Цётухна Васіліса Кашпораўна ў гэты час мела год каля пяцідзесяці. Замужам яна ніколі не была, і звычайна гаварыла, што жыццё дзявочае для яе даражэй за ўсё. Зрэшты, колькі мне помніцца, ніхто і не сватаў яе. Гэта паходзіла ад таго, што ўсе мужчыны адчувалі пры ёй нейкую нясмеласць і ніяк не мелі духу зрабіць ёй прызнанне: «Вельмі з вялікім характарам Васіліса Кашпораўна!» гаварылі жаніхі, і казалі чыстую праўду, бо Васіліса Кашпораўна хоць каго ўмела зрабіць цішэй травы. П'яніцу-мельніка, які зусім быў ні да чаго не здатны, яна, уласнаю сваёю мужнаю рукою тузаючы штодня за чуб, без усякага старонняга сродку, умела зрабіць золатам, а не чалавекам. Рост яна мела амаль волатаўскі, самавітасць і сілу зусім суразмерную. Здавалася, што прырода зрабіла недаравальную памылку, прызначыўшы ёй насіць цёмнакарычневую ў буднія дні капоту з дробнымі зборкамі і чырвоны кашаміраўскі шаль на Вялікдзень і на свае імяніны, тады як ёй больш за ўсё пасавалі-б драгунскія вусы і доўгія батфорты. Затое заняткі яе зусім адпавядалі яе выгляду: яна каталася сама на лодцы, кіруючы вяслом майстэрней за ўсякага рыбалова; страляла дзічыну; стаяла неадступна над касцамі; ведала на зубок лік дынь і кавуноў на баштане; брала пошліну па пяць капеек з воза, які праязджаў цераз яе грэблю; узлазіла на дрэва і трэсла ігрушы; біла ляных васалаў сваёй страшнаю рукою і падносіла дастойным чарку гарэлкі з тае-ж грознай рукі. Амаль у адзін час яна лаялася, фарбавала пражу, бегала на кухню, рабіла квас, варыла мядовае варэнне, і захаджавалася ўвесь дзень і ўсюды паспявала. Вынікам з гэтага было тое, што маленькі маёнтачак Івана Фёдаравіча, які складаўся з восемнаццаці душ паводле апошняй рэвізіі, квітнеў у поўным сэнсе гэтага слова. Да таго-ж яна надта горача любіла свайго пляменніка і старанна збірала для яго капейку. Пасля прыезду дамоў, жыццё Івана Фёдаравіча рашуча змянілася і пайшло зусім іншаю дарогаю. Здавалася, натура іменна стварыла яго для кіравання восемнаццацідушным маёнткам. Сама цётухна заўважыла, што ён будзе добрым гаспадаром, хоць, зрэшты, не ва ўсе яшчэ галіны гаспадаркі дазваляла яму ўмешвацца. «Воно ще молода дытына!» звычайна казала яна, не зважаючы на тое, што Івану Фёдаравічу было без малога сорак год: «дзе яму ўсё ведаць!» Аднак-жа ён неадлучна знаходзіўся ў полі пры жанцах і касцах, і гэта давала асалоду невыказную яго рахманай душы. Аднадушны ўзмах дзесятка і болей зіхатлівых кос; шасценне травы, якая падала роўнымі радамі; зрэдку пераліўныя песні жней, то вясёлыя, як сустрэча гасцей, то тужлівыя, як расстанне; спакойны, чысты вечар, і што за вечар! як вольна і свежа паветра! як тады ажыўлена ўсё: стэп чырванее, сінее і гарыць кветкамі; перапёлкі, дрофы, кнігаўкі, цвіркуны, тысячы казюлек, і ад іх свіст, гудзенне, трэск, крык і раптам суладны хор; і ўсё не маўчыць ні на хвіліну. А сонца садзіцца і хаваецца. У! як свежа і добра! Па полі, то там, то сям, раскладаюцца агні і стаўляюць чыгуны, і наўкол чыгуноў сядаюць вусатыя касцы. Пара ад галушак сцелецца. Змярканне шарэе. Цяжка расказаць, што рабілася з Іванам Фёдаравічам. Ён забываў, далучаючыся да касцоў, пакаштаваць іхніх галушак, якія вельмі любіў, і стаяў нерухома на адным месцы, сочачы вачыма за прападаўшай у небе кнігаўкай, або лічачы копы нажатага збожжа, якія ўнізвалі поле.

За кароткі час пра Івана Фёдаравіча ўсюды пайшлі размовы, як пра вялікага гаспадара. Цётухна не магла нарадавацца з свайго пляменніка, і ніколі не мінала выпадку ім па выхваляцца. За адзін дзень, — гэта было пасля ўжо сканчэння жніва, і іменна ў канцы ліпеня, — Васіліса Кашпораўна, узяўшы Івана Фёдаравіча з таямнічым выглядам за руку, сказала, што яна цяпер хоча пагаварыць з ім пра справу, якая з даўніх пор яе займае.

«Табе, шаноўны Іван Фёдаравіч», так яна пачала: «вядома, што ў тваім хутары восемнаццаць душ, зрэшты, гэта паводле рэвізіі, а без таго, можа, назбіраецца болей, можа, будзе каля дваццаці чатырох. Але не аб гэтым справа. Ты ведаеш той лясок, што за нашаю левадаю[80] і, пэўна, ведаеш за тым-жа лесам шырокі луг: у ім дваццаць амаль дзесяцін; а травы столькі, што можна кожны год прадаваць болей, як на сто рублёў, асабліва, калі, як гавораць, у Гадзячы будзе конны полк».

«Як-жа, цётухна, ведаю: трава вельмі добрая». «Гэта я сама ведаю, што вельмі добрая; але ці ведаеш ты, што ўся гэтая зямля, па-сапраўднаму, твая. Чаго ты так вылупіў вочы? Слухай, Іван Фёдаравіч! Ты помніш Сцяпана Кузьміча? Што я кажу; помніш! Ты быў тады такі маленькі, што не мог нават вымавіць яго імені. Куды-ж! я помню, калі прыехала на самыя запускі, перад Піліпаўкай, і ўзяла была цябе на рукі, дык ты ледзь не сапсаваў мне ўсяе сукенкі; на шчасце, што паспела перадаць цябе мамцы Матроне. Такі ты тады быў паскудны!.. Але не аб гэтым справа. Уся зямля, што за нашым хутарам, і самое сяло Хартышча, было Сцяпана Кузьміча. Ён, патрэбна табе абвясціць, яшчэ цябе не было на свеце, як пачаў ездзіць да твае матухны; праўда, у такі час, калі бацькі твайго не было дома. Але я, аднак-жа, не ў дакор гэта ёй гавару. Упакой, госпадзі, яе душу! — хоць нябожчыца была заўжды няправая супраць мяне. Не аб гэтым справа. Як-бы там ні было, толькі Сцяпан Кузьміч зрабіў табе даравальны напіс на той самы маёнтак, пра які я табе гаварыла. Але нябожчыца, твая матухна, паміж намі будзь сказана, мела вельмі дзівацкі нораў. Сам чорт, госпадзі даруй мне за гэта брыдкае слова, не здолеў-бы зразумець яе. Куды яна падзела гэты запіс — адзін бог ведае. Я мяркую, проста, што ён у руках гэтага старога халасцяка Грыгорыя Грыгор'евіча Сторчанка. Гэтаму пузатаму шэльму дастаўся ўвесь яго маёнтак. Я гатова стаўляць, бог ведае што, калі ён не ўтаіў запісу».

«Дазвольце далажыць, цётухна: ці не той гэта Сторчанка, з якім я пазнаёміўся на станцыі?» Тут Іван Фёдаравіч расказаў пра сваю сустрэчу.

«Хто яго ведае!» адказала, крыху падумаўшы, цётухна: «можа, ён і не нягоднік. Праўда, ён, усяго толькі поўгода, як пераехаў да нас жыць; за такі час чалавека не ўведаеш. Старая, матухна яго, я чула, вельмі разумная жанчына і, кажуць, вялікая майстроўка саліць гуркі. Дываны ўласныя дзеўкі яе ўмеюць адменна добра вырабляць. Але паколькі ты гаворыш, што ён цябе добра прыняў, дык паедзь да яго. Можа, стары грэшнік паслухае сумлення і аддасць, што належыць не яму. Бадай што, можаш, паехаць і ў брычцы, толькі праклятыя хлапчаняты павыцягвалі ззаду ўсе цвікі; трэба будзе сказаць фурману Амельку, каб прыбіў усюды лепей скуру».

«Навошта, цётухна? Я вазьму павозку, у якой вы ездзіце часамі страляць дзічыну».

Гэтым закончылася размова.