З гэтай гісторыяй здарылася гісторыя: нам расказваў яе Сцяпан Іванавіч Курачка, які прыязджаў з Гадзяча. Трэба вам ведаць, што памяць у мяне, немагчыма выказаць, што за дрэнь: хоць кажы, хоць не кажы, усё адно. Тое-ж самае, што ў рэшата ваду лі. Ведаючы за сабою такі грэх, знарок прасіў яго спісаць яе ў сшытак. Ну, дай бог яму здароўя, чалавек ён быў заўсёды добры для мяне, узяў і спісаў. Паклаў я яе ў маленькі столік; вы, думаю, яго добра ведаеце: ён стаіць у кутку, калі ўвойдзеш у дзверы… Але, я і забыўся, што вы ў мяне ніколі не былі. Старая мая, з якою жыву ўжо год трыццаць разам, грамаце зроду не вучылася; няма чаго і граху таіць. Вось заўважаю я, што яна піражкі пячэ ўсё на нейкай паперы. Піражкі яна, шаноўныя чытачы, наўздзіў добра пячэ; лепшых піражкоў вы нідзе не будзеце есці. Зірнуў неяк на сподку піражка, гляджу: пісаныя словы. Як быццам сэрца ў мяне ведала: прыходжу да століка — сшытка і палавіны няма! Рэштку лісткоў усю расцягала на пірагі. Што загадаеш рабіць? Не пабіцца-ж на старасці год. Летась здаралася праязджаць цераз Гадзяч. Знарок яшчэ, не даязджаючы горада, завязаў вузельчык, каб не забыцца папрасіць аб гэтым Сцяпана Іванавіча. Гэтага мала: узяў абяцанне з самога сябе, як толькі чхну ў горадзе, каб пры гэтым успамянуць пра яго. Усё дарэмна. Праехаў цераз горад, і чхнуў і высмаркаўся ў хустачку, а ўсё забыў; ды ўжо ўспамянуў, як вёрст шэсць ад'ехаў ад заставы. Няма чаго рабіць, давялося друкаваць без канца. Зрэшты, калі хто жадае абавязкова ведаць, пра што гаворыцца ў гэтай аповесці, дык яму варта толькі сумысля прыехаць у Гадзяч і папрасіць Сцяпана Іванавіча. Ён з вялікай прыемнасцю раскажа яе, хоць, калі будзе ахвота, зноў ад пачатку да канца. Жыве ён недалёка ад каменнае царквы. Тут ёсць зараз маленькі завулак: як толькі звернеш у завулак, дык будуць другія ці трэція вароты. Але, вось лепей: калі ўбачыце на дварэ вялікую жэрдку з перапёлкаю і выйдзе вам насустрач тоўстая баба ў зялёнай спадніцы (ён, не шкодзіць сказаць, вядзе жыццё халастое), дык гэта яго двор. Зрэшты, вы можаце яго стрэць на рынку, дзе бывае ён кожную раніцу да дзевятай гадзіны, выбірае рыбу і зеляніну для свайго стала і размаўляе з айцом Анціпам, або з жыдам-адкупшчыкам. Вы яго адразу пазнаеце, бо ні ў каго няма, апрача яго, нагавіц з каляровай выбойкі і кітайчатага жоўтага сурдута. Вось яшчэ вам прыкмета: калі ходзіць ён, дык заўжды размахвае рукамі. Яшчэ нябожчык тутэйшы засядацель, Дзяніс Пятровіч, заўсёды, бывала, убачыўшы яго здалёк, гаварыў: «глядзіце, глядзіце, вунь ідзе вятрак!»