У абедзенны час Іван Фёдаравіч уехаў у сяло Хартышча і крыху знясмеліўся, калі пачаў набліжацца да панскага дома. Дом гэты быў доўгі і не пад ачарэтнай, як у шмат каго з навакольных памешчыкаў, а пад драўлянай страхою. Два свірны ў дварэ таксама пад драўлянай страхою; вароты дубовыя. Іван Фёдаравіч падобен быў да таго франта, які заехаўшы на бал, бачыць усіх, куды ні азірнецца, апраненых ямчэй за яго. З пашаны ён спыніў свой вазок каля свірна і падышоў пеша да ганку.

«А, Іван Фёдаравіч!» закрычаў тоўсты Грыгорый Грыгор'евіч, які хадзіў па дварэ ў сурдуце, але без гальштука, камізэлькі і падцяжак. Аднак-жа і гэтае ўбранне, здавалася, абцяжвала яго тлустую шырыню, бо пот каціўся з яго градам. «Што-ж вы казалі, што адразу, як толькі ўбачыцеся з цётухнай, прыедзеце, дый не прыехалі?» Пасля гэтых слоў, губы Івана Фёдаравіча сустрэлі тыя-ж самыя знаёмыя падушкі.

«Пераважна заняткі па гаспадарцы… Я прыехаў да вас на хвілінку, уласна па справе…»

«На хвілінку! Вось гэта дык не будзе. Гэй, хлопча!» закрычаў тоўсты гаспадар, і той самы хлапчук у казацкай світцы выбег з кухні. «Скажы Кас'яну, каб вароты зараз замкнуў, чуеш, замкнуў моцна! А коней вось гэтага пана адпрог-бы ў гэтую-ж хвіліну! Прашу ў пакой: тут такая гарачыня, што ў мяне ўся кашуля мокрая».

Іван Фёдаравіч, увайшоўшы ў пакой, вырашыў не траціць дарма часу і, не зважаючы на сваю нясмеласць, наступаць рашуча.

«Цётухна мела гонар… казала мне, што даравальны запіс нябожчыка Сцяпана Кузьміча…»

Цяжка намаляваць, якую непрыемную міну зрабіла пры гэтых словах шырачэзнае аблічча Грыгорыя Грыгор'евіча. «Дальбог нічога не чую!» адказаў ён. «Трэба вам сказаць, што ў мяне ў левым вусе сядзеў таракан. У рускіх хатах праклятыя кацапы ўсюды паразводзілі тараканаў. Немагчыма апісаць ніякім пяром, што за пакута была. Так вось і казыча, так і казыча. Мне дапамагла адна бабуля самым простым сродкам…»

«Я хацеў сказаць…» асмеліўся перапыніць Іван Фёдаравіч, бачачы, што Грыгорый Грыгор'евіч сумысля хоча павярнуць размову на іншае: «што ў завяшчанні нябожчыка Сцяпана Кузьміча ўспамінаецца, так сказаць, пра даравальны запіс… па ім мне належыць…»

«Я ведаю, гэта вам цётухна паспела нагаварыць. Гэта мана, дальбог мана! Ніякага даравальнага запісу дзядзюхна не рабіў. Хоць, праўда, у завяшчанні і ўспамінаецца пра нейкі запіс; але дзе-ж ён? Ніхто не прадставіў яго. Я вам гэта кажу таму, што шчыра жадаю вам дабра. Дальбог, гэта мана!»

Іван Фёдаравіч замаўчаў, разважаючы, што, можа, і сапраўды цётухне толькі здалося.

«А вось ідзе сюды матухна з сёстрамі!» сказаў Грыгорый Грыгор'евіч: «значыцца, абед гатоў. Пойдзем!» Пры гэтым ён пацягнуў Івана Фёдаравіча за руку ў пакой, дзе стаялі на стале гарэлка і закускі.

У той самы час увайшла бабулька, нізенькая, сапраўдны кафейнік у каптуры, з двума паненкамі — бялявай і чорна-косай. Іван Фёдаравіч, як выхаваны кавалер, падышоў спачатку да бабульчынай ручкі, а пасля да ручак абодвух паненак.

«Гэта, матухна, наш сусед, Іван Фёдаравіч Шпонька!» сказаў Грыгорый Грыгор'евіч.

Бабулька пільна глядзела на Івана Фёдаравіча ці, можа, толькі здавалася, што глядзела. Зрэшты, гэта была сапраўдная дабрата. Здавалася, яна так і хацела спытаць Івана Фёдаравіча: колькі вы на зіму насольваеце гуркоў?

«Вы гарэлку пілі?» запытала бабулька.

«Вы, матухна, напэўна не выспаліся», сказаў Грыгорый Грыгор'евіч: «хто-ж пытае ў госця, ці піў ён? Вы частуйце толькі, а пілі мы, ці не, гэта наша справа. Іван Фёдаравіч! прашу, залататысячнікавай, ці Трафімаўскай сівушкі, якую вы лепей любіце? Іван Іванавіч, а ты што стаіш?» прамовіў Грыгорый Грыгор'евіч, азірнуўшыся назад, і Іван Фёдаравіч убачыў, што да гарэлкі падыходзіў Іван Іванавіч, у доўгакрысым сурдуце, з вялізным стаячым каўняром, які закрываў усю яго патыліцу, так што галава сядзела ў каўняры, як быццам у брычцы.

Іван Іванавіч падышоў да гарэлкі, пацёр рукі, разгледзеў як належыць чарку, наліў, паднёс да святла; выліў адразу з чаркі ўсю гарэлку ў рот, але, не глытаючы, папаласкаў ёю добра ў роце, пасля чаго праглынуў. І закусіўшы хлебам з салёнымі апенькамі, звярнуўся да Івана Фёдаравіча.

«Ці не з Іванам Фёдаравічам, панам Шпонькам, маю гонар гаварыць?»

«Так точна», адказаў Іван Фёдаравіч.

«Вельмі шмат мелі ласку змяніцца ад таго часу, як я вас ведаю. Як-жа», гаварыў далей Іван Іванавіч: «я яшчэ помню вас вось якімі!» Пры гэтым падняў ён далонь на аршын ад падлогі. «Нябожчык бацюхна ваш, дай божа яму царства нябеснае, выключны быў чалавек. Кавуны і дыні заўжды ў яго былі такія, якіх цяпер нідзе не знойдзеце. Вось хоць-бы і тут», гаварыў ён далей, адводзячы яго ўбок: «пададуць вам за сталом дыні. Што гэта за дыні? — Глядзець не хочацца! Ці верыце вы, міласцівы гасудар, што ў яго былі кавуны», прамовіў ён з таямнічым выглядам, расстаўляючы рукі, як быццам-бы хацеў абхапіць тоўстае дрэва: «дальбог, вось якія!»

«Пойдзем за стол!» сказаў Грыгорый Грыгор'евіч, узяўшы Івана Фёдаравіча за руку. Усе вышлі ў сталовую. Грыгорый Грыгор'евіч сеў на звычайным сваім месцы, у канцы стала, завесіўся вялюнаю сурвэткаю і быў падобны ў такім выглядзе да тых герояў, якіх малююць цырульнікі на сваіх шыльдах. Іван Фёдаравіч, чырванеючы, сеў на паказанае яму месца супраць двух паненак; а Іван Іванавіч не мінуў выпадку змясціцца каля яго, радуючыся душэўна, што будзе каму паведамляць свае веды.

«Вы дарэмна ўзялі купрык, Іван Фёдаравіч! Гэта індычка!» сказала бабулька, звярнуўшыся да Івана Фёдаравіча, якому ў гэты час паднёс блюда вясковы афіцыянт у шэрым фраку з чорнаю латкаю. «Вазьміце спінку!»

«Матухна! вас-жа ніхто не просіць утыкацца!» прамовіў Грыгорый Грыгор'евіч. «Майце пэўнасць, што госць сам ведае, што яму ўзяць! Іван Фёдаравіч, вазьміце крылца, вунь другое, з пупком. Ды што-ж вы так мала ўзялі? Вазьміце сцягенца! Ты што разявіў рот з блюдам? Прасі! Станавіся, падлюга, на калені! Гавары зараз: Іван Фёдаравіч, вазьміце сцягенца!»

«Іван Фёдаравіч, вазьміце сцягенца!» прароў, стаўшы на калені, афіцыянт з блюдам.

«Гм, што гэта за індычка!» сказаў напоўголаса Іван Іванавіч са зняважлівым выглядам, звярнуўшыся да свайго суседа. «Ці такія павінны быць індычкі! Калі-б вы ўбачылі ў мяне індычак! Я вас упэўняю, што тлушчу ў адной болей, чым у дзесятку такіх, як гэтыя. Ці верыце, гасудар мой, што нават прыкра глядзець, калі ходзяць яны ў мяне на дварэ, такія тлустыя!»

«Іван Іванавіч, ты маніш!» прамовіў Грыгорый Грыгор'евіч, услухаўшыся ў яго словы.

«Я вам скажу», гаварыў далей усё таксама-ж свайму суседу Іван Іванавіч, робячы выгляд, быццам-бы ён не чуў слоў Грыгорыя Грыгор'евіча: «што летась, калі я адпраўляў іх у Гадзяч, давалі па пяцьдзесят капеек за штуку. І то яшчэ не хацеў браць».

«Іван Іванавіч, я табе кажу, што ты маніш!» прамовіў Грыгорый Грыгор'евіч, для лепшай выразнасці, па складах, і мацней чым раней.

Але Іван Іванавіч, робячы выгляд, быццам гэта зусім не стасавалася да яго, гаварыў далей таксама, але куды цішэй: «Іменна, гасудар мой, не хацеў браць. У Гадзячы ні ў аднаго памешчыка…»

«Іван Іванавіч! ты-ж дурны, і болей нічога», голасна сказаў Грыгорый Грыгор'евіч. «Іван Фёдаравіч ведае ўсё гэта лепш за цябе і, напэўна, не паверыць табе».

Тут Іван Іванавіч зусім пакрыўдзіўся, змоўк і пачаў умінаць індычку, не зважаючы на тое, што яна была не такая тлустая, як тыя, на якіх прыкра глядзець.

Стук нажоў, лыжак і талерак замяніў на час размову; але гучней за ўсё чулася высмоктванне Грыгорыем Грыгор'евічам шпіку з барановай косткі.

«Ці чыталі вы», запытаў Іван Іванавіч пасля некаторага маўчання, высаджваючы галаву з свае брычкі да Івана Фёдаравіча: «кнігу: „Падарожжа Карабейнікава ў святыя мясціны“? Сапраўдная асалода душы і сэрца! Цяпер такіх кніг не друкуюць. На вялікі жаль, што не паглядзеў, каторага году».

Іван Фёдаравіч, пачуўшы, што справа ідзе пра кнігу, пачаў старанна набіраць сабе соусу.

«Сапраўды дзіўна, гасудар мой, як падумаеш, што просты мешчанін прайшоў усе мясціны гэтыя. Больш за тры тысячы вёрст, гасудар мой! больш за тры Тысячы вёрст! Дапраўды яго сам гасподзь спадобіў пабыць у Палестыне і Іерусаліме».

«Дык вы кажаце, што ён», сказаў Іван Фёдаравіч, які многа наслухаўся пра Іерусалім яшчэ ад свайго дзяншчыка: «быў і ў Іерусаліме?»

«Пра што вы гаворыце, Іван Фёдаравіч?» прамовіў з канца стала Грыгорый Грыгор'евіч.

«Я, гэта значыць, меў выпадак зазначыць, што якія ёсць на свеце далёкія краіны!» сказаў Іван Фёдаравіч, будучы сардэчна здаволены тым, што вымавіў такі даўгі і цяжкі сказ.

«Не верце яму, Іван Фёдаравіч!» сказаў Грыгорый Грыгор'евіч, не расслухаўшы добра: «усё маніць!»

Тым часам абед скончыўся. Грыгорый Грыгор'евіч накіраваўся ў свой пакой, паводле прызвычаення, храпянуць. А госці пайшлі следам за бабулькаю-гаспадыняю і паненкамі ў гасціную, дзе той самы стол, на якім пакінулі яны, выходзячы абедаць, гарэлку, нібыта ператварэннем якім, укрыўся сподачкамі з варэннем розных гатункаў і блюдамі з кавунамі, вішнямі і дынямі.

Адсутнасць Грыгорыя Грыгор'евіча прыкметна была ва ўсім. Гаспадыня зрабілася вельмі гаваркая і адкрывала сама, без просьбы, мноства сакрэтаў наконт вырабу пасцілы і сушэння ігруш. Нават паненкі пачалі гаварыць; але бялявая, якая здавалася маладзей на шэсць гадоў за сваю сястру і якой з выгляду было каля дваццаці пяці год, была маўклівейшая. Але больш за ўсіх гаварыў і дзейнічаў Іван Іванавіч. Маючы пэўнасць, што яго цяпер ніхто не зблытае і не збянтэжыць, ён гаварыў і пра гуркі, і пра пасадку бульбы, і пра тое, якія ў стары час былі разумныя людзі, — куды супраць цяперашніх, — і пра тое, як усё, чым далей, разумнее і даходзіць да выдумляння мудрэйшых рэчаў. Словам, гэта быў адзін з ліку тых людзей, якія з найвялікшай прыемнасцю любяць заняцца размовай, што цешыць душу. І будуць гаварыць пра ўсё, пра што толькі можна гаварыць. Калі гаворка закранала важныя і набожныя прадметы, дык Іван Іванавіч уздыхаў пасля кожнага слова, ківаючы злёгку галавою; калі-ж гаспадарчых, дык высоўваў галаву з свае брычкі і рабіў такія міны, гледзячы на якія, здаецца, можна было прачытаць, як трэба рабіць ігрушавы квас, наколькі вялікія тыя дыні, пра якія ён гаварыў, і наколькі тлустыя тыя гусі, што бегаюць у яго па дварэ. Нарэшце, з вялікімі цяжкасцямі, ужо ўвечары, удалося Івану Фёдаравічу развітацца. І, не зважаючы на сваю памяркоўнасць і на тое, што яго пакідалі начаваць, ён утрымаўся такі ў сваім намеры ехаць і паехаў.