Ужо чатыры гады, як Іван Фёдаравіч Шпонька ў адстаўцы і жыве ў хутары сваім Вытрэбеньках. Калі ён быў яшчэ Ванюшам, дык навучаўся ў гадзячскім павятовым вучылішчы, і, трэба сказаць, што быў вельмі дабрадзейны і вельмі старанны хлапчук. Настаўнік расійскай граматыкі, Нікіфар Цімафеевіч Дзеепрычасце, казаў, што калі-б усе ў яго былі такія старанныя, як Шпонька, дык ён не насіў-бы з сабою ў клас кляновай лінейкі, якою, як сам ён прызнаваўся, зморваўся біць па руках ляных і гарэзнікаў. Сшытак у яго быў заўсёды чысценькі, наўкруга аблінаваны, нідзе ні плямінкі. Сядзеў ён заўжды ціха, склаўшы рукі і ўтаропіўшы вочы на настаўніка, і ніколі не прывешваў таварышу, які сядзеў наперадзе яго, на спіну паперак, не рэзаў лаўкі і не гуляў да прыходу настаўніка ў цеснай бабы[73]. Калі каму патрэбен быў ножык навастрыць пяро, дык ён не марудзячы зварочваўся да Івана Фёдаравіча, ведаючы, што ў яго заўсёды быў ножык, і Іван Фёдаравіч, тады яшчэ проста Ванюша, даставаў яго з невялікага скуранога футлярчыка, прывязанага да пятлі свайго шэранькага сурдута, і прасіў толькі не скрабсці пяра лязом ножыка, упэўняючы, што для гэтага ёсць тупы бок. Такая добранраўнасць хутка прыцягнула да яго ўвагу нават самога настаўніка лацінскае мовы, адзін кашаль якога ў сенях, перш чым высоўваўся ў дзверы яго фрызавы[74] шынель і твар, развузораны воспаю, наводзіў страх на ўвесь клас. Гэты страшны настаўнік, у якога на кафедры заўжды ляжала два пучкі розаг, і палавіна слухачоў стаяла на каленях, зрабіў Івана Фёдаравіча аудыторам[75], не зважаючы на тое, што ў класе было шмат з куды лепшымі здольнасцямі. Тут нельга прапусціць адзін выпадак, які зрабіў уплыў на ўсё яго жыццё. Адзін з даручаных яму вучняў, каб схіліць свайго аудытора напісаць яму ў спісу scit[76], у той час як ён свайго задання ў зуб не ведаў, прынёс у клас загорнуты ў паперу, абліты маслам, блінец. Іван Фёдаравіч, хоць і прытрымліваўся справядлівасці, але на той час быў галодны і не мог супраціўляцца спакусе; узяў блінец, паставіў перад сабою кніжку і пачаў есці. І так быў заняты гэтым, што нават не заўважыў, што ў класе надыйшла раптам мёртвая цішыня. Тады толькі з жахам схамянуўся ён, калі страшная рука, працягнуўшыся з фрызавага шыняля, ухапіла яго за вуха і выцягнула на сярэдзіну класа. «Падай сюды блінец! Падай, кажуць табе, нягоднік!» сказаў грозны настаўнік, схапіў пальцамі масляны блінец і выкінуў яго за акно, сурова забараніўшы бегаўшым на дварэ школьнікам падымаць яго. Пасля гэтага тут-жа вельмі балюча высек Івана Фёдаравіча па руках. І дарэчы: рукі вінны, нашто бралі, а не іншая частка цела. Як-бы там ні было, толькі ад гэтага часу нясмеласць, і без таго неразлучная з ім, павялічылася яшчэ болей. Можа, гэтае самае здарэнне было прычынай таго, што ён не меў ніколі жадання паступіць на штацкую службу, бачачы з практыкі, што не заўсёды ўдаецца прыхаваць канцы. Было ўжо яму без нечага пятнаццаць гадоў, калі перайшоў ён у другі клас, дзе, заместа скарочанага катэхізіса і чатырох правіл арыфметыкі, узяўся ён за пашыраны, за кнігу аб прызначэннях чалавека і за дробы. Але, убачыўшы, што чым далей у лес, тым болей дроў, і атрымаўшы вестку, што бацюхна загадаў доўга жыць, прабыў яшчэ два гады і, са згоды матухны, паступіў потым у П*** пяхотны полк. П*** пяхотны полк быў зусім не такога гатунку, да якога належаць шмат якія пяхотныя палкі, і, не зважаючы на тое, што ён пераважна стаяў па вёсках, аднак-жа быў на такой назе, што не ўступаў некаторым і кавалерыйскім. Большая частка афіцэраў піла вымаразкі і ўмела цягаць жыдоў за пэйсікі не горш за гусараў; некалькі чалавек нават танцавала мазурку, і палкоўнік П*** палка ніколі не мінаў выпадку зазначыць гэта, размаўляючы з кім-небудзь у кампаніі. «У мяне», казаў ён звычайна, ляпаючы сябе па чэраве пасля кожнага слова: «многія танцуюць мазурку; вельмі многія; вельмі многія». Каб яшчэ болыш паказаць чытачам адукаванасць П*** пяхотнага палка, мы дададзім, што двое з афіцэраў былі заўзятыя ігракі ў банк і прагульвалі мундзір, фуражку, шынель, цямляк і нават сподняе, а гэта не ўсюды і паміж кавалерыстаў можна адшукаць. Абыходжанне з такімі таварышамі, аднак-жа, ні на кроплю не зменшыла баязлівасці Івана Фёдаравіча. І паколькі ён не піў вымаразак, аддаючы перавагу чарцы гарэлкі перад абедам і вячэраю, не танцаваў мазуркі і не гуляў у банк, дык, натуральна, павінен быў заўсёды заставацца адзін. Такім чынам, калі іншыя раз'язджалі на абыватальскіх па дробных памешчыках, ён, седзячы на сваёй кватэры, практыкаваўся ў занятках, уласцівых толькі добрай і сціплай душы: то чысціў гузікі, то чытаў варажбітную кнігу, то стаўляў мышалоўкі па кутках свайго пакоя, то, нарэшце, скінуўшы мундзір, ляжаў на ложку. Затое ў палку не было нікога больш упраўнага за Івана Фёдаравіча. І ўзводам сваім ён так камандаваў, што ротны камандзір заўсёды ставіў яго за прыклад. Затое ў хуткім часе, праз адзінаццаць год пасля атрымання прапаршчыцкага чыну, ён быў падвышаны ў падпаручыкі.
На працягу гэтага часу ён атрымаў вестку, што матухна сканала, а цётухна, родная сястра матухны, якую ён ведаў толькі таму, што яна прывозіла яму ў маленстве і пасылала нават у Гадзяч сушапыя ігрушы і робленыя ёю самою вельмі смачныя пернікі (з матухнай яна была пасварыўшыся, і таму Іван Фёдаравіч пасля не бачыў яе), гэтая цётухна, з свае дабрадушнасці, узялася кіраваць невялікім яго маёнткам, пра што паведаміла яго ў свой час пісьмом. Іван Фёдаравіч, будучы зусім упэўнены ў разважлівасці цётухны, пачаў паранейшаму выконваць сваю службу. Іншы на яго месцы, атрымаўшы такі чын, заганарыўся-б; але гордасць зусім была яму невядома. І, зрабіўшыся падпаручыкам, ён быў той самы Іван Фёдаравіч, якім быў некалі і ў прапаршчыцкім чыне. Прабыўшы чатыры гады пасля гэтай значнай для яго падзеі, ён рыхтаваўся выступіць разам з палком з Магілеўскай губерні ў Вялікаросію, як атрымаў пісьмо такога зместу:
«Шаноўны пляменнік, Іван Фёдаравіч! Пасылаю табе бялізну: пяць пар ніцяных шкарпэтак і чатыры кашулі тонкага палатна; ды яшчэ хачу пагаварыць з табою пра справу: паколькі ты ўжо маеш чьн немалаважны, што, мяркую, табе вядома, і прышоў у такія гады, што час і за гаспадарку ўзяцца, дык у воінскай службе табе няма чаго болей служыць. Я ўжо старая і не магу ўсяго даглядзець у тваёй гаспадарцы; дый сапраўды, шмат чаго маю табе адкрыць асабіста. Прыязджай, Ванюша; у чаканні сапраўднай прыемнасці цябе бачыць, застаюся многалюбячая твая цётка Васіліса Цупчэўська . Цудоўная ў гародзе ў нас вырасла рэпа, болей падобна да бульбы, чым да рэпы».
Праз тыдзень пасля атрымання гэтага пісьма, Іван Фёдаравіч напісаў такі адказ:
«Міласцівая гасударыня, цётухна Васіліса Кашпораўна! Надта дзякую вам за прысылку бялізны. Асабліва шкарпэткі ў мяне вельмі старыя, што нават дзяншчык цыраваў іх чатыры разы і вельмі ад таго зрабіліся вузкія. Наконт вашай думкі пра маю службу, я зусім згодзен з вамі, і пазаўчора падаў адстаўку. А як толькі атрымаю звальненне, дык найму рамізніка. Ранейшай вашай камісіі [77], наконт насення пшаніцы, сібірскай арнауткі [78], не мог выканаць: ва ўсёй Магілеўскай губерні няма такой. Свіней-жа тут кормяць у большасці брагаю, падмешваючы крыху адыграўшага піва. З выключнай пашанай, міласцівая гасударыня цётухна, застаюся пляменнікам Іванам Шпонькаю ».
Нарэшце, Іван Фёдаравіч атрымаў адстаўку з чынам паручыка, наняў за сорак рублёў жыда ад Магілева да Гадзяча, і сеў у кібітку ў той самы час, калі дрэвы апрануліся маладымі, яшчэ рэдкімі лісцямі, уся зямля ярка зазелянела свежай зелянінаю і па ўсім полі пахла вясною.