Не турбуючыся ні аб чым, не клапоцячыся аб разасланых пагонях, віноўнік усяе гэтае мітусні павольна падыходзіў да старога дома і сажалкі. Не трэба, я мяркую, казаць, што гэта быў Леўка. Чорны кажух яго быў расшпілены. Шапку трымаў ён у руцэ. Пот валіўся з яго градам. Велічна і змрочна чарнеў кляновы лес, абсыпаючыся толькі на ўскраіне, што стаяла тварам да месяца, тонкім срэбраным пылам. Нерухомая сажалка падзьмула свежасцю на стомленага пешахода і прымусіла яго адпачыць на беразе. Усё ціха, у глыбокім гушчары лесу чуліся толькі раскаты салаўя. Неадольны сон пачаў хутка сплюшчваць яго зрэнкі; стомленыя члены гатовы былі забыцца і анямець; галава схілялася… «Не, гэтак я засну яшчэ тут!» гаварыў ён, уздымаючыся на ногі і праціраючы вочы. Азірнуўся: ноч здавалася перад ім яшчэ больш бліскучаю. Нейкае дзіўнае ўпаяльнае ззянне дамяшалася да бляску месяца. Ніколі яшчэ не здаралася яму бачыць падобнага. Срэбраны туман упаў навакола. Пах ад цвітучых яблынь і начных кветак ліўся па ўсёй зямлі. Са здзіўленнем глядзеў ён у нерухомыя воды сажалкі; старасвецкі панскі дом, абярнуўшыся ўніз, відзён быў у ёй чысты і ў нейкай яснай велічы. Заместа змрочных акяніц глядзелі вясёлыя шкляныя вокны і дзверы. Праз чыстыя шыбы мільгала пазалота. І вось здалося, быццам акно адчынілася. Затаіўшы дух, не здрыгануўшыся і не спускаючы вачэй з сажалкі, ён, здавалася, перасяліўся ў глыбіню яе і бачыць: спачатку белы локаць выставіўся ў акно, пасля выглянула прыветлівая галоўка з бліскучымі вачыма, якія ціха свяціліся праз цёмнарусыя хвалі валасоў, і абаперлася на локаць. І бачыць: яна ківае крыху галавою, яна махае, яна ўсміхаецца… Сэрца яго адразу забілася… Вада задрыжала, і акно зачынілася зноў. Ціха адышоў ён ад сажалкі і зірнуў на дом: змрочныя акяніцы былі адчынены; шыбы ззялі пры месяцы.
«Вось як мала трэба пакладацца на людскія гутаркі», падумаў сам сабе герой наш. «Дом навюткі; фарбы жывыя, як быццам сёння пафарбаваны ён. Тут жыве хто-небудзь» — і моўчкі падышоў ён бліжэй, але ўсё ў ім было ціха. Моцна і гучна перагукваліся бліскучыя песні салаўёў, і калі яны, здавалася, паміралі ў тамленні і пяшчоце, чуўся шолах і стракатанне конікаў ці гудзенне балотнае птушкі, якая біла слізкім носам сваім у шырокае вадзяное люстра, нейкую салодкую цішыню і ціхае прыволле адчуў ён у сваім сэрцы. Настроіўшы бандуру, заіграў ён і заспяваў:
Ой, ты, мисяцю, мій мисяченьку,
И ты, зоре ясна!
Ой, свитыть там по подворью,
Де дивчина красна.
Акно ціха адчынілася, і тая-ж самая галоўка, якой адбітак ён бачыў у сажалцы, выглянула, уважліва прыслухоўваючыся да песні. Доўгія вейкі яе былі крыху апушчаны на вочы. Уся яна была бледная, як палатно, як бляск месяца; але якая дзівосная, якая чароўная! Яна засмяялася!.. Леўка здрыгануўся. «Заспявай мне, малады казак, якую-небудзь песню!» ціха прамовіла яна, нахіліўшы галаву сваю набок і апусціўшы зусім густыя вейкі.
«Якую-ж табе песню заспяваць, мая ясная панначка?»
Слёзы ціха пакаціліся па бледным абліччы яе. «Парубак», казала яна, і штосьці невыказна-чуллівае чулася ў яе словах: «парубак, знайдзі мне маю мачыху! Я нічога не пашкадую для цябе. Я ўзнагароджу цябе. Я цябе багата і раскошна ўзнагароджу! У мяне ёсць зарукаўе, шытае шоўкам, каралі, ажарэлле. Я падарую табе пояс, унізаны жэмчугам. У мяне золата ёсць… Парубак, знайдзі мне маю мачыху! Яна страшная вядзьмарка, мне не было ад яе спакою на белым свеце. Яна мучыла мяне; прымушала працаваць, як простую мужычку. Зірні на твар: яна вывела румянец сваімі нячыстымі чарамі са шчок маіх. Зірні на белую шыю маю: яны не змываюцца! яны не змываюцца! яны ні за што не змыюцца, гэтыя сінія плямы ад жалезных кіпцюроў яе. Зірні на белыя ногі мае: яны шмат хадзілі: не па дыванах толькі — па пяску гарачым, па зямлі сырой, па калючай цярніне яны хадзілі, а на вочы мае, зірні на вочы: яны не глядзяць ад слёз… Знайдзі яе, парубак, знайдзі мне маю мачыху!..».
Голас яе, які раптам быў узвысіўся, спыніўся. Ручаі слёз накаціліся па бледным абліччы. Нейкае цяжкое, поўнае жалю і смутку пачуццё сперлася ў грудзях парубка.
«Я гатоў для цябе на ўсё, мая панначка!» сказаў ён у сардэчным хваляванні: «але як мне, дзе яе знайсці?»
«Паглядзі, паглядзі!» хутка гаварыла яна: «яна тут! яна на беразе гуляе ў карагодзе паміж маіх дзяўчат, і грэецца на месяцы. Але яна крывадушная і хітрая. Яна прыняла на сябе аблічча тапельніцы; але я ведаю, але я чую, што яна тут. Мне цяжка, мне душна ад яе. Я не магу праз яе плаваць лёгка і вольна, як рыба. Я тану і падаю на дно, як ключ. Адшукай яе, парубак!»
Леўка зірнуў на бераг: у тонкім срэбраным тумане мільгалі лёгкія, як быццам цені, дзяўчаты, у белых, як луг, прыбраны ландышамі, кашулях; залатыя ажарэллі, маністы, дукаты блішчалі на іх шыях; але яны былі бледныя; цела іх было як быццам зваяна з празрыстых воблакаў, і як быццам свяцілася наскрозь пры срэбраным месяцы. Карагод, гуляючы, падсунуўся да яго бліжэй. Пачуліся галасы. «Давайце ў ворана, давайце гуляць у ворана!» зашумелі ўсе, нібы ўзбярэжнае трысцё, закранутае ў ціхі час змяркання паветранымі вуснамі ветру. «Каму-ж быць воранам?» Кінулі кон — і адна дзяўчына вышла з натоўпу. Леўка пачаў разглядаць яе. Аблічча, адзенне, усё на ёй гэтакае-ж, як і на іншых. Прыкметна толькі было, што яна неахвотна іграла гэтую ролю. Натоўп выцягнуўся ланцугом і хутка перабягаў ад нападаў драпежнага ворага. «Не, я не хачу быць воранам!» сказала дзяўчына ў знямозе ад зморы: «Мне шкада адбіраць куранят у беднае маці!» «Ты не вядзьмарка!» падумаў Леўка. «Хто-ж будзе воранам?» Дзяўчаты зноў збіраліся кінуць кон. «Я буду воранам!» вызвалася адна з сярэдзіны. Леўка пачаў пільна ўглядацца ў твар ёй. Хутка і смела гналася яна за ланцугом і кідалася ва ўсе бакі, каб злавіць сваю ахвяру. Тут Леўка пачаў прыкмячаць, што цела яе не гэтак свяцілася, як у іншых: у сярэдзіне яе відно было штосьці чорнае. Раптам разлёгся крык: воран кінуўся на адну з ланцуга і схапіў яе, і Леўку здалося, нібы ў яе выпусціліся кіпцюры і на твары бліснула злосная радасць. «Вядзьмарка!» сказаў ён, раптам паказаўшы на яе пальцам і павярнуўшыся да дому.
Панначка засмяялася, і дзяўчаты з крыкам павялі за сабою тую, што іграла ролю ворана. «Чым узнагародзіць цябе, парубак? Я ведаю, табе не золата патрэбна: ты кахаеш Ганну; але суровы бацька перашкаджае табе ажаніцца з ёю. Ён цяпер не перашкодзіць; вазьмі, аддай яму гэтую запіску…» Белая ручка працягнулася, твар яе неяк дзівосна засвяціўся і заззяў… З невыказным трапятаннем і тамлівым біццём сэрца схапіў ён запіску і… прачнуўся.