Быль, расказаная дзячком ***скай царквы

Дык вы хочаце, каб я вам яшчэ расказаў пра дзеда? — Няхай так, чаму-ж не пацешыць прымаўкай? Эх, старасветчына, старасветчына! Што за радасць, што за разгулле спадзе на сэрца, калі пачуеш пра тое, што даўно-даўно, і года яму і месяца няма, дзеялася на свеце! А як ублытаецца яшчэ які-небудзь сваяк, дзед ці прадзед, — ну, тады і рукой махні: каб мне папярхнулася за акафістам вялікамучаніцы Варвары, калі не здаецца, што вось-вось сам усё гэта робіш, як быццам залез у прадзедаўскую душу, або прадзедаўская душа дурэе ў табе… Не, мне горай за ўсё нашы дзяўчаты і маладзіцы; пакажыся толькі на вочы ім: «Фама Грыгор'евіч! Фама Грыгор'евіч! а нуте яку-нибудь страховинну казочку! а нуте, нуте!..» тара-та-та, та-та-та, і пойдуць, і пойдуць… Расказаць яно, вядома, не шкада, ды зірніце, што робіцца з імі ў пасцелі. Я-ж ведаю, што кожная дрыжыць пад коўдраю, як быццам б'е яе трасца, і рада-б з галавою ўлезці ў кажух свой. Драпні гаршком пацук, сама як-небудзь зачапі нагою качаргу — і божа ратуй, і душа ў пятах. А на другі дзень як нічога не было; навязваецца зноўку:, раскажы ёй страшную казку дый годзе. Што-ж бы такое расказаць вам? Раптам не ўсплыве на думку… Так, раcкажу я вам, як вядзьмаркі гулялі з нябожчыкам дзедам у дурня. Толькі загадзя прашу вас, панове, не збівайце з толку, а то такі кісель атрымаецца, што сорамна будзе і ў рот узяць. Нябожчык дзед, патрэбна вам сказаць, быў не з простых у свой час казакаў. Ведаў і цвёрда-ён-то і словацітлу паставіць[42]. У свята адгрукае апостала, бывала, так, што цяпер і паповіч іншы схаваецца. Ну, самі ведаеце, што ў тамтую пару, калі сабраць з усяго Батурына грамацеяў, дык не трэба і шапкі падстаўляць, — у адну жменю можна было ўсіх скласці. Значыцца, і дзівіцца няма чаго, калі кожны стрэчны кланяўся яму амаль у пояс.

Аднойчы ўздумалася вяльможнаму гетману паслаць для чагосьці да царыцы грамату. Тагачасны палкавы пісар, вось нячысцік яго хапі, і прозвішча не ўспомню… Віскрак не Віскрак, Матузачка не Матузачка, Галапуцак не Галапуцак … Ведаю толькі, што неяк дзіўна пачынаецца мудрагельскае прозвішча, — паклікаў да сябе дзеда і сказаў яму, што, вось, нараджвае яго сам гетман ганцом з граматаю да царыцы. Дзед не любіў доўга збірацца: грамату зашыў у шапку; вывеў каня; цмокнуў жонку і дваіх сваіх, як ён называў, парасят, з якіх адзін быў родны бацька хоць-бы і нашага брата; і падняў такі за сабою пыл, як быццам пятнаццаць хлопцаў надумаліся пасярод вуліцы гуляць у кашу. На другі дзень, яшчэ певень не крычаў чацверты раз, дзед ужо быў у Канатопе. На той час быў там кірмаш: народу высыпала па вуліцах столькі, што ў вачах мітусілася. Але паколькі было рана, дык усё яшчэ драмала, выпрастаўшыся на зямлі. Каля каровы ляжаў гуляка парубак з пачырванеўшым, як снягур, носам; далей храпла, седзячы, перакупка з крэмнямі, сінькаю, шротам і бублікамі; пад возам ляжаў цыган; на возе з рыбай чумак; на самай дарозе параскідаў ногі барадач-маскаль з паясамі і рукавіцамі… ну, рознага зброду, як водзіцца на кірмашах. Дзед прыпыніўся, каб разглядзець добра. Тым часам у ятках пачало пакрысе варушыцца; жыдоўкі пачалі пабразгваць пляшкамі; дым паваліла то там, то сям пярсцёнкамі, і пах гарачых сласцёнаў[43] панёсся па ўсім табары. Дзеду ўспала на думку, што ў яго няма ні крэсіва, ні табакі напагатове: вось і пайшоў цягацца па кірмашы. Не паспеў прайсці дваццаці крокаў — насустрач запарожац. Гуляка, і па твары відаць! Чырвоныя, як жар, нагавіцы, сіні жупан, яркі каляровы пояс, пры боку шабля і люлька з мядзяным ланцужком па самыя пяты — запарожац дый годзе! Эх, і народ-жа! стане, выцягнецца, павядзе рукою малайцоўскія вусы, бразне падковамі — і прыўдарыць! але-ж як прыўдарыць: ногі вытанцоўваюць нібы верацяно ў бабскіх руках; як віхор, тузане рукою па ўсіх струнах бандуры і тут-жа, падпершыся ў бокі, імчыцца ў прысядкі; заліецца песняй — душа гуляе!.. Не, мінулася часінка: не пабачыць болей запарожцаў! Так: дык сустрэліся. Слова за слова, ці доўга да знаёмства? Пайшлі гаманіць, гаманіць, так што дзед зусім ужо забыўся пра сваю дарогу. Пачостка пачалася, як на вяселлі перад пастом вялікім. Толькі, відаць, нарэшце надакучыла біць гаршкі і шпурляць у народ грашамі, дый кірмашу-ж не век стаяць! Вось змовіліся новыя прыяцелі, каб не расставацца і шлях трымаць разам. Было даўно падвечар, калі выехалі яны ў поле. Сонца пабралася на адпачынак; дзе-ні-дзе гарэлі замест яго чырванаватыя палосы; па полі стракаціліся нівы, як святочныя плахты чорнабровых маладзіц. Нашага запарожца апанавала страшэнная ахвота на размову. Дзед і яшчэ другі гуляка, што прыплёўся да іх, падумалі ўжо, ці не чорт залез у яго. Адкуль што бралася. Гісторыі і прыказкі такія дзівосныя, што дзед некалькі разоў хапаўся за бакі і ледзь не надарваў свайго жывата са смеху. Але ў полі рабілася чым далей, тым больш змрочна; а разам з тым рабілася бязладней і малайцоўская гамана. Нарэшце, апавядальнік наш прыціхнуў зусім і ўздрыгваў пры найменшым шолаху. «Ге, ге, ге, зямляк! ды ты ўжо не на жарты ўзяўся лічыць соў. Ужо думаеш, як-бы дамоў, ды на печ!» «Перад вамі няма чаго таіцца», сказаў ён, раптам адвярнуўшыся і нерухома ўтаропіўшы на іх вочы свае. «Ці ведаеце, што душа мая даўно прададзена нячысціку». «Вось навіна! Хто на вяку сваім не знаўся з нячыстымі? Тут вось і трэба гуляць, як гаворыцца, на прах». «Эх, хлопцы! Гуляў-бы, ды ў ноч гэтую тэрмін малайцу! Эй, браткі!» сказаў ён, пляснуўшы па руках іх: «эй, не выдайце! не паспіце адну ноч, век не забуду вашай дружбы!» Чаму-ж не дапамагчы чалавеку ў такім горы? Дзед абвясціў напрост, што хутчэй дасць ён ад-рэзаць асяледзец з уласнае галавы, чым дапусціць чорта панюхаць сабачай мордай сваёй хрысціянскай душы.

Казакі нашы ехалі-б, можа, і далей, каб не абцягнула ўсяго неба ноччу, быццам чорнай дзяругаю, і ў полі не зрабілася таксама цёмна, як пад аўчынным кажухом. Здалёк толькі мільгаў агеньчык, і коні, чуючы блізкае стойла, спяшаліся, насцярожыўшы вушы і ўкаваўшы вочы ў змрок. Агеньчык, здавалася, імчаўся насустрач, і перад казакамі паказалася карчма, якая пахілілася на адзін бок, быццам баба па дарозе з вясёлых хрэсьбін. У тыя часы корчмы былі не тое, што цяпер. Добраму чалавеку не толькі разгарнуцца, прыўдарыць горліцы або гапака, прылегчы нават не было дзе, калі ў галаву ўбярэцца хмель і ногі пачнуць пісаць пакой-он-по. Двор быў увесь застаўлены чумацкімі вазамі; пад паветкамі, у яслях, у сенцах, адзін скруціўшыся, другі распрастаўшыся, храплі, як каты. Карчмар адзін перад каганцом наразаў рубчыкамі на кійку, колькі кварт і асьмух высушылі чумацкія галовы. Дзед, узяўшы траціну вядра на трох, накіраваўся ў хлеў. Усе трое ляглі поруч. Толькі паспеў ён павярнуцца, як бачыць, што яго землякі спяць ужо мёртвым сном. Пабудзіўшы прыстаўшага да іх трэцяга казака, дзед памянуў яму пра дадзенае таварышу абяцанне. Той узняўся крыху, працёр вочы і зноў заснуў. Што паробіш, давялося аднаму вартаваць. Каб чым-небудзь разагнаць сон, агледзеў ён вазы ўсе, даведаў коней, закурыў люльку, прышоў назад і сеў зноў каля сваіх. Усё было ціха, так што, здавалася, ніводная муха не праляцела. Вось і здаецца яму, што з-за суседняга воза нешта шэрае вытыркае рогі… Тут вочы яго пачалі сплюшчвацца так, што змушан быў штохвіліны праціраць кулаком і прамываць рэшткамі гарэлкі. Але як толькі праясняліся вочы, усё прападала. Нарэшце, трохі пачакаўшы, зноў паказваецца з-пад воза страшыдла. Дзед вылупіў вочы колькі здужаў; але праклятая дрымота ўсё туманіла перад ім; рукі яго адзервянелі; галава скацілася, і моцны сон схапіў яго так, што ён паваліўся нібы забіты. Доўга спаў дзед, і як прыпякло ніштавата ўжо сонца яго выгаленую макавіну, тады толькі ўсхапіўся ён на ногі. Пацягнуўшыся разы два і пачухаўшы спіну, заўважыў ён, што вазоў стаяла ўжо не гэтак шмат, як з вечара. Чумакі, відаць, пацягнуліся яшчэ ў досвіткі. Да сваіх — казак спіць, а запарожца няма. Выпытваць — ніхто ведаць не ведае, адна толькі верхняя світка ляжала на тым месцы. Страх і роздум апанавалі дзеда. Пайшоў паглядзець коней — ні свайго, ні запарожцавага! Што-б гэта значыла? Скажам, запарожца хапіла нячыстая сіла, а коней хто? Абмеркаваўшы ўсё, дзед скеміў, што, відаць, чорт прышоў пеша, а паколькі да пекла не блізка, дык і падхапіў яго каня. Балюча яму было вельмі, што не стрымаў казацкага слова. «Ну», думае, «няма чаго рабіць, пайду пеша: а можа трапіцца на дарозе які-небудзь барышнік, што едзе з кірмаша, як-небудзь ужо куплю каня». Толькі хапіўся за шапку — і шапкі няма. Спляснуў рукамі нябожчык дзед, як успомніў, што ўчора яшчэ памяняліся яны на час з запарожцам. Каму больш украсці, як не нячысціку. Вось табе і гетманскі ганец! Вось табе і прывёз грамату да царыцы! Тут дзед узяўся частаваць чорта такімі мянушкамі, што, думаю, яму не аднойчы чхалася ў пекле. Але лаянкаю мала паможаш; а патыліцу колькі ні чухаў дзед, ніяк не мог нічога прыдумаць. Што рабіць? Кінуўся даставаць чужога розуму: сабраў усіх добрых людзей, што былі ў шынку, чумакоў і проста заезджых, і расказаў, што так і так, такое напаткалася гора. Чумакі доўга думалі, падпёршы батагамі падбародкі свае; круцілі галовамі і сказалі, што не чулі такога дзіва на свеце, каб гетманскую грамату выкрадаў чорт. Другія-ж дадалі, што калі чорт ды маскаль украдуць што-небудзь, дык успамінай, як і звалі. Адзін толькі карчмар сядзеў моўчкі ў кутку. Дзед і падступіў да яго. Ужо калі маўчыць чалавек, дык, пэўна, шмат загроб розуму. Толькі шынкар не надта быў шчодры на словы; і калі-б дзед не палез у кішэнь па пяць злотых, дык прастаяў-бы перад ім дарэмна. «Я навучу цябе, як знайсці грамату», сказаў ён, адвёўшы яго ўбок. У дзеда і на сэрцы палягчэла. «Я па вачах ужо бачу, што ты казак — не баба. Глядзі-ж! блізка карчмы будзе паваротка направа ў лес. Толькі пачне ў полі змяркацца, каб ты быў ужо напагатове. У лесе жывуць цыганы і выходзяць з нор сваіх каваць жалеза ў такую ноч, у якую адны вядзьмаркі ездзяць на качэргах сваіх. Чым яны займаюцца сапраўды, табе ведаць не трэба. Шмат будзе грукату па лесе, толькі ты не ідзі ў тыя бакі, адкуль учуеш грукат; а будзе перад табою малая сцяжынка, каля абсмаленага дрэва, дарожкаю гэтаю ідзі, ідзі, ідзі… Пачне цябе цярніна драпаць, густы арэшнік засланяць дарогу — ты ўсё ідзі; і як прыдзеш да невялікай рэчкі, тады толькі можаш спыніцца. Там і ўбачыш, каго трэба; ды не забудзься набраць у кішэні таго, для чаго кішэні і пароблены… Ты разумееш, гэта дабро і д'яблы, і людзі любяць». Сказаўшы гэта, шынкар пайшоў у свой катух і не хацеў больш гаварыць ні слова.

Нябожчык дзед быў чалавек, не тое, каб з палахлівага дзесятка; бывала, сустрэне ваўка, так і хапае проста за хвост; пойдзе з кулакамі праміж казакаў, — усе, як ігрушы, валяцца на зямлю. Аднак-жа штосьці пашкрабвала яго па скуры, калі ўвайшоў ён у такую глухую ноч у лес. Хоць-бы зорачка на небе. Цёмна і глуха, як у вінным падвале; толькі чуваць было, што далёка-далёка ўгары, над галавою, халодны вецер гуляў па верхавінах дрэў, і дрэвы, як захмеленыя казацкія галовы разгульна пагойдваліся, шапочучы лісцем п'яную гамонку. Як вось павеяла такім холадам, што дзед успамянуў і пра аўчынны кажух свой, і раптам нібыта сто молатаў застукала па лесе такім стукам, што ў яго зазвінела ў галаве. І нібы зарніцаю, асвятліла на хвіліну ўвесь лес. Дзед адразу-ж убачыў сцяжынку, што пракрадалася праміж дробнага хмызняка. Вось і абсмаленае дрэва і кусты цярніны! Так, усё так, як было яму казана; не, не падмануў карчмар. Аднак-жа не зусім весела было прадзірацца праз калючыя кусты; яшчэ зроду не здаралася бачыць яму, каб праклятыя калючкі і сучча так балюча драпаліся: амаль на кожным кроку забірала яго войкнуць. Пакрысе выбраўся ён на прасторнае месца, і, колькі мог заўважыць, дрэвы радзелі і рабіліся, чым далей, такія шырокія, якіх дзеду не траплялася бачыць і па той бок Польшчы. Зірк, паміж дрэў мільганула і рэчка, чорная, нібы варанёная сталь. Доўга стаяў дзед каля берага, паглядаючы ва ўсе бакі. На другім беразе гарыць агонь і, здаецца, вось-вось рыхтуецца згаснуць, і ізноў адсвечваецца ў рэчцы, якая ўздрыгвала, як польскі шляхціц у казацкіх лапах. Вось і масток! Ну, тут адна толькі хіба чартоўская калымажка праедзе. Дзед, аднак-жа, ступіў смела, і хутчэй, чым-бы іншы паспеў дастаць ражок і панюхаць табакі, быў ужо на другім беразе. Цяпер толькі разгледзеў ён, што каля агню сядзелі людзі, і такія прывабныя храпы, што іншым часам, бог ведае, чаго-б не даў, абы толькі адкараскацца ад гэтага знаёмства. Але цяпер, няма чаго рабіць, трэба было завязацца. Вось дзед і паклаў ім паклон, амаль што ў пояс: «Памагай бог вам, добрыя людзі!» Хоць-бы адзін матнуў галавою; сядзяць ды маўчаць, ды нешта сыплюць у агонь. Бачачы адно месца незанятае, дзед без усякіх акалічнасцей сеў і сам. Прывабныя храпы нічога; нічога і дзед. Доўга сядзелі моўчкі. Дзеду ўжо і надакучыла: давай мацаць у кішэні, дастаў люльку, зірнуў наўкол — ніводзін не глядзіць на яго. «Ужо, дабрадзейства, будзьце ласкавы; як-бы так, каб, да прыкладу сказаць, таго…» (дзед пажыў на свеце нямала, ведаў ужо, як падпускаць турусы, і пры выпадку, бадай, і перад царом не ўдарыў-бы тварам у гразь) «каб да прыкладу сказаць, і сябе не забыць, і вас не пакрыўдзіць, — люлька вось у мяне ёсць, ды таго, чым запаліць яе, чорт-ма (няма)». І на гэту прамову хоць-бы слова; толькі адна храпа тыцнула гарачую галавешку просценька дзеду ў лоб, так, што, калі-б ён крыху не адхіліўся, дык, магло здарыцца, развітаўся-б навекі з адным вокам. Бачачы, нарэшце, што час дарэмна праходзіць, наважыў — ці будзе слухаць нячыстае племя, ці не — растлумачыць справу. Храпы і вушы паставілі, і лапы працягнулі. Дзед здагадаўся, забраў у жменю ўсе грошы, якія былі з ім, і кінуў нібыта сабакам ім у сярэдзіну. Як толькі кінуў ён грошы, усё перад ім перамяшалася, зямля задрыжала, і як ужо — ён і сам расказаць не ўмеў, — трапіў ледзь не ў самае пекла. Бацюхны мае! ахнуў дзед, разгледзеўшы добра: што за страшыдлы! храпы на храпе, як кажуць, не відно. Вядзьмарак такая процьма, як здараецца часамі на Каляды выпадае снегу: паўбіраны, размазаны, быццам панначкі на кірмашы. І ўсе, колькі ні было іх там, як захмялелыя, вытанцоўвалі нейкага чартоўскага трапака. Пыл паднялі, хавай божа, які! Дрыжыкі-б пранялі хрышчанага чалавека толькі пабачыўшы, як высока скакала чартоўскае племя. Дзеда, не зважаючы на страх увесь, смех узяў, калі ўбачыў, як чэрці з сабачымі мордамі, на нямецкіх ножках, верцячы хвастамі, улягалі за вядзьмаркамі, быццам хлопцы за прыгожымі дзяўчатамі; а музыкі лупілі сябе ў шчокі кулакамі, нібы ў бубны, і свісталі насамі, як у валторны. Толькі згледзелі дзеда, і пацягнуліся да яго ардою. Свіныя, сабачыя, казліныя, драфіныя, конскія храпы — усе панастаўляліся, і вось так і лезуць цалавацца. Плюнуў дзед, такая брыдота напала! Нарэшце, схапілі яго і пасадзілі за стол, даўжынёю, можа, з дарогу ад Канатопа да Батурына. «Ну, гэта яшчэ не зусім кепска», падумаў дзед, пабачыўшы на стале свініну, каўбасы, крышаную цыбулю з капустаю і шмат розных прысмакаў: «відаць, д'ябальская сволач не прытрымліваецца пастоў». Дзед-такі, не шкодзіць вам ведаць, не мінаў выпадку перахапіць таго-сяго на зубы. Еў нябожчык са смакам; і таму, не кідаючыся ў размовы, падсунуў да сябе міску з нарэзаным салам і шынку вяндліны; узяў відэлец, мала чым меншы за тыя вілкі, якімі мужык бярэ сена, захапіў ім самы здаравенны кавалак, падставіў скарынку хлеба і — зірк, і ўкінуў у чужы рот. Вось-вось, каля самых вушэй, і чуваць нават, як нечая морда жуе і клацае зубамі на ўвесь стол. Дзед нічога; схапіў другі кавалак і вось, здаецца, і па губах зачапіў, толькі ізноў не ў сваё горла. Трэці раз — ізноў міма. Узгарэўся дзед і забыў і страх, і ў чыіх лапах знаходзіцца ён. Прыскочыў да вядзьмарак: «Што вы, ірадава племя, уздумалі смяяцца з мяне, ці што? Калі не аддасце, у гэтую-ж хвіліну, мае казацкай шапкі, дык будзь я католік, калі я не паперакручваю свіных лычоў вашых на патыліцу!» Не паспеў ён дакончыць апошніх слоў, як усе страшыдлы выскалілі зубы і паднялі такі смех, што ў дзеда на душы захаланула. «Добра!» правішчэла адна з вядзьмарак, каторую дзед палічыў за старэйшую над усімі таму, што лічына ў яе была бадай ці не прыгажэй за ўсіх; «шапку аддадзім табе, толькі не раней, пакуль згуляеш з намі тры разы ў дурня!» Што ты загадаеш рабіць? Казаку сесці з бабамі ў дурня! Дзед аднеквацца, аднеквацца, нарэшце сеў. Прынеслі карты, замасленыя, якімі толькі ў нас папоўны варожаць пра жаніхоў. «Слухай-жа!» забрахала вядзьмарка другі раз: «калі хоць раз выйграеш — твая шапка; калі-ж усе тры разы застанешся дурнем, дык не пакрыўдуй, не толькі шапкі, можа, і свету болей не ўбачыш!» «Картуй, картуй, хрычоўка! Што будзе, дык будзе!»

Вось і карты раздадзены. Узяў дзед свае ў рукі — глядзець не хочацца, такая дрэнь: хоць-бы на смех адзін козыр. З масці дзесятка самая старэйшая, пар нават няма; а вядзьмарка ўсё падсыпае пяцерыкамі. Давялося застацца дурнем! Толькі што дзед паспеў застацца дурнем, як з усіх бакоў заіржалі, забрахалі, зарохкалі морды: «дурань! дурань! дурань!»

«Каб вы пералопаліся, д'ябальскае племя!» закрычаў дзед, затыкаючы пальцамі сабе вушы. «Ну», думае, «вядзьмарка падмахлявала; цяпер я сам буду картаваць». Скартаваў. Засвяціў козыра. Зірнуў на карты: хоць куды, казыры ёсць. І спачатку справа ішла, як не трэба лепш, толькі вядзьмарка пяцярык з каралямі! У дзеда на руках адны казыры; не думаючы, не гадаючы доўга, хоп каралёў усіх па вусах казырамі… «Ге, ге! ды гэта не па-казацку! А чым ты б'еш, зямляк?»

«Як чым? казырамі!»

«Можа, па-вашаму, гэта і казыры, толькі па-нашаму не!»

Зірк — сапраўды звычайная масць. Што за чартаўшчына! Давялося і другі раз быць дурнем, і чартаўё пайшло зноў дзерці горла: «дурань, дурань!» так што стол дрыжэў і карты скакалі па стале. Дзед разгарачыўся; скартаваў апошні раз. Ізноў ідзе добра. Вядзьмарка ізноў пяцярык; дзед пабіў і набраў з калоды поўную руку казыроў.

«Козыр!» закрычаў ён, ударыўшы па стале картаю так, што яе пакарабаціла; тая, не кажучы ні слова, пабіла васьмёркаю масці. «А чым ты, стары д'ябал, б'еш!» Вядзьмарка падняла карту: пад ёю была простая шасцёрка. «Бачыш, чартоўская замарока!» сказаў дзед і ад дакукі рэзнуў кулаком, колькі сілы было, па стале. На шчасце яшчэ, што ў вядзьмаркі была кепская масць; у дзеда, як назнарок, на той час пары. Пачаў набіраць карты з калоды, толькі сілы няма: дрэнь такая лезе, што дзед і рукі апусціў. У калодзе ніводнай карты. Пайшоў, ужо так, не гледзячы, простаю шасцёркаю; вядзьмарка прыняла. «Вось табе і на! гэта што? Э, э, пэўна, што-небудзь ды не так!» Вось, дзед карты ціхенька Пад стол — і перахрысціў; зірк, у яго на руках туз, кароль, валет казырныя; а ён замест шасцёркі спусціў кралю. «Ну, дурань-жа я быў! Кароль казырны! што? прыняла? А, кашачая ўрода! А туза не хочаш? Туз! валет!..» Гром пайшоў па пекле, на вядзьмарку напалі курчы, і, адкуль ні вазьміся, шапка бух дзеду проста ў твар. «Не, гэтага мала!» — закрычаў дзед, падбадзёрыўшыся і надзеўшы шапку. «Калі зараз не стане перада мною малайцоўскі конь мой, дык вось, забі мяне гром на гэтым самым нячыстым месцы, калі я не перахрышчу святым крыжам усіх вас!» і ўжо быў і руку падняў, як раптам загрымелі перад ім конскія косці.

«Вось табе конь твой!» Заплакаў небарака, гледзячы на іх, як неразумнае дзіцянё. Шкада зрабілася таварыша! «Дайце-ж мне якога-небудзь каня, выбрацца з гнязда вашага!» Чорт ляснуў гарапнікам — конь, як агонь, узвіўся пад ім, і дзед, як птушка, выімчаў наверх.

Страх, аднак-жа, апанаваў яго пасярод дарогі, калі конь, не слухаючыся ні крыку, ні паводдзя, скакаў цераз прорвы і балоты. У якіх месцах ён не быў, дык дрыжыкі праймалі пры адных апавяданнях. Зірнуў неяк сабе пад ногі — і горш перапалохаўся: бяздонне! строма страшэнная! А шайтанскай жывёліне і гора мала; проста праз яе. Дзед трымацца: ды не на тое вышла. Цераз пні, цераз купіны паляцеў стрымгалоў у прорву і так рэзнуўся на дне яе аб зямлю, што, здаецца, і духі выбіла. Прынамсі, што рабілася з ім у той час, нічога не помніў; і як апомніўся крыху ды агледзеўся, дык ужо развіднела зусім; перад ім мільгалі знаёмыя мясціны, і ён ляжаў на страсе сваёй-жа хаты.

Перахрысціўся дзед, калі злез доле. Вось якая чартоўшчына! што за напасць, якія з чалавекам цуды дзеюцца! Зірк на рукі — усе ў крыві; паглядзеў у бочку з вадою, што стаяла старчма, — і твар таксама. Абмыўшыся добра, каб не спалохаць дзяцей, уваходзіць ён ціхенька ў хату; глядзіць: дзеці адступаюцца ад яго задам і ў спалоху паказваюць яму пальцамі, кажучы: «Дывысь, дывысь, маты, мов дурна, скаче!» І сапраўды, баба сядзіць, заснуўшы перад грэбенем, трымае верацяно ў руках і сонная падскаквае на лаўцы. Дзед, узяўшы за руку ціхенька, пабудзіў яе: «Дзень добры, жонка! ці здарова ты?» Тая доўга глядзела, вылупіўшы вочы, і нарэшце пазнала ўжо дзеда і расказала, як ёй снілася, што печ ездзіла па хаце, выганяючы вон лапатаю гаршкі, цабры… і, чорт ведае, што яшчэ такое. «Ну», кажа дзед, «табе ў сне, а мне на яве. Трэба, бачу, будзе пасвяціць нашу хату; мне-ж цяпер марудзіць нельга». Сказаўшы гэта і адпачыўшы крыху, дзед дастаў каня і ўжо не спыняўся ні ўдзень, ні ўночы, пакуль не даехаў да месца і не аддаў граматы самой царыцы. Там наглядзеўся дзед такіх дзіваў, што хапіла яму надоўга пасля таго расказваць: як павялі яго ў палацы, такія высокія, што калі-б хат дзесяць паставіць адну на адну, і тады, можа, не дастала-б. Як заглянуў ён у адзін пакой — няма; у другі — няма; у трэці — яшчэ няма; у чацвертым нават няма, ды ў пятым ужо, зірк — сядзіць сама, у залатой кароне, у шэрай навюсенькай світцы, у чырвоных ботах, і залатыя галушкі есць. Як загадала яму насыпаць цэлую шапку сініцамі, як… — усяго і ўспомніць нельга. Аб тузаніне сваёй з чарцямі дзед і думаць забыўся, і калі здаралася, што хто-небудзь і напамінаў пра гэта, дык дзед маўчаў, як быццам і не да яго справа ішла, і вялікіх каштавала намаганняў упрасіць яго пераказаць усё, як было. І, відаць, у пакаранне, што ён не надаўмеўся адразу-ж пасля таго пасвяціць хату, бабе роўна праз кожны год, і іменна ў той самы час, рабілася такое дзіва, што танцуецца, бывала, дый годзе. За што ні возьмецца, ногі пачынаюць сваё, і вось так і падбівае пайсці ў прысядкі.