Шчаслівы той падарожны, што пасля доўгай нуднай дарогі з яе халадамі, слатой, граззю, заспанымі станцыйнымі даглядчыкамі, бразганнем званкоў, паправамі, лаянкамі, фурманамі, кавалямі і ўсякага роду дарожнымі падлюкамі бачыць нарэшце знаёмы дах з агеньчыкамі, якія імчацца насустрач, і ўстануць перад ім знаёмыя пакоі, радасны крык выбегшых насустрач людзей, шум і беганіна дзяцей і супакойлівыя ціхія размовы, спыняемыя палкімі пацалункамі, здольнымі знішчыць усё сумнае ў памяці. Шчаслівы сем’янін, у каго ёсць такі куток, але гора адзінокаму!
Шчаслівы той пісьменнік, які, абмінаючы характары нудныя, прыкрыя, здзіўляючыя сумнай сваёй сапраўднасцю, набліжаецца да характараў, выяўляючых высокую годнасць чалавека, які з вялікага віру штодзённа мільгаючых вобразаў выбраў адны нешматлікія выключэнні, які не змяняў ні разу ўзвышанага строю сваёй ліры, не спускаўся з вяршыні сваёй да бедных нікчэмных сваіх сабраццяў і, не кранаючыся зямлі, увесь акунаўся ў свае далёка адарваныя ад яе і ўзвялічаныя вобразы. Удвая варта зайздрасці цудоўная доля яго: ён сярод іх, як у роднай сям’і; а між тым далёка і гучна разыходзіцца яго слова. Ён абкурыў чароўным курывам людскія вочы; ён цудоўна пальсціў ім, утаіўшы сумнае ў жыцці, паказаўшы ім прыгожага чалавека. Усё, пляскаючы ў далоні, нясецца за ім і імчыцца ўслед за ўрачыстай яго калясніцай. Вялікім сусветным паэтам называюць яго, лунаючым высока над усімі іншымі геніямі свету, як лунае арол над іншымі высокалётнымі. Пры адным імені яго ўжо ахапляюцца трапятаннем маладыя палкія сэрцы, слёзы ў адказ яму блішчаць ва ўсіх вачах... Няма роўнага яму па сіле — ён бог! Але не такая доля, і інакшы лёс пісьменніка, які адважыўся выклікаць напаверх усё, што кожную хвіліну перад вачамі, і чаго не бачаць абыякавыя вочы, усю страшную, уражаючую твань дробязей, што аблытала наша жыццё, усю глыбіню халодных, раздробленых, штодзённых характараў, а іх поўным-поўна на нашай зямной, часамі горкай і нуднай дарозе, які адважыўся моцнаю сілаю няўмольнага разца выставіць іх выпукла і ярка на ўсенародныя вочы! Яму не сабраць народных воплескаў, яму не бачыць удзячных слёз і аднадушнага захаплення ўсхваляваных ім душ; да яго не паляціць насустрач шаснаццацігадовая дзяўчына з ускружанай галавой і геройскім захапленнем; яму не забыцца ў салодкім зачараванні ім-жа створаных гукаў; яму не ўнікнуць, нарэшце, сучаснага суда, ліцамерна-бяздушнага сучаснага суда, які назаве нікчэмнымі і нізкімі ім выпеставаныя тварэнні, вызначыць яму пагарджаны куток у радзе пісьменнікаў, зневажаючых чалавецтва, надасць яму якасці ім-жа паказаных герояў, адбярэ ад яго і сэрца, і душу, і бажэственнае полымя таленту. Бо не прызнае сучасны суд, што аднолькава цудоўна тое шкло, праз якое аглядаецца сонца, і тое, якое перадае рухі непрыкметных казюлек, бо не прызнае сучасны суд, што, многа трэба душэўнай глыбіні, каб азарыць малюнак, узяты з пагарджанага жыцця, і ўзвесці яго ў перл тварэння; бо не прызнае сучасны суд, што высокі, поўны захаплення смех варты стаць побач з высокім лірычным пачуццём, і што цэлае прадонне паміж ім і крыўляннем балаганнага скамароха! Не прызнае гэтага сучасны суд і ўсё скіруе ў дакор і на знявагу непрызнанаму пісьменніку; без спагады, без адказу, без спачування, як бессямейны падарожны, застанецца ён адзін пасярод дарогі. Суровы яго жыццёвы шлях і горка адчуе ён сваю адзіноту.
I доўга яшчэ вызначана мне цудоўнай уладай ісці поруч з маімі дзіўнымі героямі, азіраць усё велізарна-бурлівае жыццё, азіраць яго праз відочны свету смех і невідочныя, невядомыя яму слёзы! I далёка яшчэ той час, калі іншай крыніцай грозная бура натхнення ўзнімецца з ахутанай святым жахам і ззяннем галавы, і пачуюць ва ўсхвалёваным трапятанні велічны гром іншых размоў...
У дарогу! у дарогу! прэч набегшая на чало маршчына і суровая хмурнасць аблічча! Разам і раптам акунемся ў жыццё з усёй яго бязгучнай траскатнёй, бразгатнёй, і шамкамі, ды паглядзім, што робіць Чычыкаў.
Чычыкаў прачнуўся, пацягнуў рукі і ногі і адчуў, што выспаўся добра. Паляжаўшы хвіліны дзве на спіне, ён пстрыкнуў рукой і ўспомніў з прасвятлелым тварам, што ў яго цяпер без малога чатырыста душ. Тут-жа ўскочыў ён з пасцелі, не паглядзеўшы нават на свой твар, які любіў шчыра і ў якім, як здаецца, прывабнейшым за ўсё лічыў падбародак, бо вельмі часта хваліўся ім перад кім-небудзь з прыяцеляў, асабліва калі гэта адбывалася ў часе галення. «Вось паглядзі», гаварыў ён звычайна, пагладжваючы яго рукой: «які ў мяне падбародак: зусім круглы!» Але цяпер ён не зірнуў ні на падбародак, ні на твар, а проста так, як быў, абуў саф’янавыя боты з разьбянымі выкладкамі розных колераў, якімі бойка гандлюе горад Таржок, дзякуючы халатным пабуджэнням рускай натуры, і па-шатландску, у адной кароткай сарочцы, забыўшы сваю важнасць і прыстойныя сярэднія гады, падскочыў два разы па пакоі, прышлёпнуўшы сябе вельмі лоўка пяткай нагі. Потым у тую-ж хвіліну ўзяўся за справу: перад шкатулкай пацёр рукі з такім-жа здавальненнем, як пацірае іх, выехаўшы на следства, непадкупны земскі суд, падыходзячы да закускі, і зараз-жа дастаў з яе паперы. Яму хацелася хутчэй скончыць усё, не адкладаючы на доўга. Сам вырашыў ён скласці крэпасці, напісаць і перапісаць, каб не плаціць нічога пад’ячым. Форменны парадак быў яму добра вядомы: спрытна выставіў ён вялікімі літарамі: тысяча восемсот такога-та года, потым услед за гэтым дробнымі: памешчык такі і такі і ўсё, што трэба. За дзве гадзіны гатова было ўсё. Калі глянуў ён потым на гэтыя лісткі, на мужыкоў, якія, сапраўды, былі калісьці мужыкамі, працавалі, аралі, п’янствавалі, займаліся возніцтвам, ашуквалі паноў, а можа, і проста былі добрымі мужыкамі, дык нейкае дзіўнае, незразумелае яму самому пачуццё авалодала ім. Кожная з запісачак як быццам мела нейкі асаблівы характар і праз гэта, як быццам, самі мужыкі набывалі свой уласны характар. Мужыкі, якія належалі Каробачцы, усе амаль былі з прыдаткамі і мянушкамі. Запіска Плюшкіна вызначалася лаканічнасцю стылю: часта былі выстаўлены толькі пачатковыя літары імён і імён па бацьку і потым дзве кропкі. Рэестр Сабакевіча здзіўляў незвычайнай паўнатой і грунтоўнасцю: ні адна з якасцей мужыка не была прапушчана: аб адным было сказана «добры столяр», да другога было прыпісана «кемлівы і хмельнага не ўжывае». Паказана было таксама грунтоўна, хто бацька, і хто маці, і якіх абое былі паводзін; у аднаго толькі нейкага Фядотава была напісана «бацька невядома хто, а нарадзіўся ад дваровай дзеўкі Капіталіны, але добрага характару і не злодзей». Усе гэтыя падрабязнасці надавалі нейкі асаблівы выгляд свежасці: здавалася, як быццам мужыкі яшчэ ўчора былі жывымі. Гледзячы доўга на імёны іх, ён расчуліўся і, уздыхнуўшы, сказаў: «Бацюхны мае, колькі вас тут напакавана! што вы, небаракі мае, параблялі на сваім вяку? як перабіваліся?» I вочы яго мімаволі спыніліся на адным прозвішчы, гэта быў вядомы Пётр Савельеў. Неўважай-карыта, які належаў калісьці памешчыцы Каробачцы. Ён зноў не ўцярпеў, каб не сказаць: «Эх, які доўгі, на ўвесь радок раз’ехаўся! Ці ты быў майстар, ці просты мужык, і якой смерцю цябе прыбрала? Ці ў карчме, ці сярод дарогі пераехаў цябе соннага нязграбны абоз? Каробка Сцяпан, цясляр, цвярозасці прыкладнай. А! вось ён, Сцяпан Пробка, вось той асілак, што ў гвардыю быў-бы годны! Напэўна, усе губерні выхадзіў з тапаром за поясам і ботамі на плячах, з’ядаў на грош хлеба, ды на два сушанай рыбы, а ў каліце, пэўна, кожны раз цягнуў дамоў рубельчыкаў па сто, а мо’ і дзяржаўную [41 ] зашываў у палатняныя порткі або затыкаў у бот, — дзе цябе прыбрала? Ці ўзмасціўся ты для большага прыбытку пад царкоўны купал, а, можа, і на крыж палез і, паслізнуўшыся адтуль з перакладзіны, пляснуўся вобземлю, і толькі які-небудзь стаяўшы каля цябе дзядзька Міхей, пачухаўшы рукой патыліцу, прамовіў: «Эх, Ваня, собіла-ж табе!» а сам, падвязаўшыся вяроўкай, палез на тваё месца. Максім Цялятнікаў, шавец. Гэ, шавец! П’яны, як шавец, гаворыць прыказка. Ведаю, ведаю цябе, галубок; калі хочаш, усю гісторыю тваю раскажу: вучыўся ты ў немца, які карміў усіх вас разам, біў папругаю па спіне за неакуратнасць і не выпускаў на вуліцу сваволіць, і быў ты дзіва, а не шавец, і не мог нахваліцца табой немец, гаворачы з жонкай ці з камрадам. А як скончылася тваё навучанне: «А вось цяпер я прыдбаю ўласную хату», сказаў ты, «ды не так, як немец, што з капейкі цягнецца, а раптам разбагацею». I вось, даўшы пану вялікі аброк, набыў ты крамку, набраўшы заказаў кучу, і пайшоў працаваць. Дастаў недзе ўтрая дзешавей гнілой скуры і выйграў, сапраўды, удвая на кожным боце, ды праз тыдні два пералопаліся твае боты, і вылаялі цябе падлейшым чынам. I вось крамка твая запуставала, і ты пайшоў піць ды качацца на вуліцах, прыгаварваючы: «Не, дрэнна на свеце! няма жыцця рускаму чалавеку, усё немцы перашкаджаюць». Гэта што за мужык: Елізавета Верабей. Вось ліха: баба! Яна як сюды трапіла? Падлюка Сабакевіч, і тут ашукаў!» Чычыкаў меў рацыю: гэта была, сапраўды, баба. Як яна забралася туды, невядома, але так умела была прапісана, што здалёк можна было палічыць яе за мужыка і нават імя канчалася на літару ъ, г. зн. не Елізавета, а Елізаветъ. Аднак ён гэтага не ўзяў на ўвагу і тут-жа яе выкасаваў. «Грыгорый Даязджай-не-даедзеш! Ты што быў за чалавек? Ці ты возніцтвам займаўся і, набыўшы тройку і рагожную кібітку, выракся навекі дома, роднага бярлогу, і пайшоў цягацца з купцамі на кірмашы. Ці ты на дарозе аддаў душу богу, ці ўходалі цябе твае-ж прыяцелі за якую-небудзь тоўстую і чырвонашчокую салдатку, або ўпадабаліся лясному валацугу скураныя твае рукавіцы і тройка прысадзістых, але дужых конікаў, ці, можа, і сам, лежачы на палатках думаў, думаў, ды ні з таго, ні з другога завярнуў у карчму, а потым проста ў палонку, і памінай як звалі. Эх, рускі народзец! не любіць паміраць сваёю смерцю! А вы што, мае галубкі?» гаварыў ён далей, пераводзячы вочы на паперку, дзе былі перамечаны беглыя душы Плюшкіна: «вы хоць і жывыя яшчэ, а што з вас карысці! тое-ж, што і мёртвыя, і дзе-ж носяць вас цяпер вашы шпаркія ногі? Ці вам дрэнна было ў Плюшкіна, або, проста, па сваёй ахвоце гуляеце па лясах ды абдзіраеце праезджых? Ці сядзіце па турмах, ці прысталі да іншых паноў і працуеце на зямлі? Ерамей Каракін, Мікіта Валакіта, сын яго Антон Валакіта — гэтыя, і па прозвішчу відаць, што добрыя бегуны. Папоў, дваровы чалавек, павінен быць добра пісьменным: нажа, пэўна, не ўзяў у рукі, але пракраўся самым сумленным чынам. Але вось ужо цябе бяспашпартнага злавіў капітан-спраўнік. Ты стаіш бадзёра на вочнай стаўцы. «Чый ты?» кажа капітан-спраўнік, загнуўшы табе пры гэтым зручным выпадку такое-сякое моцнае слоўца. «Такога вось і такога памешчыка», адказваеш ты шпарка. «Чаго ты тут?» кажа капітан-спраўнік. «Адпушчаны на аброк», адказваеш ты без затрымкі. «Дзе твой пашпарт?» — «У гаспадара, мешчаніна Піменава». — «Паклікаць Піменава! Ты Піменаў?» — «Я Піменаў». — «Даваў ён табе пашпарт свой?» — «Не, не даваў ён мне ніякага пашпарта». — «Што-ж ты хлусіш?» кажа капітан-спраўнік з дадаткам такога-сякога моцнага слоўца. «Так точна», адказваеш ты, «я не даваў яму, бо прышоў дамоў позна, а аддаў часова Анціпу Прохараву, званару». — «Паклікаць званара! Даваў ён табе пашпарт?» — «Не, не браў ад яго пашпарта». — «Што-ж ты зноў хлусіш?» кажа капітан-спраўнік, змацаваўшы размову такім-сякім моцным слоўцам. «Дзе-ж твой пашпарт?» — «Ён у мяне быў», гаворыш ты спрытна, «ды, мусібыць, відаць, як-небудзь дарогай згубіў яго». — «А салдацкі шынель», кажа капітан-спраўнік, прыпусціўшы табе зноў у прыдачу такое-сякое моцнае слоўца: «навошта сцягнуў? і ў папа таксама скрынку з мядзянымі грашыма?..» — «Зусім не», кажаш ты, не зварухнуўшыся, «у зладзейскай справе ніколі яшчэ не быў». — «А чаму-ж шынель знайшлі ў цябе?» — «Не магу знаць: мабыць, хто-небудзь другі прынёс яго». — «Ах ты, шэльма, шэльма!» кажа капітан-спраўнік, ківаючы галавой і ўзяўшыся ўбокі. «А набіце яму на ногі калодкі, ды завядзіце ў астрог». — «Калі ласка! я з прыемнасцю», адказваеш ты. I вось, дастаўшы з кішэні табакерку, ты частуеш прыязна нейкіх двух інвалідаў, якія набіваюць на цябе калодкі, і распытваеш іх, ці даўно яны ў атстаўцы і на якой вайне былі. I вось ты сабе жывеш у астрозе, пакуль у судзе праходзіць твая справа. I піша суд: адправіць цябе з Царэвакакшайска ў астрог такога і такога горада, а той суд піша зноў: адправіць цябе ў які-небудзь Весьегонск, і ты пераязджаеш сабе з астрога ў астрог і кажаш, аглядаючы новае жытло: «Не, вось весьегонскі астрог ямчэй: там хоць і ў бабкі, дык ёсць месца, ды і кампанія большая!» Абакум Фыраў! ты, брат, што? дзе, у якіх месцах бадзяешся? Ці цябе занесла на Волгу, і ўпадабаў ты вольнае жыццё, прыстаўшы да бурлакоў?..» Тут Чычыкаў спыніўся і крыху задумаўся. Над чым ён задумаўся? Ці задумаўся ён над лёсам Абакума Фырава, ці задумаўся так сам сабой, як задумваецца кожны рускі, якія-б ні меў гады, чын і маёмасць, калі пачне меркаваць аб разгуле шырокага жыцця. I сапраўды, дзе цяпер Фыраў? гуляе шумна і весела на хлебнай прыстані, наняўшыся ў купцоў. Кветкі і істужкі на капелюшы, весяліцца ўся бурлацкая ватага, развітваючыся з каханкамі і жонкамі, высокімі, стройнымі, у істужках і маністах; карагоды, песні, кіпіць уся плошча, а насільшчыкі тым часам пры крыках, лаянцы і панукванні, начэпліваючы кручком па дзесяць пудоў сабе на спіну, з шумага сыплюць гарох і пшаніцу ў глыбокія судны, валяць мяшкі а аўсом і крупамі, і далёка відаць па ўсёй плошчы кучы наваленых у піраміду, як ядры, мяхоў, і аграмадна выглядае ўвесь хлебны арсенал, пакуль не перагрузіцца ўвесь у глыбокія судны-суракі [42 ] і не паімчыцца гужам разам з вясеннімі ільдамі бясконцы флот. Там дык вы напрацуецеся, бурлакі! і дружна, як раней гулялі і дурэлі, возьмецеся за працу і пот, цягнучы лямку пад адну бясконцую, як Русь, песню.
«Эхэ, хэ! дванаццаць гадзін!» сказаў, нарэшце, Чычыкаў, зірнуўшы на гадзіннік. «Што-ж я так закапаўся? Ды яшчэ хоць-бы справай займаўся, а то ні з таго, ні з сяго, спачатку загарадзіў глупства, а потым задумаўся. Гэтакі я дурань сапраўды!» Сказаўшы гэта, ён перамяніў сваё шатландскае ўбранне на еўрапейскае, сцягнуў мацней спражкай свой поўны жывот, спрыснуў сябе адэкалонам, узяў у рукі цёплую шапку і паперы падпаху і пайшоў у грамадзянскую палагу складаць купчую. Ён спяшаўся не таму, што баяўся спазніцца, спазніцца ён не баяўся, бо старшыня быў чалавек знаёмы і мог працягнуць і скараціць згодна яго жадання прысуцтвіе, падобна старадаўняму Зевесу Гамера, які працягваў дні і насылаў хуткія ночы, калі трэба было спыніць бой любых яму герояў, ці даць ім сродак скончыць бойку, але ён сам у сабе адчуваў жаданне як мага хутчэй прывесці справы да канца; да таго-ж часу яму здавалася ўсё неяк неспакойна і нялоўка; усё-ж прыходзіла думка: што душы не зусім сапраўдныя, і што ў падобных выпадках такую мароку заўсёды трэба хутчэй збываць з рук. Не паспеў ён выйсці на вуліцу, разважаючы пра ўсё гэта і ў той-жа час цягнучы на плячах мядзведзя, крытага карычневым сукном, як на самым павароце ў завулак спаткаўся таксама з панам у мядзведзях, крытых карычневым сукном, і ў цёплай шапцы з вушамі. Пан ускрыкнуў, гэта быў Манілаў. Яны схапілі тут-жа адзін аднаго ў абдымкі і хвілін пяць стаялі на вуліцы ў такім стане. Пацалункі з абодвух бакоў былі такія моцныя, што ў абодвух амаль увесь дзень балелі пярэднія зубы. У Манілава ад радасці засталіся на твары толькі нос ды губы, вочы зусім зніклі. З чвэрць гадзіны трымаў ён абодвума рукамі руку Чычыкава і нагрэў яе страшэнна. У выразах самых тонкіх і прыемных ён расказваў, як ляцеў абняць Паўла Іванавіча; размова была закончана такім кампліментам, які пасаваў хіба толькі да дзяўчыны, з якой ідуць танцаваць. Чычыкаў разявіў рот, яшчэ не ведаючы сам, як дзякаваць, як раптам Манілаў дастаў з-пад шубы паперу, скручаную ў трубачку і звязаную ружовай істужачкай.
«Гэта што?»
«Мужычкі».
«А!» Ён тут-жа разгарнуў яе, прабег вачамі і падзівіўся чыстаце і прыгажосці почарку «Слаўна напісана», сказаў ён, «не трэба і перапісваць. Яшчэ і аблямоўка навокал! Хто гэта так па-майстэрску зрабіў аблямоўку?»
«I не пытайце ўжо», сказаў Манілаў.
«Вы?»
«Жонка».
«Ах божа мой! Мне, дапраўды, няёмка, што нарабіў столькі клопату».
«Для Паўла Іванавіча не існуе клопату».
Чычыкаў пакланіўся з удзячнасцю. Даведаўшыся, што ён ішоў у палату для складання купчай, Манілаў выказаў гатоўнасць яго праводзіць. Прыяцелі ўзяліся пад рукі і пайшлі разам. Пры ўсякім невялічкім падвышэнні, узгорачку, ці сходачцы, Манілаў падтрымліваў Чычыкава і амаль прыпадымаў яго рукою, дадаючы з прыемнай усмешкаю, што ён ніяк не дапусціць, каб Павел Іванавіч ударыў свае ножкі. Чычыкаў сароміўся, ён не ведаў, як дзякаваць, бо адчуваў, што быў крыху цяжкаваты. Ва ўзаемных паслугах яны дайшлі, нарэшце, да плошчы, дзе знаходзіліся прысуцтвенныя месцы — вялікі трохпавярховы каменны дом, увесь белы, як крэйда, пэўна каб паказаць чыстату душ на тых пасадах, якія ў ім змяшчаліся; іншыя будынкі на плошчы не адпавядалі па велічыні каменнаму дому. Гэта былі: вартавая будка, каля якой стаяў салдат са стрэльбай, дзве-тры рамізніцкія біржы, і, нарэшце, доўгія парканы з вядомымі парканнымі надпісамі і рысункамі, надрапанымі вугалем і крэйдай; больш не знаходзілася нічога на гэтай адзінотнай ці, як у нас кажуць, прыгожай плошчы. З акон другога і трэцяга паверха высоўваліся непадкупныя галовы жрацоў Феміды [43 ], і ў тую-ж хвіліну хаваліся зноў, мабыць у гэты час уваходзіў у паной начальнік. Прыяцелі не ўзыйшлі, а ўзбеглі па лесніцы, таму што Чычыкаў, стараючыся пазбегнуць падтрымлівання пад рукі з боку Манілава, прыспешваў крок, а Манілаў таксама з свайго боку ляцеў наперад, стараючыся не дазволіць Чычыкаву стаміцца, і дзеля гэтага абодва засапліся вельмі моцна, калі ўвайшлі ў цёмны карыдор. Ні ў карыдорах, ні ў пакоях зрок іх не быў здзіўлены чыстатою. Тады яшчэ не клапаціліся аб ёй; і тое, што было брудным, так і заставалася брудным, не прымаючы прывабнага выгляду. Феміда проста, як ёсць, у негліжэ [44 ] і халаце прымала гасцей. Трэба было-б апісаць канцылярскія пакоі, якімі праходзілі нашы героі, але аўтар адчувае вялікую баязлівасць да ўсіх прысуцтвенных месцаў. Калі і здаралася яму праходзіць іх нават у бліскучым і аблагароджаным выглядзе з лакіраванай падлогай і сталамі, ён стараўся прабегчы як мага хутчэй, пакорна апусціўшы і панурыўшы вочы ў зямлю, а таму зусім не ведае, як там усё благадзенствуе і квітнее. Героі нашы бачылі шмат паперы, і чарнавой і белай, схіленыя галовы, шырокія патыліцы, фракі сурдуты губернскага пакрою і нават проста нейкую светлашэрую куртку, якая выдзялялася вельмі рэзка: яна, звярнуўшы галаву набок і палажыўшы яе амаль на самую паперу, выпісвала спрытна і размашыста які-небудзь пратакол пра адцягванне зямлі ці апісванне маёнтка, захопленага якім-небудзь мірным памешчыкам, які спакойна дажывае свой век пад судом, нажыў сабе і дзяцей і ўнукаў пад яго затулай, ды чуліся ўрыўкамі кароткія выразы, што вымаўляліся хрыплым голасам: «Пазычце, Федасей Федасеевіч, справу за № 368!» «Вы заўсёды куды-небудзь дзенеце корак з казённай чарнільніцы!» Часам голас больш велічны, без сумнення, аднаго з начальнікаў, гучаў загадна: «На, перапішы! а то знімуць боты і пасядзіш ты ў мяне шэсць сутак не еўшы». Шум ад пёраў быў вялікі і падобны на тое, як быццам-бы некалькі вазоў з сухастоем праязджалі лес, завалены на чвэрць аршына сухім лісцем.
Чычыкаў і Манілаў падышлі да першага стала, дзе сядзелі два чыноўнікі яшчэ юнацкіх гадоў, і запыталі: «Дазвольце даведацца, дзе тут справы па крэпасцях?»
«А што вам трэба?» сказалі абодва чыноўнікі, адвярнуўшыся.
«А мне трэба падаць просьбу».
«А што вы купілі такое?»
«Я хацеў-бы перш ведаць, дзе крэпасны стол — тут ці ў іншым месцы?»
«Дык скажыце перш, што купілі і за якую цану, дык мы вам тады і скажам дзе, а так нельга ведаць».
Чычыкаў зараз-жа ўбачыў, што чыноўнікі былі проста цікаўныя, падобна ўсім маладым чыноўнікам, і хацелі надаць больш вагі і значэння сабе і сваім заняткам.
«Слухайце, даражэнькія», сказаў ён, «я вельмі добра ведаю, што ўсе справы па крэпасцях, на якую-б ні было цану, знаходзяцца ў адным месцы, а таму прашу вас паказаць нам стол, а калі вы не ведаеце, што ў вас робіцца, дык мы запытаем у іншых». Чыноўнікі на гэта нічога не адказалі, адзін з іх толькі тыцнуў пальцам у куток пакоя, дзе сядзеў за сталом нейкі стары, які перанумароўваў нейкія паперы. Чычыкаў і Манілаў прайшлі паміж сталамі да яго. Стары займаўся вельмі ўважліва.
«Дазвольце даведацца», сказаў Чычыкаў з паклонам, «тут справы па крэпасцях?»
Стары падняў вочы і сказаў павольна: «Тут няма спраў па крэпасцях».
«А дзе-ж?»
«Гэта ў крэпасной экспедыцыі».
«А дзе-ж крэпасная экспедыцыя?»
«Гэта ў Івана Антонавіча».
«А дзе-ж Іван Антонавіч?»
Стары тыцнуў пальцам у другі куток пакоя. Чычыкаў і Манілаў накіраваліся да Івана Антонавіча. Іван Антонавіч ужо запусціў адно вока назад і зірнуў на іх скоса, але ў тую-ж хвіліну яшчэ больш уважліва паглыбіўся ў пісаніну.
«Дазвольце даведацца», сказаў Чычыкаў з паклонам, «тут крэпасны стол?»
Іван Антонавіч як быццам і не чуў і паглыбіўся зусім у паперы, не адказваючы нічога. Відаць было адразу, што гэта быў ужо чалавек спаважных гадоў, не тое, што малады балбатун і шылахвост. Іван Антонавіч, здавалася, меў ужо далёка за сорак год; волас на ім быў чорны, густы; уся сярэдзіна твару выступала ў яго наперад і пайшла ў нос, словам гэта быў той твар, які называюць у штодзённым жыцці гладышовым рылам.
«Дазвольце даведацца, тут крэпасная экспедыцыя?» сказаў Чычыкаў.
«Тут», сказаў Іван Антонавіч, павярнуўшы сваё гладышовае рыла, і ўзяўся зноў пісаць.
«А ў мяне справа вось якая: купіў я ў розных уласнікаў тутэйшага павета сялян на вывад: купчая ёсць, застаецца змацаваць».
«А прадаўцы тут?»
«Некаторыя тут, а ад астатніх даручэнні».
«А просьбу прынеслі?»
«Прынёс і просьбу. Я хацеў-бы.. мне трэба спяшацца... дык ці нельга, напрыклад, скончыць справу сёння?»
«Так, сёння! Сёння нельга», сказаў Іван Антонавіч. «Трэба сабраць яшчэ даведкі, ці няма яшчэ забарон».
«Між іншым, што да таго, каб прыспешыць справу, дык Іван Грыгор’евіч, старшыня, мне вялікі друг...»
«Дык Іван-жа Грыгор’евіч не адзін, бываюць і другія», сказаў сурова Іван Антонавіч.
Чычыкаў зразумеў закавычку, якую загнуў Іван Антонавіч, і сказаў: «Другія таксама не будуць пакрыўджаны, я сам: служыў, справу ведаю...»
«Ідзіце да Івана Грыгор’евіча», сказаў Іван Антонавіч голасам крыху ласкавейшым, «няхай ён дасць загад, каму трэба, а за намі справа не пастаіць».
Чычыкаў, дастаўшы з кішэні паперку, палажыў яе перад Іванам Антонавічам, якой той зусім не заўважыў і накрыў зараз-жа яе кнігай. Чычыкаў хацеў быў паказаць яму яе, але Іван Антонавіч рухам галавы даў зразумець, што не трэба паказваць.
«Вось, ён вас правядзе ў прысуцтвіе!» сказаў Іван Антонавіч, кіўнуўшы галавой, і адзін са свяшчэннадзеючых, быўшых тут-жа, які з такой стараннасцю прыносіў ахвяры Фемідзе, што абодва рукавы лопнулі на локцях і даўно лезла адтуль падкладка, за што атрымаў у свой час калежскага рэгістратара, прыслужыўся нашым прыяцелям, як калісьці Віргілій прыслужыўся Данту, і правёў іх у пакой прысуцтвія, дзе стаялі адны толькі шырокія крэслы, і ў іх перад сталом за зерцалам [45 ] і двума тоўстымі кнігамі сядзеў адзін, як сонца, старшыня. У гэтым месцы новы Віргілій адчуў такую глыбокую пачцівасць, што ніяк не асмеліўся паставіць туды нагу і павярнуў назад, паказаўшы сваю спіну, выцертую, як рагожка, з прыліпшым недзе курыным пяром. Увайшоўшы ў залу прысуцтвія, яны ўбачылі, што старшыня быў не адзін, каля яго сядзеў Сабакевіч, зусім заслонены зерцалам. Прыход гасцей выклікаў выгукі, урадавыя крэслы былі адсунуты з шумам. Сабакевіч таксама крыху ўзняўся з крэсла і стаў відзен з усіх бакоў з доўгімі сваімі рукавамі. Старшыня схапіў Чычыкава ў абдымкі, і ў пакоі прысуцтвія пачуліся гукі пацалункаў; запыталі адзін другога пра здароўе; выявілася, што ў абодвух крыху баліць паясніца, што тут-жа было аднесена на кошт сядзячага жыцця. Старшыня, здавалася, ужо ведаў аб пакупцы ад Сабакевіча, бо пачаў віншаваць, што спачатку крыху збянтэжыла нашага героя, асабліва калі ён убачыў, што і Сабакевіч і Манілаў, абодва прадаўцы, з якімі справа была ўладжана келейна, цяпер стаялі разам твар да твару. Аднак-жа ён падзякаваў старшыні і, звярнуўшыся тут-жа да Сабакевіча, запытаў:
«А ваша як здароўе?»
«Дзякуй богу, не паскарджуся», сказаў Сабакевіч. I сапраўды, не было на што скардзіцца: хутчэй жалеза магло прастудзіцца і кашляць, чым гэты на дзіва сфармаваны памешчык.
«Так, вы заўсёды славіліся здароўем», сказаў старшыня: «і нябожчык ваш бацюхна быў таксама моцны чалавек».
«Так, на мядзведзя адзін хадзіў», адказаў Сабакевіч.
«Мне здаецца, аднак-жа», сказаў старшыня, «вы-б таксама павалілі мядзведзя, калі-б захацелі выйсці супроць яго».
«Не, не павалю», адказаў Сабакевіч, «нябожчык быў мацней за мяне», і, уздыхнуўшы, гаварыў далей: «Не, цяпер не тыя людзі; вось хоць і маё жыццё, што за жыццё? так неяк сабе...»
«Чым-жа кепскае ваша жыццё?» сказаў старшыня.
«Нядобра, нядобра», сказаў Сабакевіч, паківаўшы галавой. «Вы памяркуйце, Іван Грыгор’евіч: пяты дзесятак жыву, ні разу не быў хворы, хоць-бы галава забалела, скула ці балячка выскачыла... Не, не на дабро! Калі-небудзь давядзецца разлічыцца за гэта». Тут Сабакевіч паглыбіўся ў меланхолію.
«Дзівак!» падумалі ў адзін час і Чычыкаў і старшыня, «на што ўздумаў наракаць!»
«Да вас у мяне ёсць пісямко», сказаў Чычыкаў, дастаўшы з кішэні ліст Плюшкіна.
«Ад каго?» сказаў старшыня і, распячатаўшы, ускрыкнуў: «А! ад Плюшкіна. Ён яшчэ да гэтага часу гібее на свеце. Вось лёс, а які-ж быў разумны, багацейшы чалавек! а цяпер...»
«Сабака», сказаў Сабакевіч, «шэльма, усіх людзей перамарыў голадам».
«Калі ласка, калі ласка», сказаў старшыня, прачытаўшы ліст: «я гатоў быць павераным. Калі вы хочаце зрабіць купчую—цяпер ці пасля?»
«Цяпер», сказаў Чычыкаў: «я буду прасіць нават вас, калі можна, сёння; таму што мне заўтра хацелася-б выехаць з горада: я прынёс і крэпасці і просьбу».
«Усё гэта добра, толькі ўжо як хочаце, мы вас не выпусцім так рана. Крэпасці будуць зроблены сёння, а вы ўсё-такі з намі пажывіце. Вось я зараз аддам загад», сказаў ён і адчыніў дзверы ў канцылярскі пакой, увесь напоўнены чыноўнікамі, якія былі падобны да працавітых пчол, што рассыпаліся па сотах, калі толькі соты можна прыраўняць да канцылярскіх спраў: «Іван Антонавіч тут?»
«Тут!» адгукнуўся голас з сярэдзіны.
«Паклічце яго сюды!»
Ужо вядомы чытачам Іван Антонавіч гладышовае рыла з’явіўся ў зале прысуцтвія і пачціва пакланіўся.
«Вось вазьміце, Іван Антонавіч, усе гэтыя крэпасці іх...»
«Ды не забудзьце, Іван Грыгор’евіч», падхапіў Сабакевіч: «трэба будзе сведак, хоць па два з кожнага боку. Пашліце цяпер-жа да пракурора: ён чалавек не заняты і, пэўна, сядзіць дома, за яго ўсё робіць страпчы Залатуха, найбольшы хапуга ў свецві Інспектар урачэбнай управы, ён таксама чалавек не заняты і, пэўна, дома, калі не паехаў куды-небудзь гуляць у карты, ды яшчэ тут шмат ёсць, хто бліжэй, Трухачэўскі, Бягушкін, яны ўсе марна абцяжваюць зямлю!»
«Іменна, іменна!» сказаў старшыня і зараз-жа паслаў па іх усіх канцылярскага.
«Яшчэ я папрашу вас», сказаў Чычыкаў, «пашліце па паверанага адной памешчыцы, у якой я таксама зрабіў пакупку, сына пратапопа айца Кірыла; ён служыць у вас-жа».
«Як-жа, пашлем і па яго!» сказаў старшыня: «усё будзе зроблена, а чыноўным вы нікому не давайце нічога, аб гэтым я вас прашу. Прыяцелі мае не павінны плаціць». Сказаўшы гэта, ён тут-жа даў Івану Антонавічу нейкі загад, які, відаць, таму не спадабаўся. Крэпасці зрабілі, здаецца, добры ўплыў на старшыню, асабліва калі ён убачыў, што ўсіх пакупак было амаль на сто тысяч рублёў. Некалькі хвілін ён глядзеў у вочы Чычыкаву з выразам вялікай прыемнасці, і нарэшце сказаў: «Ды вось як! Гэтакім-вось чынам, Павел Іванавіч! дык вось вы набылі».
«Набыў», адказаў Чычыкаў.
«Добрая справа, дапраўды добрая справа!»
«Так, я сам бачу, што больш добрай справы не мог-бы зрабіць. Як-бы там ні было, мэта чалавека ўсё яшчэ не акрэслена, калі ён не стаў нарэшце цвёрдай нагой на трывалы грунт, а не на якую-небудзь вольнадумную хімеру юнацтва». Тут ён вельмі дарэчы вылаяў за лібералізм, і па заслугах усіх маладых людзей. Але цікава, што ў словах яго была ўсё-ж нейкая няцвёрдасць, як быццам тут-жа сказаў ён сам сабе: «Эх, брат, хлусіш ты, ды яшчэ і як!» Ён нават не глянуў на Сабакевіча і Манілава, баючыся што-небудзь спаткаць на іх тварах. Але дарэмна баяўся ён: твар Сабакевіча не варухнуўся, а Манілаў, зачараваны фразаю, ад прыемнасці толькі ківаў ухвальна галавой, паглыбіўшыся ў такі настрой, у якім знаходзіцца знаўца музыкі, калі спявачка перасіліла самую скрыпку і піскнула такую тонкую ноту, што не пад сілу і птушынаму горлу.
«Ды што-ж вы не скажаце Івану Грыгор’евічу», абазваўся Сабакевіч: «што такое іменна вы набылі; а вы, Іван Грыгор’евіч, што вы не запытаеце, які набытак яны зрабілі? Гэта-ж які народ! проста золата. Я-ж ім прадаў і карэтніка Міхеева».
«Не, быццам і Міхеева прадалі?» сказаў старшыня. «Я ведаю карэтніка Міхеева: слаўны майстар: ён мне дрожкі перарабіў. Толькі дазвольце, як-жа... Вы-ж мне казалі, што ён памёр...»
«Хто, Міхееў памёр?» сказаў Сабакевіч, ніколькі не збянтэжыўшыся. «Гэта яго брат памёр, а ён жыве хоць-бы што і зрабіўся здаравей як быў. Днямі такую брычку змайстраваў, што і ў Маскве не зробяць. Яму, праўду кажучы, толькі на аднаго гасудара і працаваць».
«Так, Міхееў слаўны майстар», сказаў старшыня: «і я дзіўлюся нават, як вы маглі з ім расстацца».
«Ды быццам адзін Міхееў! А Пробка Сцяпан, цясляр, Мілушкін цагельнік, Цялятнікаў Максім шавец, усе-ж пайшлі, усіх прадаў». А калі старшыня запытаў, чаму-ж яны пайшлі, будучы людзьмі патрэбнымі дома і майстрамі, Сабакевіч адказаў, махнуўшы рукой: «А! так проста найшла дурасць: дай, кажу, прадам, ды і прадаў здуру!» Пасля гэтага ён апусціў галаву, як быццам сам каяўся ў гэтай справе, і дадаў: «Вось і сівы чалавек, а да гэтай пары не набраўся розуму».
«Але дазвольце, Павел Іванавіч», сказаў старшыня: «як-жа вы купляеце сялян, без зямлі? хіба на вывад?»
«На вывад».
«Ну, на вывад другая справа. А ў якія месцы?»
«У месцы... у Херсонскую губерню».
«О, там выдатныя землі!» сказаў старшыня і адазваўся з вялікай пахвалай наконт росту тамашніх траў.
«А зямлі ў дастатковай колькасці?»
«У дастатковай, столькі колькі трэба для купленых сялян»
«Рака ці ставок?»
«Рака. Між іншым і ставок ёсць». Сказаўшы гэта, Чычыкаў зірнуў ненарокам на Сабакевіча, і хоць Сабакевіч быў паранейшаму нерухомы, але яму здавалася, быццам-бы было «апісана на твары яго: «Ой хлусіш ты! наўрад ці ёсць рака, і ставок, ды і ўся зямля!»
Пакуль цягнуліся размовы, пачалі пакрысе з’яўляцца сведкі: знаёмы чытачу пракурор-міргун, інспектар урачэбнай управы, Трухачэўскі, Бягушкін і іншыя, што, паводле слоў Сабакевіча, марна абцяжваюць зямлю. Многія з іх былі зусім незнаёмы Чычыкаву: неставаўшых і лішніх набралі тут-жа з палацкіх чыноўнікаў. Прывялі таксама не толькі сына пратапопа айца Кірылы, але нават і самога пратапопа. Кожны з сведак змясціў сябе з усімі сваімі званнямі і чынамі, хто абаротным шрыфтам, хто касякамі, хто, проста, ледзь не дагары нагамі, ставячы такія літары, якіх нават і не здаралася бачыць у рускім алфавіце. Вядомы Іван Антонавіч управіўся вельмі жвава, крэпасці былі запісаны, занумараваны, занесены ў кнігу і куды след, з прыняццем поўпроцантавых і за надрукаванне ў Ведамасцях, і Чычыкаву давялося заплаціць самую дробязь. Старшыня нават даў загад з пошлінных грошай узяць з яго толькі палавіну, а другая невядома якім чынам была аднесена на кошт нейкага другога просьбіта.
«Такім чынам», сказаў старшыня, калі ўсё было скончана: «застаецца цяпер толькі спрыснуць пакупачку».
«Я гатоў», сказаў Чычыкаў. «Ад вас залежыць толькі вызначыць час. Быў-бы грэх з майго боку, калі-б для гэтакай прыемнай кампаніі ды не адкаркаваць другую-трэцюю бутэлечку шыпучага».
«Не, вы не так зразумелі справу: шыпучага мы самі паставім», сказаў старшыня: «гэта наш абавязак, наш доўг. Вы ў нас госць: нам належыць частаваць. Ці ведаеце што, панове! Пакуль што, а мы вось як зробім: пойдзем усе, так як ёсць, да паліцэймейстара; ён у нас цудадзей: яму варта толькі міргнуць, праходзячы паўз рыбны рад ці склеп, дык мы, ці ведаеце, як закусім! ды з гэтага выпадку і ў вісцішку».
Ад такой прапановы ніхто не мог адмовіцца. Сведкі пры адным найменаванні рыбнага раду адчулі апетыт: зараз-жа ўзяліся ўсе за шапкі, і прысуцтвіе скончылася. Калі праходзілі яны канцылярыю, Іван Антонавіч гладышовае рыла, пачціва пакланіўшыся, сказаў ціхенька Чычыкаву: «Сялян накупілі на сто тысяч, а за працу далі толькі адну беленькую».
«Ды якія-ж сяляне», адказаў яму на гэта таксама шэптам Чычыкаў: «самы пусты і нікчэмны народ, і палавіны не варт». Іван Антонавіч зразумеў, што наведвальнік быў цвёрдага характару і больш не дасць.
«А па колькі купілі душу ў Плюшкіна?» шапянуў яму на другое вуха Сабакевіч.
«А Вераб’я навошта прыпісалі?» сказаў яму ў адказ на гэта Чычыкаў.
«Якога Вераб’я?» сказаў Сабакевіч.
«Ды бабу, Елізавету Вераб’я, яшчэ і літару ъ паставілі на канцы».
«Не, ніякага Вераб’я я не прыпісваў», сказаў Сабакевіч і адышоў да іншых гасцей.
Госці дабраліся, нарэшце, грамадой да дому паліцэймейстара. Паліцэймейстар, сапраўды, быў цудадзей: як толькі пачуў ён, у чым справа, у тую-ж хвіліну гукнуў квартальнага, спрытнага хлопца ў лакірованых батфортах, і, здаецца, усяго два словы шапянуў яму на вуха, ды дадаў толькі: «разумееш!», а ўжо там, у другім пакоі, за той час, як госці рэзаліся ў віст, з’явіліся на стале бялуга, асятры, сёмга, ікра паюсная, ікра свежапрасольная, селядцы, сяўружкі, сыры, вэнджаныя языкі і балыкі, гэта ўсё было з боку рыбнага раду. Потым з’явіліся дадаткі з гаспадаровага боку, вырабы кухні: пірог з галавізнаю, куды ўвайшлі храсток і шчокі дзевяціпудовага асятра, другі пірог з груздамі, пражанцы [46 ], маслянцы [47 ], узваранцы [48 ]. Паліцэймейстар быў некаторым чынам бацька і дабрадзей у горадзе. Ён быў сярод грамадзян зусім як у роднай сям’і, а ў крамы і ў гандлёвы двор наведваўся, як ва ўласную кладоўку. Наогул ён сядзеў, як кажуць, на сваім месцы і пасадай сваёй авалодаў дасканала. Цяжка было нават і вырашыць, ці ён быў створаны для месца, ці месца для яго. Справа кіравалася так разумна, што ён меў прыбыткаў удвая больш супроць усіх сваіх папярэднікаў, а між іншым заслужыў любоў усяго горада. Купцы першыя яго вельмі любілі, іменна за тое, што не горды; і сапраўды, ён хрысціў у іх дзяцей, куміўся з імі і хоць дзёр часам з іх моцна, але неяк надзвычай спрытна: і па плячу паляпае, і засмяецца, і чаем напоіць, паабяцае і сам прыйсці пагуляць у шашкі, распытае аб усім: як справы, што і як. Калі даведаецца, што дзіцянё як-небудзь захварэла, і лекі параіць, словам, маладзец!
Паедзе па дрожках, навядзе парадак, а між тым і слоўца прамовіць таму-другому: «Што, Міхеіч! трэба было-б нам з табою дагуляць калі-небудзь у горку?» — «Так, Аляксей Іваныч». адказваў той, здымаючы шапку: «трэба было-б». — «Ну, брат Ілья Парамоныч, прыходзь да мяне паглядзець рысака: навыперадкі з тваім пойдзе, ды і свайго запражы ў бегавыя; паспрабуем». Купец, які на рысаку быў памешаны, усміхаўся на гэта, як кажуць, з асаблівай ахвотай, і, гладзячы бараду, гаварыў: «Паспрабуем, Аляксей Іваныч!» Нават усе сядзельцы, звычайна зняўшы шапкі, са здавальненнем пазіралі адзін на аднаго і як быццам хацелі сказаць: «Аляксей Іванавіч добры чалавек!» Словам, ён паспеў набыць шырокую вядомасць, і думка купцоў была такая, што Аляксей Іванавіч «хоць яно і возьме, але затое ніяк ужо цябе не выдасць».
Заўважыўшы, што закуска была гатова, паліцэймейстар прапанаваў гасцям скончыць віст пасля снедання, і ўсе пайшлі ў той пакой, адкуль ішоў прыемны пах, што даўно казытаў ноздры гасцей, і куды Сабакевіч даўно ўжо заглядаў праз дзверы, нацэліўшыся здалёк на асятра, які ляжаў убаку на вялікім блюдзе. Госці, выпіўшы па чарцы гарэлкі цёмнага, аліўкавага колеру, які бывае толькі на сібірскіх празрыстых каменнях, з якіх рэжуць на Русі пячаткі, падступілі з усіх бакоў з відэльцамі да стала і пачалі выяўляць, як кажуць, кожны свой характар і нахілы, націскаючы хто на ікру, хто на сёмгу, хто на сыр. Сабакевіч, пакінуўшы без усякай увагі ўсе гэтыя дробязі, прымайстраваўся да асятра, і пакуль тыя пілі, размаўлялі і елі, ён за чвэртку гадзіны з нечым даехаў яго ўсяго, так што калі паліцэймейстар успомніў аб ім, і, сказаўшы: «а якім вам, панове, здасца вось гэта стварэнне прыроды?» падышоў да яго з відэльцам разам з іншымі, дык убачыў, што ад стварэння прыроды застаўся толькі адзін хвост; а Сабакевіч прытаіўся, як быццам і не ён, і, падышоўшы да талеркі, якая была далей ад іншых, пароў відэльцам у нейкую сушаную, маленькую рыбку. Увабраўшы асятра, Сабакевіч сеў у крэсла і ўжо больш не еў, не піў, а толькі жмурыў і лыпаў вачамі. Паліцэймейстар, здаецца, не любіў шкадаваць віна; тостам не было ліку. Першы тост быў выпіт, як чытачы, можа, і самі здагадаюцца, за здароўе новага херсонскага памешчыка, потым за добрабыт сялян яго і шчаслівае іх перасяленне, потым за здароўе будучай яго жонкі красуні, што сарвала прыемную ўсмешку з вуснаў нашага героя. Прыступілі да яго з усіх бакоў і сталі моцна прасіць застацца хоць на два тыдні ў горадзе: «Не, Павел Іванавіч: як вы сабе хочаце, гэта выходзіць хату толькі астуджваць: на парог ды і назад! Не, вы правядзіце час з намі! Вось мы вас ажэнім; праўда, Іван Грыгор’евіч, ажэнім яго?»
«Ажэнім, ажэнім!» падхапіў старшыня. «Як ні ўпірайцеся ўжо рукамі і нагамі, мы вас ажэнім! Не, бацюхна, трапілі вы сюды, дык не скардзіцеся. Мы жартаваць не любім».
«Што-ж? навошта ўпірацца рукамі і нагамі», сказаў, усміхнуўшыся, Чычыкаў: «жаніцьба яшчэ не такая рэч, каб тое... была-б нявеста».
«Будзе і нявеста, як не быць, усё будзе, усё, што хочаце!..»
«А калі будзе...»
«Брава, застаецца!» закрычалі ўсе: «віват, ура, Павел Іванавіч! ура!» I ўсе падышлі да яго чокацца з бакаламі ў руках. Чычыкаў перачокаўся з усімі. «Не, не, яшчэ!» гаварылі тыя, што былі больш задзёрыстымі, і зноў перачокаліся; потым палезлі трэці раз чокацца, перачокаліся і трэці раз, Праз кароткі час усім зрабілася надзвычай весела. Старшыня, які быў вельмі мілы чалавек, калі развесяліўся, абнімаў некалькі разоў Чычыкава, гаворачы ў сардэчным парыванні: «Душа ты мая! мамачка мая!» і нават, пстрыкнуўшы пальцамі, пусціўся ў скокі вакол яго, прыпяваючы вядомую песню: «Ах такі ды гэтакі, камарынскі мужык!» Пасля шампанскага раскаркавалі венгерскае, якое надало яшчэ больш духу і развесяліла кампанію. Пра віст зусім забылі, спрачаліся, крычалі, гаварылі пра ўсё, пра палітыку, нават пра ваенную справу, выказвалі вольныя думкі, за якія ў другі час самі-б высеклі сваіх дзяцей. Вырашылі тут мноства самых складаных пытанняў. Чычыкаў ніколі не адчуваў сябе ў такім вясёлым настроі, уяўляў сябе ўжо сапраўдным херсонскім памешчыкам, гаварыў аб розных палепшаннях: аб трохпольнай гаспадарцы, аб шчасці і блажэнстве двух душ, і пачаў чытаць Сабакевічу пасланне ў вершах Вертэра да Шарлоты [49 ], на якое той толькі лыпаў вачамі, седзячы ў крэсле, бо пасля асятра адчуваў вялікую цягу да сну. Чычыкаў скеміў і сам, што пачаў ужо занадта разыходзіцца, папрасіў экіпажа і пакарыстаўся пракурорскімі дрожкамі. Пракурорскі фурман, як выявілася ў дарозе, быў чалавек спрактыкаваны, дзеля таго што кіраваў адной толькі рукой, а другой, залажыўшы яе назад, прытрымліваў пана. Такім чынам ужо на пракурорскіх дрожках даехаў ён да сябе ў гасцініцу, дзе доўга яшчэ ў яго на языку круцілася ўсякая лухта: бялявая нявеста, з румянцам і ямачкай на правай шчацэ, херсонскія вёскі, капіталы. Селіфану нават былі дадзены такія-сякія гаспадарчыя загады сабраць усіх новапераселеных мужыкоў, каб зрабіць усім асабіста пагалоўную пераклічку. Селіфан моўчкі слухаў надта доўга і потым вышаў з пакоя, сказаўшы Пятрушку: «ідзі распранаць пана!» Пятрушка ўзяўся сцягваць з яго боты і ледзь не сцягнуў разам з імі на падлогу і самога пана. Але нарэшце боты былі зняты, пан распрануўся як след, і, паварочаўшыся некалькі часу на пасцелі, якая неміласэрна рыпела, заснуў форменным херсонскім памешчыкам. А Пятрушка тым часам вынес на карыдор панталоны і фрак бруснічнага колеру з іскрай і, растапырыўшы яго на драўлянай вешалцы, пачаў біць хлыстом і шчоткай, напусціўшы пылу на ўвесь карыдор. Рыхтуючыся ўжо зняць іх, ён глянуў з галярэі ўніз і ўбачыў Селіфана, які вяртаўся са стайні. Яны сустрэліся позіркам і нюхам зразумелі адзін другога: пан, бачыш, заваліўся спаць, можна і заглянуць туды-сюды. Занёсшы ў пакой фрак і панталоны, Пятрушка зараз-жа спусціўся ўніз, і абодва пайшлі разам, не гаворачы адзін другому нічога пра мэту падарожжа і размаўляючы дарогай зусім пра іншае. Прагулку зрабілі яны недалёкую: іменна перайшлі толькі на другі бок вуліцы да дому, што быў насупроць гасцініцы, і ўвайшлі ў нізенькія, шкляныя, закураныя дзверы, якія вялі амаль у падвал, дзе ўжо сядзела за драўлянымі сталамі многа ўсякіх: і галіўшых і негаліўшых бароды, у дубленых кажушках і проста ў кашулі, а той-сёй і ў фрызавым шынялі. Што рабілі там Пятрушка з Селіфанам, бог іх ведае, але вышлі яны адтуль праз «гадзіну, трымаючыся за рукі, захоўваючы выключнае маўчанне, ставячыся адзін да другога з вялікай увагай і перасцерагаючы ўзаемна ад розных вуглоў. Рука ў руку, не выпускаючы адзін другога, яны цэлую чвэртку гадзіны ўзбіраліся на лесніцу. Нарэшце адужалі яе і ўзышлі. Пятрушка пастаяў з хвіліну перад нізенькім сваім ложкам, прыдумваючы, як-бы легчы лепш, і лёг зусім упоперак, так што ногі яго ўпіраліся ў падлогу. Селіфан лёг і сам на тым-жа ложку, змясціўшы галаву ў Пятрушкі на жываце і забыўшы пра тое, што яму належала спаць зусім не тут, а, мабыць, у людской, калі не ў стайні каля коней. Абодва заснулі ў тую-ж хвіліну, узняўшы храп нечуванай густаты, на які пан з другога пакоя адказваў тонкім насавым свістам. Хутка ўслед за імі ўсё сцішылася, і гасцініца заснула неабудным сном; толькі ў адным акенцы відаць было яшчэ святло, дзе жыў нейкі паручык, які прыехаў з Разані, вялікі, відаць, ахвотнік да ботаў, дзеля таго, што заказаў ужо чатыры пары і бесперастанку мераў пятую. Некалькі разоў падыходзіў ён да пасцелі з тым, каб іх скінуць і легчы, але ніяк не мог: боты, сапраўды, былі добра пашыты, і доўга яшчэ падымаў ён нагу і аглядаў ёмка і на дзіва дагнаны абцас.