«Пад’ехаўшы да тракціра, Чычыкаў загадаў спыніцца па двух прычынах. З аднаго боку, каб даць адпачыць коням, а з другога боку, каб самому крыху закусіць і падмацавацда. Аўтар павінен прызнацца, што вельмі зайздросціць апетыту і страўніку такога роду людзей. Для яго зусім нічога не значаць усе вялікія паны, якія жывуць у Пецербургу і Маскве, праводзяць час у абдумванні, што-б такое з’есці заўтра і які-б абед прыдумаць на паслязаўтра; якія бяруцца за гэты абед не інакш, як адправіўшы перш у рот пілюлю; якія глытаюць устэрс [14 ] марскіх павукоў і іншыя цуды, а потым едуць у Карлсбад, ці на Каўказ. Не, гэтыя паны ніколі не абуджалі ў ім зайздрасці. Але паны сярэдняй рукі, што на адной станцыі патрабуюць вяндлівы, на другой парася, на трэцяй кавалак асятра, ці якую-небудзь запечаную каўбасу з цыбуляй, і потым, як ні ў чым не бывала, садзяцца за стол, у які хочаш час, і сцярляжая юшка з ментузамі і малокамі шыпіць і бурчыць у іх паміж зубоў ды яшчэ заядаецца пірагом з рыбнай начынкай ці кулябякай з сомавым плёсам [15 ], так што з боку праймае апетыт — вось гэтыя паны, сапраўды, карыстаюцца вартым зайздрасці дарам неба! Не адзін пан вялікай рукі ахвяраваў-бы зараз-жа палавіну душ сялян і палавіну маёнткаў, закладзеных і незакладзеных, з усімі паляпшэннямі на чужаземны і рускі манер, каб толькі мець такі страўнік, які мае пан сярэдняй рукі, але вось бяда, што ні за якія грошы, ні за маёнткі, з паляпшэннямі і без паляпшэнняў, нельга набыць такога страўніка, які бывае ў пана сярэдняй рукі.
Драўляны, пачарнелы тракцір прыняў Чычыкава пад сваю вузенькую гасцінную павець на драўляных вытачаных слупках, падобных да старасвецкіх царкоўных падсвечнікаў. Тракцір быў нечым накшталт рускай хаты, крыху ў большым памеры. Разьбяныя карнізы са свежага дрэва наўкол акон і пад дахам рэзка і жыва пярэсцілі цёмныя яе сцены; на акяніцах былі намаляваны збанкі з кветкамі.
Узлезшы па вузенькай драўлянай лесніцы наверх, у шырокія сенцы, ён сустрэў дзверы, што са скрыпам адчыняліся, і тоўстую старую ў стракатым паркалі, якая праказала: сюды, калі ласка! У пакоі трапіліся ўсе старыя прыяцелі, што трапляюцца кожнаму ў невялікіх драўляных тракцірах, якіх нямала пабудавана па дарогах, а іменна: пазелянелы самавар, гладка пагаблёваныя сасновыя сцены, трыкутная шафа з чайнікамі і кубачкамі ў куце, фарфаравыя вызалачаныя яечкі перад абразамі, вісеўшыя на блакітных і чырвоных істужках, кошка, якая нядаўна акацілася, люстэрка, паказваўшае замест пары дзве пары вачэй, а замест твару нейкую аладку; нарэшце, натыканыя пучкамі пахучыя травы і гваздзікі каля абразоў, высахшыя да такой ступені, што той, хто хацеў панюхаць іх, толькі чхаў і больш нічога..
«Парасё ёсць?» з такім пытаннем звярнуўся Чычыкаў да стаяўшай бабы.
«Ёсць».
«З хрэнам і са смятанай?»
«З хрэнам і са смятанай».
«Давай яго сюды!»
Старая пайшла корпацца і прынесла талерку, сарвэтку, накрухмаленую да таго, што дыбілася як засохшая кара, потым нож з пажаўцелаю касцяною калодачкаю, тоненькі, як складаны, двузубы відэлец і салянку, якую ніяк нельга было паставіць проста на стол.
Герой наш па звычаю зараз-жа пачаў з ёю размову і распытаў, ці сама яна трымае тракцір, ці ёсць гаспадар, і колькі дае прыбытку тракцір, і ці з імі жывуць сыны, і што старэйшы сын — халасты ці жанаты чалавек, якую ўзяў жонку, ці з вялікім пасагам, ці не, і ці задаволены быў цесць, і ці не злаваў, што мала падарункаў атрымаў на вяселлі, — словам, не мінуў нічога. Само сабой зразумела, што пацікавіўся даведацца, якія памешчыкі знаходзяцца навокал, і даведаўся, што ўсякія ёсць памешчыкі: Блахін, Пачытаеў, Мыльны, Чапракоў палкоўнік, Сабакевіч. «А! Сабакевіча ведаеш?» запытаў ён і тут-жа пачуў, што старая ведае не толькі Сабакевіча, але і Манілава, і што Манілаў далікатнейшы за Сабакевіча: загадае зараз-жа зварыць курыцу, возьме і цяляцінкі; калі ёсць баранова пячонка, то і барановай пячонкі возьме, і ўсяго толькі што пакаштуе, а Сабакевіч аднаго чаго-небудзь возьме, ды ўжо затое ўсё з’есць, нават падбаўкі вымагае за тую-ж цану.
Калі ён такім чынам размаўляў, ядучы парасяціну, якой заставаўся ўжо апошні кавалак, пачуўся стук колаў пад’ехаўшага экіпажа. Глянуўшы праз акно, ён убачыў, што перад тракцірам спынілася лёгенькая брычка, запрэжаная тройкай добрых коней. З брычкі вылазілі двое нейкіх мужчын. Адзін бялявы, высокага росту; другі крыху ніжэйшы, чарнявы. Бялявы быў у цёмнасіняй венгерцы [16 ], чарнявы проста ў паласатым архалуку [17 ]. Здалёк паўзла яшчэ калясачка, пустая, запрэжаная нейкай кашлатай чацвёркай з парванымі хамутамі і вераўчанай збруяй. Бялявы зараз-жа пайшоў па лесніцы наверх, тым часам як чарнамазы яшчэ заставаўся і мацаў нешта ў брычцы, размаўляючы тут-жа са слугою і махаючы ў той-жа час калясцы, што ехала за імі. Голас яго здаўся Чычыкаву як быццам крыху знаёмым. Пакуль ён яго разглядаў, бялявы паспеў ужо намацаць дзверы і адчыніць іх. Гэта быў мужчына высокага росту, з твару сухарлявы, або, як кажуць, выснажаны, з рыжымі вусікамі. Па загарэлым твары яго можна было зрабіць вывад, што ён ведаў, што такое дым, калі не парахавы, дык прынамсі табачны. Ён ветліва пакланіўся Чычыкаву, на што апошні адказаў тым-жа. На працягу нямногіх хвілін яны, пэўна, разгаварыліся-б і добра пазнаёміліся-б паміж сабой, бо пачатак быў ужо зроблены, і абодва амаль у адзін і той-жа час выказалі прыемнасць, што пыл на дарозе быў зусім прыбіты учарашнім дажджом, і цяпер ехаць і нягорача і прыемна, — як увайшоў чарнявы яго таварыш, скінуўшы з галавы на стол сваю шапку, па-маладзецку ўскудлачыўшы рукой свае чорныя густыя валасы. Гэта быў сярэдняга росту, вельмі нядрэнна складзены маладзец, з поўнымі ружовымі шчокамі, з белымі, як снег, зубамі і чорнымі, як смоль, бакенбардамі. Свежы ён быў, як кроў з малаком; здароўе, здавалася, так і пырскала з твару яго
«Ба, ба, ба!» закрычаў ён раптам, расставіўшы абедзве рукі, калі ўбачыў Чычыкава. «Якім чынам?»
Чычыкаў пазнаў Наздрова, таго самага, з якім ён разам абедаў у пракурора і які за некалькі хвілін пазнаёміўся з ім гак каротка, што пачаў ужо гаварыць ты, хоць, аднак, ён з свайго боку не падаў да гэтага ніякага поваду.
«Куды ездзіў?» гаварыў Наздроў і, не дачакаўшыся адказу, працягваў: «А я, брат, з кірмаша. Павіншуй: прадуўся ў пух! Ці паверыш, што ніколі ў жыцці так не прадуваўся. Я-ж на абыватальскіх[18 ] прыехаў! Вось зірні знарок у акно!» Тут ён нагнуў сам галаву Чычыкава, так што той ледзь не стукнуўся ёю аб рамку. «Бачыш, якая дрэнь! Ледзь дацягнулі праклятыя, я пералез ужо ў яго брычку». Кажучы гэта, Наздроў паказаў пальцам на свайго таварыша. «А вы яшчэ не знаёмы? Швагер мой Міжуеў! Мы з ім усю раніцу гаварылі пра цябе. «Ну, глядзі, — кажу, — калі мы не сустрэнем Чычыкава». Ну, брат, калі-б ты ведаў, як я прадуўся! Ці паверыш, што не толькі ўбухаў чатырох рысакоў — усе спусціў. На мне-ж няма ні ланцужка, ні гадзінніка...» Чычыкаў глянуў і сапраўды ўбачыў; што на ім не было ні ланцужка, ні гадзінніка. Яму нават здалося, што і адзін бакенбард быў у яго меншы, і не такі густы; як другі. «А май-жа я толькі дваццаць рублёў у кішэні», гаварыў далей Наздроў: «іменна не больш, як дваццаць, я адыграў-бы ўсё, гэта значыць, акрамя таго, што адыграў-бы, вось як сумленны чалавек, трыццаць тысяч зараз паклаў-бы ў кашалёк».
«Ты аднак і тады так гаварыў», адказаў бялявы, «а калі я табе даў пяцьдзесят рублёў, тут-жа прасадзіў іх».
«I не прасадзіў-бы! дальбог не прасадзіў-бы! Не зрабі я сам глупства, дапраўды, не прасадзіў-бы. Каб не загнуў я пасля парале на праклятай сямёрцы утку, я-б мог сарваць увесь банк [19 ]».
«Аднак-жа не сарваў», сказаў бялявы.
«Не сарваў, таму што загнуў утку не ў часе. А ты думаеш, маёр твой добра гуляе?»
«Добра ці не добра, аднак-жа ён цябе абгуляў».
«Падумаеш, важнасць!» сказаў Наздроў: «гэтак і я яго абгуляю. Не, вось паспрабуй ён гуляць дублетам [20 ], дык вось тады я пагляджу, я пагляджу тады, які ён ігрок! Затое, брат Чычыкаў, як пакуцілі мы ў першыя дні! Праўда, кірмаш быў выдатнейшы! Самі купцы кажуць, што ніколі не было такога з’езду. У мяне ўсё, што ні прывезлі з вёскі, прадалі па самай выгаднейшай цане. Эх, браток! як пакуцілі! Цяпер нават як успомніш... чорт пабяры! а то-ж, як шкода, што ты не быў. Уяві, што за тры вярсты ад горада стаяў драгунскі полк. Ці паверыш, што афіцэры, колькі іх ні было, сорак чалавек адных афіцэраў было ў горадзе; як пачалі мы, браток, піць... Штабс-ротмістр Пацэлуеў... такі слаўны! вусы, браток, такія! Бардо называе проста бурдашкай. «Прынясі, брат», кажа, «бурдашкі!» Паручык Куўшыннікаў... Ах, браток, які мілы чалавек! вось ужо, можна сказаць, ва ўсёй форме гуляка. Мы ўсё былі з ім разам. Якога віна адпусціў нам Панамароў! Трэба табе ведаць, што ён шэльма, і ў яго краме нічога нельга браць: у віно мяшае ўсякую дрэнь: сандал, палены корак і нават бузінай, падлюка, зацірае, але затое калі ўжо выцягне з дальняга пакойчыка, які называецца ў яго асаблівым, якую-небудзь бутэлечку, ну проста, брат, знаходзішся ў эмпірэях. Шампанскае ў нас было такое, — што перад ім губернатарскае? проста квас. Уяві, не кліко, а нейкае кліко матрадура, гэта значыць падвойнае кліко [21 ]. I яшчэ дастаў адну бутэлечку французскага пад назвай: бонбон. — Пах? разетка і ўсё, што хочаш. Вось дык пакуцілі!.. Пасля нас прыехаў нейкі князь, паслаў у краму па шампанскае, няма ніводнай бутэлькі ва ўсім горадзе, усё афіцэры выпілі. Ці верыш, што я адзін на працягу абеда выпіў семнаццаць бутэлек шампанскага!»
«Ну, семнаццаць бутэлек ты не выпіў», заўважыў бялявы.
«Як сумленны чалавек, кажу, што выпіў», адказаў Наздроў.
«Ты можаш сабе гаварыць, што хочаш, а я табе кажу, што і дзесяці не вып’еш».
«Ну, хочаш у заклад, што вып’ю?»
«Нашто-ж той заклад?»
«Ну, пастаў сваю стрэльбу, якую купіў у горадзе».
«Не хачу».
«Ну, ды пастаў, паспрабуй!»
«I спрабаваць не хачу».
«Ды быў-бы ты без стрэльбы, як без шапкі. Эх, брат Чычыкаў, гэта значыць, як я шкадаваў, што цябе нё было. Я ведаю, што ты не расстаўся-б з паручыкам Куўшыннікавым. Як-бы вы ўжо з ім добра сышліся. Гэта не тое, што пракурор і ўсе губернскія скнары ў нашым горадзе, якія так трасуцца за кожную капейку. Гэты, браток, і ў гальбік [22 ], і ў банчышку, і ва ўсё, што хочаш. Эх, Чычыкаў, ну, ці-ж цяжка табе было прыехаць. Дапраўды-ж, свінтус ты за гэта, скатавод гэтакі! Пацалуй мяне, душа, страх, як люблю цябе! Міжуеў, глядзі: вось лёс звёў, ну, што ён мне, або я яму? Ён прыехаў бог ведае адкуль, я таксама тут жыву... А колькі было, брат, карэт, і ўсё гэта en gros [23 ]. У фартунку [24 ] крутнуў, выйграў дзве банкі памады, фарфаравы кубачак і гітару; потым зноў паставіў адзін раз і пракруціў, ліха яму, апрача гэтага, яшчэ шэсць рублёў. А які, калі-б ты ведаў, валакіта Куўшыннікаў! Мы з ім былі на ўсіх амаль балах. Адна была такая прыбраная, рушы [25 ] на ёй, і трушы, і чорт ведае чаго не было... я думаю сабе толькі: чорт пабяры! А Куўшыннікаў, гэта значыць, такая шэльма, падсеў да яе, і на французскай мове падпускае ёй такія кампліменты... Ці паверыш, простых баб не прапусціў. Гэта ён называе пакарыстацца наконт клубнічкі. Рыб і балыкоў навезлі цудоўных. Я такі прывёз з сабой адзін, добра, што здагадаўся купіць, калі былі яшчэ грошы. Ты куды цяпер едзеш?»
«А я да чалавечка аднаго», сказаў Чычыкаў.
«Ну, што чалавечак, кінь яго! паедзем да мяне!»
«Не, нельга, ёсць справа».
«Ну, вось ужо і справа! ужо і выдумаў! ах ты Ападзялдок Іванавіч!»
«Праўду кажу, справа, ды яшчэ і патрэбная».
«Іду ў заклад, хлусіш! Ну скажы толькі, да каго едзеш?»
«Ну, да Сабакевіча».
Тут Наздроў зарагатаў тым звонкім смехам, якім заліваецца толькі свежы, здаровы чалавек, у каторага ўсе да апошняга паказваюцца белыя як цукар зубы, дрыжаць і скачуць шчокі, і сусед за двума дзвярыма, у трэцім пакоі, ускідваецца са сну, вылупіўшы вочы і гаворачы: «бач, як яго разабрала?»
«Што-ж тут смешнага», сказаў Чычыкаў, крыху незадаволены такім смехам.
Але Наздроў працягваў рагатаць ва ўсё горла, прыгаварваючы: «Ой, пашкадуй, дапраўды лопну са смеху!»
«Нічога няма смешнага: я даў яму слова», сказаў Чычыкаў.
«Ды ты-ж жыццю не рад будзеш, калі прыедзеш да яго, гэта проста жыдамор! Я-ж ведаю твой характар, ты жорстка схібіш, калі думаеш знайсці там банчышку і добрую бутэльку якога-небудзь бонбона. Паслухай, браток: ну к чорту Сабакевіча, паедзем да мяне! Якім балыком пачастую! Панамароў, шэльма, так раскланьваўся, кажа: для вас толькі, увесь кірмаш, кажа, абшукайце, не знойдзеце такога. Махляр аднак-жа страшэнны. Я яму ў вочы гэта казаў: «вы», кажу, «з нашым адкупшчыкам першыя ашуканцы!» Смяецца шэльма, пагладжваючы бараду. Мы з Куўшыннікавым кожны дзень снедалі ў краме. Ах, брат, вось забыўся табе сказаць: ведаю, што ты цяпер не адчэпішся, але за дзесяць тысяч не аддам, наперад кажу. Эй, Парфірый», закрычаў ён, падышоўшы да акна, на свайго чалавека, які трымаў у адной руцэ ножык, а ў другой скарынку хлеба з кавалкам балыка, які пашчасціла яму мімаходзь адрэзаць, вымаючы нешта з брычкі. «Эй, Парфірый», крычаў Наздроў: «прынясі шчанюка! Які шчанюк!» гаварыў ён далей, звяртаючыся да Чычыкава. «Крадзены, ні за самога сябе не аддаваў гаспадар. Я яму прапанаваў буланую кабылу, якую, памятаеш, выменяў у Хвастырова...» Чычыкаў, між іншым, зроду не бачыў ні буланай кабылы, ні Хвастырова.
«Пан! нічога не хочаце закусіць?» сказала ў гэты час, падыходзячы да яго, старая.
«Нічога. Эх, брат, як пакуцілі! Між іншым, давай чарку гарэлкі, якая ў цябе ёсць?»
«Анісавая», адказала старая.
«Ну, давай анісавай», сказаў Наздроў.
«Давай ужо і мне чарку!» сказаў бялявы.
«У тэатры адна актрыса так, шэльма, спявала, як канарэйка! Куўшыннікаў, які сядзеў каля мяне, «вось», кажа, «брат, пакарыстацца-б наконт клубнічкі!» Адных балаганаў, я мяркую, было пяцьдзесят. Фенардзі чатыры гадзіны круціўся ветраком...» Тут ён прыняў чарку з рук старой, якая яму за гэта нізка пакланілася. «А, давай яго сюды!» закрычаў ён, убачыўшы Парфірыя, увайшоўшага з шчанюком. Парфірый быў апрануты таксама, як і пан, у нейкі архалук, падбіты ватаю, але крыху больш зашмальцаваны.
«Давай яго, кладзі сюды на падлогу!»
Парфірый палажыў на падлогу шчанюка, які, расцягнуўшыся на ўсе чатыры лапы, нюхаў зямлю.
«Вось шчанюк!» сказаў Наздроў, узяўшы яго за спінку крыху падняўшы рукой. Шчанюк даволі жаласна заскавытаў.
«Ты аднак-жа не зрабіў таго, што я табе казаў», сказаў Наздроў, звярнуўшыся да Парфірыя і разглядаючы ўважліва жывот шчанюка: «і не падумаў вычасаць яго?»
«Не, я яго вычэсваў».
«А адкуль-жа скочкі?»
«Не магу знаць. Можа, як-небудзь з брычкі паналазілі».
«Хлусіш, хлусіш, і не думаў часаць: я думаю, дурань, яшчэ сваіх напусціў. Вось паглядзі, Чычыкаў, паглядзі, якія вушы, на вось памацай рукой».
«Ды навошта, я і так бачу: добрай пароды!» адказаў Чычыкаў.
«Не, вазьмі вось знарок, памацай вушы!»
Чычыкаў, каб дагадзіць яму, памацаў вушы, праказаўшы: так, добры будзе сабака.
«А нос, адчуваеш, які халодны? Вазьмі вось рукой». Каб не пакрыўдзіць яго, Чычыкаў узяў і за нос, сказаўшы: добры нюх.
«Сапраўдны мардаш», гаварыў далей Наздроў: «я, прызнацца, даўно вастрыў зубы на мардаша. На, Парфірый, занясі яго!»
Парфірый, узяўшы шчанюка пад жывот, занёс яго ў брычку.
«Паслухай, Чычыкаў, ты павінен абавязкова цяпер ехаць да мяне, а ехаць да мяне, пяць вёрст усяго, духам даімчымся, а там, бадай, можаш і да Сабакевіча».
«А што-ж!» падумаў сам сабе Чычыкаў: «заеду я сапраўды да Наздрова. Чым-жа ён горшы за іншых? такі-ж чалавек, ды яшчэ і прагуляўся. Здатны ён, як відаць, на ўсё, значыцца, у яго дармова можна тое-сёе выпрасіць». «Ну добра, едзем», сказаў ён: «але ўмова не затрымліваць, мне час дарагі».
«Ну, душа, вось гэта так! Вось гэта добра, пачакай-жа, я цябе пацалую за гэта». Тут Наздроў і Чычыкаў пацалаваліся. «I добра: утраіх і пакоцім!»
«Не, ты ўжо, калі ласка, мяне пусці», гаварыў бялявы: «мне трэба дамоў».
«Глупства, глупства, брат, не пушчу».
«Дапраўды, жонка будзе злаваць, цяпер-жа ты можаш перасесці вось у іхнюю брычку».
«Ні, ні, ні! I не думай».
Бялявы быў адзін з тых людзей, у характары якіх на першы погляд ёсць нейкая ўпартасць. Яшчэ не паспееш разявіць рот, як яны ўжо гатовы спрачацца і, здаецца, ніколі не згодзяцца на тое, што відавочна процілегла іх поглядам, што ніколі не назавуць дурнога разумным і што асабліва не згодзяцца скакаць пад чужую дудку; а скончыцца заўсёды тым, што ў характары іх знойдзецца мяккасць, што яны згодзяцца іменна на тое, што адмаўлялі, дурное назавуць разумным і пойдуць потым скакаць як нельга лепш пад чужую дудку, словам, пачнуць гладка, а скончаць гадка.
«Глупства!» сказаў Наздроў у адказ на нейкае пярэчанне бялявага, надзеў яму на галаву шапку, і — бялявы падаўся следам за ім.
«За гарэлачку, пане, не заплацілі...» сказала старая.
«А, добра, добра, матухна. Паслухай, швагрусь! заплаці калі ласка. У мяне няма ні капейкі ў кішэні».
«Колькі табе?» сказаў швагрусь.
«Ды што, бацюхна, саракоўку ўсяго», сказала старая.
«Хлусіш, хлусіш. Дай ёй палавіну, хопіць з яе».
«Малавата, пане», сказала старая, аднак-жа ўзяла грошы з падзякай і яшчэ пабегла спяшаючыся адчыняць ім дзверы. Яна нічога не страціла, бо запрасіла ў чатыры разы больш, чым каштавала гарэлка.
Прыезджыя селі. Брычка Чычыкава ехала побач з брычкай, у якой сядзеў Наздроў і яго швагер, і таму яны ўсе трое маглі лёгка паміж сабой размаўляць на працягу дарогі. За імі следам ехала, увесь час астаючыся, невялікая каляска Наздрова на худых абыватальскіх конях. У ёй сядзеў Парфірый з шчанюком.
Паколькі гутарка, якую падарожныя вялі паміж сабой, была не надта цікавая для чытача, дык зробім лепш, калі скажам што-небудзь пра самога Наздрова, якому, можа быць, давядзецца адыграць не зусім апошнюю ролю ў нашай паэме.
Аблічча Наздрова, мабыць, ужо некалькі знаёма чытачу. Такіх людзей даводзілася кожнаму сустракаць нямала. Яны называюцца прабітнымі людзьмі, вядомы яшчэ ў дзіцячых гадах і ў школе, як добрыя таварышы, і пры ўсім гэтым іх вельмі часта і моцна б’юць. У іх тварах заўсёды відаць нешта шчырае, простае, зухаватае. Яны хутка знаёмяцца, і не паспееш азірнуцца, як ужо гавораць табе: ты. Пасябруюць, — здаецца, навек; але заўсёды амаль так здараецца, што новы сябра паб’ецца з імі ў той-жа вечар на сяброўскай вечарынцы. Яны заўсёды гаваруны, гулякі, ліхачы, народ прыкметны. Наздроў у трыццаць пяць гадоў быў якраз такім-жа, якім быў у восемнаццаць і дваццаць: ахвотнік пагуляць. Жаніцьба яго аніяк не перамяніла, тым больш, што жонка хутка пайшла на той свет, пакінуўшы дваіх дзяцей, якія яму былі зусім не патрэбны. За дзецьмі, аднак-жа, наглядала прыгожанькая нянька. Дома ён больш дня не мог уседзець. Тонкі нюх яго чуў за некалькі десяткаў вёрст, дзе быў кірмаш з усякімі з ездамі і баламі; ён ужо ў адно імгненне вока быў там, спрачаўся і распачынаў мітусню за зялёным сталом, бо меў, падобна ўсім такім, страсцішку да карцішак. У карты, як мы ўжо бачылі з першага раздзела, гуляў ён не зусім бязгрэшна і чыста, ведаючы шмат розных перадзёржак і іншых тонкасцей, і таму гульня вельмі часта канчалася другою гульнёю: або лупцавалі яго ботамі, або задавалі перадзёржку яго густым і вельмі добрым бакенбардам, так што вяртаўся дамоў ён часам з адной толькі бакенбардай, і то даволі рэдкай. Але здаровыя і поўныя шчокі яго так добра былі створаны і змяшчалі ў сабе столькі вырошчвальнай сілы, што бакенбарды хутка вырасталі зноў, яшчэ нават лепшыя як ранейшыя. I што больш за ўсё дзіўна, што можа толькі на адной Русі здарыцца, ён праз некаторы час ужо сустракаўся зноў з тымі прыяцелямі, якія яго лупцавалі, і сустракаўся як быццам нічога не было, і ён, як кажуць, нічога і яны нічога.
Наздроў быў у некаторых адносінах гістарычны чалавек. Ні на адным сходзе, дзе ён быў, не абыходзілася без гісторыі. Якая-небудзь гісторыя абавязкова адбывалася: ці выведуць яго пад рукі з залы жандармы, ці змушаны бываюць выштурхаць свае-ж прыяцелі. Калі-ж гэтага не здарыцца, дык усё-такі што-небудзь ды будзе такое, чаго з іншым ніяк не будзе: або нарэжацца ў буфеце такім чынам, што толькі смяецца, або наманіць самым жорсткім чынам, так што, нарэшце, самому зробіцца сорамна. I наманіць зусім без усякай патрэбы: раптам раскажа, што ў яго быў конь якой-небудзь блакітнай ці ружовай масці і да таго падобную лухту, так што слухачы, нарэшце, усе адыходзяць, сказаўшы: ну, брат, ты, здаецца, пачаў ужо кулі ліць. Ёсць людзі, якія маюць страсцішку напаскудзіць бліжняму, часам зусім без усякай прычыны. Другі, напрыклад, нават чалавек у чынах, высокародны на выгляд, са звяздой на грудзях, будзе вам ціснуць руку, разгаворыцца з вамі аб рэчах глыбокіх, якія выклікаюць на разважанні, а потым глядзіш, тут-жа, перад вашымі вачамі і напаскудзіць вам. I напаскудзіць так, як просты калежскі рэгістратар, а зусім не так, як чалавек са звяздой на грудзях, які размаўляе аб рэчах, што выклікаюць разважанні; так што стаіш толькі, ды дзівішся, паціскаючы плячамі, ды і нічога больш. Такую-ж дзівацкую страсць меў і Наздроў. Чым бліжэй хто з ім сыходзіўся, таму ён хутчэй за ўсіх насольваў: распускаў недарэчнасць, дурней за якую цяжка выдумаць, разладжваў вяселле, гандлёвую ўмову, і зусім не лічыў сябе вашым непрыяцелем; наадварот, калі выпадак прыводзіў яго зноў сустрэцца з вамі, ён абыходзіўся зноў па-сяброўску і нават казаў: ты-ж такі падлюка, ніколі да мяне не заедзеш.
Наздроў у многіх адносінах быў шматбаковы чалавек, гэта значыць чалавек на ўсе рукі. У тую-ж хвіліну ён прапаноўваў вам ехаць, куды хочаце, хоць на край свету, прыняць удзел у якой хочаце справе, мяняць усё што ні ёсць, на ўсё што хочаце. Стрэльба, сабака, конь — усё было прадметам мены, але зусім не з тым, каб выйграць; гэта адбывалася проста ад нейкай нястомнай спрытнасці і жвавасці характару. Калі яму на кірмашы пашанцавала трапіць на прастака і абгуляць яго, ён накупляў кучу ўсяго, што трапляла яму на вочы ў крамах: хамутоў, курыцельных [26 ] свечак, хустак для нянькі, жарабка, ізюму, срэбраны рукамыйнік, галандскага палатна, мукі-крупчаткі, табакі і пісталетаў, селядцоў, карцін, тачыльны інструмент, гаршкоў, ботаў, фаянсавую пасуду — на колькі хапала грошай. Аднак рэдка здаралася, каб гэта было давезена дамоў; амаль у той-жа дзень спускалася яно ўсё другому шчаслівейшаму іграку, часам нават дадавалася ўласная люлька з кісетам і мундштуком, а іншы раз і ўся чацвёрка з усім: каляскай і фурманом, так што сам гаспадар ішоў у кароценькім сурдуціку або архалуку шукаць якога-небудзь прыяцеля, каб пакарыстацца яго экіпажам. Вось які быў Наздроў! Можа, назавуць яго характарам збітым, пачнуць гаварыць, што цяпер няма ўжо Наздрова. На жаль, несправядлівымі будуць тыя, хто будзе гаварыць так. Наздроў доўга яшчэ не звядзецца са свету. Ён усюды між намі і, можа, толькі ходзіць у іншым кафтане; але людзі лёгкадумна-непраніклівыя, і чалавек у іншым кафтане здаецца ім іншым чалавекам.
Тым часам тры экіпажы падкацілі ўжо да ганка дома Наздрова. У доме не было ніякай падрыхтоўкі да іх прыёму. Пасярод сталовай стаялі драўляныя козлы, і два мужыкі, стоячы на іх, бялілі сцены, зацягваючы нейкую бясконцую песню; падлога ўся была запырскана бяліламі. Наздроў загадаў, каб зараз-жа мужыкоў і козлы вон, і выбег у другі пакой аддаваць загады. Госці чулі, як ён заказваў кухару абед; сцяміўшы гэта, Чычыкаў, які пачынаў ужо крыху адчуваць апетыт, убачыў, што раней пяці гадзін яны не сядуць за стол. Наздроў, вярнуўшыся, павёў гасцей аглядаць усё, што было ў яго на вёсцы; і, за дзве гадзіны з нечым, паказаў літаральна ўсё, так, што нічога ўжо больш не засталося паказваць. Перш за ўсё пайшлі яны аглядаць стайню, дзе бачылі двух кабыл, адну шэрую ў яблыках, другую буланую, потым гнядога жарабка, на выгляд і несамавітага, але за якога, бажыўся Наздроў, што заплаціў дзесяць тысяч.
«Дзесяць тысяч ты за яго не даў», заўважыў швагер «Ён і адной не варт».
«Дальбог, даў дзесяць тысяч», сказаў Наздроў.
«Ты сабе можаш бажыцца, колькі хочаш», адказаў швагер.
«Ну, хочаш, пойдзем у заклад!» сказаў Наздроў.
У заклад швагер не захацеў ісці.
Потым Наздроў паказаў пустыя стойлы, дзе былі раней таксама добрыя коні. У гэтай-жа стайні бачылі казла, якога, па старому павер’ю, лічылі неабходным трымаць пры конях, які, здавалася, быў з імі ў згодзе, гуляў у іх пад чэравамі, як у сябе дома. Потым Наздроў павёў іх глядзець ваўчанё, якое было на прывязі. «Вось ваўчанё!» сказаў ён: «я яго знарок кармлю сырым мясам. Мне хочацца, каб яно было сапраўдным зверам!» Пайшлі глядзець ставок, у якім, паводле слоў Наздрова, вадзілася рыба такой велічыні, што два чалавекі ледзь выцягвалі штуку, чаму, аднак-жа, сваяк адразу-ж не паверыў. «Я табе, Чычыкаў», сказаў Наздроў, «пакажу цудоўную пару сабак: мацунак чорных мясоў проста здзіўляе, шчыток — іголка!» і павёў іх да пабудаванага вельмі прыгожа маленькага доміка, абкружанага вялікім, загароджаным з усіх бакоў дваром. Узышоўшы на двор, убачылі там усякіх сабак і густа-псовых, і чыста-псовых, усіх магчымых колераў і масцей: муругіх, чорных з падпалінамі, палова-пярэстых, муруга-пярэстых, чырвона-пярэстых, чорнавухіх, шэравухіх... Тут былі ўсе мянушкі, усе загаднага ладу: страляй, аблай, пырхай, пажар, буян, чыркай, дапякай, прыпякай, севярга, касатка, узнагарода, апякунша. Наздроў быў сярод іх зусім, як бацька сярод сям’і: усе яны, тут-жа задраўшы ўгору хвасты, якія называюцца ў сабакароў правіламі, паляцелі проста насустрач гасцям і пачалі з імі вітацца. Штук дзесяць з іх палажылі свае лапы Наздрову на плечы. Аблай выказаў такую-ж дружбу Чычыкаву і, падняўшыся на заднія ногі, лізнуў яго языком у самыя губы, так што Чычыкаў тут-жа плюнуў. Агледзелі сабак, якія здзіўлялі мацункам чорных мясоў, — добрыя былі сабакі. Потым пайшлі аглядаць крымскую суку, якая была ўжо сляпая і, паводле слоў Наздрова, павінна была хутка здохнуць, але, гады два таму назад, была надта добрая сука; агледзелі і суку — сука сапраўды была сляпая. Потым пайшлі аглядаць вадзяны млын, дзе нехапала порхліцы, у якую ўмацоўваецца верхні камень, што хутка круціцца на верацяне, пырхаючы, па дзіўнаму выразу рускага мужыка. «А вось тут хутка будзе і кузня!» сказаў Наздроў. Крыху прайшоўшы, яны ўбачылі, сапраўды, кузню, агледзелі і кузню.
«Вось на гэтым полі», сказаў Наздроў, паказваючы пальцам на поле: «русакоў такая процьма, што зямлі не відаць; я сам сваімі рукамі злавіў аднаго за заднія ногі».
«Ну, русака ты не зловіш рукою!» заўважыў швагер.
«А вось злавіў, знарок злавіў!» адказаў Наздроў. «Цяпер я павяду цябе паглядзець», гаварыў ён далей, звяртаючыся да Чычыкава: «мяжу, дзе канчаецца мая зямля».
Наздроў павёў сваіх гасцей полем, якое ў шмат якіх месцах складалася з купніку. Госці павінны былі прабірацца паміж пералогамі і забаранаванымі палямі. Чычыкаў пачынаў адчуваць стомленасць. У шмат якіх месцах ногі іх выціскалі пад сабой ваду, да такой ступені месца было нізкае. Спачатку яны сцерагліся і пераступалі асцярожна, але потым, убачыўшы, што з гэтага мала толку, брылі проста, не разбіраючы, дзе большая, дзе меншая гразь. Прайшоўшы немалую адлегласць, убачылі сапраўды мяжу, якая складалася з драўлянага слупка і вузенькага раўчука.
«Вось мяжа!» сказаў Наздроў: «усё, што бачыш на гэтым баку, усё гэта маё, і нават на тым баку, увесь гэты лес, які вунь сінее, і ўсё, што за лесам, усё маё».
«Ды калі-ж гэты лес зрабіўся тваім?» запытаў швагер. «Хіба ты нядаўна купіў яго? Ён-жа не быў тваім».
«Так, я купіў яго нядаўна», адказаў Наздроў.
«Калі-ж ты паспеў яго так хутка купіць?»
«Як-жа, я яшчэ пазаўчора купіў, і дорага, чорт пабяры, даў».
«Ды ты-ж быў у той час на кірмашы».
«Эх ты, Сафрон! Хіба нельга быць адначасова і на кірмашы, і купіць зямлю? Ну, я быў на кірмашы, а прыказчык мой тут без мяне і купіў».
«Так, ну хіба прыказчык!» сказаў швагер, але і тут не паверыў і паківаў галавой. Госці вярнуліся той-жа дрэннай дарогай дадому. Наздроў павёў іх у свой кабінет, у якім аднак не было прыкметна слядоў таго, што бывае ў кабінетах, гэта значыць кніг, ці папер; віселі толькі шаблі і дзве стрэльбы, адна на трыста, а другая на восемсот рублёў. Швагер, агледзеўшы паківаў толькі галавою. Потым былі паказаны турэцкія кінжалы, на адным з якіх памылкова было выразана: Майстар Савелій Сібіракоў. Услед за гэтым гасцям была паказана шарманка. Наздроў, тут-жа, пракруціў перад імі тое-сёе. Шарманка іграла не без прыемнасці, але ў сярэдзіне яе, здаецца, нешта здарылася: бо мазурка канчалася песняй: «Мальбруг у паход паехаў»; а «Мальбруг у паход паехаў» нечакана завяршаўся нейкім даўно знаёмым вальсам. Ужо Наздроў паль перастаў круціць, але ў шарманцы была адна дудка, вельмі бойкая, якая ніяк не хацела ўтаймавацца; і доўга яшчэ потым свістала яна адна. Потым былі паказаны люлькі драўляныя, гліняныя пенкавыя, абкураныя і неабкураныя, абцягнутыя замшаю і не абцягнутыя, цыбук з бурштынавым мундштуком, нядаўна выйграны, кісет, вышыты нейкай графіняй, якая недзе на паштовай станцыі закахалася ў яго па вушы; ручкі ў яе, паводле яго слоў, былі самы субдзіцельны сюперфлю, слова, якое, напэўна, азначала ў яго найвышэйшы пункт дасканаласці. Закусіўшы балыком, яны селі за стол каля пяці гадзін. Абед, як відаць, не быў у Наздрова галоўным у жыцці; стравы не адыгрывалі вялікай ролі: тое-сёе прыгарэла, тое-сёе і зусім не зварылася. Відаць, што кухар кіраваўся больш нейкім натхненнем і клаў першае, што трапляла пад руку: стаяў каля яго перац — ён сыпаў перац, капуста трапіла — сунуў капусту, ліў малако, пхаў вяндліну, гарох, словам, кацівалі, было-б горача, а смак які-небудзь, пэўна, выйдзе. Затое Наздроў націснуў на віны: яшчэ не падавалі супу, а ён ужо наліў гасцям па вялікай шклянцы партвейна і па другой госатэрна, бо ў губернскіх і павятовых гарадах не бывае простага сатэрна. Потым Наздроў загадаў прынесці бутэльку мадэры, лепшай за якую не піў сам фельдмаршал. Мадэра, сапраўды, нават гарэла ў роце, бо купцы, ведаючы ўжо густ памешчыкаў, якія любілі добрую мадэру, запраўлялі яе бязлітасна ромам, а іншы раз далівалі туды і царскай гарэлкі [27 ] ў надзеі, што ўсё вытрымаюць рускія жываты. Потым Наздроў загадаў яшчэ прынесці нейкую асаблівую бутэльку, якая, паводле яго слоў, была і бурган’ён і шампан’ён разам. Ён наліваў вельмі старанна ў абедзве шклянкі, і направа і налева, і швагру і Чычыкаву; Чычыкаў заўважыў, аднак-жа, неяк мімаходзь, што самому сабе ён не шмат падліваў. Гэта прымусіла яго быць асцярожным, і як толькі Наздроў як-небудзь загаварваўся ці наліваў швагру, ён перакульваў у тую-ж хвіліну сваю шклянку ў талерку. Неўзабаве была прынесена на стол рабінаўка, якая мела, паводле слоў Наздрова, выключны смак слівак, але ў якой, на здзіўленне, чуваць была сівушышча ва ўсёй сваёй сіле. Потым пілі нейкі бальзам з такой назвай, якую нават цяжка было прыпомніць, ды і сам гаспадар другі раз назваў яго ўжо іншым іменем. Абед даўно ўжо скончыўся, і віны былі перакаштаваны, але госці ўсё яшчэ сядзелі за сталом. Чычыкаў ніяк не хацеў загаварыць з Наздровым пры швагру наконт галоўнага прадмета. Усё-такі швагер быў чалавек старонні, а прадмет патрабаваў сяброўскай размовы. Сам-на-сам, між іншым, швагер наўрад ці мог быць чалавекам небяспечным, бо нагрузіўся, здаецца, уволю і, седзячы на крэсле, штохвіліны кляваў носам. Заўважыўшы і сам, што знаходзіцца не ў надзейным стане, ён пачаў, нарэшце, адпрошвацца дамоў, але такім лянівым і вялым голасам, як быццам, паводле рускага выразу, нацягваў абцугамі на каня хамут.
«I ні-ні! не пушчу!» сказаў Наздроў.
«Не, не крыўдзі мяне, дружа мой, дапраўды, паеду», гаварыў швагер: «ты мяне вельмі пакрыўдзіш».
«Глупства, глупства! Мы наладзім зараз-жа банчышку».
«Не, наладжвай, брат, сам, а я не магу, жонка будзе ў вялікай прэтэнзіі, дапраўды; я павінен ёй расказаць пра кірмаш. Трэба, брат, дапраўды, трэба зрабіць ёй прыемнасць. Не, ты не трымай мяне!»
«Ну яе, жонку к!.. важную, падумаеш, справу будзеце рабіць разам!»
«Не, брат! яна такая паважная і верная! Паслугі робіць такія... паверыш? у мяне слёзы на вачах. Не, ты не трымай мяне; як сумленны чалавек, паеду. Я цябе ў гэтым запэўняю, праўду кажучы, ад душы».
«Няхай сабе едзе: што за карысць з яго!» сказаў ціха Чычыкаў Наздрову.
«А і праўда!» сказаў Наздроў: «страх, як не люблю такіх расцяп!» і дадаў голасна: «ну, чорт цябе бяры, едзь бабіцца з жонкай, фецюк!» [28 ]
«Не, брат, ты не лай мяне фецюком», адказаў швагер: «я ёй жыццём абавязан. Такая, сапраўды, добрая, мілая, так лашчыць мяне... да слёз разбірае; запытае, што бачыў на кірмашы, трэба ўсё расказаць, такая, дапраўды, мілая».
«Ну, едзь, пляці ёй лухту! Вось шапка твая».
«Не, брат, табе зусім не трэба аб ёй так гаварыць; гэтым ты, можна сказаць, мяне самога крыўдзіш, яна такая мілая».
«Ну, дык і падавайся да яе хутчэй!»
«Так, брат, паеду, выбачай, што не магу застацца. Душой рад-бы быў, але не магу». Швагер яшчэ доўга паўтараў свае выбачэнні, не заўважаючы, што сам ужо даўно сядзеў у брычцы, даўно выехаў за вароты, і перад ім даўно былі адны пустыя палі. Трэба думаць, што жонка не шмат чула падрабязнасцей пра кірмаш.
«Такая дрэнь!» гаварыў Наздроў, стоячы перад акном і гледзячы на ад’язджаючы экіпаж. «Вунь як пацягнуўся! Конік прысцяжны не дрэнны, я даўно хацеў падчапіць яго. Ды з ім-жа нельга ніяк сыйсціся. Фецюк, проста фецюк!»
Пасля пайшлі яны ў пакой. Парфірый падаў свечкі, і Чычыкаў заўважыў у руках гаспадара калоду карт, якая невядома адкуль узялася.
«А што, брат», гаварыў Наздроў, прыціснуўшы бакі калоды пальцамі і крыху пагнуўшы яе, так што трэснула і адскочыла паперка. «Ну, каб правесці час, трымаю трыста рублёў банку!»
Але Чычыкаў прыкінуўся, як быццам і не чуе, пра што ідзе гаворка, і сказаў, як быццам раптам успомніўшы: «А! каб не забыцца: у мяне да цябе просьба».
«Якая?»
«Дай раней слова, што выканаеш».
«Ды якая просьба?»
«Ну, ды ўжо дай слова!»
«Добра».
«Слова гонару?»
«Слова гонару».
«Вось якая просьба: у цябе ёсць, пэўна, многа памёршых сялян, якія яшчэ не выкасаваны з рэвізіі?»
«Ну, ёсць; а што?»
«Перавядзі іх на мяне, на маё імя».
«А на што табе?»
«Ну, ды мне трэба».
«Ды на што?»
«Ну, ды ўжо трэба... гэта ўжо мая справа, словам трэба».
«Ну, ужо, напэўна, што-небудзь задумаў. Прызнайся, што?»
«Ды што-ж задумаў? з гэтай дробязі і зрабіць нічога нельга».
«Дык навошта-ж яны табе?»
«Ох, які цікаўны! яму ўсякую дрэнь хацелася-б памацаць рукой, ды яшчэ і панюхаць».
«Дык чаму-ж ты не хочаш сказаць?»
«Ды што-ж табе за карысць ведаць? Ну, проста так, прышла фантазія».
«Дык вось-жа: да таго часу, пакуль не скажаш, не зраблю!»
«Ну, вось бачыш, вось ужо і несумленна з твайго боку: слова даў, ды і адступаешся».
«Ну, як ты сабе хочаш, а не зраблю, пакуль не скажаш нашто».
«Што-б такое сказаць яму?» падумаў Чычыкаў і пасля хвіліны раздумвання абвясціў, што мёртвыя душы патрэбны яму, каб набыць вагу ў грамадскіх колах, што ён маёнткаў вялікіх не мае, дык пакуль што хоць-бы якія-небудзь душы.
«Хлусіш, хлусіш!» сказаў Наздроў, не даўшы скончыць: «хлусіш, брат!»
Чычыкаў і сам заўважыў, што прыдумаў не вельмі спрытна, і прычына даволі слабая. «Ну, дык я-ж табе скажу прасцей», сказаў ён, паправіўшыся: «толькі, зрабі ласку, не прагаварыся нікому. Я надумаў жаніцца; але трэба табе ведаць, што бацька і маці нявесты надта ганарлівыя людзі. Такая, дапраўды, камісія: не рад, што звязаўся, хочуць абавязкова, каб у жаніха было ніяк не менш за трыста душ, а паколькі ў мяне амаль цэлых паўтараста сялян нехапае...»
«Ну, хлусіш! хлусіш!» закрычаў зноў Наздроў.
«Ну, вось тут ужо», сказаў Чычыкаў, «ні вось на столькі не салгаў», і паказаў вялікім пальцам на сваім мезіным самую маленькую частку.
«Галаву закладаю, што хлусіш!»
«Аднак-жа, гэта крыўдна! Што-ж я такое сапраўды! Чаму я абавязкова хлушу?»
«Ну, ды я-ж ведаю цябе: ты-ж вялікі шэльма, дазволь мне гэта сказаць табе па дружбе! Калі-б я быў тваім начальнікам, я цябе павесіў-бы на першым дрэве».
Чычыкаў абразіўся такой заўвагай. Ужо кожны выраз, хоць крыху грубы, ці абражаючы добрапрыстойнасць, быў яму непрыемны. Ён нават не любіў дапускаць з сабой ні ў якім выпадку фамільярнага абыходжання, хіба толькі, калі асоба была занадта высокага звання. I таму цяпер ён зусім пакрыўдзіўся.
«Дальбог, павесіў-бы», паўтарыў Наздроў: «я табе кажу гэта шчыра, не для таго, каб цябе пакрыўдзіць, а проста па-сяброўску кажу».
«Усяму ёсць межы», сказаў Чычыкаў з пачуццём годнасці. «Калі хочаш пафарсіць падобнымі размовамі, дык ідзі ў казармы», і потым дадаў: «не хочаш падараваць, дык прадай».
«Прадаць! Ды я-ж ведаю цябе, ты-ж падлюга, ты-ж дорага не дасі за іх?»
«Эх, ды ты-ж таксама спрыцён! глядзі ты! што яны ў цябе брыльянтавыя, ці што?»
«Ну, так і ёсць. Я ўжо цябе ведаў».
«Злітуйся, брат, што ў цябе за жыдоўскае пабуджэнне? Ты-б павінен проста аддаць іх мне».
«Ну, паслухай, каб давесці табе, што я зусім не які-небудзь скнара, я не вазьму за іх нічога. Купі ў мяне жарабца, я табе аддам іх у прыдачу».
«Злітуйся, навошта-ж мне жарабец?» сказаў Чычыкаў, сапраўды здзіўлены такой прапановай.
«Як навошта? Ды я-ж за яго заплаціў дзесяць тысяч, а табе аддаю за чатыры».
«Ды нашто мне жарабец? Завода я не трымаю».
«Ды паслухай, ты не разумееш: я-ж з цябе вазьму цяпер усяго толькі тры тысячы, а астатнюю тысячу ты можаш заплаціць мне пасля».
«Ды не патрэбен мне жарабец, бог з ім!»
«Ну, купі буланую кабылу».
«I кабылы не трэба».
«За кабылу і за шэрага каня, якога ты ў мяне бачыў, вазьму я з цябе толькі дзве тысячы».
«Ды не патрэбны мне коні».
«Ты іх прадасі: табе на першым кірмашы дадуць за іх у тры разы больш».
«Дык лепш ты іх сам прадай, калі ўпэўнен, што выгадаеш у тры разы».
«Я ведаю, што выгадаю, ды мне хочацца, каб і ты меў карысць».
Чычыкаў падзякаваў за прыязнасць і рашуча адмовіўся і ад шэрага каня, і ад буланай кабылы.
«Ну, дык купі сабак. Я табе прадам такую пару, проста мароз па скуры ідзе! брудастая, з вусамі, поўсць стаіць угору, як шчаціна. Бачкаватасць рэбраў неймаверная, лапа ўся ў камяку — зямлі не кране!»
«Ды навошта мне сабакі? Я-ж не паляўнічы».
«Ды мне хочацца, каб у цябе былі сабакі. Паслухай, калі ўжо не хочаш сабак, дык купі ў мяне шарманку, цудоўная шарманка; самому, як сумленны чалавек, абышлася паўтары тысячы; табе аддаю за 900 рублёў».
«Ды навошта-ж мне шарманка? Я-ж не немец, каб, цягаючыся з ёй па дарогах, выпрошваць грошы».
«Ды гэта-ж не такая шарманка, як носяць немцы. Гэта арган; паглядзі знарок: уся з чырвонага дрэва. Вось я табе пакажу яе яшчэ!» Тут Наздроў, схапіўшы за руку Чычыкава, пачаў цягнуць яго ў другі пакой, і, як той ні ўпіраўся нагамі ў падлогу і ні запэўняў, што ён ведае ўжо, якая шарманка, але павінен быў пачуць яшчэ раз, якім чынам паехаў у паход Мальбруг. «Калі ты не хочаш на грошы, дык вось што: слухай: я табе дам шарманку і ўсе, колькі іх ёсць у мяне, мёртвыя душы, а ты мне дай сваю брычку і трыста рублёў прыдачы».
«Ну, вось яшчэ, а я-ж у чым паеду?»
«Я табе дам другую брычку. Вось пойдзем у адрыну, я табе пакажу яе! Ты яе толькі перафарбуеш, і будзе дзіва брычка».
«Эх, як яго няўрымслівы д’ябал апанаваў!» падумаў сам сабе Чычыкаў, і наважыў, чаго-б гэта ні каштавала, адчапіцца ад усякіх брычак, шарманак і ўсіх рознастайных сабак, не гледзячы на неймаверную бачкаватасць рэбраў і камякаватасць лап.
«Дык-жа брычка, шарманка і мёртвыя душы, усё разам.»
«Не хачу», сказаў яшчэ раз Чычыкаў.
«Чаму-ж ты не хочаш?»
«Таму, што проста не хачу, ды і годзе».
«Які ты, дапраўды, такі! з табой, як я бачу, нельга, як водзіцца паміж добрымі прыяцелямі і таварышамі, такі, дапраўды! адразу відаць, што дваісты чалавек!»
«Ды што-ж я, дурань, ці што? Ты памяркуй сам: нашто набываць рэч, якая мне зусім не патрэбна!»
«Ну, ужо, калі ласка, не гавары. Цяпер я надта добра цябе ведаю. Такая, дапраўды, ракалія! Ну, слухай, хочаш скінем у банчык. Я пастаўлю ўсіх памершых на карту, шарманку таксама».
«Ну, адважвацца ў банк, значыць ісці на невядомае», гаварыў Чычыкаў, і між іншым глянуў скоса на карты, якія былі ў яго руках. Абедзве таліі яму здаліся вельмі падобнымі на штучныя, і сам крап глядзеў вельмі падазрона.
«Чаму-ж невядомае?» сказаў Наздроў. «Нічога невядомага! Калі толькі на тваім баку шчасце, ты можаш выгуляць чортаву прорву. Вунь яна! гэтакае шчасце!» гаварыў ён, пачынаючы кідаць карты для ўзбуджэння задору: «гэтакае шчасце! гэтакае шчасце! вунь: так і б’е! вось тая праклятая дзевятка, на якой я ўсё прасадзіў! Адчуваў, што прадасць, ды ўжо, зажмурыўшы вочы, думаю сабе: чорт цябе пабяры, прадавай, праклятая!» Калі Наздроў гэта гаварыў, Парфірый прынёс бутэльку. Але Чычыкаў рашуча адмовіўся як гуляць у карты, так і піць.
«Чаму-ж ты не хочаш гуляць?» сказаў Наздроў.
«Ну, таму, што не маю настрою. Ды прызнацца сказаць, я зусім не ахвотнік да гульні».
«Чаму-ж не ахвотнік?»
Чычыкаў паціснуў плячыма і дадаў: «таму што не ахвотнік».
«Дрэнь-жа ты!»
«Што-ж рабіць, так бог стварыў».
«Фецюк, проста! Я думаў раней, што ты хоць крыху прыстойны чалавек, а ты не разумееш ніякага абыходжання. З табой ніяк нельга гаварыць, як з чалавекам блізкім... ніякай прамадушнасці, ні шчырасці! сапраўдны Сабакевіч, такі падлюга!»
«Ды за што-ж ты лаеш мяне? Вінаваты хіба я, што не гуляю? Прадай мне душы адны, калі ты ўжо такі чалавек, што трасешся над гэтым глупствам?»
«Чорта лысага атрымаеш! Хацеў раней дармова аддаць, але цяпер вось не атрымаеш-жа! Хоць тры царствы давай, не аддам. Такі шыльнік, пячнік паганы! З гэтага часу з табой ніякай справы не хачу мець. Парфірый, ідзі, скажы конюху, каб не даваў аўса коням яго, няхай ядуць адно сена».
Апошняга заключэння Чычыкаў ніяк не чакаў.
«Лепш-бы ты мне, проста, на вочы не паказваўся!» сказаў Наздроў.
Не гледзячы, аднак-жа, на такую сутычку, госць і гаспадар павячэралі разам, хоць на гэты раз не стаяла на стале ніякіх він з мудрагельнымі назвамі. Тырчала адна толькі бутэлька з нейкім кіпрскім, якое было тым, што называецца кісляцінай ва ўсіх адносінах. Пасля вячэры Наздроў сказаў Чычыкаву, завёўшы яго ў бакавы пакой, дзе была падрыхтавана для яго пасцель: «Вось табе пасцель! Не хачу і добрай ночы жадаць табе!»
Пасля таго як Наздроў пайшоў, Чычыкаў застаўся ў самым непрыемным настроі. Ён унутрана злаваў на сябе, лаяў сябе за тое, што да яго заехаў і патраціў дарма час. Але яшчэ больш лаяў сябе за тое, што загаварыў з ім аб справе, зрабіў неасцярожна, як дзіцянё, як дурань: бо справа зусім не такога роду, каб яе даверыць Наздрову... Наздроў — чалавек дрэнь, Наздроў можа нахлусіць, разнесці чорт ведае што, выйдуць яшчэ якія-небудзь плёткі... нядобра, нядобра. «Проста, дурань я», гаварыў ён сам сабе. Ноч спаў ён вельмі дрэнна. Нейкія маленькія надзвычай жвавыя казюлькі кусалі яго вельмі балюча, так што ён усёй жменяй скроб па скусаным месцы, прыгаварваючы: а, каб вас чорт узяў разам з Наздровым! Прачнуўся ён раным-рана. Першай справай яго было, апрануўшы халат і боты, пайсці цераз двор на стайню, загадаць Селіфану зараз-жа запрагаць брычку. Вяртаючыся цераз двор, ён сустрэўся з Наздровым, які быў таксама ў халаце, з люлькай у зубах.
Наздроў прывітаў яго па-сяброўску і спытаў: як яму спалася.
«Так сабе», адказаў Чычыкаў вельмі суха.
«А я, брат», гаварыў Наздроў, «такая брыдота лезла ўсю ноч, што агідна расказваць, і ў роце пасля ўчарашняга быццам эскадрон пераначаваў. Уяві: снілася, што мяне высеклі, дальбог! I ўяві хто? Вось ні за што не ўгадаеш: штабс-ротмістр Пацэлуеў разам з Куўшыннікавым».
«Так», падумаў сам сабе Чычыкаў: «добра было-б, калі-б цябе адлупцавалі на яве».
«Дальбог! Ды вельмі балюча! Прачнуўся, чорт пабяры, сапраўды штосьці свярбіць, пэўна ведзьмы-скочкі. Ну, ты ідзі цяпер, апранайся, а я да цябе зараз прыду. Трэба толькі аблаяць падлюку прыказчыка».
Чычыкаў пайшоў у пакой апрануцца і ўмыцца. Калі пасля гэтага вышаў ён у сталовую, там ужо стаяў на стале чайны прыбор з бутэлькай рому. У пакоі былі сляды ўчарашняга абеду і вячэры; здаецца, да падлогі шчотка не дакраналася зусім. На падлозе валяліся хлебныя крошкі, а табачны попел відаць быў нават на абрусе. Сам гаспадар, які хутка з’явіўся, нічога не меў у сябе пад халатам, акрамя адкрытых грудзей,на якіх расла нейкая барада. Трымаючы ў руках цыбук і сёрбаючы з кубачка, ён быў вельмі харошы для мастака, які не любіць страшэнна паноў прылізаных і завітых, падобна цырульным шыльдам, або выстрыжаных пад грабянец.
«Ну, дык як-жа думаеш?» сказаў Наздроў, крыху памаўчаўшы, «не хочаш гуляць на душы?»
«Ды гэта-ж не ў банк; тут ніякага не можа быць шчасця ці фальшы: усё-ж ад майстэрства; я нават папярэджваю, што я зусім не ўмею гуляць, хіба што-небудзь мне дасі наперад».
«Сяду я хіба», падумаў сам сабе Чычыкаў: «згуляю з ім у шашкі. У шашкі гуляў я нядрэнна, а на штукі яму тут цяжка падняцца».
«Даўнавата не браў я ў рукі шашак!» гаварыў Чычыкаў, пасоўваючы таксама шашку.
«Ведаем мы вас, як вы дрэнна гуляеце!» сказаў Наздроў выступаючы шашкай.
«Даўнавата не браў я ў рукі шашак!» гаварыў Чычыкаў пасоўваючы шашку.
«Ведаем мы вас, як вы дрэнна гуляеце!» сказаў Наздроў, пасоўваючы шашку, ды ў той-жа час падсунуў абшлагом рукава і другую шашку.
«Даўнавата яе браў я ў рукі!.. Э, э! гэта, брат, што? адсадзі яе назад», гаварыў Чычыкаў.
«Каго?»
«Ды шашку», сказаў Чычыкаў, і ў той-жа час убачыў амаль перад носам сваім і другую, якая, як здавалася, прабіралася ў дамкі; адкуль яна ўзялася, гэта адзін толькі бог ведаў. «Не», сказаў Чычыкаў, устаўшы з-за стала: «з табой няма ніякай магчымасці гуляць. Гэтак не ходзяць, па тры шашкі адразу!»
«Чаму-ж па тры? гэта памылка. Адна пасунулася ненаўмысна, я яе адсуну, калі хочаш».
«А другая-ж адкуль узялася?»
«Якая другая?»
«А вось гэта, што прабіраецца ў дамкі?»
«Вось табе на, быццам не помніш!»
«Не, брат, я ўсе хады лічыў, і ўсё помню; ты яе толькі цяпер прыстроіў, ёй месца вунь дзе!»
«Як дзе месца?» сказаў Наздроў, пачырванеўшы: «ды ты, брат, як я бачу, выдумшчык!»
«Не, брат, гэта, здаецца, ты выдумшчык, ды толькі няўдала».
«За каго-ж ты мяне лічыш?» гаварыў Наздроў, «стану я хіба махляваць?»
«Я цябе ні за кога не лічу, але толькі гуляць з гэтага часу ніколі не буду».
«Не, ты не можаш адмовіцца», гаварыў Наздроў, узгараючыся: «гульня распачата!»
«Я маю права адмовіцца, бо ты не так гуляеш, як належыць сумленнаму чалавеку».
«Не, хлусіш, ты гэтага не можаш сказаць!»
«Не, брат, сам ты хлусіш!»
«Я не махляваў, а ты адмовіцца не можаш, ты павінен скончыць партыю».
«Гэтага ты мяне не прымусіш рабіць», сказаў Чычыкаў спакойна і, падышоўшы да дошкі, перамяшаў шашкі.
Наздроў ускіпеў і падышоў да Чычыкава так блізка, што той адступіў крокі два назад.
«Я цябе прымушу гуляць! Гэта нічога, што ты змяшаў шашкі, я помню ўсе хады. Мы іх паставім зноў так, як былі».
«Не, брат, справа скончана, я з табой не буду гуляць».
«Дык ты не хочаш гуляць?»
«Ты сам бачыш, што з табой няма магчымасці гуляць».
«Не, скажы проста, ты не хочаш гуляць?» гаварыў Наздроў, падступаючы яшчэ бліжэй.
«Не хачу!» сказаў Чычыкаў і паднёс аднак-жа абедзве рукі на ўсякі выпадак бліжэй да твару, бо справа рабілася і сапраўды гарачай. Гэтая засцярога была вельмі дарэчы, бо Наздроў размахнуўся рукой... і сапраўды магло здарыцца, што адна з прыемных і поўных шчок нашага героя пакрылася-б незмывальнай ганьбай; але, шчасліва адвёўшы ўдар, ён схапіў Наздрова за абедзве задорныя яго рукі, і трымаў яго моцна.
«Парфірый, Паўлушка!» крычаў Наздроў у шаленстве, намагаючыся вырвацца.
Пачуўшы гэтыя словы, Чычыкаў, каб не зрабіць дваровых людзей сведкамі спакуслівай сцэны, і разам з тым адчуваючы, што трымаць Наздрова было бескарысна, выпусціў яго рукі. У гэты самы час увайшоў Парфірый і за ім Паўлушка, дзяцюк дужы, з якім мець справу было зусім нявыгадна.
«Дык ты не хочаш канчаць партыі?» гаварыў Наздроў. «Адказвай мне проста!»
«Партыі няма магчымасці канчаць», гаварыў Чычыкаў і зірнуў у акно. Ён убачыў сваю брычку, якая стаяла зусім гатовая, а Селіфан чакаў, здавалася, знаку, каб падкаціць пад ганак, але з пакоя не было ніякай магчымасці выбрацца: у дзвярах стаялі два дужыя прыгонныя дурні.
«Дык ты не хочаш канчаць партыі?» паўтарыў Наздроў з тварам, які гарэў, як у агні.
«Калі-б ты гуляў, як належыць сумленнаму чалавеку... але цяпер не магу».
«А! дык ты не можаш, падлюка! калі ўбачыў, што не твая бярэ, дык і не можаш! Біце яго!» крычаў ён ашалела, звярнуўшыся да Парфірыя і Паўлушкі, а сам схапіў у руку чарэшневы цыбук. Чычыкаў збялеў, як палатно. Не хацеў нешта сказаць, але адчуваў, што губы яго варушыліся без гуку.
«Біце яго!» крычаў Наздроў, рвучыся наперад з чарэшневым цыбуком, увесь у гарачцы, спацелы, як быццам падступаў пад непрыступную крэпасць. «Біце яго!» крычаў ён такім-жа голасам, як у часе вялікага прыступу крычыць свайму ўзводу: хлопцы, наперад! які-небудзь адчаянны паручык, безразважная смеласць якога стала настолькі вядомай, што даецца адмысловы загад трымаць яго за рукі ў часе гарачых спраў. Але паручык адчуў ужо баявы задор, усё пайшло кругом у галаве яго: перад ім лунае Сувораў, ён лезе на вялікую справу. Хлопцы, наперад! крычыць ён, рвучыся, не думаючы, што шкодзіць ужо абдуманаму плану агульнага прыступу, што мільёны вінтовачных дулаў выставіліся ў амбразуры непрыступных, узнятых у воблакі крэпасных сцен, што ўзляціць як пух у паветра яго бяссільны ўзвод, і што ўжо свішча ракавая куля, рыхтуючыся заткнуць яго крыклівае горла. Але калі Наздроў выяўляў сабою падступіўшага пад крэпасць адчаяннага, страціўшага прытомнасць паручыка, дык крэпасць, на якую ён ішоў, ніяк не была падобна да непрыступнай. Наадварот, крэпасць адчувала такі страх, што душа яе схавалася ў самыя пяткі. Ужо крэсла, якім ён уздумаў абараняцца, было вырвана прыгоннымі людзьмі з яго рук, ужо зажмурыўшы вочы, ні жывы, ні мёртвы, ён рыхтаваўся пакаштаваць чаркескага цыбука свайго гаспадара і бог ведае, што-б магло здарыцца з ім; але лёс пажадаў выратаваць бакі, плечы і ўсе добравыхаваныя часткі нашага героя. Нечакана дзынкнулі раптам як з воблакаў забразгатаўшыя гукі званка, пачуўся выразна стук колаў падляцеўшай да ганку каламажкі і адгукнуліся нават у самім пакоі цяжкі храп і цяжкае дыханне разгарачаных коней спыненай тройкі. Усе супроць волі зірнулі ў акно: нехта, з вусамі, у поўваенным сурдуце, вылазіў з каламажкі. Распытаўшыся ў пярэдняй, увайшоў ён у тую самую хвіліну, калі Чычыкаў не паспеў яшчэ апомніцца ад свайго страху і быў у самым кепскім становішчы, у якім калі-небудзь знаходзіўся смяротны.
«Дазвольце даведацца, хто тут п. Наздроў?» сказаў незнаёмы, паглядзеўшы ў некаторым недаўменні на Наздрова, які стаяў з цыбуком у руцэ, і на Чычыкава, які ледзь пачынаў ачухвацца ад свайго нявыгаднага становішча.
«Дазвольце перш даведацца, з кім маю гонар гаварыць?» сказаў Наздроў, падыходзячы да яго бліжэй.
«Капітан-спраўнік».
«А што вам трэба?»
«Я прыехаў вам абвясціць атрыманае мной паведамленне, што вы знаходзіцеся пад судом да часу атрымання прысуду па вашай справе».
«Што за глупства, па якой справе?» сказаў Наздроў.
«Вы былі замешаны ў гісторыю з выпадку нанясення памешчыку Максімаву асабістай крыўды розгамі ў п’яным выглядзе».
«Вы хлусіце! я і ў вочы не бачыў памешчыка Максімава».
«Міласцівы гасудар! Дазвольце вам далажыць, што я афіцэр. Вы можаце гэта сказаць вашаму слузе, а не мне!»
Тут Чычыкаў, не чакаючы, што будзе адказваць на гэта Наздроў, хутчэй за шапку, ды за спіною капітана-спраўніка выслізнуў на ганак, сеў у брычку і загадаў Селіфану паганяць коней на ўвесь дух.