсаўскае і ваеннае, але ёсць рэчы, якіх дамы не выбачаць нікому, хто-б ён ні быў, і тады проста пішы прапала! Ёсць выпадкі, дзе жанчына, як ні слабая і бяссільная яна характарам у параўнанні з мужчынам, але робіцца раптам цвярдзей не толькі за мужчыну, але і за ўсё што ні ёсць на свеце. Пагардлівасць, выяўленая Чычыкавым, амаль ненаўмысная, аднавіла паміж дамамі нават згоду, якая была на краі пагібелі з выпадку завалодання крэслам. У сказаных ім выпадкова нейкіх сухіх і звычайных словах адшукалі колкія намёкі. На давяршэнне бяды нехта з маладых людзей склаў тут-жа сатырычны верш на танцаваўшую кампанію, без чаго, як вядома, амаль ніколі не абыходзіцца на губернскіх балах. Гэты верш быў прыпісаны тут-жа Чычыкаву. Абурэнне расло, і дамы пачалі гаварыць пра яго ў розных кутках самым неспрыяльным чынам, а бедная інстытутка была знішчана зусім, і прысуд ёй ужо быў падпісан.

А тым часам герою нашаму рыхтавалася страшэнна непрыемная нечаканасць: у той час, калі бландзінка пазяхала, а ён расказваў ёй такія-сякія гісторыйкі, якія здараліся ў розныя часы, і нават закрануў быў грэчаскага філосафа Дыягена, паказаўся з апошняга пакоя Наздроў. Ці ён вырваўся з буфета, ці з невялікай зялёнай гасцінай, дзе ішла гульня мацнейшая, чым звычайны віст, ці сваёй воляй, ці выпхнулі яго, толькі ён з’явіўся вясёлы, радасны, ухапіўшы пад руку пракурора, якога, мабыць, ужо цягаў некалькі часу, таму што бедны пракурор варочаў на ўсе бакі свае густыя бровы, як-бы прыдумваючы спосаб выбрацца з гэтага сяброўскага падручнага падарожжа. Сапраўды, яго нельга было стрымаць. Наздроў, сербануўшы куражу ў двух кубачках чаю, вядома, не без рому, хлусіў неміласэрна. Убачыўшы яшчэ здалёк яго, Чычыкаў рашыўся нават на ахвяру, г. зн. пакінуць сваё зайздроснае месца і як мага хутчэй адыйсці; нічога добрага не абяцала яму гэтая сустрэча. Але як на бяду, у гэты час падкруціўся губернатар, які выказаў надзвычайную радасць, што знайшоў Паўла Іванавіча, і спыніў яго, просячы быць суддзёй у спрэчцы яго з двума дамамі наконт таго, ці трывала жаночае каханне, ці не; а тым часам Наздроў ужо ўбачыў яго ды ішоў проста насустрач.

«А, херсонскі памешчык, херсонскі памешчык!» крычаў ён, падыходзячы і заліваючыся смехам, ад якога дрыжалі яго свежыя, румяныя, як вясновая ружа, шчокі! «Што! шмат натаргаваў мёртвых? Вы-ж не ведаеце, ваша прэвасхадзіцельства», гарланіў ён тут-жа, звярнуўшыся да губернатара: «ён гандлюе мёртвымі душамі! Дальбог. Паслухай, Чычыкаў! ты-ж, я табе кажу па дружбе, вось мы ўсе тут твае сябры, вось і яго прэвасхадзіцельства тут, я-б цябе павесіў, дальбог павесіў!»

Чычыкаў проста не ведаў, дзе сядзеў.

«Ці паверыце, ваша прэвасхадзіцельства», гаварыў далей Наздроў: «як сказаў ён мне: прадай мёртвых душ, я так і лопнуў са смеху. Прыязджаю сюды, мне кажуць, што накупляў на тры мільёны сялян на вывад: якіх на вывад! ды ён таргаваў у мяне мёртвых. Паслухай, Чычыкаў, ды ты жывёліна, дальбог жывёліна, вось і яго прэвасхадзіцельства тут, ці не праўда, пракурор?»

Але пракурор, і Чычыкаў, і сам губернатар так разгубіліся, што не знайшліся зусім, што адказаць, а між тым Наздроў, ніколькі не звяртаючы ўвагі, вёрз напоўцвярозую гаворку: «Ты ўжо, брат, ты, ты... я не адыйду ад цябе, пакуль не даведаюся, навошта купляў мёртвыя душы. Паслухай, Чычыкаў, табе-ж, дапраўды, сорам, у цябе, ты сам ведаеш, няма лепшага друга, як я. Вось і яго прэвасхадзіцельства тут, ці не праўда, пракурор? Вы не паверыце, ваша прэвасхадзіцельства, як мы адзін да аднаго прывязаны, гэта значыць, проста калі-б вы сказалі, вось, я тут стаю, а вы-б сказалі: Наздроў! скажы праўду, хто табе даражэй — бацька родны, ці Чычыкаў? Скажу: Чычыкаў, дальбог... Дазволь, душа, я табе ўляплю адзін безэ [56 ]. Вы ўжо дазвольце, ваша прэвасхадзіцельства, пацалаваць мне яго. Так, Чычыкаў, ты ўжо не ўпірайся, адну безэшку дазволь адбіць табе на беласнежнай шчацэ тваёй!» Наздроў з сваім безэ быў так адапхнуты, што ледзь не паляцеў на зямлю: ад яго ўсе адступіліся і не слухалі больш, але ўсё-ж словы яго пра пакупку мёртвых душ былі сказаны ва ўсё горла і суправаджаліся такім гучным смехам, што прыцягнулі ўвагу нават усіх тых, якія знаходзіліся ў самых далёкіх кутках пакоя. Гэтая навіна здалася такою дзіўнай, што ўсе спыніліся з нейкім драўляным, бязглузда-запытальным выразам. Чычыкаў заўважыў, што многія дамы пераміргнуліся паміж сабою з нейкай злоснай, едкай усмешкай, і ў выразе некаторых твараў з’явілася нешта такое двухсэнснае, што яшчэ больш павялічыла гэтую збянтэжанасць. Што Наздроў хлус заўзяты, гэта было вядома ўсім, і зусім не ў навіну было пачуць ад яго відавочную бязглуздзіцу; але смяротны, дапраўды, цяжка нават зразумець, як пабудован гэты смяротны: якою-б пошлай ні была навіна, але абы яна была навіна, ён абавязкова паведаміць яе другому смяротнаму, хоць-бы іменна для таго толькі, каб сказаць: «паглядзіце, якую хлусню распусцілі!» А другі смяротны з прыемнасцю нахіліць вуха, хоць пасля скажа сам: «дык гэта зусім пошлая хлусня, якая не варта ніякай увагі!» і ўслед за тым зараз-жа пойдзе шукаць трэцяга смяротнага, каб, расказаўшы яму, пасля разам з ім выгукнуць з высокародным абурэннем: «якая пошлая хлусня!» I гэта абавязкова абыйдзе ўвесь горад, і ўсе смяротный, колькі іх ні ёсць, нагаворацца абавязкова ў смак і потым прызнаюць, што гэта не варта ўвагі і недастойна, каб пра яго гаварыць.

Гэтае недарэчнае, як відаць, здарэнне прыкметна папсавала настрой нашаму герою. Як ні бязглузды словы дурня, а часам іх бывае даволі, каб збянтэжыць разумнага чалавека.

Ён пачаў адчуваць сябе няёмка, няладна: акурат як быццам да бляску вычышчаным ботам ступіў раптам у брудную смярдзючую лужыну, словам, нядобра, зусім нядобра! Ён спрабаваў аб гэтым не думаць, стараўся рассеяцца, забавіцца чым, прысеў у віст, але ўсё пайшло, як крывое кола: два разы зайшоў ён у чужую масць і, забыўшы, што па трэцяй не б’юць, размахнуўся з усёй рукі і лупянуў здуру сваю-ж. Старшыня ніяк не мог зразумець, як Павел Іванавіч, так добра і можна сказаць тонка разумеўшы гульню, мог зрабіць падобныя памылкі і падвёў нават пад абух яго піковага караля, на якога ён, паводле ўласнага выразу, спадзяваўся, як на бога. Вядома, паштмейстар і старшыня і нават сам паліцэймейстар, як водзіцца, жартавалі з нашага героя — ці не закаханы ўжо ён, і што мы, бачыце, ведаем, што ў Паўла Іванавіча сэрцайка крыху кульгае, ведаем, кім і падстрэлена; але ўсё гэта ніяк яго не суцяшала, як ён ні спрабаваў усміхацца і жартаваць. За вячэрай таксама ён ніяк не змог разыйсціся, не гледзячы на тое, што кампанія за сталом была прыемная і што Наздрова даўно ўжо вывелі; бо самі нават дамы, нарэшце, заўважылі, што паводзіны яго рабіліся занадта скандалёзнымі. Сярод катыльёна [57 ] ён сеў на падлогу і пачаў хапаць за крыссе танцораў, што было ўжо ні нашто не падобна, паводле выразу дам. Вячэра была вельмі вясёлая, усе твары, мільгаўшыя перад трайнымі падсвечнікамі, кветкамі, цукеркамі і бутэлькамі, былі асветлены самым нявымушаным задаваленнем. Афіцэры, дамы, фракі, усё зрабілася ветлівым нават да саладжавасці. Мужчыны ўскаквалі з крэслаў і беглі адбіраць у слуг талеркі са стравай, каб з незвычайнай спрытнасцю прапанаваць іх дамам. Адзін палкоўнік падаў даме талерку з соусам на канцы аголенай шпагі. Мужчыны сталых гадоў, паміж якімі сядзеў Чычыкаў, спрачаліся голасна, заядаючы трапнае слова рыбай ці ялавічынай, памочанай бязлітасным чынам у гарчыцу, і вялі такія спрэчкі, у якіх ён заўсёды прымаў удзел; але ён быў падобны на нейкага чалавека, стомленага ці разбітага далёкай дарогай, якому нічога не лезе ў галаву, і які не мае сіл удумацца ні ў што. Нават не дачакаўся ён канца вячэры і паехаў да сябе непараўнана раней, чым меў звычай ад’язджаць.

Там, у гэтым пакоі, так знаёмым чытачу, з дзвярамі, застаўленымі камодам, і выглядаўшымі часам з куткоў тараканамі, стан яго думак і духу быў такі-ж неспакойны, як неспакойныя былі тыя крэслы, у якіх ён сядзеў. Непрыемна, смутна было ў яго на сэрцы, нейкая цяжкая пустата заставалася там. «Каб вас чорт пабраў усіх, хто выдумаў гэтыя балы!» гаварыў ён у злосці. «Ну, чаму здуру ўзрадаваліся? У губерні неўраджай, дарагоўля, дык вось яны за балы! Вось штука: папрыбіраліся ў бабскія анучы! Вось дзіва, што іншая накруціла на сябе тысячу рублёў! А ўсё-ж гэта за кошт сялянскіх аброкаў ці, што яшчэ горш, за кошт сумлення нашага брата. Вядома-ж, для чаго бярэш хабар і пакрывіш душой: для таго, каб жонцы дастаць на шаль або на розныя раброны [58 ], ліха-б іх узяло, як іх называюць. А праз што? каб не сказала якая-небудзь падбухторка Сідараўна, што на паштмейстаршы была лепшая сукенка, ды праз яе бух тысячу рублёў. Крычаць: «бал, бал, весялосць!» проста, дрэнь бал, не ў рускім духу, не ў рускай натуры, чорт ведае што такое: дарослы, поўналетні раптам выскачыць увесь у чорным, абсмыканы, абцягнуты, як чорцік, і давай мясіць нагамі. Некаторы, нават стоячы ў пары, перагаварваецца з другім аб важнай справе, а нагамі ў той-жа самы час, як казлянё, вензелі направа і налева... Усё з малпавання, усё з малпавання! Калі француз у сорак гадоў такое-ж дзіцянё, якім быў і ў пятнаццаць гадоў, дык вось давай-жа і мы! Не, дапраўды... пасля кожнага бала, якраз быццам які грэх зрабіў; і ўспомніць нават аб ім не хочацца. У галаве, проста, нічога, як пасля размовы са свецкім чалавекам: усяго ён нагаворыць, усё злёгку закране, усё скажа, што панаскубаў з кніжак, страката, квяціста, а ў галаве хоць-бы што-небудзь з таго вынес, і бачыш потым, як нават размова з простым купцом, які ведае адну сваю справу, але ведае яе цвёрда і практычна, лепш за ўсе гэтыя бразгушкі. Ну што з яго выціснеш, з гэтага бала? Ну, калі-б, скажам, які-небудзь пісьменнік надумаўся апісваць усю гэтую сцэну так, як яна ёсць? Ну і ў кнізе і там была-б яна гэтакая-ж бязладная, як у натуры. Што яна такое: ці маральная, ці амаральная? проста чорт ведае што такое! Плюнеш, ды і кнігу потым загорнеш». Так адзываўся неcпрыяльна Чычыкаў аб балах наогул; але, здаецца, сюды ўмяшалася іншая прычына абурэння. Галоўная злосць была не на бал, а на тое, што здарылася яму сарвацца, што ён раптам паказаўся перад усімі бог ведае ў якім выглядзе, што ён адыграў нейкую дзіўную, двухсэнсовую ролю. Вядома, паглядзеўшы вокам разважнага чалавека, ён бачыў, што ўсё гэта глупства, што дурное слова нічога не значыць, асабліва цяпер, калі галоўная справа ўжо зроблена як след. Але дзіўны чалавек: яго моцна засмучала непрыхільнасць тых самых, якіх ён не паважаў і наконт якіх адзываўся рэзка, ганьбуючы іх марнатраўства і ўбранні. Гэта тым больш было яму прыкра, што, разабраўшы справу ясна, ён бачыў, што прычынай гэтага быў часткова сам. Аднак-жа на сябе ён не раззлаваўся, і ў гэтым, вядома, быў правы. Усе мы маем маленькую слабасць крыху пашкадаваць сябе, а стараемся лепш адшукаць якога-небудзь бліжняга, на кім-бы спагнаць сваю прыкрасць, напрыклад, на слузе, на чыноўніку, падпарадкаваным нам, які трапіў на гэты час, на жонцы, ці, нарэшце, на крэсле, якое шпурнецца чорт ведае куды, да самых дзвярэй, так што адляціць ад яго ручка і спінка, хай, бачыш, ведае, што такое гнеў. Так і Чычыкаў хутка адшукаў бліжняга, які пацягнуў на плячах сваіх усё, што толькі магла падказаць яму прыкрасць. Бліжні гэты быў Наздроў, і няма чаго казаць, ён атрымаў такога чосу з усіх бакоў, як хіба толькі атрымлівае які-небудзь шэльма стараста ці вазак ад якога-небудзь язджалага, спрактыкаванага капітана, а часам і генерала, які, акрамя многіх выразаў, што зрабіліся класічнымі, дадае яшчэ шмат невядомых, вынаходства якіх належыць яму самому. Уся радаслоўная Наздрова была разабрана, і многія з членаў яго фаміліі па ўзыходзячай лініі моцна пацярпелі.

Але ў той час, як ён сядзеў у цвёрдым сваім крэсле, устурбаваны думкамі і бяссонніцай, частуючы шчодра Наздрова і ўсю яго радню, і перад ім цьмела сальная свечка, кнот якой даўно ўжо накрыўся нагарэўшаю чорнай шапкай, штохвілінна пагражаючы патухнуць, і глядзела яму ў вокны сляпая, цёмная ноч, гатовая пасінець ад блізкага світання, і пераклікаліся ўдалечыні пеўні, і ў зусім заснуўшым горадзе, можа быць, поўз дзе-небудзь фрызавы шынель, небарака невядома якога класа і чыну, што ведае адну толькі (на жаль!) занадта пратораную рускім забубенным народам дарогу, — у гэты час на другім канцы горада адбывалася падзея, якая мелася павялічыць непрыемнасць становішча нашага героя. Іменна ў аддаленых вуліцах і завулках горада бразгатаў вельмі дзіўны экіпаж, які выклікаў неўразуменне наконт сваёй назвы. Ён не быў падобны ні да тарантаса, ні да каляскі, ні да брычкі, а хутчэй быў падобен да таўсташчокага выпуклага кавуна, пастаўленага на колы. Шчокі гэтага кавуна, г. зн. дзверцы, якія насілі сляды жоўтай фарбы, зачыняліся вельмі дрэнна, з прычыны дрэннага стану ручак і замкоў, так-сяк звязаных вяроўкамі. Кавун быў напоўнены паркалёвымі падушкамі накшталт кісетаў, валікаў і проста падушак, напакаваны мяхамі з булкамі хлеба, калачамі, какуркамі [59 ], скарадумкамі і пернікамі з заварнога цеста. Пірог-курнік і пірог-расольнік выглядалі нават наверх. Запяткі былі заняты асобай лакейскага паходжання, у куртцы з хатняга паласатага палатна, з няголенай барадой, з налётам лёгкай сівізны, асоба, вядомая пад імем «хлапца». Шум і віск ад жалезных скобак і ржавых вінтоў пабудзілі на другім канцы горада будачніка, які, падняўшы сваю алебарду, закрычаў спрасонку колькі ставала сілы: «хто ідзе?» але, убачыўшы, што ніхто не ішоў, а чулася толькі здалёк бразгатанне, злавіў у сябе на каўняры нейкага звера і, падышоўшы да ліхтара, пакараў яго смерцю тут-жа на сваім пазногці. Пасля чаго, адставіўшы алебарду, зноў заснуў паводле статута свайго рыцарства. Коні раз-по-разу падалі на пярэднія калені, бо не былі падкуты, і пры гэтым, як відаць, спакойны гарадскі брук быў ім мала знаёмы. Каламажка, зрабіўшы некалькі паваротаў з вуліцы ў вуліцу, нарэшце, павярнула ў цёмны завулак міма невялікай прыходскай царквы Міколы на Недатычках і спынілася перад варотамі дома пратапопшы. З брычкі вылезла дзеўка з хусткай на галаве, у целагрэйцы, і застукала абодвума кулакамі ў вароты так моцна, як які мужчына (хлопец у стракатай куртцы потым ужо быў сцягнуты за ногі, бо спаў, як мярцвяк). Сабакі забрахалі, і вароты, разявіўшыся, нарэшце, праглынулі, хоць і з вялікімі цяжкасцямі, гэтае нязграбнае дарожнае стварэнне. Экіпаж уз’ехаў на цесны двор, завалены дрывамі, курасаднямі і ўсякімі клетухамі; з экіпажа вылезла пані: гэтая пані была памешчыца, калежская сакратарша Каробачка. Старэнькая, хутка пасля ад’езду нашага героя, так пачала непакоіцца наконт ашуканства, якое магло быць з яго боку, што, не паспаўшы тры начы запар, вырашыла ехаць у горад, не гледзячы на тое, што коні не былі падкуты, і там даведацца напэўна, якая цана на мёртвыя душы і ці не ашукалася ўжо яна, божа барані, прадаўшы іх, магчыма, занадта танна. Які меў вынік гэты прыезд, чытач можа даведацца з адной гутаркі, якая адбылася паміж двума дамамі. Гутарка гэтая... але няхай лепш гэтая гутарка будзе ў наступным раздзеле.